хі́жы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Драпежны (пра жывёл, птушак). Дзве пуначкі звілі гняздо сабе, у скалах выбралі высока месца. Яно адтуль і вецер не саб’е, і хіжы звер туды не дабярэцца. Дубоўка. // Які належыць, уласцівы такім жывёлам. Здымаючы густы нагар Са свечак курадымлівых, Падумаць нат не мог друкар, .. Што будзе столькі добрых кніг Пра глухамань напісана, Дзе звер знакі слядоў сваіх Абнюхваў хіжай пысаю. Барадулін.

2. перан. Які імкнецца да панавання, нажывы; жорсткі (пра чалавека). Хіжы вораг паліць хаты, разбурае гарады. Машара. [Косця:] — А такіх, як яна [Галя], толькі і шукае розная варожая нечысць. І яе знайшоў і прыбраў да рук хіжы і каварны шпіён Станіслаў Гарадзюк. Сабаленка. // Які выражае прагнасць, сквапнасць, жорсткасць. Твар [Касарэвіча] хіжы, драпежны, але на вуснах — усмешка... Навуменка. Да чаго ж я ненавіджу Пахавальны гул арганаў, Служак боскіх погляд хіжы, Шапаточак іх паганы! Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ста́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў дарослым, дасягнуў поўнага развіцця. Сталыя мужчыны збіраліся ў гурткі і разважалі аб вайне, якая насоўвалася на іх. Колас. Аднак, зірнуўшы ў вочы касір[ц]ы, ужо сталай і сур’ёзнай жанчыне, Аня засаромелася свайго намеру і пачырванела да вушэй. Карпюк. / у знач. наз. ста́лыя, ‑ых. Я пытаўся ў сталых: — Дзе ж ён ёсць брыгадзір? Лужанін. // Уласцівы такому чалавеку. Маленства не песціла Зыгмунта Серакоўскага гэтак жа, як і сталыя гады. Якімовіч. У сталым веку будзеш чуць ты [унук] музыку гадоў выразна. Дубоўка.

2. Здольны рабіць, дзейнічаць самастойна, без чыёй‑н. дапамогі, кіраўніцтва; сур’ёзны. Вырастаў юнак сталы, дзелавіты, які ўмеў сярод усялякіх спраў адразу ўбачыць самае важнае і найбольш патрэбнае. Чорны. Ён [сакратар райкома] малады, ды сталы. Пабачыў ён багата. Дубоўка. [Аўдоля:] — Я так і ведала. Цівуну што — сталага работніка шкада на кухню ставіць, а дзяцей не шкада. Якімовіч. // Уласцівы такому чалавеку. Ой, як цяжка рабіць першы, сталы крок у жыцці! Бядуля.

3. Вопытны, які дасягнуў майстэрства ў чым‑н. Драбнатэм’е, прыглушанасць голасу, звужанасць погляду на сучаснасць — бяда нашых многіх сталых і маладых паэтаў. Грахоўскі. Не раз [Іван Якаўлевіч] здымаў шапку перад сталым практыкам-энергетыкам. Цяпер, бач, як вырас Анатоль Іванавіч! Гроднеў. На савецкую работу вылучана вялікая колькасць палітычна сталых работнікаў з шырокім партыйным, дзяржаўным кругаглядам, здольных весці справу энергічна і пісьменна. «Звязда». // Які вылучаецца грунтоўнасцю, майстэрствам і пад. Першыя на дзіва сталыя вершы .. [Валянціна Таўлая] датаваны 1928 годам, калі паэту было чатырнаццаць. Брыль. Па геаграфіі веды Сталыя мы набылі, Пеша схадзіўшы ўсе сцежкі Нашай вялікай зямлі. Куляшоў.

4. Пастаянны, нязменны; разлічаны на доўгі час, не часовы. [Наталя:] — Дарагая, мілая цётка Мальвіна!.. Дзе ты цяпер? Ты ніколі не мела свайго сталага месца — з дзядзькам Прахорам вы вечна падарожнічалі па краіне з канца ў канец. Скрыган. На мой паклон .. [Яворская] адказала запытаннем. — Новы сусед? Адкуль? Ага, выкладчык! Факультатыўна ці на сталую работу? Дуброўскі.

5. Добра абдуманы; які сведчыць пра вопытнасць, майстэрства. Сталае рашэнне. Сталая думка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ула́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які належыць каму‑, чаму‑н. як уласнасць. Уласная гаспадарка. Уласная аўтамашына. □ Жыў Нікадзім Варакса з Кіраю ў маленькім уласным доміку. Карпаў. // Які належыць каму‑н. разам з іншымі як члену якога‑н. калектыву, грамадства. Першымі сярод усходніх славян уласнае кнігадрукаванне атрымалі беларусы. Шакун. З таго часу, як [партызанскі] атрад пабудаваў свой уласны лагер, пры штабе стала працаваў трафейны радыёпрыёмнік. Брыль. // Звязаны сваяцкімі, прыязнымі і пад. адносінамі. [Ад’езд] радаваў — дома мяне чакала сустрэча з уласнымі дзецьмі, і крышачку засмучаў. Васілевіч. Яму хацелася падзяліцца з .. інжынерам некаторымі сваімі думкамі, якія хаваў .. [Шмульке] нават ад сваёй уласнай палавіны. Лынькоў.

2. Свой, асабісты. Крушынскаму ўспомніліся воўчыя сляды ў пяску побач з яго ўласнымі. Бядуля. Лёс майго карабля — гэта ўласны мой лёс; быць на вахце — вышэйшы мой гонар. А. Вольскі. Шчаслівы час, калі прыходзіць роздум І ты ва ўладзе толькі ўласных дум. Тармола. // Уласцівы каму‑н. Вельмі часта сваю ўласную філасофію аўтар пераносіць на персанажы свайго твора. Чорны. Верачка важна трымала Мікалая Пятровіча пад руку, ішла паволі, з пачуццём уласнай годнасці. Каршукоў. Вядзернікаў меў уласны погляд на рэчы. Радкевіч. // Які ідзе ад каго‑н. асабіста, які робіцца, ажыццяўляецца самім. [Сярго:] Азорыча я знаю асабіста: Калі ён там, дык не па ўласнай волі. Глебка. Спыніцца і моўчкі крыху пастаяць, Шчаслівым астацца за ўласную працу. Астрэйка. Лазебны — радыёаматар, і ў хаціне, дзе яны жывуць з камандзірам, стаіць прыёмнік яго ўласнай канструкцыі. Шамякін.

3. Літаральны, сапраўдны. Ва ўласным сэнсе слова.

4. Спец. Уласцівы толькі каму‑, чаму‑н., без дамешак, без пабочных дабавак. Уласная вага цела.

•••

Уласнае імя гл. імя.

Уласны карэспандэнт гл. карэспандэнт.

Варыцца ва ўласным саку гл. верыцца.

На ўласныя вочы бачыць гл. бачыць.

На ўласныя вушы чуць гл. чуць.

Стаяць на ўласных нагах гл. стаяць.

Уласнымі сіламі гл. сіла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паэты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да паэзіі (у 1, 2 знач.). Паэтычны твор. □ Ужо ў пачатку паэтычнай дзейнасці Купала стварыў велічны вобраз беларускага народа, які ўзняўся на барацьбу за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Ярош. // Уласцівы паэзіі, вершаваны. Паэтычныя формы. Законы паэтычнай мовы. // Які сведчыць пра здольнасць да паэзіі, пра творчы талент. Паэтычнае чуццё. Паэтычны талент. □ З дзіцячых год .. [Самуілу] запомнілася многа добрага, што ўздзейнічала на яго ўяўленне, разбівала паэтычны дар. Каваленка.

2. Прасякнуты паэзіяй (у 3 знач.), поўны хараства, прыгажосці; лірычны. Паэтычны малюнак прыроды. □ Ніколі да гэтага нішто не выклікала яшчэ ў маёй юнацкай душы такога паэтычнага настрою, як рамантычнае жыццё трактарыстаў, начная малацьба і ворыва. Аўрамчык.

3. Надзелены ад прыроды павышанай эмацыянальнасцю, уражлівасцю. Паэтычная натура. □ У 1913 годзе Максім Багдановіч у крытычным аглядзе беларускай літаратуры за 1911–1913 гг. пісаў, што Змітрок Бядуля — «пісьменнік з душой чулай і паэтычнай». Каваленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіро́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сіраты, уласцівы яму (ёй). Ці мала з вачэй нашых слёз пралілося, Слёз горкіх, сірочых, слёз крыўды і мук? Ці мала магіл на палях засталося, Каб новыя рыць? На выгоду каму?.. Гілевіч. Хлеб сірочы, вядома, нялёгкі, аднак пра яго пакуль што больш думала мама. Брыль. / у перан. ужыв. Як бацька памрэ — дык і хата Сірочаю стане ў той час. Бялевіч. // перан. Бедны, убогі, мізэрны. Сеўшы ў машыну, я ўзяў з сядзення свой сірочы скрутачак, які падрыхтаваў для Эрны. Ракітны. Жытцо было тоненькае, сірочае, па пяць зернетак у каласку. Лобан.

2. Які праходзіць у адзіноце. Нялёгка ўспамінаць гісторыю сірочага маленства. Грамовіч. // Які адасоблены, знаходзіцца ў адзіноце. Дзед Астап ступіў.. да невялічкай хвойкі, якая цямнелася наперадзе ў сірочай самоце. Лынькоў.

3. Які мае адносіны да апёкі над сіротамі. Сірочы прытулак. □ [Настаўніца:] — Я расла ў сірочым доме... Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хво́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае лісце ў выглядзе іголак. Дзесяткі парод дрэў, лісцяных і хвойных, разложыстых і вастраверхіх, то шарэнгамі, то купкамі спускаліся па схілах узгоркаў да рэчкі. Хадкевіч.

2. у знач. наз. хво́йныя, ‑ых. Падклас голанасенных дрэў і кустоў, пераважна вечназялёных, у які ўваходзяць сасна, елка, кіпарыс і інш.

3. Які складаецца з раслін, што маюць іголкападобнае ці лускападобнае лісце. А за Глінішчам — пачынаецца лес, не кусты, не алешнік які, а высокі і густы хвойны лес. Марціновіч. // Які належыць хвоі, уласцівы ёй. Хвойная кара. □ Прызвычаеным рухам.. [жанчына] зняла хустку з галавы, .. асцярожна выняла з потнага дзіцячага кулачка каменьчык, прыліпшую да далонькі хвойную ігліцу. Лынькоў. Хай аддае вада балотам І лезе ў вочы хвойны дым, Мы пасля бою ў ахвоту І ў смак харчы свае ядзім. Астрэйка. // Атрыманы з драўніны або ігліцы хвоі. Хвойная мука. // Прыгатаваны з экстрактам хвоі. Хвойнае мыла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цыві́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Не ваенны, не вайсковы; грамадзянскі. Вайсковы люд і люд цывільны Вакзалы поўнілі сабой. Колас. У канцы чэрвеня і пачатку ліпеня тысяча дзевяцьсот сорак першага па ёй [дарозе] ішлі людзі — вайскоўцы і цывільныя, ехалі падводы і машыны. Янкоўскі. // у знач. наз. цыві́льны, ‑ага, м. Неваенны чалавек. З дома камендатуры выйшла некалькі афіцэраў, і сярод іх — нейкі цывільны. Хомчанка.

2. Які мае адносіны да невайсковых людзей, належыць, уласцівы ім. Цывільныя ўлады. Цывільны суд. □ На машыне сядзеў Хурс у цывільнай адзежы, як і заўсёды, і два-тры польскія вайскоўцы. Чорны. Хоць даўно развітаўся са службай марской і ў цывільным хаджу гарнітуры, — горад мой! — уяўляю цябе я парой караблём, што адольвае буры. А. Вольскі. // у знач. наз. цыві́льнае, ‑ага, н. Неваеннае, невайсковае адзенне. Ледзь толькі я дабраўся да краю лесу, як адразу ж натрапіў на ўзброеных людзей у цывільным. Сачанка.

[Ад лац. civilis — грамадзянскі.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паляўні́чы 1, ‑ага, м.

Той, хто займаецца паляваннем. Сюды [на Глухі востраў] рэдка хто заходзіў, хіба толькі самыя дасціпныя паляўнічыя зазіралі. Колас. Праз некалькі мінут.. [лось] выскачыў на невялікую прагаліну і неспадзявана наткнуўся на двух паляўнічых. Шчарбатаў.

паляўні́чы 2, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да таго, хто займаецца паляваннем. Паляўнічае таварыства. // Які прызначаны, служыць для палявання. Паляўнічая стрэльба. Паляўнічы сабака. □ Гаспадар сабраў сваё паляўнічае начынне, а.. [жонка] падагрэла падрыхтаванае звечара сняданне. Кірэенка. Траха не кожны тыдзень у Міцькі мяняліся паляўнічыя сабакі. Кулакоўскі. // Звязаны з паляваннем. Паляўнічы промысел. Паляўнічая брыгада. □ — Сёння адкрыццё паляўнічага сезона, а мы дома сядзім. Ляўданскі. // Уласцівы таму, хто займаецца паляваннем. Калі мы рушылі з.. [генералам] у глыб лесу, я вырашыў не адрывацца.. Але хутка прыкмеціў, што генерал «водзіць за нос» мяне з намерам уцячы... Тут ужо апанаваў паляўнічы азарт. О не, дзед, ад мяне адчапіцца не так проста. Шамякін.

2. Ужываецца ў назвах сартоў некаторых харчовых прадуктаў і напіткаў. Паляўнічая каўбаса.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

начны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да ночы, уласцівы ёй. Даўно растаў у начным небе след апошняй ракеты, а людзі яшчэ і не думалі разыходзіцца. Гамолка.

2. Такі, які бывае ноччу. Праходжу моўчкі я начную плошчу, І ловяць сутарэнні гулкі крок. Панчанка. Павярнулася [Ларыса] і знікла за маліннікам у гушчыні цёмнага начнога саду. Мурашка. // Які адбываецца ноччу. Начны паход. Начная праца. □ Ішоў.. вялікі начны бой, біла артылерыя, гарэлі вёскі. Шамякін. // Які працуе, дзейнічае ноччу. Вінавата і разгублена спрабаваў апраўдвацца начны вартаўнік Уладзімір Вашэсцік: — Людцы добрыя, хіба ж за ўсімі дагледзіш?.. Шчарбатаў. Начным цягніком, як гэта часта бывала, Кузьма Гартун вяртаўся з дальніх калгасаў у МТС. Дуброўскі. // Які прызначаны для выкарыстання ноччу. Начная кашуля. □ [У бакавым пакойчыку] стаяў чыста прыбраны ложак, начны столік і два крэслы. Новікаў.

3. Такі, актыўнасць якога прыпадае на ноч (аб некаторых жывёлах, насякомых, раслінах). Начны матыль. Начная фіялка. □ Начная птушка абзывалася нясмела. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нейтра́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які захоўвае нейтралітэт у адносінах да ваюючых дзяржаў. Нейтральная краіна. // Які паводле міжнароднай дагаворанасці не можа быць тэатрам ваенных дзеянняў або месцам размяшчэння войск. Нейтральныя воды. Нейтральны порт. // Нікім не занятая прастора паміж двума ваюючымі бакамі. Наша вёска знаходзілася на нічыйнай зямлі, у нейтральнай паласе. Хадкевіч. Вагон мінае памежныя слупы, праходзіць вузкую паску нейтральнай зоны і ідзе пад драўлянай аркай. Галавач.

2. перан. Які не становіцца на чый‑н. бок (у палітычнай барацьбе, спрэчках і пад.). Заняць нейтральную пазіцыю ў спрэчках. Нейтральны наглядальнік. // Уласцівы для такога чалавека. Нейтральныя паводзіны.

3. Які не мае выразных адзнак (пра святло, колер і пад.). Святло ў Рэмбрандта ніколі не бывае рассеяным і нейтральным, яно заўсёды сканцэнтраванае, мэтанакіраванае. «Беларусь».

4. Спец. Які не дае ні шчолачнай, ні кіслай рэакцыі. Нейтральны раствор.

5. Спец. Які не нясе ні адмоўнага, ні дадатнага зараду. Нейтрон з’яўляецца нейтральнай, незараджанай часцінкай. «Маладосць».

[Ад лац. neuter — ні той, ні другі.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)