падагна́ць, падганю, падгоніш, падгоніць; пр. падагнаў, ‑гнала; заг. падгані; зак., каго-што.

1. Гонячы, наблізіць або прымусіць наблізіцца да каго‑, чаго‑н. Пасля снедання ля тока паставілі малатарню, падагналі трактар. Асіпенка. Пастушок пачуў умоўны свіст і падагнаў статак бліжэй да лесу. Пальчэўскі. / у безас. ужыв. Падагнала да берага вялікую крыгу. Шамякін.

2. Загнаць пад што‑н. Падагнаць лодку пад мост.

3. Прымусіць хутчэй ісці, бегчы, ехаць. Шумейка імпэтна тузануў лейцы, працяглым покрыкам падагнаў каня: Нно-оо! Савіцкі. // Прымусіць рабіць, выконваць што‑н. хутчэй. — Трэба адзявацца ды выходзіць на месца, — падагнала сама сябе Зося і хутка павярнула ў хату. Гартны. // перан. Прыспешыць надыход чаго‑н. Час не конь: не падгоніш і не прыпыніш. Прыказка.

4. Зрабіць адпаведным па форме адно другому; прыладзіць. Падагнаць дэталі. □ Праз пяць дзён заказ мой быў гатовы — арматуру новенькую адлілі, .. вінцік да вінціка падагналі. Краўчанка. // Зрабіць адпаведным росту, фігуры каго‑н. Я па некалькі разоў вадзіў.. [пакупнікоў] у прымерачную, круціў перад люстэркам, каб хоць як-небудзь падагнаць мешкаваты і доўгі пінжак або шырачэзнае паліто. Нядзведскі.

5. Разм. Гонячы, даставіць. [Вінцук:] — Тут, хлопча, крыху [са статкам] пачакай. Толькі не распускай лішне. Я зараз падганю яшчэ табе ў чараду... Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак.

1. каго-што. Разм. Дазволіць наблізіцца, падпусціць да каго‑, чаго‑н. Я завёў свайго каня ў загародку, дзе раней стаяла Мальвіна, а Казікавага прыпусціў да кармушкі з сенам. Якімовіч. // Дазволіць зайсці, пусціць куды‑н. папасвіцца; прыпасвіць (пра жывёлу). [Рыгор:] Вось народ! Вось заразы! Ну няхай жа б дзе з краю прыпусціў [каня], дык не — паўгоней збіў. Крапіва. // Дапусціць да кармлення малаком маці (пра жывёл). Прыпусціць цяля да каровы. // Дапусціць да злучкі. Прыпусціць жарабка да кабылы.

2. што і чаго. Дадаць чаго‑н. куды‑н. Толькі ёсць і такія, што рады дачасна Для красы ў валасы прыпусціць серабро. Вітка. // Адпусціць, выпусціць што‑н. затрыманае. Карова малака не прыпусціла.

3. Разм. Тое, што і прыпусціцца. Хлопец з апошніх аслабелых сіл прыпусціў па траве, за ім пакутна, але цярпліва трываючы стому і страх, бегла Джулія. Быкаў. На момант ён прыпыніўся, глянуў па баках і прыпусціў зноў. Шашкоў. Прыпусціць ён [дождж] — зямля цвіце, І грыб, і ягада расце. Лужанін.

4. што. Прыладзіць, дапасаваць да чаго‑н. Акрамя клёпак, сюды [для бочкі] яшчэ патрэбны дошкі на дно, абручы... Потым усё гэта трэба належным чынам прыпусціць, змайстраваць. Тады толькі вада не пацячэ. Кулакоўскі.

5. што і без дап. Пакінуць запас пры раскроі. Прыпусціць на швы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыбі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; ‑б’ёмся, ‑б’яцеся; зак.

1. Прымацавацца да чаго‑н. шляхам прыбівання цвікамі.

2. Прыгнуцца, прыціснуцца да зямлі (ветрам, дажджом і пад.). Пастрашыць, пырсне [дождж] раз ці два, Што не здаволіцца трава, Што не прыб’ецца нават пыл. Лужанін.

3. Плывучы, прыстаць, наблізіцца да чаго‑н., спыніцца каля чаго‑н. Мы прыбіліся к берагу, і лодка пайшла шпарчэй. Масарэнка. // Разм. Доўга ідучы, блукаючы, дабрацца, прыйсці куды‑н. — [Алёшка] уцёк і адзін начаваў у лесе: заблудзіўся, і не мог вярнуцца назад. Раніцай прыбіўся да лесніка. Якімовіч. У эшалонах ехалі і так, .. як жабракі, па людзях карміліся, каб хаця як назад прыбіцца. Галавач.

4. перан. Далучыцца, прыстаць да каго‑, чаго‑н. Полк ноччу знаўся, і яны прыбіліся да вайсковай часці. Навуменка. Праз некалькі дзён я прыбіўся да невялікай групы такіх жа, як сам, уцекачоў. Сачанка. У вайну прыбіўся ў нашу глухую тады вёску нейкі акружэнец з Волагды. Кулакоўскі. Прыбіўся [Іван Крот] да іх у атрад аднекуль з Хартыніцкіх хутароў. Місько.

5. Разм. Пабіцца; ударыцца. [Цясляр:] — Наша дзіця прыбілася, а яны тут пра нейкае чужое дабро. Чорны.

6. Абл. Падбіцца, натаміцца. За тыдзень баёў і беганіны ў лясах людзі надта прыбіліся, .., з’явіліся параненыя, траіх няслі з сабой на насілках. Быкаў.

•••

Прыбіцца да берага — тое, што і прыстаць да берага (гл. прыстаць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыва́біць, ‑ваблю, ‑вабіш, ‑вабіць; зак., каго-што.

1. Імітуючы голас (звычайна птушак), паклікаць. Прывабіць рабчыка. Прывабіць глушца. // Прыцягваючы ўвагу якой‑н. прынадай, прымусіць наблізіцца (рыб, звяроў і пад.). На ноч, каб прывабіць ваўка, садзяць ва ўнутраны круг казляня ці сабаку. В. Вольскі.

2. Прыцягнуць чыю‑н. увагу, погляд і пад. Пах свежых аладак, відаць, прывабіў .. [немца], бо ў той жа момант ён апынуўся каля скаварады. Якімовіч. [Шарон:] Па акно павесь які рызман, Каб не прывабіла каго святло. Танк.

3. Выклікаць да сябе сімпатыю, прыхільнасць, любоў якімі‑н. рысамі характару, знешнасцю і пад. Яша дазнаўся, што белагаловы Косця прывабіў усіх першамайскіх хлопцаў валейболам. Навуменка. Магчыма, што .. [Люба] ў свае дзевятнаццаць год мела ўжо нейкі вопыт, як прывабіць хлопца. Шамякін. // Выклікаць цікавасць, станоўчыя адносіны да сябе. Ля новага дома Стаяў я з дзяўчынай. Прывабіў праект У аконнай вітрыне. Арочка. Сваім патрыятызмам прывабіў Багдановіча і верш Самійленкі. Лойка.

4. Выклікаць у каго‑н. інтарэс, цікавасць, адкрыць перад кім‑н. цікавыя магчымасці; зацікавіць. Прывабіць добрай пасадай. □ Дземідзецкі, Тумаш, Лазарэвіч і астатнія па сабе ведалі, чым прывабіць крымінальнікаў. Новікаў. Магчымасць пастаяць у сапраўдных варотах сапраўднага стадыёна прывабіць хоць каго. Васілёнак. Ці то хлопца прывабіў гэты спакой і яму захацелася напоўніць ім сваю душу, ці што другое, але ён хутка сабраўся.. і пайшоў да ракі. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Перамясціцца, перасунуцца крыху. Сотнікаў пасунуўся на вышэйшае [месца] і зноў узяў пад абстрэл немцаў, пакуль Рыбак двойчы не адолеў якіх сто метраў, што аддзялілі іх ад Гасціновіча. Быкаў. // Пацясніцца, адсунуцца, вызваляючы каля сябе свабоднае месца. Дзядзька, які пасунуўся і даў мне месца, быў старэйшым у гэтай сям’і. Кавалёў.

2. Пачаць сунуцца. Раптам маё вудзільна неяк рэзка здрыганулася і шпарка пасунулася ў рэчку. Ляўданскі. Раптам адна купіна заварушылася і шпарка пасунулася да нас. Паслядовіч.

3. перан. Прасунуцца наперад у якой‑н. справе, наблізіцца да пастаўленай мэты, да завяршэння. За які год доктарская дысертацыя Карнея Мінавіча гэтак пасунулася, што легла на стол машыністак для перадруку. Сабаленка.

4. Падацца наперад, сунуцца на каго‑, што‑н. з варожым намерам. Няхай цяпер толькі пасунуцца фашысты ноччу ў вёску, як адразу тут жа будуць і .. [партызаны]. Шамякін. [Кашын] адштурхнуў нагою скрынку, усхапіўся і, чырвоны як рак, пасунуўся на сына. Карпаў.

5. Памкнуцца. Лявон было пасунуўся да Міколавага пакоя, але.. спыніўся, не дайшоўшы. Корбан. [Гэля] падрыхтавалася, паспакайнела, пасунулася да шклянкі з бэзам, што стаяла на чырвонай сурвэце. Лось.

6. Павольна пайсці, паплесціся. Разышоўшыся з Панасам, дзед Талаш павольна пасунуўся балотамі, прыслухоўваючыся да шолахаў і галасоў палескай ночы. Колас. — Пірат, на месца! — Сабака ўтуліўся і нехаця пасунуўся ў будку. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ссу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Зрушыцца з месца, перамясціцца, спусціцца куды‑н. Ваня неахвотна ссунуўся з куфра, папаў нагамі ў галёшы, пашлёпаў. Карпюк. На досвітку ссунуўся [Даніла] з печы, пачаў хадзіць з кута ў кут па хаце. Кулакоўскі. [Сяргей Карага] ціхенька ссунуўся з мяжы ў разору. Колас. Нічога не гаворачы, Сымон закруціўся ў світку і па сыпкім снезе з ехаў пад мост, Амяллян следам пусціў пілу і ссунуўся сам. Грахоўскі. // Сунучыся, з’ехаць набок. Калоды ссунуліся на адзін бок, і сані збілі з ног Данілу. Пальчэўскі. // Ідучы, едучы, трапіць куды‑н. Ідзеш, ідзеш па вуліцы і раптам ссунешся ў яр. Лужанін. Адна машына ссунулася колам у кювет, стаяла нахіліўшыся. Мележ.

2. Сунучыся, упасці адкуль‑н., з чаго‑н. Чарапіца з хрыбта страхі, відаць, ад выбуху, ссунулася. Алешка.

3. Рухаючыся, наблізіцца. Дзеці ссунуліся цясней адзін да другога. // Насупіцца, нахмурыцца (пра бровы). Але вось за акном з’явіліся руіны — сляды нядаўняй вайны, і твар таты спахмурнеў, сурова ссунуліся бровы. Бяганская.

4. Расслабіўшыся, з’ехаць, спаўзці ўніз, набок. Капюшон плашча ў вартавога ссунуўся з галавы, і Нова з радасцю пазнаў салдата Азёрнага. Хомчанка. Хустка яе ссунулася на вочы, і Арына нічога не бачыла, акрамя ступы і жоўтых у ёй кіяхоў. Ракітны. Вінты з раненай рукі ссунуліся ўніз,.. [Зыгмунт Асядовіч] гэтага не заўважыў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Прасунуцца ўнутр чаго‑н. Дзверы нясмела адчыніліся, і ў пакой усунулася кепачка з пакамечаным брылём, а потым худы хлапечы твар. Арабей. Мала, зусім мала часу спатрэбілася Крукаву на тое, каб праз адчыненыя дзверцы ўсунуцца ў топку, паставіць на сваё месца каласнік. Васілёнак. // Улезці, паказацца ў чым‑н. Час ад часу ў вокны ўсунецца твар, як крэйда, збялелы, паглядзіць і расплывецца дзесьці ў цемені камеры. Нікановіч.

2. Разм. Уваліцца, праваліцца куды‑н. Бацька сказаў, нібы адгадаўшы маю думку: — Мабыць, усунуўся нехта ў багну.. І чорт яго пагнаў, не праведаўшы дарогі!.. Кулакоўскі. // Трапіць, папасці ў што‑н. А Якава збракавалі!.. Па вачах не падышоў і руку некалі зламаў. .. Мабыць, у машыну ўсунуўся, калі ў дэпо рабіў. Чарнышэвіч. Міша сігануў праз канаву, усунуўся адным ботам у глыбокую гразь, потым ускраем балацявіны абагнуў Нятрэсеў хутар з тыльнага боку. Арочка. // Утапіцца. Было іх, рэчак, часамі на ноч і па дзве, і па тры. Але такой шырокай не было. І так яны, хлопцы, яшчэ не сядзелі. — Я паплыву прыганю [лодкі], — сказаў Алесь. — Усунешся яшчэ. Брыль.

3. Разм. Увайсці куды‑н. павольна, ледзь перастаўляючы ногі. У карчму не ўвайшоў, а неяк цішком, прыгнуўшыся, усунуўся Апанас Хмель. Пестрак. Рыпнулі дзверы, і ў адрыну ўсунуўся Мікіта, Ігнасёў аднагодак. Чарнышэвіч. З гэтымі словамі ў пакой усунулася.. мажная кабеціна, пудоў на дзесяць вагою. Дубоўка.

4. Разм. Умяшацца, ублытацца ў што‑н. Справа магла наблізіцца да нейкага кампрамісу, але ў аркестроўку ўсунуўся Ядловец і.. перарваў дыспут. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́даць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; заг. выдай; зак., каго-што.

1. Даць што‑н. з запасаў, адпусціць са сховішча для пастаяннага ці часовага карыстання. Выдаць грашовы аванс. Выдаць кніжку з бібліятэкі. □ — Трэба залічыць дзеда ў рады Чырвонай Арміі і выдаць яму стрэльбу, як чырвонаармейцу, — не то жартаўліва, не то сур’ёзна заўважыў адзін з ротных камандзіраў. Колас. // Забяспечыць чым‑н., уручыць што‑н. Выдаць даведку, мандат. □ Сёлета мне бясплатную пуцёўку выдалі. У Сочы. Грамовіч. // Аддаць, вярнуць назад. Выдаць асабістыя рэчы іх уладальнікам. // Заплаціць за работу. На працадні, што намецілі, — выдалі. Пташнікаў.

2. Здабыць, зрабіць, вырабіць. Не ладзілася справа з вынаходствам — Андрэй адводзіў душу работай: размахнецца, што называецца, на ўсё плячо, выдасць норму ды і да другой наблізіцца, і не сорамна глядзець людзям у вочы. Шахавец.

3. за каго і са словам «замуж». Аддаць замуж. Пасватаўся Алесь, і бацькі выдалі дзяўчыну. С. Александровіч. З Ганнай Лявонаўнай душа ў душу пражылі мы дваццаць год. Выгадавалі дачку, выдалі замуж. Корбан.

4. Выпусціць з друку, надрукаваць. Выдаць поўны збор твораў пісьменніка. Выдаць кніжку масавым тыражом. □ Магчыма, што паэт думаў выдаць гэтыя вершы асобным зборнікам, у які хацеў уключыць перакладзеныя ім творы рускіх паэтаў. «Весці».

5. Прыняць, абвясціць. Выдаць закон. □ Дырэктар выдаў спецыяльны загад. Карпаў.

6. Раскрыць, зрабіць вядомым што‑н. сакрэтнае, тайнае; удаць. Выдаць змову. □ Асцерагаліся партызаны да пары да часу выдаць свой баявы сакрэт. Лынькоў. Аднак, і пасля васьмі гадзін катавання Тадора.. не выдала нікога. Брыль. Як ні трымалася Іна, а вочы яе выдалі. Ваданосаў.

7. Назваць каго‑, што‑н. не тым, кім, чым яны з’яўляюцца. Выдаць сябра за брата. Выдаць чутае за бачанае. □ [Наташа] мела намер выдаць сябе за бежанку. Шамякін. Асцерагайцеся гэтых, — Гусар паказаў пальцам на суседні пакой. — Я вас выдам за сваю даўнюю знаёмую. Краўчанка.

•••

Выдаць на рукі — а) аддаць што‑н. непасрэдна каму‑н.; б) даць наяўнымі пасля вылічэння падаткаў.

Выдаць сябе — выкрыць, выявіць уласныя тайныя пачуцці, намеры і пад.

Выдаць (сябе) з галавой — выкрыць сваю або чыю‑н. віну, памылку, тое, што старанна хаваецца.

Не выдай(це)! — выручы(це)!

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пада́цца 1, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; пр. падаўся, ‑лася, ‑лося; зак.

1. Зрабіць рух тулавам у які‑н. бок; адхіліцца. На парозе ў сенцы стары спатыкнуўся, тулава яго падалося назад. Чорны. Паставіла [цётка] жалязняк лязом у зямлю, паціснула на яго нагою, падалася ўсім целам назад, нагнулася і вывернула цяжкі.. дзірван. Сачанка.

2. Адсунуцца, пасунуцца пад уздзеяннем напору; паддацца ўздзеянню чаго‑н. Люба паспрабавала адчыніць шафу. Дзверцы легла падаліся і адчыніліся. Мурашка. [Сомік] падняў кол і, залажыўшы між кавалкаў [бярвенняў], злёгку павярнуў. Кавалак паслу[хмя]на падаўся раптам, перакруціўшыся цераз горб, рынуўся ўніз па шліхце. Крапіва. // перан. Зрабіцца мякчэйшым, палагаднець. І, захліпаючыся ад слёз, выліваў сваю жальбу-роспач Пятрусь над Ганнай. Іначай быць не магло. Камень-сэрца — і тое падасца! Нікановіч.

3. перан. Прыкметна пагоршаць, пастарэць. Яшчэ не зусім, старая жанчына, за апошні год .. [жонка Казанцава] так падалася, што цяпер пазнаць яе было цяжка. Васілевіч.

4. Разм. Накіравацца куды‑н., у якім‑н. напрамку. Падацца ў горад. Падацца ў вырай. □ Сабастыян падкруціў вусы і падаўся дадому. Чорны. Каб не рабіць круга, [Ліда] падалася напрасцяк цераз выган той вёскі, у якой жыла. Кулакоўскі. // Падысці, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. Падацца да стала. Падацца да дзвярэй. □ [Алесь] пачырванеў ад злосці і, сціснуўшы кулакі, падаўся да навічка. Ваданосаў. // Стаць вышэйшым, падрасці. Недарослы і хударлявы ў студэнцкія гады, Сарочын не вельмі падаўся ў рост і на вайсковай службе. Алешка. І, здаецца, бялей сталі гнуткія бярозы і яшчэ вышэй падаліся стромкія хвойкі і елкі. Лынькоў.

5. Разм. Паступіць, уладкавацца куды‑н., абраць спецыяльнасць. Падацца на працу ў калгас. Падацца ў настаўнікі. □ [Сашка] вырашыў падацца на вучобу ў будаўнічы інстытут. Гроднеў. Вера і Чупрык яшчэ даўно, калі вучыліся ў дзесяцігодцы, вырашылі падацца ў механізатары. Гурскі.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць пададзеным. Падалася каманда: «Гатова!» Глебка.

•••

Падацца ў белы свет — тое, што і пайсці ў белы свет (гл. пайсці).

пада́цца 2, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; пр. падаўся, ‑лася, ‑лося; зак.

Разм. Тое, што і здацца ​2. Зося спынілася і недаверліва глянула на чалавека. Голас падаўся ёй знаёмы, але ў твар яна яго не магла пазнаць адразу. Крапіва. Падалося Ларысе, што гэты Адам вельмі ж нечым знаёмы ёй. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ступі́ць 1, ступлю, ступіш, ступіць; зак.

1. Зрабіць крок. Сяржант ступіў пару крокаў, адсунуў плячом Цімоха. Асіпенка. Аднак не паспеў [Пеця] ступіць і некалькі крокаў, як прыкмеціў у змроку шэрую пляму. Анісаў. Ступіць Сёмка раз, а яго сусед тры (ногі ў суседа кароткія). Чорны. // Наблізіцца, падысці да каго‑, чаго‑н. Бацька ступіў да .. [сына] першы, працягнуў абедзве рукі: — Дзякуй богу! Гэта ты, сынок? Кулакоўскі. Антанюк ступіў да штыкетнага паркана: дарога і тратуар слізкія. Шамякін. // Пераступіць цераз што‑н. Сярожа знайшоў клямку, адчыніў дзверы і ступіў цераз парог. Паўлаў. // перан. Пачаць дзейнічаць, працаваць і пад. Вялікая мужнасць патрабавалася ад Адэлі, каб зрабіць вырашальны крок, парваць з хутарам і ступіць на іншы, новы шлях. Кучар. Але здарылася так, што [Лінкевіч] у крутую хвіліну ступіў не на тую дарогу. Дуброўскі. / у перан. ужыв. На савецкую зямлю ступіла вясна — вясна завяршаючага года пяцігодкі. «Звязда».

2. Паставіць нагу куды‑н., наступіць на каго‑, што‑н. — Ну? — нецярпліва кінуў насустрач .. [Валі] стары, ледзь яна ступіла на падножку. Мележ. Лета ў самым пачатку, і столькі курынай слепаты, што не ступіць нагою, каб не трапіць на краску. Мыслівец. // Ідучы, зрабіць упор (на нагу, пальцы і пад.). Ступіць на пятку. Ступіць на хворую нагу.

3. Увайсці куды‑н. Гаспадыня, яшчэ ні пра што не здагадваючыся, запынілася на парозе. Асцярожна пр[ы]чыніла за сабой дзверы. Ступіла ў пакой і зразумела ўсё. М. Стральцоў. На стол пакласці ўсё, што ёсць, — Такі ўжо звычай наш спрадвечны. Як толькі ў хату ступіць госць — Адразу смажыцца яечня. Сіпакоў. // Трапіць куды‑н., апынуцца дзе‑н. Адчыніў я веснічкі, ступіў на бацькаў двор, ды так быццам і прырос да зямлі... Васілевіч. Так веку чвэрць ваюючы за шчасце, Ступіў баец на родную зямлю. Звонак.

•••

Кроку не ступіць без каго-чаго — а) немагчыма самастойна зрабіць што‑н.; б) немагчыма абысціся без чыёй‑н. дапамогі, падтрымкі, без каго‑, чаго‑н.

Куды ні ступі — усюды, скрозь.

Нага чыя не ступіць гл. нага.

Не даваць кроку ступіць гл. даваць.

Не ступіць на парог — не бываць у каго‑н., не заходзіць да каго‑н.

ступі́ць 2, ступлю, ступіш, ступіць; зак., што.

Зрабіць тупым, затупіць. Ступіць пілу. □ Спрабаваў Леў высякаць Іскры, ды дарма. Толькі кіпцюры ступіў, А агню — няма. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)