паско́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

1. Зрабіць больш хуткім. Тут вельмі борзда вечарэе, Давай, зямляк, паскорым крок! Глебка. Дывінец слухаў дырэктара, а сам думаў над тым, як бы паскорыць апрацоўку дэталей. Асіпенка.

2. Наблізіць надыход чаго‑н. Паскорыць прыезд. □ Іх [партызан] мужная гібель паскорыла прыход светлага дня, і кожны з жывых у глыбокай пашане схіляў галаву перад імі. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сучляне́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. сучляняць — сучленіць.

2. Від, спосаб змацавання асобных частак, дэталей, секцый чаго‑н., а таксама месца такога змацавання. Шарнірнае сучляненне.

3. Спец. Від рухомага і паўрухомага злучэння касцей і храсткоў, а таксама месца такога злучэння. Сучляненні запясця.

4. Месца злучэння асобных частак травяністай расліны (частак сцябла, сцябла і лістоў і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тыпа́ж, ‑у, м.

1. Сукупнасць тыпаў, узораў, мадэлей якіх‑н. дэталей. Тыпаж самалётаў. Пашырэнне тыпажу металаапрацоўчых станкоў.

2. Сукупнасць прыкмет, характэрных для якога‑н. грамадскага разраду, тыпу людзей. Сацыяльны тыпаж. □ Тыпаж бярэцца сакавіты, персанажы выкрываюць сябе праз учынкі, без надакучлівага маралізавання. Лужанін.

3. Акцёр з яркай характэрнай знешнасцю, які падыходзіць па сваіх даных для пэўнай ролі.

[Фр. typage.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кля́мар1 ’драўляныя пласціны, якія ставяцца з абодвух бакоў сцяны і сцягваюцца жалезнымі прутамі для яе выраўноўвання і мацавання’ (ТСБМ, Нас., Сл. паўн.-зах.). Укр. клямра ’скаба для драўляных дэталей’, рус. клямра ’тс’. Запазычанне праз польск. klamra з с.-в.-ням. klamer ’тс’ (Слаўскі, 2, 185; ЕСУМ, 2, 469).

Кля́мар2 ’ціскі’ (Нас., Шат., Мат. Гом., Сцяшк.). Гл. клямар1.

Кля́мар3 ’скаба’ (Касп., Нар. сл., Сл. паўн.-зах.). Гл. клямар1.

Кля́мар4 ’суцэльная пражка, якая зашпільваецца на кручок’ (Мат. АС). Гл. клямар3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

брак, ‑у, м.

1. Недабраякасны тавар; прадметы вытворчасці, якія маюць тую ці іншую загану. [Лявон:] — Як жа так! Хіба можна Вырабляць сягоння брак? Корбан. // Загана, пашкоджанне, дэфект у чым‑н. Брак, нізкая якасць вырабаў, кім бы яны ні дапускаліся, заўсёды звязаны з непапраўнымі матэрыяльнымі і маральнымі выдаткамі. Машэраў. Адна з дэталей папярэдняй пліты была з бракам. Паслядовіч.

2. Разм. Нястача, адсутнасць, недахоп чаго‑н.

[Ням. Brack.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мазо́к, ‑зка, м.

1. Адзін рух пэндзля пры накладанні фарбы, а таксама слой фарбы, накладзены такім спосабам. Кожны мазок, пакладзены на палатно, сведчыў аб паспешлівасці аўтара. Асіпенка. // перан. Штрых, мастацкая дэталь. Сябра .. ні разу яшчэ не расшчодрыўся на .. расказ [пра падполле]. Так зрэдку кідаў некалькі мазкоў, эпізодаў, дэталей. Шамякін.

2. Тонкі слой вадкага выдзялення (слізі, крыві і пад.), нанесены на шкло для мікраскапічнага даследавання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

канстру́кцыя, ‑і, ж.

1. Будова, узаемнае размяшчэнне частак, дэталей якога‑н. збудавання, механізма і пад. Новая канструкцыя. Канструкцыя станка.

2. часцей мн. (канстру́кцыі, ‑ый). Складанае збудаванне або яго неабходная частка. Жалезабетонныя канструкцыі. □ На збудаваным з лёгкіх стальных канструкцый агрэгаце знаходзілася.. пляцоўка. Паслядовіч.

3. Размяшчэнне слоў у мове з пункту гледжання іх граматычнай сувязі; граматычная будова словазлучэнняў. Прыназоўнікавая канструкцыя. Залежная канструкцыя. Канструкцыя сказа.

[Лац. constructio.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

натачы́ць, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак.

1. што. Навастрыць на тачыле. Я сякеру вазьму, Натачу, навастру, І пайду ў сыр-бор, На зарніцу-зару. Бядуля. // чаго. Тое ж, але ў вялікай колькасці. Натачыць дзесятак нажоў.

2. чаго. Вырабіць на такарным станку нейкую колькасць чаго‑н. Натачыць дэталей.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), чаго. Нагрызці нейкую колькасць чаго‑н. (пра грызуноў, насякомых). Натачылі мышы саломы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сту́жні, сту́дні, сту́зні, адз. л. сту́зэнь ‘перамычка, што ідзе ад загнутага канца полаза саней да першага капыла’ (Маслен.), усту́жына ‘вязок у санях на першых капылах’ (віц., Нар. лекс.). Параўн. рус. дыял. сту́женm ‘вяз, што злучае галоўку полаза з першым капылом’, сани са стуженем ‘від усходнееўрапейскіх саней’. Вытворныя ад *sъtǫga, параўн. рус. сту́га ‘палоска, сувязь, мацаванне’ (да тугі, цяга, цягнуць, параўн. Фасмер, 3, 786; гл. стужка) і іншыя назвы дэталей саней: сця́гі, усця́глі ‘планкі, што ідуць ад галовак да першых капылоў’ (Маслен.), першапачаткова ‘тое, што сцягвае, звязвае галоўку полаза з капылом’, параўн. вязы ‘тс’, параўн. таксама стуз ‘звязка’ (гл.). Гл. Цыхун, SOr, 39, 280.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́раб, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. вырабіць (у 1, 2 знач.).

2. Якасны бок апрацоўкі чаго‑н.

3. Спосаб, від вытворчасці прадукцыі. Ручны выраб скур. Машынны выраб дэталей. Рэчы хатняга вырабу. □ Перад.. [дзедам] стаяла лямпа на меднай падстаўцы свайго вырабу. Бядуля.

4. пераважна мн. (вы́рабы, ‑аў). Вырабленыя рэчы; прадукт працы. Галантарэйныя вырабы. Завод жалезабетонных вырабаў. □ [Вадзім Аляксандравіч:] — Скура і футра паўночнага аленя ідзе на розныя прамысловыя вырабы. В. Вольскі.

•••

Аўчынка вырабу не варта гл. аўчынка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)