спадні́зу, прысл.
Знізу, з-пад чаго‑н. Тут Дняпро як загуў, як падняўся да стром.. Сам б’е ў бераг спаднізу, а зверху б’е гром. Лужанін. Помню нясмелую зелень рэдкае травы, першы плач кнігаўкі, узмах спаднізу белага крыла, першую кветку .. на сыпкім пяску ля рэчкі. Адамчык. // Знізу, у ніжняй частцы. Дагледжаны быў і сад — камялькі спаднізу падбелены, голле дзе падпёрта калкамі, а дзе і падвязана за таўсцейшае, больш трывалае. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыцмо́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Цмокнуць губамі, языком, звычайна выказваючы якое‑н. пачуццё (здзіўленне, задавальненне, злосць і інш.). Апранаючыся, .. [Чыжык] агледзеў свае гамашы, здзіўлена прыцмокнуў языком. Лупсякоў. — Ты праўду кажаш. З Рыгора можа быць талковы брыгадзір, але... — тут Васіль прыцмокнуў языком. Арочка.
2. Цмокнуць, прымушаючы каня ісці. Старшыня ўзяўся за лейцы, зычна прыцмокнуў. Якімовіч. І я тут не адгаварыўся, усе разам кінулі мяне ў вазок на гарохавінне, і Алесь прыцмокнуў на каня. Адамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераго́н 1, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. пераганяць — перагнаць (у 1 знач.).
2. Участак чыгункі, шашы паміж дзвюма станцыямі, прыпынкамі. Жылі мы ў казарме на перагоне між станцыямі Магілёў і Лотва. Лынькоў. // у знач. прысл. пераго́намі. З перапынкамі. Свежы і мяккі пасля дажджу вецер дыхаў перагонамі, дрэвы то заціхалі, то неяк жаласна і раптоўна шалясцелі густым лісцем. Адамчык.
пераго́н 2, ‑у, м.
1. Малако, абястлушчанае на сепаратары.
2. Прадукт адгонкі парай; адгон.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. каго. Аклікаць, зваць. — Цімох! Кірыла! — нарэшце гукае .. [дзед Мірон]. — Падыйдзіце .. сюды! Даніленка. Ля варот яго хтосьці паклікаў. Павярнуўшы галаву і ўбачыўшы таго, хто яго гукаў, Мікола сумеўся. Сіняўскі.
2. Гучна гаварыць, крычаць. — Паехалі! — гукае шафёр. Ракітны. На двары гулі машыны, і на кагосьці ўсё гукала дзяжурная: — Ну, толькі звязі маю хустку! Адамчык.
3. Абл. Гаварыць, размаўляць. Ля клуба стукаў рухавік. Дзяўчаты гукалі ў халоднай і ядранай маладой начы. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рассла́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., каго-што.
1. Зрабіць слабым, ненапружаным; аслабіць. [Іван] на хвіліну расслабіў мускулы, стараючыся раўней дыхаць. Быкаў. Стары расхваляваўся, успамінаючы, і хваляванне зусім расслабіла яго. Кірэенка.
2. Адпусціць, зрабіць слабкім (што‑н. туга звязанае, нацягнутае). Ляксей, пачуўшы перасцерагальны голас Данькі, пачаў коўзаць па падлозе нагамі як мог, кратаць звязанымі рукамі, каб расслабіць вузел. Ермаловіч. Жанчына расслабіла туга завязаную пуховую хустку, лёгка пакруціла маленькай галавой, а потым пачала расшпільваць паліто. Адамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
размаі́тасць, ‑і, ж.
Разм.
1. Уласцівасць размаітага; наяўнасць непадобных, непаўторных элементаў у чым‑н.; разнастайнасць. Прывольныя лугі вабяць сваім раздоллем, прыгажосцю, цудоўнай стракатасцю колераў і размаітасцю пахаў. Асіпенка.
2. зб. Пра сукупнасць самых розных рэчаў. Сяргей кідаў работу і насіў на воз скруткі толю, скрынкі з цвікамі, хамуты, атосы, абады і іншую гаспадарчую размаітасць. Адамчык. Толькі к канцу дня мы скончылі беганіну па горадзе і, нагружаныя ўсялякай размаітасцю, галодныя і стомленыя, вярнуліся да сваёй фурманкі. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свіце́цца, свіціцца; незак.
1. Віднецца праз што‑н., быць бачным. У канцы гарода.. [Арцём] убачыў радок крывых алешын, за якімі свіціўся зялёны лужок. Ракітны.
2. Будучы вельмі рэдкім, прапускаць праз сябе святло. Цяпер на Гэльцы была не тая спадніца, зношаная, рэдзенькая, што ўся свіцілася, у якой яна ганяла ў поле, а новая паркалёвая сукенка ў вялікія чырвоныя кветкі. Адамчык.
3. перан. Адлюстроўваць якія‑н. пачуцці, хваляванні (пра твар, вочы, знешні выгляд чалавека). Наўмыснікаў твар свіціўся ўсімі адценнямі радасці. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разва́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Якому ўласціва развага, роздум; разважлівы. Млынар Стэфан Вялічка, чалавек разважны, спачатку падумае, пасля скажа. «Маладосць».
2. Які змяшчае ў сабе павучанне, параду і пад. Перад ім [Рыгорам] быў малады, і яму карцела сказаць мне разважнае слова старэйшага чалавека. Адамчык.
3. Спакойны, размерны, паважны. Ішоў сваёй разважнай, нетаропкай хадой час. Васілёнак. Ідзе з вайны салдат. Ідзе разважным крокам Каторы дзень здалёк І бразгае пры боку Запасны кацялок. Вітка.
разважны́, ‑а́я, ‑о́е.
Такі, які прадаецца на вагу. Разважны тавар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нездаро́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які недамагае, хварэе на што‑н.; хворы. [Падліпскі:] — Дадому вярнуўся нездаровы і нядужы, тыдні тры адляжаў у пасцелі. Адамчык. — Паедзем сёння, — стаяла на сваім Надзейка. — Дома нас чакаюць, дый Сымонка нездароў. Гурскі. // Які сведчыць аб нездароўі. Лялькевіч выпіў, з’еў гарачай бульбы, і бледны твар яго пакрыўся нездаровымі чырвонымі плямамі. Шамякін.
2. Шкодны для здароўя. Нездаровы клімат. □ Загорскі абводзіў вачыма каморку. Нездаровая. Пад самым дахам. Улетку, відаць, горача, узімку холадна. Караткевіч.
3. перан. Шкодны ў грамадскіх і маральных адносінах. Нездаровыя настроі. Нездаровая крытыка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паспява́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Спяваць некаторы час. Дзядзька ківае сам сабе галавою і заводзіць [песню].. Паспяваў трохі і кінуў, а, можа, яму Шугай Міхалка перашкодзіў, ідучы насустрач. Колас. Соня была сярод спевакоў. Соню хлебам не кармі, а дай паспяваць. Лось.
паспява́ць 2, ‑ае.
Незак. да паспець 1.
паспява́ць 3, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да паспець 2.
2. Добра, паспяхова вучыцца; не адставаць. Ніна ведала, што Коля добра паспяваў па матэматыцы, таму дырэктар і параіў яму паступіць у тэхнікум. Сіўцоў. [Дзяўчынка], мусіць, не паспявала ў школе: кожнае лета да яе прыходзіла настаўніца — падвучыць. Адамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)