пападра́ць, ‑дзяру, ‑дзярэш, ‑дзярэ; ‑дзяром, ‑дзераце; зак., што і чаго.
Разм. Падраць многа чаго‑н.; драць доўга, неаднаразова. А колькі ён там, гаротнік, карчоў папаварочаў, колькі карэнняў пападраў, зямлю, як пух, вырабіў. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усхо́дцы, ‑аў; адз. няма.
Разм. Невялікія ўсходы 2. На ўсходцах.. хаты [Ваня] прысеў на сухую прыступку, зняў боты і выліў з іх ваду. Кулакоўскі. Люблю маленькія ўтульныя гасцініцы з.. рыпучымі ўсходцамі крутых лесвіц. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ухмы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Разм. Тое, што і усмешка. Добрай ухмылкай засвяціўся твар санітаркі. Грахоўскі. На тварах тых, хто сядзеў на першых лаўках, Шыковіч убачыў хітрыя ўхмылкі. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вурката́ць, ‑коча; незак.
Разм. Утвараць аднастайныя пералівістыя гукі; глуха грукатаць. Імжыў цёплы дожджык, шапацелі даспелыя аўсы, а недзе на захадзе вуркатаў гром. Грахоўскі. Вуркаталі машыны, гаманілі людзі, і снежны пыл пурыўся над дарогай. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здрабне́лы, ‑ая, ‑ае.
Які здрабнеў; дробны, схуднелы, нязначны. Здрабнелы твар. Здрабнелая жывёла. □ Мастак адказвае за кожнае слова, за кожную коску, ён павінен помніць, што літаратура не церпіць дробных тэм, здрабнелых пачуццяў, бяздумнага апісальніцтва. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
катлава́н, ‑а, м.
Выемка ў грунце, прыгатаваная для закладкі фундамента якога‑н. збудавання. Катлаван пад галоўны корпус электрастанцыі. □ Кожнай брыгадзе выдаваліся лапаты, усе накіроўваліся на адзін аб’ект — капаць катлаваны для падмуркаў пад інтэрнат. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пад’ёмнік, ‑а, м.
Механізм, пры дапамозе якога падымаюць цяжары і пасажыраў. Пнеўматычны пад’ёмнік. □ Ноччу ляпіў мокры снег, раскісалі дарогі, ледзяною карою абрасталі тросы пад’ёмнікаў. Грахоўскі. Матор напружана ўзвыў, вал пад’ёмніка закруціўся, кузаў прыўзняўся. Вышынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пае́нчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
Енчыць некаторы час. [Маці] паенчыла, пастагнала з тыдзень і згарэла, як свечка. Грахоўскі. Ладымер з’явіўся дадому сам не свой. Ён пастагнаў у сенцах, паенчыў, пабедаваў і падаўся ў хату. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазасланя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.
Засланіць усіх, многіх або ўсё, многае. У доме ўсё было так, як і да Казікавага ад’езду.. Толькі разлапушыліся фікусы і пазасланялі вокны. Грахоўскі. // Закрыць засланкамі (пра печы).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парабко́ўства, ‑а, н.
Занятак парабка. Пасля жаніцьбы пайшоў [бацька] да панскага ўпраўляючага Ганса Хрыстафоравіча Мухеля сказаць, што кончылася яго і Луізіна парабкоўства. Грахоўскі. Так і не выйшаў Ігнат з парабкоўства, мусіў гнуцца на пана. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)