Норт ’цячэнне; паглыбленне, вір на павароце ракі’ (Сл. ПЗБ), ’паўвостраў, які ўтварае рака, мяняючы напрамак свайго цячэння’ (карэл., З нар. сл.), ’неглыбокае месца ў рэчцы, дно якога ў карчах’ (навагр., Нар. лекс.), ’спакойная частка ракі ў вілейскіх плытагонаў’ (JP, 64, 31), ’калена ў рацэ’ (астрав., ул. інф.), ’фарватар ракі; месца, якое агібае рака’ (гродз., Яшк.), ну́орт ’глыбокае месца на павароце ракі’ (беласт., Сл. ПЗБ), ст.-бел. нуртъ ’цячэнне’ (1603). Запазычанне з польск. nort, nurt ’цячэнне, стрыжань, быстрак у рацэ’, дыял. nort, nord, nórt ’куток, канец, край, узлесак’, ст.-польск. nurt, nurta ’яма, пячора і пад.’ (Булыка, Лекс. запазыч., 138; Бяднарчук, JP, 64, 31–32), пра што сведчыць у першую чаргу лінгвагеаграфія. Аднак славен. Nart, Narte ’назвы правалаў’, якія Бязлай звязвае з польск. nort, што суадносіцца з літ. nàrtas ’кут, вугал’ (Бязлай, 2, 215), дае падставы лічыць беларускія словы даўнімі ўтварэннямі ад прасл. *nor‑ (*ner‑, *nьr), гл. нара́, пану́ры (параўн. Брукнер, 366).
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
змро́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Слаба асветлены; цёмны. Змрочнае памяшканне. □ Змрочны яловы лес перайшоў паступова ў светлы і сухі сасновы бор. В. Вольскі. Змрочная, непрытульная ноч напаткала ўцекачоў у .. цясніне. Быкаў. // перан. Які выклікае цяжкае ўражанне сваёй паныласцю, непрыгляднасцю; шэры, нудны. Змрочны пейзаж.
2. Пануры, хмуры, насуплены. Бацька змрочны, як хмара, хадзіў па хаце. Чарнышэвіч. // Які выражае панурасць, заклапочанасць. На змрочным твары Фаміча То прамільгне прамень надзеі, То наплыве, як цень, адчай. Бачыла. // Поўны цяжкіх пачуццяў; бязрадасны. Змрочны настрой. □ У галаве круцяцца думкі, неспакойныя, змрочныя. Асіпенка.
3. перан. Цяжкі, беспрасветны. Змрочныя гады зняволення. □ І не лёгка верыць успамінам Пра цяжкія, змрочныя часы. Лойка.
4. перан. Накіраваны супраць прагрэсу, чалавечнасці; жорсткі, рэакцыйны. Яркае ўяўленне аб самаахвярнай барацьбе рэвалюцыйнай моладзі супраць змрочных сіл рэакцыі стварае сцэна ў адным з віленскіх рэстаранаў. Хромчанка.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
папе́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Памянш. да папера (у 1 знач.); кавалак паперы. Багата чаго застаецца на пуцях ад пасажырскіх цягнікоў — тут і паперкі ад цукерак, папяросныя каробкі. Лынькоў. Слова «там».. [Лёня] падкрэсліў дзвюма рыскамі, склаў паперку квадрацікам і перадаў Лідзе. Ваданосаў.
2. Разм. Памянш. да папера (у 2 знач.). У праўленне прыйшла паперка, што ў калгас прыедзе меліяратар. Кулакоўскі.
3. Памянш. да папера (у 3 знач.). Трэці [мужчына], доўгі, худы і пануры з зямлістым колерам твару, сядзеў над нейкаю паперкаю, углыбіўшыся ў чытанне, і рабіў сяды-тады ў ёй палеткі. Колас.
4. Разм. Асігнацыя. Дагэтуль Зося насіла ўвесь свой капітал у хустачцы, туга заціснуўшы вузлом і медзякі і паперкі. Брыль. Асташонак узяў у руку пяць сторублёвых паперак, нібы ўзважыў іх. Ваданосаў.
•••
Лакмусавая паперка — тое, што і лакмусавая папера (гл. папера).
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
рабы́, ‑ая, ‑ое.
1. Не адной масці, пярэсты. Рабая свіння. □ Рабы .. [сабака] Пірат ляжыць побач са мною, выцягнуўшы да вогнішча дзве чыстыя лапы. Карамазаў. // Не аднаго колеру, пярэсты, з плямамі іншага колеру. Рабая посцілка. □ У зялёным гушчары, Дзе мох сцелецца рабы, Паспрачаліся грыбы. Танк. Справа на ўзгорку стаяў рабы ад ваеннай маскіроўкі будынак, глухі і пануры. Асіпенка.
2. З рабаціннем. Нос востры і ўвесь твар — адно рабацінне. Нават на руках рабацінне, — от да чаго [Лявон] быў рабы! Чарнышэвіч. Выглядаў .. [Верас] непрывабна: высокі, крыху сутулы, крыху рабы з воспы. Дамашэвіч. / у знач. наз. рабы́, ‑ога, м.; раба́я, ‑ой, ж. Назаўтра на рэчку я не пайшоў. Не хацелася болей сустракацца з рабым. Якімовіч.
3. З рабаціннем, дробным хваляваннем (пра паверхню вады). Дрэвы сыпалі на бліскучы асфальт, на рабыя лужыны вялае парыжэлае лісце. Адамчык.
•••
Абое рабое гл. абое.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
рассадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., каго-што.
1. Пасадзіць (некалькіх, многіх), даўшы кожнаму месца. Корань мігам рассадзіў усіх і пастукаў костачкамі пальцаў па стале. Ваданосаў. Нарэшце фатограф рассадзіў усіх, як належыць. Ус.
2. Памясціць, пасадзіць паасобку (звычайна тых, хто сядзеў разам). Рассадзілі нас усіх восем па адзіночках такіх велізарных пецярбургскіх «Крыжоў». Пальчэўскі. Людна з Шэйдакам першы час пасля таго, як іх рассадзілі, адчувалі сябе нібы тая рыба, якую выцягнулі з вады. Сабаленка.
3. Перасадзіць расліны радзей, іншым чынам. Рассадзіць расаду капусты. Рассадзіць памідоры.
4. Разм. Разбіць, раскалоць моцным ударам. І беглі ўсе на двор, дзе ляжаў сыры снег.., дзе ўжо мільгалі снежкі і цяжка гупалі ў дашчаны ганак, пакуль нехта не рассадзіў акно, пакуль не выбег той самы пануры вартаўнік, перавярнуўшы ў руках памяло. Адамчык. // Моцна параніць. — Антоська, даражэнькі, паміраю, — заплакаў п’янаваты Сцяпан.. — Во, глядзі, як рассадзіў мне галаву Рысь... С. Александровіч.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
хму́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Пахмурны, воблачны (пра неба, пагоду, пару года, частку сутак). Дзень па-асенняму хмурны, таму пад шатамі елак амаль вячэрні паўзмрок, і немагчыма разгледзець зубравы вочы: што ў іх? Шамякін. Была хмурная, гразкая восень. Скрыган. Потым узышоў месяц. Ён паволі падымаўся па хмурным небе. Асіпенка. // Такі, дзе змрочна. Прыгрэе цёплае сонца, растопіць гурбы снегу, зазеляніць жоўтыя паплавы, у бярэ хмурныя лясы. Гартны.
2. перан. Сумны, пануры (пра чалавека). [Элінора] зразумела, чаму Сузан вельмі часта ўставаў з-за хатняга стала хмурны, нездаволены. Лынькоў. Паглядзела дачка, стала хмурная: Знаць, не прыйдзе ён [любы] гэткай бураю. Панчанка. Архіпцоў сядзеў моўчкі, схіліўшы галаву, нейкі хмурны ці, можа, разгублены. Кухараў. — Ты нейкая хмурная сёння? — адразу заўважыў.. [Антось] жончын настрой. Васілевіч. // Які выражае суровасць, панурасць, заклапочанасць. Выйшаў на ганак.. хлопец з хмурнымі заспанымі вачыма. Мележ. Слёзы ў мяне праступаюць з-пад хмурных павек. Багдановіч.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
захіну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Засланіцца, прыкрыцца чым‑н. [Сотнікаў] захінуўся рукавом, але ад таго кашаль стаў і яшчэ больш нястрымным. Быкаў. / у перан. ужыв. Пакрывалам бялёсых туманаў захінуўся шырокі прастор. Машара. // Пасунуўшыся, закрыцца. Нават пасля таго, як захінулася заслона, гледачы ніяк не маглі суняцца ад смеху. Ус.
2. Ахінуць сябе чым‑н., закруціцца ў што‑н. Міхаліна захінулася кажушком і пайшла. Грамовіч. [Гвардыян] мацней захінуўся ў футра і няпэўнаю ступою пасунуўся да дзвярэй. Зарэцкі. // Разм. Захінуць на сабе краі вопраткі. — Халат расшпіліўся, захініся.
3. Схавацца дзе‑н., за што‑н. Захінуцца за вугал. □ Я захінуўся за куст, насцярожыўся — у цемры расла, набліжалася да лазняку чыясьці постаць. Сачанка. А як жа.. [Танечку] не знайсці, калі яна стаіць побач з табой, рукой дастанеш! Нават не здагадаецца захінуцца куды-небудзь пад ложак ці пад канапу. Рылько. Куды ў пануры гэткі дзень ісці? Дзе захінешся, куды дзенешся? Танк.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
свінцо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да свінцу (у 1 знач.); зроблены са свінцу. Свінцовы злітак. Свінцовая куля. // Звязаны з уздзеяннем свінцу. Свінцовая інтаксікацыя. // Які ўтрымлівае свінец або свінцовае злучэнне. Свінцовыя бялілы. Свінцовыя руды. Свінцовая вада. // Звязаны з перапрацоўкай і здабычай свінцу. Свінцовыя распрацоўкі. Свінцовы руднік.
2. Цёмна-шэры, колеру свінцу. Свінцовыя хмары. □ Хмурны дзень, свінцовае неба ўзмацнялі ўражанне кволасці раслін. Мяжэвіч.
3. перан. Цяжкі; пануры, гнятучы. Тышкевіч напружваў памяць. У свінцовай галаве ніводнага пробліску. Асіпенка. Я свінцовыя вейкі свае расчыніў, Свет хіснуўся — такі нетрывалы і дзіўны. Панчанка. [Маці] гнялі цяжкія свінцовыя думкі. Дзе сыны? Дзе яе мілыя, любыя хлопчыкі? Ставер. Маўчанне было свінцовае, і ў гэтым маўчанні прагучаў голас: — Рацыя! Караткевіч.
4. перан. Які мае адносіны да свінцу (у 2 знач.). А зверху, з узгоркаў, не пераставаў сыпацца свінцовы град. М. Ткачоў. Назар Пашкевіч і Барыс Падгорны трымаліся каля Нічыпара Дубініна, які з кулямёта паліваў фашыстаў свінцовым дажджом. Гурскі.
•••
Свінцовы блішчак гл. блішчак.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
тэатра́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да тэатра (у 1–3 знач.). Тэатральнай мастацтва. Тэатральная зала. □ У канцы залы ўзвышаўся памост накшталт тэатральнай сцэны, адгароджанай ад публікі моцным, хоць і нясклёпістым бар’ерам. Колас. [Вецер] зрываў з галавы ў Будніка шапку, шырока расхрыстваў полы паліто і сярдзіта рваў са сцен тэатральныя афішы. Галавач. // Звязаны з тэатрам, з дзейнасцю яго. Тэатральная крытыка. Тэатральны часопіс. Тэатральны сезон. □ Тым не менш .. дэбют [Мележа] ў новым жанры не прайшоў незаўважаным тэатральнай грамадскасцю. Гіст. бел. сав. літ. // Прызначаны для тэатра, сцэны. Тэатральная музыка. □ Я ўявіў сабе фантастычны лес, нібы тэатральную дэкарацыю да казкі. Бядуля. У Адэсе мы пакінулі ўсю сваю тэатральную маёмасць і ў двухкласных вагонах рушылі на поўнач. Рамановіч. // Прызначаны для падрыхтоўкі акцёраў, спецыялістаў тэатра. Тэатральнае вучылішча. Тэатральная студыя.
2. Характэрны для тэатра; умоўны, штучны. Тэатральныя прыёмы.
3. перан. Які вызначаецца тэатральнасцю (у 2 знач.). Тэатральная поза. □ Аднойчы, калі ён быў асабліва пануры, сінявокае, светлакосае дзеўчаня, зачапіўшы яго, адбеглася і, стаўшы ў позу, прамовіла: — О, Алекс!.. Сарвалася з тэатральнага тону, пырснула звонкім смехам і пабегла. Брыль.
•••
Тэатральныя падмосткі гл. падмосткі.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
сумны, невясёлы, нярадасны, бязрадасны, сумотны, смутны, засмучаны, маркотны, замаркочаны, журботны, нудны, тужлівы, горасны, жалобны, жаласны, жаласлівы, няўцешны, панылы, пануры; хаўтурны (разм.); жалосны (абл.); чорны, цёмны, змрочны, хмурны, пахмурны, хмуры, пахмуры, спахмурнелы, схмурнелы, нахмураны, меланхалічны, мінорны (перан.) □ як хмара, як пад зямлёй, не ў гуморы
 Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)