стос і стус, ‑а, м.
1. Роўна зложаныя адзін на адзін рады чаго‑н.; штабель. Стос дошак. □ Парканы, хаты, стусы бярвенняў на вуліцы перад дварамі — усё набывала новае, незнаёмае аблічча, загадкава-прыгожае і прывабнае. Навуменка.
2. Пакладзеныя слаямі адзін на адзін якія‑н. прадметы. Стос кніг. Стос пісем. □ На зэдліку каля прыпека ляжаў стос жоўтых бліноў і пачаты кружок авечага лою. Дуброўскі. Апейка кінуў позіркам на стус газет, складзеных ускрай стала. Мележ. / у знач. прысл. сто́сам (сту́сам). Стосам ляжаць побач настольныя цыраты. Пестрак. І фарба друкарская ёсць, І стусам паперу наклалі. Зарыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чупры́на, ‑ы, ж.
Пасма валасоў, якая спадае на лоб або ўзнімаецца над ілбом (у мужчын); чуб. Мая чупрына расла ўніз і звісала над вачыма так, як звісае са страхі старая салома, калі яе вецер павырывае. Карпюк. У хлопца чупрына спаўзла на бачок, Над скрыпкай засноўдалі рукі. Калачынскі. // Валасы наогул. І кучаравы [хлопец] быў, чупрына — як лаза густая! Мележ. Толькі ў чорнай чупрыне гусцей і бялей Пракідаюцца пасмы сівыя. Зарыцкі. / у перан. ужыв. Векавыя дубы, клёны паднімаліся сваімі магутнымі чупрынамі ў самае неба. Новікаў. Недалёка стукаў чорны дзяцел (жаўна) з чырвонай чупрынай. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ззя́нне, ‑я, н.
1. Роўнае, звычайна яркае святло, якое выпраменьваецца або адлюстроўваецца чым‑н.; бляск, свячэнне. Сонечнае ззянне. Ззянне месяца. □ Абліта ззяннем зорак росная паляна. Бядуля. Здавалася, ад залатога ззяння лістоў кладзецца святло на парканы, зямлю, будынкі. Даніленка. // Арэол, светлы круг вакол чаго‑н. Ад плавільнай печы плыў самавіты, увянчаны ззяннем, разлівачны коўш. Карпаў. // перан.; чаго. Веліч, слава, сіла. У ззянні перамогі нашай Ён [Каліны] уваходзіць з намі ў ранне камунізма. Зарыцкі.
2. перан. Радасна-ўзбуджаны, шчаслівы выраз (вачэй, твару). Веры н[я]цяжка заўважыць на Ігнатавым твары ўрачыстае ззянне. Мікуліч.
•••
Паўночнае (палярнае) ззянне — свячэнне верхніх слаёў атмасферы, якое назіраецца за палярным кругам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ліпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.
Разм.
1. Ледзь-ледзь трымацца (пра каго‑, што‑н.). У акуратна зрубленай клеці ледзь ліпяць на адной завесе — вось-вось упадуць — перакошаныя дзверы. Лынькоў. Каплічка, здавалася, ледзь ліпела і гатова была кожную мінуту разваліцца. Колас. У той час мы з Андрыянай разам жылі, наймалі маленькі катушок пад самым дахам. То яна якую работу знаходзіла, то я. Так і ліпелі. Хомчанка.
2. перан. Пра вельмі слабае праяўленне якіх‑н. працэсаў, пра стан заняпаду чаго‑н. Ледзь ліпіць аганёк, Смольны корч дагарае. Зарыцкі.
•••
Ліпець на валаску (на павуцінцы) — тое, што і вісець на валаску (гл. вісець).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
птушаня́ і птушанё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.
Дзіцяня птушкі. Калі Хоці злавіў .. [калібры].., то думаў, што гэта проста нейкае звычайнае птушаня, што яно вырасце і зробіцца вялікай дарослай птушкай. Арабей. Птушыныя гнёзды даўно апусцелі — Расправілі крылы свае птушаняты. Гаўрусёў. // перан. Пра чыё‑н. дзіця. Сірочае, праўда, гняздо, асірацелае пасля таго, як забілі Андрэя, аднак, усё ж такі гняздо, бо ў ім жыло разам з Лідай іхняе птушанё — дзевяцімесячная Верачка. Брыль. // перан. Пра маладога, нявопытнага чалавека. — Так нечакана ўсё, падумаць мушу я, — Якуб павольна з крэсла ўзняўся, — Я ж у навуцы птушаня, А вы заслужаны машыназнаўца. Зарыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сашні́к, ‑а, м.
1. Рабочая частка сахі, культыватара, сеялкі — востры жалезны нарог, які падразае пласт зямлі знізу. Ён [Вяль] для сахі зрабіў стальныя сашнікі, Каб у палях глыбейшымі былі барозны, І меч стальны для мужнае рукі, Каб бараніць свой край, Як час надыдзе грозны. Зарыцкі.
2. Рабочы орган сеялкі, які праводзіць у глебе баразёнку, высявае насенне і засыпае яго зямлёй. Да цямна будуць бегаць за трактарам дзве сеялкі, кладучы ў зямлю радкамі праз віхлястыя сашнікі зерне за зернем. Ермаловіч.
3. Металічная пласціна ў лафета гарматы, якая не дазваляе гармаце адкочвацца пасля выстралу.
4. Вертыкальная перагародка, якая падзяляе нос на дзве часткі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фарсі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.
1. Прымусіць (прымушаць) развівацца хутчэй, паскораным тэмпам; паскорыць (паскараць). [Максім:] — І няхай фарсіруе распілоўку. Не хапае дошак для насцілу вадабоя. Шамякін. // Паскорыць (паскараць) час наступлення, ажыццяўлення чаго‑н. Фарсіруюць пуск яны [мантажнікі] электрастанцыі — Электрыка ў першы чарод. Зарыцкі.
2. Павысіць (павышаць) сілу гучання (голасу).
3. У тэхніцы — павялічыць (павялічваць) які‑н. паказчык устаноўкі (рухавіка, катла і пад.).
4. Спец. Пераадолець (пераадольваць) якую‑н. перашкоду або рубеж праціўніка. За ноч [партызаны] фарсіравалі шашу і прайшлі кіламетраў пяць у бок вёскі Сёмкава. Новікаў. Камандзір корпуса Краўчанка вырашыў фарсіраваць Дзясну па дну ракі. Мележ.
[Ад фр. forcer.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
філо́саф, ‑а, м.
1. Спецыяліст у галіне філасофіі, а таксама наогул мысліцель, які займаецца распрацоўкай пытанняў светапогляду. Філосафы старажытнасці. □ Мы песні складалі Пра маладосць, Пра любоў. Чыталі філосафаў, Лёталі ў Арктыку. Зарыцкі. // Разм. Студэнт філасофскага факультэта вышэйшай навучальнай установы.
2. перан. Чалавек, які ўдумліва адносіцца да жыцця; умудроны жыццёвым вопытам чалавек. Мудры дзед. Век ажыў, пабадзяўся па людзях, пабачыў. Такія ў вёсцы — філосафы. Варожаць і на ўраджай і на пагоду. Дзе не розумам, то хітрасцю дойдуць... Пташнікаў.
3. Разм. Чалавек, схільны да абстрактных разважанняў. Мікола, каб неяк прынізіць гэтага самаўпэўненага філосафа, сказаў: — У сямейным жыцці трэба не філасофстваваць, а жыць, і ўсё... Гаўрылкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чужа́цкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які належыць чужаку, прышэльцу. Мы ішлі пехатою к табе, Перамога, Аб чужацкія косці ламалі штыкі. Бураўкін. Цябе выгнала з хаты Ведзьма-мачыха вон; Мяне ўзялі ў салдаты, У чужацкі палон. Купала.
2. Які складаецца з чужакоў. І не будзе жалю Для чужацкіх зграй, Што крывавай хваляй Заліваюць край. Колас.
3. Які па думках, светапогляду, духу належыць да іншага, чужога асяроддзя. Мой час настаў: Якуб Шаціла ўліп! І дакажу я свету і Ірыне, Што ён не наш, Што ён чужацкі тып, Што ён аграбіў друга ў дамавіне! Зарыцкі.
4. Тое, што і чужы (у 4 знач.). Без радзімы, Пад небам чужацкім За гадамі ляцелі гады. Кляшторны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спяко́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі гарачы, душны. Стаяў спякотны летні дзень. Сонца хоць і пераваліла за поўдзень, але пякло неміласэрна. Чарнышэвіч. Лета ў гэтым годзе выдалася спякотнае і сухое. Хомчанка. Цяжка ў пасёлку з вадой. Калодзежаў тут небагата, ды і ў тых часта ў спякотнае лета вада перасыхае. Бяганская. // Прасякнуты спёкай, надзвычай нагрэты. Вырысоўвалася праз спякотную шыза-белую дымку цёмная паласа лесу. Шамякін. Калі пачаўся гэты подзвіг? У катлаване? Ці тады, Калі вятроў спякотных подых Адчуў геолаг малады. Панчанка. Там спякотнымі вятрамі Выпалена цаліна, Ды туды з будаўнікамі Едзе красная вясна. Зарыцкі.
2. Такі, якому ўласціва спякота. Спякотны стэп. □ Магілёўская ціхая вёска. Курная хата. Як далёка яны ад Мадрыда, Ад спякотнай Іспаніі. Кірэенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)