ба́зіс, ‑у, м.
1. Эканамічная структура грамадства на пэўным этапе яго развіцця. Сацыялістычны базіс.
2. Тое, што і база (у 2 знач.). 1903‑ці год. Зноў стачкі зліваюцца з палітычнай дэманстрацыяй, але на яшчэ больш шырокім базісе. Стачкі ахопліваюць цэлы раён, у іх удзельнічаюць больш сотні тысяч рабочых, масавыя палітычныя сходы паўтараюцца ў часе стачак у цэлым радзе гарадоў. Ленін.
3. У архітэктуры — тое, што і база (у 1 знач.). Базіс калоны.
[Ад грэч. basis — аснова, фундамент.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мето́дыка, ‑і, ДМ ‑дыцы, ж.
1. Сукупнасць метадаў практычнага выканання чаго‑н. Методыка навуковага даследавання. Методыка палітычнай работы ў масах.
2. Вучэнне аб метадах выкладання той ці іншай навукі. З усіх дысцыплін студэнты найлепш ведалі методыку мовы, бо навучыліся любіць самую мову, чуючы жывыя ўзоры яе з вуснаў [Я. Коласа]. Лужанін. // Падручнік, у якім выкладаецца гэта вучэнне. Усе тыя спосабы, якія так гладка і проста апісаны ў методыках, часта зусім не падыходзілі і не адпавядалі ўмовам школы. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вастрыня́, ‑і, ж.
1. Уласцівасць вострага (у 1, 3, 4, 7 і 8 знач.). Вастрыня нажа. Вастрыня ўспамінаў перажытага. Вастрыня зроку. Вастрыня позірку. Вастрыня драматычнага канфлікту. □ З гадамі ў мяне не прытупіўся зрок, І вастрыні пачуццяў я не трачу. Грахоўскі. Вастрыня першага болю прайшла, аднак забыцца на тое, што давялося перажыць, [Булаўка] не мог. Пальчэўскі.
2. перан. Разм. Надзённасць, актуальнасць. Пад канец рабочага дня Юрка ўзяў з маіх рук двойчы перапісаныя мною допісы, прачытаў і сказаў: — На першы раз нішто сабе, але трэба больш палітычнай вастрыні. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
воўк, ваўка́ і во́ўка, мн. ваўкі́, ваўко́ў, м.
Драпежная жывёліна сямейства сабачых, звычайна шэрай масці.
Колькі ваўка ні кармі, ён усё роўна ў лес глядзіць (прыказка). І ваўкі сыты і авечкі цэлы (прымаўка). Хоць воўкам вый (вельмі дрэнна, бязвыхаднае становішча). Воўкам глядзець (пазіраць) (глядзець панура, варожа).
◊
Біты воўк (разм.) — пра бывалага, вопытнага чалавека.
Марскі воўк (разм., адабр.) — пра бывалага, вопытнага марака.
|| памянш. ваўчо́к, -чка́, мн. -чкі́, -чко́ў, м.
|| зб. ваўкаўё, -я́, н.
|| прым. во́ўчы, -ая, -ае і ваўчы́ны, -ая, -ае (разм.).
В. апетыт (вельмі моцны).
◊
Воўчы білет (пашпарт) — у царскай Расіі: дакумент з адзнакай паліцыі аб палітычнай ненадзейнасці яго ўласніка.
Воўчы закон — беззаконне, якое падтрымліваецца грубым насіллем.
Воўчыя грыбы — агульная назва неядомых грыбоў.
Воўчыя ягады — чырвоныя або чорныя плады ядавітых лясных раслін.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
рост, -у, М -сце, м.
1. Павелічэнне арганізма або асобных органаў у працэсе развіцця.
Час росту раслін.
Трава пайшла ў р. (расце).
2. Павелічэнне ў колькасці, у памерах; развіццё.
Р. насельніцтва.
Р. прамысловасці.
3. Узмацненне, павышэнне.
Р. палітычнай актыўнасці.
4. Удасканаленне ў працэсе развіцця.
Творчы р.
Р. майстэрства.
5. Вышыня чалавека або жывёлы.
Сярэдні р.
Касцюм не па росце (вялікі ці малы).
◊
Ва ўвесь рост, на ўвесь рост —
1) выпраміўшыся;
2) перан. патрабуючы неадкладнага вырашэння (кніжн.).
Новыя праблемы паўсталі ва (на) увесь рост;
3) перан. поўнасцю, як мае быць.
Уласнік абудзіўся ў ім ва (на) увесь рост.
|| памянш. расто́к, -тка́, м. (да 5 знач.).
|| прым. ро́ставы, -ая, -ае (да 1 і 5 знач.; спец.).
Р. час.
Роставыя рэчывы (якія ўплываюць на рост раслін). Р. гармон.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
паражэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. паражаць — паразіць (у 1 знач.).
2. Поўны разгром праціўніка, пазбаўленне яго баяздольнасці. Паражэнне нямецкіх войск пад Масквой. □ [Шорнер:] Не змог сцярпець я гэта паражэнне — І сам данёс пра наша адступленне. Бачыла. // Няўдача, пройгрыш у чым‑н. Пацярпець паражэнне ў шахматным турніры. □ Кожны адчуваў ва ўчынку Андрэя маральнае паражэнне пана Глюгі і таму цешыўся. Пестрак. // Разгром грамадска-палітычнага руху, няўдача ў палітычнай барацьбе. Паражэнне рэвалюцыі. Паражэнне паўстання.
3. Пашкоджанне, змяненне ў тканцы, органе і пад., выкліканае якой‑н. хваробай. Паражэнне сардэчна-сасудзістай сістэмы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
саты́ра, ‑ы, ж.
1. Спецыфічная форма мастацкага адлюстравання рэчаіснасці, якой уласціва з’едлівае высмейванне розных адмоўных з’яў. Гнеўная сатыра Ювенала. Сатыра Кукрыніксаў.
2. Твор літаратуры і мастацтва, у якім востра высмейваюцца людскія заганы, рэзка асуджаюцца негатыўныя з’явы жыцця. Гэты твор [«Прамова Івана Мялешкі»] з’яўляецца адным з найбольш яркіх помнікаў палітычнай сатыры канца XVI стагоддзя. «Полымя». «Сон» — гэта сатыра на прыгонніцкую чыноўніцка-бюракратычную сістэму Расіі. Палітыка.
3. перан. Рэзкае, з’едлівае высмейванне, развянчанне каго‑, чаго‑н. Баязлівы чалавек варты вострага пяра, едкай сатыры. Сабалеўскі. Маладая сярэдневяковая буржуазія выступала ў літаратуры з пародыяй і сатырай па феадальны лад. Галавач.
[Лац. satira.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уме́раны, ‑ая, ‑ае.
1. Сярэдні паміж гарачым і халодным (пра клімат і месца з такім кліматам). Умераныя шыроты.
2. Невялікі па размеру, колькасці і пад., не вышэй сярэдняга ўзроўню, нормы. Умераная вільготнасць. Умеранае цячэнне. □ Умераная скорасць — асноўная ўмова бяспекі руху ў час дажджу. «Звязда». // Які не вызначаецца вялікай сілай, інтэнсіўнасцю. Адносна ўмераным было пранікненне паланізмаў у беларускую мову і на працягу першай палавіны 16 ст. Жураўскі.
3. Які трымаецца сярэдняй палітычнай лініі, схільны да кампрамісу, згодніцтва. Умеранае крыло рэфарматараў. // у знач. наз. уме́раныя, ‑ых. Пра людзей такіх поглядаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стратэ́гія, ‑і, ж.
1. Майстэрства вядзення буйных ваенных аперацый, кампаній і ўсёй вайны. Стратэгія Кутузава ў вайне з Напалеонам. Сувораўская стратэгія. □ [Бондар:] — Толькі галоўнаму камандаванню вядома, дзе трэба націснуць, дзе адпусціць. Стратэгія, — разумець трэба. Машара. // Навука аб вядзенні вайны. Лекцыі па стратэгіі. // Пра сістэму спартыўнай гульні, пры якой асобныя камбінацыі, хады падпарадкаваны агульнаму, загадзя абдуманаму плану. Стратэгія шахматнай гульні.
2. перан. Майстэрства кіраваць грамадскай, палітычнай барацьбой. Стратэгія Камуністычнай партыі. □ Уладзімір Ільіч Ленін, творча развіваючы марксізм у новых гістарычных умовах, распрацаваў стратэгію і тактыку перабудовы грамадства на сацыялістычных пачатках і паслядоўнага вырашэння на гэтай аснове нацыянальнага пытання. Машэраў.
[Грэч. stratēgia.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзяржа́ва, ‑ы, ж.
1. Палітычная арганізацыя пануючага класа краіны для захавання існуючага парадку і падаўлення супраціўлення іншых класаў, а таксама краіна з такой палітычнай арганізацыяй. Феадальная дзяржава. Імперыялістычная дзяржава. □ Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік ёсць сацыялістычная агульнанародная дзяржава, якая выражае волю і інтарэсы рабочых, сялян і інтэлігенцыі, працоўных усіх нацый і народнасцей краіны. Канстытуцыя СССР. Рабочы клас — нязломны волат: Усемагутнаю рукой Ён адкаваў і серп, і молат У Герб дзяржавы маладой. Бялевіч.
2. Гіст. Эмблема ўлады манарха ў выглядзе шара з каронай або крыжам наверсе. На шыльдзе ў камендатуры сядзеў чорны арол. І хоць не раўня ён быў колішняму царскаму арлу са скіпетрам і дзяржавай, але ўсё ж арол. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)