ператрэ́сціся, ‑трасуся, ‑трасешся, ‑трасецца; ‑трасёмся, ‑трасяцеся; пр. ператросся, ‑трэслася і ‑траслася, ‑трэслася і ‑траслося; зак.

1. Змарыцца ад працяглага трасення. Дзеці ператрэсліся на калёсах за дарогу і не сталі есці.

2. Перазябнуць, празябнуць. Пастух ператросся за дзень на холадзе.

3. Пахвалявацца, патрывожыцца некаторы час. [Параска:] — Ператрэслася я. У адных [гаспадароў] дзве ночы начаваць баялася. Лобан.

4. Уладзіцца, упарадкавацца. [Начальнік] лёг у бальніцу. Праляжаў там з месяц, думаў, ужо ўсё ператрэслася, перацерлася за гэты час. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уваскрэ́сіць, ‑крэшу, ‑крэсіш, ‑красіць; зак., каго-што.

1. Паводле рэлігійных вераванняў — вярнуць да жыцця таго, хто памёр; ажывіць. [Макар:] — Яго [бацьку] ўжо не ўваскрэсіш. Асіпенка.

2. перан. Выклікаць унутранае абнаўленне, зрабіць зноў жыццядзейным; аднавіць чые‑н. сілы. Спорт уваскрэсіў ранейшую сілу і спрыт. // перан. Выклікаць яркае ўяўленне аб чым‑н., аднавіць у памяці што‑н. забытае. Я жыў у снах і дзень, і два, і месяц, каб хоць на міг твой вобраз уваскрэсіць. Федзюковіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тра́вень ’май, старая назва месяца мая’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб.), тра́вэнь ’май’ (бяроз., Нар. скарбы). Укр. тра́вень, рус. старое тра́вень ’тс’ (Даль), харв. trȃvanj ’тс’, гіст. traven mali ’красавік’, traven veliki ’май’, баснійск. тра̑вањ (мали і велики), тра̑вник ’красавік’; славен. mali tráven ’тс’, veliki tráven ’май’, старое балг. тра́вен ’тс’. Прасл. *travьnь/*trěvьnь ’трэці месяц у годзе’ (ад сакавіка), адрозненні ў семантыцы назвы тлумачацца кліматычнай розніцай у перыядах цвіцення траў, з чым звязана яе этымалогія: ад прыметніка *travьnъ, вытворнага ад *trava, які пазней канкрэтызаваўся ў абстрактны назоўнік з суф. ‑ь (travьnь) (Глухак, 636; Слаўскі, SP, 1, 128).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лістапад 1 ’назва адзінаццатага месяца’ (ТСБМ, Бес., Гарэц., Нас., Бяльк., Яруш.), ’пара, калі ападае ліст з дрэў’ (Бяльк.), ’ападанне лісця восенню’ (ТСБМ). Укр. листопа́д ’тс’, рус. уладз., кур. листопад ’восень’, арханг. ’позняя восень’, наўг. ’верасень’; уладз., арханг., ярасл. ’кастрычнік’; том., вяц., перм., цвяр., кур. ’лістапад’; польск. listopad ’тс’, а ў XV ст. і ’кастрычнік’, в.-луж., чэш., славац. listopad ’лістапад’; славен. listopàd, серб.-харв. ли̏стопад ’лістапад’, ’ападанне лісця’, ’апалае лісце’, макед., балг. листопад ’час ападання лісця’, ст.-слав. листопадъ ’месяц кастрычнік’. Прасл. listo‑padъ ’ападанне лісця’ > ’час, калі ападае лісце’. Да ліст 1 і па́даць (гл.). Аналагічна ўтвораны і літ. lapkritỹs ’лістапад’, дыял. ’кастрычнік’, ням. Laubfall ’ападанне лісця’, ст.-грэч. φυλλοχόος ’месяц, калі падае лісце’ (Слаўскі, 4, 285–287; Кочерган, Мовознавство, 1967, 1, 59; Стабей, ZfslPh, 1971, 36 (1), 108).

Лістапа́д 2 ’туберкулёз’ (Касп.), смал. ’лаянкавае слова’. Параўн. листопа́дина, уладз. листопа́дица, алан. листопадка, смал. листопадница, смал., наўг., пск., паўн.-рус. листопадня (колотуха) ’ліхаманка’, ’гарачка’. У выніку семантычнага пераносу (агульная прыкмета — гарачка) з рус. гаворак у віц. листопад ’хвароба’ — таксама семантычны перанос з ’асенняя пара’ (калі часцей, чым летам, прастужваюцца). Параўн. яшчэ рус. дан. листопадный ’брыдкі, агідны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зубе́ц, ‑бца, м.

1. Востры выступ на інструменце, прыладзе працы, частцы машыны і інш.; зуб (у 2 знач.). Зубцы бараны. □ Вастрыў .. [Мікола] пілу, Зубцы правяраючы строга. Броўка.

2. звычайна мн. (зубцы́, ‑оў). Надбудова на сцяне збудавання ў выглядзе слупкоў, размешчаных на аднолькавая адлегласці. Зубцы крамлёўскай сцяны. // Востры выступ на паверхні, абрысах чаго‑н. Зубцы кардыяграмы. □ Месяц ужо высока плыў над цёмнымі зубцамі зарэчнага бору. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сту́дзень ​1, ‑я, м.

Першы месяц каляндарнага года. А ў студзені — на белым полі Наўкруг чысцюткія снягі... Даруй, зямля, што я ніколі Аддаць не здолею даўгі. Матэвушаў. — Халадэча! У студзені мароз быў невялікі, а ў лютым з першых дзён раз’юшыўся... М. Ткачоў.

сту́дзень ​2, ‑ю, м.

Разм. Тое, што і студзіна, квашаніна. Вылі на стале таксама масла, пульхныя дамашнія пірагі, талерка студзеню, пакрытага белым тлушчам. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расцягну́ць, -цягну́, -ця́гнеш, -ця́гне; -цягні́; -ця́гнены і -ця́гнуты; зак.

1. каго-што. Нацягваючы, павялічыць у аб’ёме ці даўжыні.

Р. боты.

2. што. Нацягнуўшы, раскласці, развесіць, разаслаць.

Р. дыван на падлозе.

3. што. Размясціць доўгім радам або паласой на якой-н. адлегласці.

Р. абоз.

Р. фронт.

4. што. Пашкодзіць пры моцным напружанні, удары, неасцярожным руху (сухажылле, звязкі і пад.).

5. што. Зрабіць празмерна працяглым.

Р. работу на месяц.

6. што. Разабраць, разнесці па частках у розныя бакі.

Р. бярвенне.

7. што. Раскрасці (разм.).

8. каго (што). Адцягнуць адно ад аднаго, разняць.

|| незак. расця́гваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. расцяжэ́нне, -я, н. (да 1 і 4 знач.), расця́жка, -і, ДМ -жцы, ж. (да 1, 2 і 4 знач.; разм.) і расця́гванне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

рудзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Рабіцца рудым, рудзейшым. У Беларусі больш за месяц нясцерпна паліла сонца; вялі кветкі, рудзелі ў парках на ліпах лісты. М. Стральцоў. У полі, каля тэлеграфных слупоў, з кожным днём усё больш і больш рудзела трава. Кулакоўскі.

2. Вылучацца сваім рудым колерам, віднецца (аб чым‑н. рудым). На пагорку ледзь рудзее пакручастая дарожка, як баразёнка, узораная плыўкімі палазамі. Колас. Палі прыцерушыў лёгкі сняжок, толькі рудзеюць сцежка, пратаптаная клетачкамі лапцей, ды каляіны. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кве́цень 1 (ж. р.) ’кветкі (зборнае)’ (ТСБМ). Гл. квет.

Кве́цень 2 ’красавік’ (Нас., Сцяшк., Шатал.). Гл. квет. Бел. квецень памылкова разглядаецца як запазычанне з польск. kwiecień (Булыка, Запазыч., 145). У сапраўднасці гэта яшчэ праславянскае ўтварэнне: укр. квітень, рус. цветень, балг. цветен, серб.-харв. цветан, польск. kwiecień, чэш. květen, славац. kveteň. Суфіксальная дэрывацыя празрыстая: прасл. květ‑ьn‑jь. Прадуктыўны славянскі суфікс назоўнікаў ‑jь пашырае не менш прадуктыўны суфікс прыметнікаў ‑ьnъ. Назва месяца тады тлумачыцца як ’месяц цвіцення’ (Слаўскі, 3, 486; Краўчук УМШ, 1955, 3, 61; Шаур, Этимология–1971, 95).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прарэ́зацца, ‑рэжацца; зак.

1. З’явіцца на паверхні чаго‑н., пачаць расці (пра зубы, рогі). Зубы прарэзаліся. Рогі прарэзаліся.

2. Разм. Пранікнуць, прабіцца праз што‑н. Бледны, плямісты месяц, што хвіліну назад быў прарэзаўся ў небе, зноў схаваўся — нырнуў, як у падушку, у хмару. Сачанка.

3. Абазначыцца, вылучыцца рэзкімі лініямі (пра маршчыны). На шырокім упартым ілбе Кліма прарэзаліся глыбокія зморшчыны. Шахавец.

4. Разм. Прагуляць у што‑н. з азартам да якога‑н. часу. [Сашка і Вэня] паклікалі добрых двух суседзяў і прарэзаліся да самага світання ў прэферанс. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)