пахо́джанне, ‑я, н.
1. Прыналежнасць па нараджэнню (да якой‑н. нацыі, народнасці, класа і пад.). Беларус па паходжанню. □ Ён па прафесіі — рабочы, А па паходжанню — латыш. Колас. [Генерал] ганарыўся сваім паходжаннем, сваімі ваеннымі ведамі. Шамякін.
2. Узнікненне, утварэнне чаго‑н. Паходжання жыцця на зямлі. Паходжанне мовы. □ На выгане, ля самай Каменні, узвышаюцца зялёныя курганы. Ніхто не ведае іх паходжання. Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пачва́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі непрыгожы, агідны, брыдкі; такі, як у пачвары. Нос ці, праўдзівей, бязноссе робіць твар жанчыны страшэнна брыдкім, пачварным, а голас гугнявым. Колас. [Сашынаму] хвораму ўяўленню здаецца, што твар .. [немца] нечалавечы, пачварны, аброс дзікай шчэццю... Шамякін.
2. Незвычайны, выключны (пра якія‑н. адмоўныя якасці). [Янка Брыль] .. выступае, як удумлівы, назіральны бытапісьменнік, якога глыбока хвалююць пачварныя з’явы сялянскага побыту. Майхровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перавы́бары, ‑аў; адз. няма.
Выбары кіруючых органаў у некаторых арганізацыях, якія праводзяцца праз пэўныя прамежкі часу. У верасні 1917 года ва ўмовах рэвалюцыйнага ўздыму адбыліся перавыбары Мінскага Савета. «Полымя». // Паўторныя выбары ў выпадку адмены першых выбараў. Лескавец папрасіў сакратара: — Прашу, таварыш Ладынін, паставіць пытанне аб перавыбарах старшыні. Я не магу больш. Я сыты па горла... Хопіць!.. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перагарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., што.
1. Падзяліць памяшканне перагародкай. — Будзе прасторная хата. Калі разжывёмся, можна будзе і перагарадзіць дошкамі, адбіць чыстую палавіну. Галавач.
2. Стварыць перашкоду ўпоперак чаго‑н., спыніць рух на якім‑н. шляху; загарадзіць. Гіганцкая плаціна перагарадзіла, уціхамірыла раку. Курто. Дарогу .. [Лясніцкаму і Таццяне] перагарадзіў глыбокі палявы роў. Шамякін. Шлях узводу перагарадзіў моцны кулямётны і вінтовачны агонь. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перажыва́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. перажываць.
2. Асобы псіхічны стан, які выяўляецца ў наяўнасці якіх‑н., звычайна непрыемных, адчуванняў, пачуццяў. Змучаны бяссоннем і душэўнымі перажываннямі, Злобіч меў цяпер выгляд яшчэ больш пахмуры і суровы. М. Ткачоў. У маладосці рэдка здараецца, каб не спалася, хіба толькі ў часы цяжкіх перажыванняў, гора. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падле́зці, ‑лезу, ‑лезеш, ‑лезе; зак.
1. Залезці пад што‑н.; прабрацца куды‑н. паўзком. Падлезці пад мост. □ Таня асцярожна падлезла пад куст, лягла на дно ямы і старанна прыкрылася, нахіліўшы над сабой галінкі. Зуб. Падлезшы пад нізка асеўшае крыло самалёта, я пачаў хутка разграбаць снег. Шамякін.
2. Разм. Падступіцца, наблізіцца да чаго‑н. Бэз падлез пад самае акно. Скарынкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падру́чнік 1, ‑а, м.
Кніга, па якой вывучаюць які‑н. прадмет. [Ігнат] прыходзіў зрэдку да .. [знаёмых] у хату папрасіць якога-небудзь падручніка. Пасля работы ён наведваў вячэрнюю сярэднюю школу. Лынькоў. Знайшоўшы ў сына гаспадыні падручнік па геаграфіі,.. [Саша] раскрыла карту, паглядзела на Кольскі паўвостраў і жахнулася яшчэ больш. Шамякін.
падру́чнік 2, ‑а, м.
Спец. Падстаўка, апора для інструмента на такарным станку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пако́рпацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца і пакарпа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Корпацца (карпацца) некаторы час. Баракаў пакорпаўся колькі хвілін у машыне, сеў за штурвал і даволі-такі добра.. павёў камбайн. Шамякін. Стары пакорпаўся ў галавах сваіх нараў і паставіў на стол бутэльку. Брыль. Дар’я пакорпалася крыху на градах, вырвала некалькі пустазелін і падалася ў бок. Бяганская.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
на́ступ, ‑у, м.
1. Тое, што і наступленне 1. Лескавец помніў, як .. [хвойнік] садзілі, каб затрымаць наступ пяску на ўрадлівыя палі. Шамякін. Стала вядома, што нашы войскі пераходзяць у наступ. Грамовіч. — Што гэта за допыт? — пераходзячы ў наступ, спытаў Бабейка. Хадкевіч.
2. Тое, што і наступленне 2. З наступам сярэдневяковай рэакцыі купальскія звычаі сталі паўсямесна праследавацца царквой і дзяржавай. Ліс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нашэ́сце, ‑я, н.
Напад ворага, запаланенне ім чужой тэрыторыі; навала (у 1 знач.). Ужо нямнога засталося жахлівых слядоў варожага нашэсця. Шамякін. // перан. Разм. Нечаканы прыход, з’яўленне каго‑н. у вялікай колькасці. Ніколі раней гэты горад не бачыў такога нашэсця людзей з кнігамі, агульнымі сшыткамі пад пахай! Паслядовіч.
•••
Мамаева нашэсце — пра нечаканы прыход вялікай колькасці непажаданых людзей.
[Ад імя татарскага хана Мамая, які ў 14 ст, зрабіў спусташальнае нашэсце на Русь; быў пераможаны рускімі на чале з Дзмітрыем Данскім у Кулікоўскай бітве ў 1380 г.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)