ранг, ‑у, м.

1. Ступень адрознення, чын, спецыяльнае званне каго‑н. Дыпламатычныя рангі. Ранг паручыка. Тэхнік-інтэндант другога рангу.

2. Катэгорыя, разрад якіх‑н. прадметаў, з’яў або асоб. Узводзіць у ранг дзяржаўнай палітыкі. Узвесці ў ранг літаратурнай нормы. □ [Астаповіч] часамі нават заікаўся — калі чаго-небудзь спяшаўся ў гаворцы або растлумачваў што чалавеку, вышэйшаму за сябе жыццёвым рангам. Чорны.

•••

Капітан 3‑га рангу гл. капітан.

Капітан 2‑га рангу гл. капітан.

Капітан 1‑га рангу гл. капітан.

[Ням. Rang.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́пнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і якасць трапнага. Трапнасць удару. Трапнасць стральбы. Трапнасць слова. □ Букрэй з ціхаю ўсмешкаю маўчаў і слухаў, паварочваючы свой буйны твар з жорсткімі калючымі вусамі то да аднаго, то да другога ў залежнасці ад характару або ступені трапнасці тых ці іншых жартаў. Колас. У апавяданні «Андрэй Лятун» дыялогі займаюць даволі значнае месца і вызначаюцца сцісласцю і трапнасцю, а часамі, як у камічнай спрэчцы чыгуначнікаў, многагалоссем. Гіст. бел. сав. літ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інтуі́цыя, ‑і, ж.

1. Неўсвядомленае чуццё, заснаванае на папярэднім вопыце, якое накіроўвае на правільныя дзеянні; прадбачлівасць, здагадка. За доўгую практыку ў [цёткі Эмілі] развілася такая інтуіцыя, што ў дзевяноста выпадках яна трапляла акурат на такіх людзей, з якімі можна было дагаварыцца. Маўр. — Дакладнасць — добрая рэч, — змякчаў сваю рэзкасць начальнік штаба, — але ж часамі патрэбна разведчыкаў і інтуіцыя, нюх ці як хочаш гэта называй... Шахавец.

2. У ідэалістычнай філасофіі — нейкая містычная здольнасць непасрэднага пазнання ісціны без дапамогі вопыту і лагічных вывадаў.

[Ад лац. intueri — пільна, уважліва глядзець.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нязна́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Невялікі па колькасці, велічыні, сіле і пад. Нязначная сума грошай. Нязначны шум. □ Часамі Лабановічу здавалася, што школа адстае, што вынікі дасягнуты нязначныя. Колас. Гарадок [Лунінец] малады. Да правядзення чыгуначных шляхоў гэта быў зусім нязначны пасёлак. В. Вольскі.

2. Які не мае істотнага значэння; малаважны. Нязначныя змены. □ Уся сям’я сядзела за вячэрай, гаварылі аб самых нязначных справах. Васілевіч. Спадарожнікі перакідваюцца адзін з адным нязначнымі словамі, жартамі. Сабаленка. // Які не прыносіць вялікіх цяжкасцей. Нязначная просьба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Па якіх‑н. прыкметах, дадзеных зразумець сэнс чаго‑н. няяснага, незразумелага для каго‑н., уясніць значэнне, характар каго‑, чаго‑н. Разгадаць намеры. Разгадаць сон. □ Эх, шляхі, родныя шляхі! Хто перакажа нам вашы казкі, разгадае думкі, назбіраныя і напісаныя часамі на камлях вашых прысад? Колас. Янка Купала быў першым, хто чуццём геніяльнага мастака разгадаў у Багдановічу выдатнага паэта. Майхровіч.

2. Знайсці правільны адказ на што‑н. загаданае; адгадаць. Разгадаць загадку. Разгадаць рэбус.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шалёстаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. каго-што. Біць, сцябаць з шумам. Было на .. [грэблі], казалі, і страшнае месца, адкуль часамі выбягаў нехта ў чырвоным, з пугаю ў руках і шалёстаў па вушах таго, хто позна ехаў з поля. Колас. Ціха ўвайшла [маці] праз сені ў кухню, зняла з цвіка татаў рэмень, ш-шах! — адчыніла дзверы ў хату і давай шалёстаць — і папа і дыякана! Брыль.

2. Шамацець, шалясцець. Шалёсталі ссохлым лісцем, палівалі зямлю золкімі дажджамі верасні. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аддалі́цца, ‑далюся, ‑далішся, ‑даліцца; зак.

1. Перамясціцца на нейкую адлегласць ад каго‑, чаго‑н. Вада ў Сажы выцвіла, памялела і так аддалілася ад берага, што рэдка хто з хлапчукоў даставаў яе каменьчыкам. Ракітны. // Стаць менш чутным з прычыны вялікай адлегласці. Гром аддаліўся, толькі часамі далятае яго прыглушаны грукат з далёкага, цёмнага краю неба. Скрыган.

2. перан. Парваць сяброўскія, блізкія адносіны з кім‑н.; пачаць цурацца каго‑н. Неўзабаве Антон аддаліўся ад усіх і пачалі здагадвацца, шло ён перажыў нейкую няўдачу ў жыцці. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узя́цца, вазьмуся, возьмешся, возьмецца; пр. узяўся, узялася, ‑лося; заг. вазьміся.

Зак. да брацца.

•••

Адкуль (толькі) ногі ўзяліся; дзе (толькі) ногі ўзяліся гл. нага.

Узяцца за галаву — тое, што і брацца за галаву (гл. брацца).

Узяцца за гуж — тое, што і брацца за гуж (гл. брацца).

Узяцца за розум — тое, што і брацца за розум (гл. брацца).

Узяцца ўчубкі — а) учапіцца адзін аднаму ў валасы, пер’е. Верабейчыкі, як дзеці, дурэюць, чырыкаюць, а часамі і ўчубкі возьмуцца. Колас; б) пачаць бурна спрачацца з кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няхва́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

1. Адсутнасць каго‑, чаго‑н. у неабходнай колькасці; недахоп чаго‑н. [Віхура:] Справа такая: няхватка рабочых, некаторае спазненне будаўнічай часткі не павінна спыніць работы па мантажу... Гурскі. Красніцкі спаслаўся на няхватку часу, і, падзякаваўшы яшчэ раз за шчырую гасціннасць, мы выйшлі на вуліцу. Пальчэўскі.

2. Адсутнасць дастатковых сродкаў для існавання; нястача. Была не лёгкая пара, часамі не хапала тэхнікі, .. былі няхваткі і з харчамі. Сташэўскі. Пратасевічы, жывучы сям’ёй у Мінску, не ведалі няхваткі ні ў чым неабходным. Аднак запасаў.. не мелі. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскрыча́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

Разм.

1. Падняць моцны крык. А калі вечарам прыйдуць з работы сын з нявесткай, дык дзеці часамі і раскрычацца, то да маткі, то да бацькі прыстаюць. Колас. — Дзядуля, а чаго .. так раскрычаліся? — спытаў Андрэйка. Ляўданскі.

2. на каго. Пачаць гаварыць павышаным тонам; накінуцца на каго‑н. з крыкам. — Ну, ты, таго, не крыўдуй, што я раскрычаўся так. Галавач. Бацькі нашага тады яшчэ дома не было, ён быў у палоне .., і маці наша раскрычалася на Радчукоў, абзывала іх усякімі брыдкімі словамі... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)