сець, ‑і, ж.
Разм. Тое, што і сетка (у 1–3 і 6 знач.). Сець гатова ўжо ў рыбака І агледжаны леташні човен. Астрэйка. Смех гэткі маюць толькі дзеці Ды людзі з яснаю душой; І ён, як жа[ў]ранак той, Звінеў і ўжо кахання сеці Нячутна нішчыў. Багдановіч. Ён [свабодны голас] праз дратоў калючых сеці, Як сонца свет, пераліецца На шыр палёў, на край дарог... Танк. Дождж сеці светлыя развесіў, Разлінаваўшы далягляд. Прануза. [Брыль:] — Краіна пакрываецца сеццю электрастанцый і ўзнікаюць волаты-заводы, фабрыкі і цэлыя гарады. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стылізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.
Надаць (надаваць) чаму‑н. характэрныя прыкметы пэўнага стылю (у 1, 2 знач.). Ф. Багушэвіч надзвычай смела і з непараўнальнай дасканаласцю стылізаваў мову сваіх твораў пад мову расказчыка — селяніна. Шакун. // Перадаць (перадаваць) што‑н. пры дапамозе ўмоўных прыёмаў. Стылізаваць арнамент. // Пераймаючы каго‑н., надаць (надаваць) чаму‑н. пэўны выгляд, форму і пад. Багдановіч ужо ў самой назве падаў характэрныя для нашай старажытнай мовы звароты, прычым зусім няцяжка ўлавіць, пад каго стылізаваў сваё апавяданне паэт. Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ценявы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да ценю (у 2, 6 знач.). Ценявыя ўзоры. Ценявая праекцыя. Ценявы тэатр. Ценявыя фарбы.
2. Які знаходзіцца ў цяні (у 1 знач.); неасветлены. Ценявы бок вуліцы. □ Некалі гэтая.. [ігруша] раскошна і маляўніча развіналася над хатай, яе лісце было да таго густое, што пры невялікім дожджыку ўвесь ценявы бок страхі аставаўся сухі. Кулакоўскі.
3. перан. Адмоўны, непажаданы. Ценявыя бакі жыцця Багдановіч раскрываў з настолькі вялікім пачуццём меры, што раскрыццё іх было ў яго сапраўды не «кветкамі зла». Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ці́на, ‑ы, ж.
Зялёныя водарасці, якія плаваюць густой масай у стаячай і мала праточнай вадзе. Мора сіняе прымчыць да нас вадой Бутэльку к берагу, аблітую смалой, Усю ў дробных ракаўках і ціне. Багдановіч. У тайніку, побач з канавай, Сцяпан хавае «трохзубку» — жалезныя граблі, якімі ён выцягвае з вады ціну ці карчакі. Парахневіч. // перан. Тое, што засмоктвае, аблытвае, пазбаўляе волі, свабоды дзеяння. Колькі.. [Віктар] пражыў у тым мяшчанскім гняздзе, а і пальцам не паварушыў, каб разграміць той ладненька скалочаны дабрабыт, ускалыхнуць застаялую ціну. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шнуро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шнураваць.
2. Р мн. ‑ровак. Шнур або шнурок на якім‑н. адзенні і пад., пэўным чынам размешчаны, працягнуты, а таксама прашнураванае месца. Скрозь слой бруду на блясе цьмяна віднеўся малюнак: бліскучы бот, а побач — чаравік без шнуровак. Карпюк. Шнуроўка колеру зары, Пагляд, што бляск рубінавы, І сарафан агнём гарыць, Каралі — арабініны. Ляпёшкін. // Уст. Частка жаночай сукенкі, якая сцягваецца шнурком; гарсэт. Мураўёўна нізка звесіла галоўку, Бо занадта зацягнулася ў шнуроўку. Багдановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ва́жкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае значную вагу пры невялікім аб’ёме. Жыта стаяла, як лес, і кожны колас важкі, нібы наліты золатам. Хадкевіч.
2. перан. Важны па свайму значэнню, значны. Важкі працадзень. // Змястоўны. Вельмі скупы на эпітэты, паэт выбіраў найбольш важкія словы, якія надавалі вершу энергічнасць, вялікае сэнсавае папаўненне і пластычнасць. Шкраба.
3. перан. Пазбаўлены лёгкасці; цяжкі. Важкія крокі. □ І прыносіш ты туды, вадзіца, Важкі сум ад сэрца Кацярыны. Багдановіч.
4. перан. Пераканаўчы. Важкія довады. □ [Прафесар] нешта запісваў у свой блакнот, відаць, збіраўся сказаць сваё важкае слова. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ако́ліца, ‑ы, ж.
1. Тое, што і ваколіца (у 2 знач.). А стаў Андрэйка першым старшынёй Найпершага ў аколіцы калгаса. З. Астапенка. Аколіцу абляцела вестка, што заўтра ля каменя будзе вялікі фэст. Пестрак. Чуў ты гоман мінскіх аколіц заводскіх? Таўбін.
2. Уст. Плот з варотамі ў канцы вёскі. Доўга стаіць, прыслухоўваецца [Яўтух] да шорахаў у садку, да рокату трактара ў полі, да вясёлых песень дзяўчат за аколіцай. Бялевіч. Гэй, пайду ж я па вуліцы У тое поле за аколіцу. Багдановіч. За аколіцай ходзяць дзяўчаты, і гукаюць красуню-вясну. Кляшторны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абрабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., каго-што.
1. Апрацаваць, дагледзець; прывесці ў парадак. Тарфянішча абраблю, Каб гуло, як медзь. Наглядаючы зямлю, Буду хлеб мець! Куляшоў. Мусіць, яна не была б такой прыгожай, італьянская зямля, калі б не абрабілі, не аздобілі яе сваім потам і рукамі працавітыя людзі. Мележ.
2. Апрацоўваючы, прыдаць чаму‑н. патрэбныя выгляд, якасць. Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш, Абрабіць яго трэба з цярпеннем. Багдановіч.
3. Разм. Запэцкаць, забрудзіць чым‑н. [Дзяк:] — Ёсць такая казка — наеўся цыган кіслага малака ды вельмі ж бараду ў гэтае малако абрабіў... Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паве́ць, ‑і, ж.
1. Пляцоўка пад страхой на слупах, прызначаная для хавання чаго‑н. ад дажджу, непагоды. І застукалі дзве сякеры — двое [салдат] калолі, а трое насілі дровы пад павець. Хомчанка. Пад павець пачалі насіць мяхі з цэментам, згружаць цэглу. Лупсякоў.
2. Памяшканне, дзе звычайна складаюць дровы; дрывотнік. Ралан, даючы ключ, загадаў Станіку і Чэсю прынесці дроў з павеці і распаліць стаяк. Грамовіч.
3. перан. Тое, што навісае, утвараючы падабенства павеці. Узняла парасоны дрэў Фергана, над асфальтам навісла павець прысад. Русецкі. Над галавой — дубоў павець, Віднеюць неба, горы, поле Праз лісцяў сець. Багдановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скалыхну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Зварухнуцца, зрушыцца, захістацца. Рыбакову здалося, што фіранка скалыхнулася і замерла. Асіпенка. Жарыць-скварыць сонца, Ліст не скалыхнецца. Колас. Вяночкі патанулі ў хвалях сініх, Толькі пацеркі-кружочкі Скалыхнуліся на плыні. Трус. Пачынаецца трэці акт. Скалыхнецца заслона І павольна ўгару папаўзе. Глебка. // Гайдануцца з боку ў бок або зверху ўніз; злёгку калыхнуцца. Дрэва скалыхнулася. Калыска скалыхнулася.
2. перан. Захвалявацца, узрушыцца. Бач, ад песні маёй скалыхнуўся ўвесь свет, Сонны край я ўраз разбудзіў... Чарот. Сэрца беднае заб’ецца, І адразу ў ім прачнецца, І адразу скалыхнецца Усё, што згінула даўно. Багдановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)