суці́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад суцішыць.

2. у знач. прым. Які прыйшоў у стан спакою; супакоены. Суцішанае дзіця. // Стомлены працай. Маці была добрая, шмат працавала, увечары прыходзіла змораная і суцішаная. Быкаў.

3. у знач. прым. Прыцішаны, ціхі. У чайной суцішаны смех, шэпт. Васілевіч. // Аслаблены ў сваім праяўленні. Міша баяўся выпадковым словам развярэдзіць яе [Полі] свежы, яшчэ не суцішаны боль. Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абжы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; зак.

1. Набыць усё неабходнае на новым месцы жыхарства, у новых умовах. Была зямелькі там валока, Дзе можна б моцна і глыбока Пусціць карэнні ў грунт, абжыцца — Было на чым разварушыцца. Колас.

2. Звыкнуцца з новымі ўмовамі жыцця, прывыкнуць да жыцця на новым месцы. Крыху абжыўся Данілка на бойні, але ўсё роўна думка аб вёсцы не давала спакою. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неспако́йна,

1. Прысл. да неспакойны.

2. безас. у знач. вык. Аб стане неспакою, хвалявання, які адчуваецца кім‑н. Неспакойна было на душы ў Надзеі. Кавалёў. Мне зноў на сэрцы неспакойна, яно да вас ляціць, сябры. А. Вольскі.

3. безас. у знач. вык. Пра адсутнасць спакою дзе‑н. Неспакойна было на дарогах і сцежках... Мележ. Перагарадзіўшы.. [Ганне] дарогу, Рыгор сказаў: — У Рызе неспакойна: ідуць забастоўкі, арышты рабочых. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скаламу́ціць, ‑мучу, ‑муціш, ‑муціць; зак., што.

1. Зрабіць мутным, узбоўтаным. — Ах! — даўбешкаю махнуў, Цэліўся па палі. Але міма дзеўбануў, Скаламуціў хвалі. Калачынскі. // перан. Зрабіць няясным, заблытаным. [Тэатр] вытузаў сілу, разблытаў нервы, скаламуціў жыццё... Гартны.

2. перан. Вывесці са стану спакою; устрывожыць, усхваляваць.

•••

Вады не скаламуціць — тое, што і вады не замуціць. А вось і сам Стафан з маладымі, але густаватымі ўжо вусамі — ціхі, вады не скаламуціць. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скрыль, ‑я, м.

Адрэзаны вялікі кусок чаго‑н. для яды. Гаспадыня ўжо завіхалася каля стала, на якім стаяла вялікая міска з буйнымі скрылямі ружаватага сала. Новікаў. Пасля, ужо дома, Алесь аберуч трымае зярніста-чырвоны кавуновы скрыль і есць яго — ажно за шыю пацякла. Брыль. // Адбіты, адламаны і пад. кавалак чаго‑н. І для машын няма цяпер спакою: Вывозяць снег, скрылі ільду, як шкло. Тармола.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ускаламу́ціць, ‑мучу, ‑муціш, ‑муціць; зак.

1. што. Зрабіць каламутным; замуціць (ваду, вадкасць). Першыя купальшчыкі так ускаламуцяць ваду, што ніхто не захоча больш лезці. Пальчэўскі.

2. перан.; каго-што. Вывесці са стану спакою, усхваляваць. Гэты чалавек не толькі нечым кінуўся.. [Галі] ў вочы. Сваім праніклівым позіркам, здавалася, ён зірнуў ёй у душу і там усё ўскаламуціў, узрушыў. Сабаленка. Страшна.. [Антанюку] парушыць свой пенсіянерскі спакой, ускаламуціць абывацельскую самазадаволенасць жонкі, дачок. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

драма́ць, драмлю, дрэмлеш, дрэмле; незак.

Быць у паўсонным стане, нямоцна спаць. І тут Ігнась заўважае, што бацька прытуліўся плячамі да палукаша і дрэмле, і галава яго, як нежывая, ківаецца ва ўсе бакі. Чарнышэвіч. Абапёршыся локцямі на стол, .. [Сяргей], здавалася, пачаў драмаць. Шахавец. / у перан. Быць у стане спакою, бяздзейнасці, нерухомасці. Ціха драмала Палессе пад цёплым дыханнем сонца. Лынькоў. Гарадок драмаў у млявай цішыні, не паказваючы адзнак чаго-небудзь жывога. Ракітны.

•••

Не драмаць — дзейнічаць, праяўляць і актыўнасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заспако́іць, ‑кою, ‑коіш, ‑коіць; зак., каго-што.

Развеяць чый‑н. неспакой, хваляванне, узбуджанасць; прывесці ў стан спакою; супакоіць. Азаркевіч захваляваўся, ён баяўся, каб .. [абсталяванне] не паіржавела, але стары яго заспакоіў, што нічога не здарыцца, бо ён сам упакоўваў. Гурскі. Старалася .. [Агата] перамагчы ўсе вялікія трывогі свае і заспакоіць неспакойнае сэрца. Чорны. // Суняць, зменшыць (смагу, боль і інш.). Пякучы боль і гнеў мы толькі помстай заспакоім, каб вораг больш не смеў таптаць наш край ніколі. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ду́ма 1, ‑ы, ж.

1. Мысль, разважанне, роздум. Думы і развагі пра зямлю, пра лепшае жыццё не давалі спакою ні майму бацьку, ні ўсёй астатняй тутэйшай беднаце. Кулакоўскі. У самотнай цішы перад сном Думы думае маці. Гілевіч.

2. Жанр гістарычнага народнага ўкраінскага эпасу, а таксама творы гэтага жанру. // Род вершаў на грамадзянскія, палітычныя тэмы ў рускай паэзіі пачатку 19 ст.

ду́ма 2, ‑ы, ж.

Выбарны орган цэнтральнай або мясцовага кіравання ў дарэвалюцыйнай Расіі. Баярская дума. Дзяржаўная дума. Гарадская дума.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ру́пець, ‑піць; незак.

1. безас. каму, з інф. і без дап. Пра неадольнае жаданне рабіць што‑н.; хацецца; карцець. Кожнаму рупіла хутчэй даведацца, якую навіну прынёс з сабою Карташоў. Стаховіч. Яшчэ зірнуць з акна вагона Мне рупіць на цябе хоць раз. Смагаровіч. Міколу рупіла кінуць работу і вярнуцца да Волькі. Кандрусевіч.

2. Турбаваць, хваляваць, не даваць спакою. Лявон не баяўся таго, што яны могуць распачаць тут бойку і што будзе потым, але.. рупіла, сям’я: жонка, дзеці, бацькі. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)