Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЗЕРНАЯЭНЕ́РГІЯ.
атамная энергія, унутраная энергіяядра атамнага, абумоўленая ядзернымі сіламі, якія дзейнічаюць паміж нуклонамі ядра. Можа вылучацца спантанна пры радыеактыўным распадзе (гл.Радыеактыўнасць) або ад дзеяння на ядро нейтронаў і інш. часцінак (у ядзерных рэакцыях).
Мерай трываласці ядра з’яўляецца энергія сувязі. Гэта макс. ўнутрыядз. энергія, якая можа выдзяляцца пры ядз. пераўтварэннях. Столькі энергіі трэба затраціць. каб раздзяліць ядро на пратоны 1 нейтроны. Удзельная энергія сувязі (яе сярэдняе значэнне на 1 нуклон) залежыць ад масавага ліку A. Для лёгкіх ядраў яна адносна невялікая (напр., 7 МэВ для ядра атама гелію) і з павелічэннем A расце, дасягаючы максімуму ў 8,6 МэВ для найб. устойлівых ядраў з A = 50—70. а потым паступова змяншаецца да 7,5 МэВ для цяжкіх ядраў (урану). Таму энергетычна выгаднымі (з вылучэннем энергіі) з’яўляюцца рэакцыі ядз. сінтэзу лёгкіх ядраў (тэрмаядзерныя рэакцыі) і рэакцыі дзялення цяжкіх ядраў на 2 ядры сярэдняй масы. Утвораныя пры гэтым новыя ядры маюць большую ўдз. энергію сувязі, чым зыходныя. У тэрмаядз. рэакцыях вылучаецца да 3,5 МэВ на нуклон, у рэакцыях дзялення — 0,85 МэВ на нуклон, што ў мільёны разоў больш за энергію. якая вылучаецца ў хім. рэакцыях (напр., пры гарэнні арган. паліва). Найб. выкарыстанне набыла ядз.энергія дзялення цяжкіх ядраў (урану і плутонію) пад уздзеяннем нейтронаў. На ёй заснаваны ядзерная энергетыка і ядзерная зброя. Ядз.энергія радыеактыўных выпрамяненняў (ізатопаў) выкарыстоўваецца ў прам-сці (для неразбуральнага кантролю, вытв-сці новых матэрыялаў. стварэння малых крыніц электрасілкавання і інш.), у сельскай гаспадарцы (для інтэнсіфікацыі росту жывёл і раслін. захоўвання с.-г. прадукцыі, знішчэння шкодных насякомых), медыцыне (для дыягностыкі. лячэння. стэрылізацыі мед. матэрыялаў), для н.-д. і інш. мэт. Я.э. сінтэзу з’яўляецца крыніцай энергіі ўсіх зорак. у т. л.Сонца (у ім з ядраў вадароду ўтвараюцца ядры гелію. пры гэтым частка масы пераўтвараецца ў энергію). Праблема штучнага ажыццяўлення тэрмаядз. сінтэзу вельмі складаная. пакуль асвоены толькі некіроўны — выбуховы сінтэз (гл.Ядзерны выбух). Асваенне кіроўнай тэрмаядз. рэакцыі можа даць практычна невычэрпную крыніцу энергіі. У шэрагу краін працягваюцца такія даследаванні.
М.М.Груша.
Схемы атрымання ядзернай энергіі: а — рэакцыяй дзялення цяжкіх ядраў атама урану-235 на больш лёгкія ядры пад уздзеяннем нейтронаў; б — рэакцыяй сінтэзу лёгкіх ядраў ізатопаў вадароду (дэйтэрыю і трытыю) з утварэннем больш масіўных ядраў гелію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЗЕРНАЯ ЗБРО́Я.
атамная зброя, агульная назва зброі, паражальнае дзеянне якой заснавана на выкарыстанні ўнутрыядзернай энергіі, што вылучаецца пры ядзерным выбуху; адзін з відаў зброі масавага знішчэння. Найб. магутны сродак вядзення баявых дзеянняў, разбуральны патэнцыял якога не мае прэцэдэнтаў у гісторыі чалавецтва і нясе пагрозу для яго існавання ў цэлым. Асн. паражальныя фактары Я.з.: ударная хваля, светлавое выпрамяненне, пранікальная радыяцыя, радыеактыўнае заражэнне і эл.-магн. імпульс. Я.з. ўключае розныя ядзерныя боепрыпасы (баявыя ч. ракет і тарпед, авіяц. і глыбінныя бомбы, артыл. снарады і міны, што забяспечаны ядз. ці тэрмаядз. ўстройствамі), сродкі дастаўкі іх да цэлі і сродкі кіравання імі. У залежнасці ад адз. зараду падзяляецца на тры пакаленні. У Я.з. 1-га пакалення ў боепрыпасах выкарыстоўваюць рэчывы, што дзеляцца (239Pu, 235U), напр., першая сав.ядзерная бомба, выпрабаваная ў жн. 1949. У Я.з. 2-га пакалення пры выбуху вылучаецца не толькі энергія ад дзялення 239Pu і 235U, але і ад тэрмаядз. рэакцыі сінтэзу лёгкіх элементаў (ізатопаў вадароду — дэйтэрыю і трытыю). Бомба такога прынцыпу дзеяння наз. вадароднай і ўпершыню выпрабавана ў СССР (жн. 1953). Мае значна большую, практычна неабмежаваную магутнасць. Да 3-га пакалення адносяць боепрыпасы, у якіх значная ч. энергіі выбуху ператвараецца ў інш. форму, чым ударная хваля і цеплавое выпрамяненне, і канцэнтруецца пераважна ў адным напрамку (напр., нейтронныя боепрыпасы, у якіх энергія пераўтвараецца ў нейтроннае і γ-выпрамяненне — нейтронныя бомбы і лазеры з ядз. напампоўваннем). Паводле выкарыстання Я.з. падзяляецца на; стратэгічную — прызначаную для знішчэння агульнага ваен.-эканам. патэнцыялу праціўніка, мае вял. ці міжкантынент. далёкасць; тактычную, ці зброю поля бою магутнасцю ад 1 кт да 1 Мт. Стратэг.ядз. сілы ўключаюць міжкантынент. і балістычныя ракеты наземнага базіравання, балістычныя ракеты з ядз. боезарадамі на падводных лодках і стратэг. бамбардзіроўшчыкі міжкантынент. далёкасці, аснашчаныя бомбамі, ракетамі, крылатымі ракетамі з ядз. зарадамі. Пасля атамных бамбардзіровак амер. авіяцыяй яп. гарадоў Хірасіма і Нагасакі (жн. 1945) Я.з. стала гал. чынам ваен.-паліт. сродкам націску і стрымлівання ў супрацьстаянні вял. дзяржаў (гл.«Халодная вайна»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЗЕРНАЯ БАТАРЭ́Я, атамная батарэя,
крыніца эл. току, у якой энергія, што вылучаецца ў выніку рэакцыі дзялення атамаў цяжкіх элементаў (радыеактыўнага распаду), непасрэдна пераўтвараецца ў электрычную.
У залежнасці ад спосабу пераўтварэння ядз. энергіі ў эл. падзяляюцца на: Я.б. з прамым зарадам электродаў, пры якім зараджаныя часціцы, што вылятаюць з аднаго электрода (эмітэра) назапашваюцца на другім (калектары); Я.б. з пераўтварэннем кінетычнай энергіі вылучаемых зараджаных часціц у эл. энергію пры дапамозе прамежкавых асяроддзяў — газападобных, вадкіх ці цвёрдых (выкарыстоўваюцца з’явы кантактнай рознасці патэнцыялаў электродаў у іанізуемым газе, электрахім. генерацыі энергіі з радыкальных і малекулярных прадуктаў, што ўтвараюцца пад дзеяннем радыеактыўнага выпрамянення на электраліт, а таксама паўправадніковыя p-n-пераходы). Макс. магутнасць Я.б. складае ад некалькіх ват да некалькіх сотняў ват; напружанне — да 20 кВт; тэрмін службы — да 25 гадоў. Выкарыстоўваюцца як мініяцюрныя крыніцы электраэнергіі. напр. на касм. апаратах, у вымяральных прыладах, мед. электроннай апаратуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЗЕРНАЯ ФІ́ЗІКА,
раздзел фізікі. які ўключае эксперым. і тэарэт. даследаванні ў галіне ядзер атамных і элементарных часціц. Падзяляецца на Я.ф. нізкіх і высокіх энергій. Я.ф. нізкіх энергій даследуе працэсы. у якіх энергія ўзбуджэння атамнага ядра не перавышае некалькіх дзесяткаў мегаэлектронвольт. Я.ф. высокіх энергій (энергіі некалькіх соцень мегаэлектронвольт і больш) вывучае пераважна пытанні, звязаныя са структурай элементарных часціц. Асн. раздзелы Я.ф.: ядзерная спектраскапія, ядзерныя рэакцыі, фізіка элементарных часціц, нейтронная фізіка, фізіка паскаральнікаў і інш.
Гал. этапы развіцця: эксперыментальна даказана наяўнасць ядра ў атаме (Э.Рэзерфард, 1911); ажыццёўлена першая штучная ядз. рэакцыя (Рэзерфард, 1919); прапанавана гіпотэза аб нейтронна-пратонным саставе атамнага ядра (Дз.Дз.Іваненка, В.Гайзенберг, 1932); выяўлена магчымасць штучна атрымліваць радыеактыўныя ядры (І. і Ф.Жаліо-Кюры, 1934); адкрыта дзяленне цяжкіх ядраў пры бамбардзіроўцы іх нейтронамі (О.Ган, Ф.Штрасман. 1939); ажыццёўлена першая ланцуговая ядз. рэакцыя ў ядз. рэактары (Э.Фермі, 1942); пушчана першая ў свеце сав.АЭС (1954). Далейшыя навук. дасягненні звязаны са стварэннем паскаральнікаў зараджаных часціц, удасканаленнем тэхнікі рэгістрацыі актаў узаемадзеяння часціц з атамнымі ядрамі і элементарнымі часціцамі. Я.ф. з’яўляецца навук. асновай многіх сучасных галін навукі і тэхнікі — ядз. энергетыкі, ядз. ўзбраення, нейтронна-актывацыйнага аналізу, астрафізікі, біял. дзеяння іанізавальнага выпрамянення, радыяцыйнай бяспекі, радыеэкалогіі. радыехіміі. радыетэрапіі ў медыцыне, метадаў неразбуральнага кантролю з выкарыстаннем нейтронаў і гама-прамянёў і інш.
На Беларусі даследаванні па Я.ф. праводзяцца ў «Цэнтры ядзерных тэхналогій — Сосны Нац.АН Беларусі», БДУ, Ін-це фізікі Нац.АН і інш.
Літ.:
Широков Ю.М., Юдин Н.П. Ядерная физика. М., 1972;
Михайлов В.М., Крафт О.Е. Ядерная физика. Л., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЗЕРНАЯ ТЭ́ХНІКА,
галіна тэхнікі, якая займаецца атрыманнем ядзернай энергіі і выкарыстаннем яе ў розных галінах нар. гаспадаркі. Асн. прызначэнне — атрыманне вял. колькасці энергіі ў адносна невял. аб’ёме ў выніку рэакцыі дзялення атамаў цяжкіх элементаў (у асн. урану, плутонію, торыю). Навук. аснова — ядзерная фізіка.
Я.т. ўзнікла ў пач. 20 ст. як тэхніка ядзерна-фіз. эксперыментаў. У сярэдзіне 20 ст. пачала выкарыстоўвацца ў ваен. справе, на транспарце, у энергетыцы. Адрозніваюць Я.т. грамадзянскага (мірнага) і ваен. прызначэння. У грамадз. Я.т. энергія вылучаецца ў кіравальным ядз. устройстве — ядзерным рэактары, у ваен. — у некіравальным ядзерным выбуху атамнай бомбы, снарада і інш. (гл.Ядзерная зброя). Я.т. аб’ядноўвае: метады і сродкі разведкі, здабычы. раздзялення ізатопаў, атрымання ядзернага паліва для ядз. рэактараў; абагачэнне ядзернага паліва; рэактарабудаванне; захоўванне адпрацаванага ядз. паліва і яго хім. перапрацоўку, захоўванне і пахаванне радыеактыўных адходаў; сродкі транспарціроўкі свежага і адпрацаванага ядз. паліва; тэхналогію атрымання новых канструкцыйных і падзельных матэрыялаў, здольных працяглы час працаваць у розных асяроддзях пад уздзеяннем патокаў хуткіх і цеплавых нейтронаў; метады і сродкі аховы персаналу ад выпрамянення. З Я.т. цесна звязаны стварэнне надзейных сістэм аўтам. рэгулявання і кіравання рэактарамі і ядз. сілавымі ўстаноўкамі, распрацоўка рацыянальных сістэм адводу і выкарыстання цяпла, што выдзяляецца ў рэактары. тэорыі і метадаў разліку ядз.-фіз. і цеплавых працэсаў і інш. навукова-тэхн. праблем.
На Беларусі Я.т. пачала развівацца з 1958 (прынята рашэнне Прэзідыума АНБССР пра буд-ва атамнага рэактара ІРТ-2000 цеплавой магутнасцю 2000 кВт). Рэактар запушчаны ў 1962 г. На ім вяліся даследаванні па ядз. фізіцы, радыяцыйнай хіміі, фізіцы цвёрдага цела, біялогіі і інш. У 1968 запушчана шматкамерная універсальная гама-ўстаноўка на 420 тыс. грам-эквіваленту радыю (УГУ-420). Работы па Я.т. і падрыхтоўцы спецыялістаў у гэтай галіне вяліся ў асн. у створаным у 1965 Ін-це ядз. энергетыкі і Ін-це фізікі АН Беларусі, БДУ. У гэты перыяд праведзены даследаванні па выкарыстанні дысацыіруючага цепланосьбіта для ахаладжэння атамнага рэактара і як рабочага цела. У 1985 пачаты выпрабаванні першай у свеце перасоўнай АЭС з рэактарам, які ахаладжаецца чатырохвокісам азоту (ПАЭС «Памір»). У 1995 уведзены ў эксплуатацыю найб. ў Еўропе нейтронны генератар НГ-12-1 з патокам 1012c−1. Ёсць некалькі гама-ўстановак і паскаральнікаў электронаў рознага прызначэння.
Літ.:
Петросьянц А.М. Атомная наука и техника — народному хозяйству. М., 1981;
Кащеев В.П., Левадный В.А. Атомная энергия: Прошлое, настоящее и будущее. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЗЕРНАЯ СІЛАВА́Я ЎСТАНО́ЎКА,
энергетычны комплекс, які складаецца з ядзернага рэактара (цеплааддатчыка) з абсталяваннем і пераўтваральнікаў цеплавой энергіі ў механічную або электрычную. Цеплавая энергія ад рэактара да рабочага цела перадаецца праз рэчыва прамежкавага контуру, якое па фізіка-хім. уласцівасцях можа адрознівацца ад рабочага цела.
У залежнасці ад колькасці прамежкавых контураў адрозніваюць адна-, двух- і трохконтурныя Я.с.ў. У аднаконтурных рабочым целам служыць першасны цепланосьбіт. У залежнасці ад віду рабочага цела Я.с.ў. бываюць парасілавыя (рабочае цела — вада, пара; пераўтваральнік цеплавой энергіі ў мех. — паравая турбіна) або газатурбінныя (рабочае цела — гелій, азот, паветра; пераўтваральнік — газавая турбіна). Выкарыстоўваюцца Я.с.ў. на атамных электрастанцыях, дзе мех.энергія пераўтвараецца ў электрычную, у суднавых устаноўках (атамных ледаколаў, караблёў ваенных, падводных лодак) — пераважна для вярчэння грабных вінтоў. Ккдз лепшых Я.с.у. дасягае 0,4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЗЕРНАЯ ЭНЕРГЕ́ТЫКА, атамная энергетыка,
галіна энергетыкі, якая выкарыстоўвае ядзерную энергію для вытв-сці эл. і цеплавой энергіі; галіна навукі і тэхнікі, што распрацоўвае метады і сродкі пераўтварэння ядз. энергіі ў эл. і цеплавую. Аснова Я.э. — атамныя электрастанцыі (АЭС). Ядз.энергія пераўтвараецца ў карысную таксама на атамных цеплаэлектрацэнтралях, атамных станцыях цеплазабеспячэння і ядзерных сілавых устаноўках (на ледаколах, падводных лодках і інш.). Перспектыўныя (пры рэалізацыі кіроўнага тэрмаядз. сінтэзу) тэрмаядз. электрастанцыі.
Крыніцай энергіі на АЭС з’яўляецца ядзерны рэактар, у якім ажыццяўляецца кіравальная ланцуговая ядзерная рэакцыя дзялення некаторых цяжкіх ядраў урану, плутонію, торыю. У гэтым працэсе вылучаецца вял. колькасць цяпла, у асноўным (больш за 90%) пры тармажэнні асколкаў дзялення ядраў у матэрыяле ядзернага паліва. Адвод атрыманага цяпла і ператварэнне яго ў карысную энергію ажыццяўляецца метадамі прамысл. цеплаэнергетыкі (для атрымання электраэнергіі выкарыстоўваецца паратурбінны спосаб). У адрозненне ад звычайнай ЦЭС на АЭС замест топкі паравога катла для атрымання рабочага цела (вадзяной пары) выкарыстоўваецца ядз. рэактар.
Развіццё Я.э. пачалося з пуску ў 1954 у СССР першай АЭС магутнасцю 5000 кВт (г. Обнінск Калужскай вобл.). Аснову сусветнай Я.э. склалі АЭС з рэактарамі на цеплавых нейтронах. З цеплавых рэактараў найб. пашырэнне атрымалі корпусныя рэактары пад ціскам тыпу PWR (ВВЭР у Расіі) і кіпячыя рэактары BWR. Асн. недахоп цеплавых рэактараў — нізкая эфектыўнасць выкарыстання прыроднага урану. Больш перспектыўныя рэактары на хуткіх нейтронах (хуткія рэактары), у якіх разам з выпрацоўкай электраэнергіі атрымліваецца новае ядз. паліва — плутоній (каэф. узнаўлення 1,4 і вышэй). Аднак з-за больш высокага кошту іх буд-ва абмежавалася доследнымі блокамі. Энергетычны крызіс пач. 1970-х г. прывёў да масавага буд-ваАЭС. Яго тэндэнцыямі былі павелічэнне магутнасці энергаблокаў да 1—1,5 млн.кВт, магутнасці АЭС да 4—6 млн.кВт. павышэнне параметраў ядз. рэактараў і інш. абсталявання. У пач. 1980-х г. з-за паніжэння і стабілізацыі цэн на арган. паліва тэмпы буд-ваАЭС запаволіліся. хаця ў некат. краінах (Францыя. Германія. Японія. СССР) Я.э. працягвала развівацца апераджальнымі тэмпамі. Пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986 некаторыя краіны прынялі мараторый на далейшае развіццё Я.э., інш. закансервавалі буд-ваАЭС. Новыя АЭС будавалі пераважна ў краінах Азіі. З цягам часу былі прыняты меры па павышэнні бяспекі і надзейнасці працуючых АЭС. распрацаваны ўдасканаленыя і больш бяспечныя ядз. рэактары. Удасканаленыя праекты энергаблокаў 3-га пакалення адпавядаюць сучасным патрабаванням па бяспецы і практычна выключаюць цяжкія аварыі з выкідам радыенуклідаў у навакольнае асяроддзе. Аднак шэраг праблем, звязаных з бяспекай, рэсурсамі ядз. паліва. пахаваннем радыеактыўных адходаў і інш., стрымліваюць развіццё Я.э. На пач. 2003 у свеце эксплуатаваўся 441 ядз. энергаблок эл. магутнасцю больш за 377 ГВт. будаваліся 32 блокі. У Еўропе Я.э. склала 34% ад усёй энергетыкі, у вядучых ядз. краінах — ад 40 да 80%. На бліжэйшую перспектыву (2010—15) развіццё Я.э. звязана з павышэннем канкурэнтаздольнасці АЭС, павелічэннем тэрміну службы, надзейнасці 1 бяспекі дзейных энергаблокаў, буд-вам удасканаленых АЭС. Буйнамаштабныя праграмы развіцця Я.э. ажыццяўляюцца ў Японіі, Францыі. Паўд. Карэі, Кітаі, Індыі. на Тайвані; аднавіў буд-ваАЭС Іран. Энергет. стратэгіяй Расіі на перыяд да 2020 прадугледжана апераджальнае развіццё Я.э. У шэрагу інш. краін Еўропы (Аўстрыя. Данія, Італія, Галандыя. Швецыя. Германія) прынята палітыка адмовы ад выкарыстання Я.э. Прагназуецца, што макс. ўклад Я.э. ў сусв.вытв-сць электраэнергіі чакаецца на мяжы 2010, потым у выніку вываду з эксплуатацыі энергаблокаў I і II пакаленняў да 2020 яе доля можа панізіцца. Сярэднетэрміновая перспектыва (2025—30) будзе характарызавацца масавым вывадам з эксплуатацыі энергаблокаў, якія вычарпалі свой рэсурс, буд-вам удасканаленых энергаблокаў 3-га пакалення, распрацоўкай і ўкараненнем рэактараў 4-га пакалення. Буйнамаштабная Я.э. будучага можа развівацца толькі на аснове хуткіх рэактараў. Для энергетычнага забеспячэння ўстойлівага развіцця чалавецтва ў доўгатэрміновай перспектыве неабходна стварыць новую ядз. тэхналогію натуральнай бяспекі, якая будзе гарантаваць: неабмежаваную забяспечанасць паліўнымі рэсурсамі (прыродным уранам. у далейшым — торыем); выключэнне цяжкіх аварый з радыяцыйнымі выкідамі пры любых адказах абсталявання, памылках персаналу і знешніх уздзеяннях; экалагічна бяспечную утылізацыю радыеактыўных адходаў; ліквідацыю канала распаўсюджвання ядз. зброі выключэннем тэхналогій здабывання плутонію з адпрацаванага паліва; канкурэнтаздольную эканамічнасць.
На Беларусі ў 1983 было пачата буд-ва Мінскай атамнай цеплаэлектрацэнтралі магутнасцю 2000 МВт, распрацаваны праект Беларускай АЭС магутнасцю 6000 МВт. Пасля Чарнобыльскай катастрофы праграма развіцця Я.э. на Беларусі спынена. У апошні час выкананы даследаванні магчымасці і мэтазгоднасці развіцця Я.э. ў краіне. Яны паказалі эканам. мэтазгоднасць буд-ваАЭС, магчымасць яе размяшчэння на тэр. рэспублікі, наяўнасць бяспечных і эканамічных праектаў энергаблокаў.
М.М.Груша.
Адзін з асноўных аб’ектаў (крыніц энергіі) сучаснай ядзернай энергетыкі — двухблочная АЭС з рэактарамі ВВЭР-440. А — знешні выгляд. Б — блочны шчыт кіравання з дысплеямі, прыладамі, сігнальнымі табло, індыкатарамі, мнемасхемамі, друкавальнымі прыстасаваннямі. В — схема станцыі: 1,2 — рэактарныя будынкі; 3 — стальная ахоўная абалонка; 4 — лядовы кандэнсатар; 5 — корпус рэактара; 6 — парагенератар; 7 — вылічальная машына; 8 — блочны шчыт кіравання; 9 — турбагенератары; 10 — адкрытае размеркавальнае ўстройства; 11 — вентыляцыйная труба; 12 і 13 — дапаможныя будынкі контураў; 14 — адміністрацыйны будынак.