прыскры́нак, ‑нка, м.

1. Скрыначка ў куфры на бакавой сценцы для захоўвання дробных рэчаў. З боку куфра паглядаў чыста выгабляваны прыскрынак, куды складаліся дзявочыя каралі і брошкі... Броўка. Бывала.. адчыняць куфар і пачнуць пераглядаць цікавыя рэчы: пярсцёнкі, што хаваліся ў прыскрынку, дарагія хусткі.., рознакаляровыя стужкі. Колас.

2. Абл. Бакавая скрынка ў стале. У сваім кабінеце застаў [Шэмет] Гаварушку. Той, не чакаючы прыходу Шэмета, рыўся ў шуфлядзе стала. Калі ўбачыў, засунуў прыскрынак і ўсхапіўся. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кало́к, калка, м.

1. Памянш. да кол; кароткі, тонкі кол. Месца будаўніцтва падстанцыі было абазначана калкамі яшчэ ўлетку. Лупсякоў. // Калочак. Спяшаючыся, [Пракоп] зашчапіў дзверы на клямку і заткнуў у прабой дубовы калок-затычку. Якімовіч.

2. Драўляны або металічны шпянёк для нацягвання струн у музычных інструментах.

3. Абл. Драўляны цвік, замацаваны ў чым‑н. для таго, каб вешаць на ім што‑н. Нехаця Мікодым скінуў кажух і павесіў на калок, убіты ў вушак дзвярэй. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго. Аклікаць, зваць. — Цімох! Кірыла! — нарэшце гукае .. [дзед Мірон]. — Падыйдзіце .. сюды! Даніленка. Ля варот яго хтосьці паклікаў. Павярнуўшы галаву і ўбачыўшы таго, хто яго гукаў, Мікола сумеўся. Сіняўскі.

2. Гучна гаварыць, крычаць. — Паехалі! — гукае шафёр. Ракітны. На двары гулі машыны, і на кагосьці ўсё гукала дзяжурная: — Ну, толькі звязі маю хустку! Адамчык.

3. Абл. Гаварыць, размаўляць. Ля клуба стукаў рухавік. Дзяўчаты гукалі ў халоднай і ядранай маладой начы. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́печак, ‑чка, м.

Абл. Выступ печы, якім карыстаюцца як прыступкаю, узлазячы на печ. Бацька паклаў рукавіцы на паліцу каля печы, распрануў армяк, кінуў яго на запечак. Галавач. Захар сеў на запечку, слухаў, што гаварылі. Каваль.

запе́чак, ‑чка, м.

Месца паміж сцяною і печчу. [Вайсковец] запаліў ліхтарык і свяціў ім па хаце, заглядаючы на печ, у запечак і пад палок. Колас. У хаце панаваў спакой, нават цвыркун, перабраўшыся некуды ў запечак, відаць, змарыўся і змоўк. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выго́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. пераважна мн. (выго́ды, ‑аў). Усё, што задавальняе максімальныя запатрабаванні, чым зручна карыстацца. Кватэра з выгодамі. □ Добры хутар! Месца вясёлае, усе выгоды пад рукою. Тут табе і зямля, і паша, і дровы. Колас.

2. Прыволле. У калгасе на выгодзе, На палянцы ля крыніцы Разышліся ў карагодзе Маладыя жарабіцы. Крапіва.

3. Абл. Выгада (у 1 знач.). [Алесь:] — У маёй прапанове ёсць рызыка, але ёсць і велізарная выгода. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́нкі, ‑аў; адз. няма.

Абл. Ранішняя пасьба жывёлы летам у гарачую пару. Маці толькі і клопату з.. [каровай], што выгнаць на ранкі. Б. Стральцоў. Пасвіў .. [дзядзька Алесь] толькі на ранках, бо ўдзень яго ўжо не пускала кузня. Кулакоўскі. // Знаходжанне жывёлы ў хляве ў паўдзённы час пасля ранішняй пасьбы. Тым часам пара і выганяць каровы з ранкаў, і Паўліха ідзе рыхтаваць Чэсіку торбу. Васілевіч. Сёння ўжо каровы прыгналі на ранкі, а Віктара ўсё яшчэ няма. Палтаран.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усыры́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што і чаго.

Абл.

1. Прыгаварыць да зняволення. [Пятро:] — Асудзілі [жонку] ўсё ж. Два гады ўсырычылі... Марціновіч. // Набіць. — Ой, баяцца цябе буду! — Пабаішся, як штаны здзяру ды трапкача ўсырычу. Паўлаў.

2. Даць з разлікам на пэўную выгаду. Але хлопец усё ж усырычыў.. [Арцёму] залатоўку. Машара. // Усадзіць шмат сродкаў за што‑н. [Вара:] — Клопат вялікі, што ні ў кога [тэлевізара] няма. — Няхай будзе ў нас першых. [Хілімон:] — Ды мо і грошы ўсе ўсырычыла за яе [штуковіну]. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хво́йка 1, ‑і, ДМ хвойцы; Р мн. хвоек; ж.

1. Памянш.-ласк. да хвоя: маладая, невялікая хвоя. Раскусціўся пры дарозе ракітнік, падраслі хвойкі на пясчаным узгорку. Грахоўскі. Уязджаем у лес. Спачатку рэдкія хвойкі, голыя бярозы, алешнік. Лынькоў.

2. зб. Абл. Ігліца. Жоўтая хвойка ўсцілала дол. Мурашка. Хоць хвойку жую, але на волі жыву. Прымаўка.

хво́йка 2, ‑і, ДМ хвойцы; Р мн. хвоек; ж.

Жук чорнага або бурага колеру, шкоднік хваёвых дрэў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́вар, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Дрэва сямейства кляновых з вялікімі пяцілопасцевымі лістамі; белы клён (у Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўнае дрэва ў парках і садах). Каля сцежкі пахіліўся явар да каліны. Багдановіч. / ‑у, у знач. зб. Пасадка явару.

2. ‑у; толькі адз. Драўніна гэтага дрэва. Паркет з явару.

3. ‑у. Абл. Аер. [Рэчка] нешырокая, з нізкімі берагамі, якія густа зараслі яварам, сітнягом і чаротам. Якімовіч. Не шумі, човен, па явару, не пужай качак маладзенькіх. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

квас, ‑у, м.

1. Кіславаты напітак, прыгатаваны на вадзе з хлеба, сухароў або жытняй мукі з соладам. Хлебны квас. □ [Сынклета Лукінічна] прынесла поўны гладыш пахучага пеністага квасу. Шамякін. Прыемна пахне хлебны квас Ад рошчыны ў дзяжы. Хведаровіч. // Шыпучы напітак з вады і ягад, фруктаў або мёду.

2. Абл. Кіслая страва з буракамі, грыбамі і інш., гатаваная на гэтым напітку. [Пніцкі] прысеў да нізенькага стала, пасёрбаў з гаршка ўчарашняга квасу з грыбамі. Чорны.

•••

Перабівацца з хлеба на квас гл. перабівацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)