рэфера́т, ‑а, М ‑раце, м.

1. Кароткае паведамленне зместу навуковай працы, артыкула, кнігі і пад. Усё, аб чым .. [Рыгор] пісаў у дысертацыі, трэба было выкласці ў рэфераце. Арабей.

2. Даклад, заснаваны на крытычным аглядзе кніг і пад. Бурбіс даваў мне гатовыя рэфераты, і я, загадзя падрыхтаваўшыся, чытала іх у гуртку. Мядзёлка.

[Ад лац. referre — дакладваць, паведамляць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папярэ́дзіць, ‑пяраджу, ‑пярэдзіш, ‑пярэдзіць; зак., каго-што.

1. Загадзя паведаміць каму‑н. пра што‑н. Нас папярэдзіў праваднік: Далей ад гэтых месц спыніцца. Танк. — Толькі ты не пазніся там вельмі. Сам ведаеш — ваенны час, ноччу і з горада могуць не прапусціць, — папярэдзіў .. [Роўду] Бондар. Машара.

2. Загадзя ліквідаваць тое, што пагражае; перашкодзіць ажыццяўленню чаго‑н. Папярэдзіць злачынства. □ [Мішу] трэба папярэдзіць тое непапраўнае, што магло здарыцца з дня на дзень і пакалечыць яе [дзяўчыны] жыццё. Арочка.

3. Зрабіць што‑н. раней каго‑н. Немцы папярэдзілі наш манеўр, і калі мы адышлі.. [у лагчыну], то заўважылі кругом варожыя танкі, і з усіх бакоў пасыпаліся на нас аўтаматныя кулі. Няхай. [Аверын] наважыўся запытацца пра Краўчанку, але.. [Тася] папярэдзіла яго радасным бляскам усмешкі: — Ён наш, Яша. Ён будзе жыць! Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бесстаро́нні, ‑яя, ‑яе.

Не схільны загадзя аддаваць перавагу якому‑н. боку (пры дыскусіі, спрэчцы і інш.); аб’ектыўны, нейтральны, справядлівы. Бесстаронні назіральнік. □ [Рэдактар:] — Вы [Ганна Сымонаўна] як чалавек новы ў нашым раёне, хоць і нарадзіліся тут, можаце быць чалавекам бесстароннім у адным пытанні. Дубоўка. І што кіруе ім [настаўнікам] у яго адносінах да .. [Ліды]? Бесстаронняе жаданне дапамагчы ёй? Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разлі́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад разлічыць.

2. у знач. прым. Наўмысны, загадзя абдуманы, не выпадковы. Назаўтра Мсціслаў паспрабаваў расказаць Міхаліне Раўбіч аб сапраўдным жыцці Алеся, аб разлічанай знявазе, якую чыніў яму невядомы вораг. Караткевіч. [Хлопец] так быў заняты працай, што здавалася, нічога не заўважаў вакол — рухі разлічаныя, дакладныя, увішныя. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцэна́рый, -я, мн. -і, -яў, м.

1. Літаратурна-драматычны твор з падрабязным апісаннем дзеяння, на аснове якога можа ставіцца кінафільм, тэатральная пастаноўка і інш.

С. фільма «Альпійская балада».

2. Спіс дзейных асоб п’есы з указаннем парадку і часу выхаду на сцэну (спец.).

3. Загадзя распрацаваны дэталёвы план правядзення якога-н. відовішча, увогуле (перан.) ажыццяўлення чаго-н.

С. фестывалю.

4. перан. План ажыццяўлення чаго-н.; прагноз.

Дзейнічаць па сцэнарыі.

|| прым. сцэна́рны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

С. матэрыял.

С. аддзел.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

умо́ўны, -ая, -ае.

1. Загадзя ўмоўлены і зразумелы толькі тым, хто ўмовіўся.

У. стук.

Умоўнае месца.

2. Які мае сілу толькі пры якіх-н. умовах.

Умоўнае асуджэнне.

Прыгавораны ўмоўна (прысл.). Умоўная згода.

У. рэфлекс (выпрацаваны пад уплывам пэўных умоў).

3. Які не існуе на самай справе, яўны або сімвалічны.

Умоўная мяжа.

Умоўныя дэкарацыі.

4. У граматыцы: які ўтрымлівае ў сабе значэнне ўмовы (у 1 знач.).

У. сказ.

У. лад дзеяслова.

У. злучнік.

|| наз. умо́ўнасць, -і, ж. (да 2 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

расхілі́ць, ‑хілю, ‑хіліш, ‑хіліць; зак., што.

Адвесці ў розныя бакі, разняць (што‑н. самкнутае, прыхіленае адно да аднаго). — О-о, соня, — нібы здзівіўся .. [Васіль] і падышоў да ўваходу ў другі пакой. Ціхенька расхіліў шторкі і прасунуў галаву. Федасеенка. Угледзеўшы пляменніка, якога Марцін вельмі любіў, ён засвяціўся радасцю і яшчэ загадзя расхіліў вусы, каб адвесці прастарнейшае месца пацалунку. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пахвальба́, ‑ы, ж.

Разм.

1. Выхваленне сваімі справамі, учынкамі і пад.; самахвальства. Сцяпану хацелася расказаць дзяўчыне, што вось ён толькі што ўратаваў ад смерці дзіця.. Але ён баяўся, каб гэта не прагучэла пахвальбой, і змаўчаў. Шамякін.

2. Тое, што і пахвала. [Коля] мог абсачыць за суткі шырокі круг мясцовасці, .. вярнуцца яшчэ загадзя ў атрад і выслухаць пахвальбу і падзяку камандзіра. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пла́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Невялікая падоўжная дошчачка, палоска з дрэва, металу або тканіны. [Брызент] прыціскалі загадзя падрыхтаванымі планкамі, прыбівалі цвікамі. Лупсякоў. Дзед старой рукою настругаў яловых планак. Дубоўка. Набіраем на пруткі 80 пецель, з іх 10 — на планку для гузікаў. «Беларусь».

•••

Ордэнская планка — металічная або іншая палоска, абцягнутая ордэнскай стужкай.

Прыцэльная планка — прыцэльнае прыстасаванне ў некаторых відах зброі.

[Лац. planka.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адчэ́п, ‑а, м.

1. Адзін або некалькі вагонаў, адчэпленых ад поезда. Яшчэ і яшчэ пасылае Шчупак уперад адчэпы, і кожны з іх ідзе на свой, загадзя вызначаны, пуць. Васілёнак.

2. ‑а. Прыстасаванне для вызвалення зачэпленых пад вадой кручка, блешні. Адчэп — важнае металічнае кальцо на доўгім шнуры. Вудзільна прадзяецца праз кальцо, якое затым слізгае ўніз па лёсцы і сваёю вагой ударае па кручках. Матрунёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)