ГА́ЙДРЫХ, Гейдрых (Heydrich) Рэйнгард (7.3.1904, г. Гале, Германія — 4.6.1942), адзін з кіраўнікоў фаш. Германіі. Обергрупенфюрэр СС і генерал паліцыі (1941). У 1922—31 афіцэр флоту. З 1931 чл. Нацыянал-сацыялісцкай партыі. Арганізатар (1931) і кіраўнік (з 1932) СД — службы бяспекі СС. Пасля 1933 адзін з гал. арганізатараў (разам з Г.Гімлерам і інш.) сістэмы нацысцкага тэрору: нач. упраўлення гестапа Прусіі (з 1934), «шэф паліцыі бяспекі і СД» (з 1936), кіраўнік Гал. імперскага ўпраўлення бяспекі (РСХА; з 1939). У 2-ю сусв. вайну кіраваў масавым знішчэннем яўрэяў на акупіраванай тэр. СССР (1941); з вер. 1941 таксама нам. імперскага пратэктара Багеміі (Чэхіі) і Маравіі, дзе развязаў тэрор супраць мясц. насельніцтва. Забіты ў Празе чэш. байцамі руху Супраціўлення, пасля чаго гестапаўцы ўчынілі акцыю ў Лідзіцэ.
Літ.:
Сергеев Ф. Тайные операции нацистской разведки, 1933—1945. М., 1991. С. 103, 108—118.
У.Я.Калаткоў.
т. 4, с. 437
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́ВЕ Вячаслаў Канстанцінавіч (1846—28.7.1904),
расійскі дзярж. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1867). Служыў у судовым ведамстве. З 1881 дырэктар дэпартамента паліцыі, у 1884—94 сенатар і таварыш міністра ўнутр. спраў, з 1894 дзярж. сакратар і гал. кіраўнік кадыфікацыйнай часткі пры Дзярж. савеце. З 1899 міністр, статс-сакратар па справах Фінляндыі. З 1902 міністр унутр. спраў і шэф жандараў. Праводзіў палітыку разлажэння рэв. руху знутры, задушэння рабочых і сял. выступленняў. Актыўны прыхільнік рус.-яп. вайны 1904—05. Забіты эсэрам Я.С.Сазонавым.
Літ.:
Памяти В.К.Плеве: Краткий биогр. очерк. СПб., 1904;
Михайловский Н.К. Воспоминания В.К.Плеве. Берлин, 1906;
Государственные деятели России XIX — начала XX в.: Биогр. справ. М., 1995.
т. 12, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ТРЭ́ЦЯЕ АДДЗЯЛЕ́ННЕ» Уласнай яго імператарскай вялікасці канцылярыі,
орган паліт. вышуку і следства ў Расіі ў 1826—80. Кіраўнікі: гал. начальнік (адначасова шэф жандараў) і ўпраўляючы (у 1839—71 адначасова нач. штаба корпуса жандараў). Складалася з 5 экспедыцый, агульнага архіва, 2 сакрэтных архіваў і друкарні. Выканаўчыя органы: установы і вайсковыя часці корпуса жандараў (гл. Жандармерыя). «Т.а.» выявіла сваю неэфектыўнасць у барацьбе з рэв. народніцтвам канца 1870-х г. (у 1879 у яго кіруючы апарат пранік агент «Народнай волі» М.В.Клетачнікаў) і ў жн. 1880 скасавана, функцыі перададзены Дэпартаменту паліцыі МУС. Гал. начальнікі «Т.а.»: А.Х.Бенкендорф (1826—44), А.Ф.Арлоў (1844—56), В.А.Далгарукі (1856—66), П.А.Шувалаў (1866—74), А.Л.Патапаў (1874—76), М.У.Мезянцоў (1876—78, забіты), А.Р.Дрэнтэльн (1878 — сак. 1880), П.А.Чарэвін (сак. — жн. 1880).
т. 16, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ШАЛЬ Францішак Вінцэнтавіч (16.2.1895, в. Пяршаі Валожынскага р-на Мінскай вобл. — май 1968),
вайсковец, дзеяч бел. эміграцыі. Муж Н.А.Арсенневай. Скончыў Віленскае пях. вучылішча (1916). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1919—21 чл. Беларускай вайсковай камісіі. З 1922 у польск. арміі, удзельнік абарончых баёў на Заходнім фронце ў вер. 1939, камандзір батальёна. 22.9.1939 інтэрніраваны ў СССР. У час акупацыі Беларусі супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі: са снеж. 1941 нач. падафіцэрскай бел. школы паліцыі ў Мінску, з ліп.—жн. 1942 кіраўнік курсаў перападрыхтоўкі афіцэраў, гал. вайск. рэферэнт у Беларускім корпусе самааховы, са снеж. 1943 чл. Беларускай цэнтральнай рады, з сак. 1944 шэф гал. камандавання Беларускай краёвай абароны. Удзельнічаў у выданні час. «Беларус на варце». З 1944 у Германіі, потым ЗША. Заснаваў Аб’яднанне бел. ветэранаў (1947, Германія). У 1947—54 узначальваў Беларуска-амерыканскае задзіночанне. Аўтар артыкулаў па пытаннях ваен. гісторыі Беларусі.
А.М.Літвін.
т. 9, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́МЛЕР (Himmler) Генрых (7.10.1900, г. Мюнхен, Германія — 23.5.1945),
адзін з кіраўнікоў фаш. Германіі і гал. ваен. злачынца 2-й сусв. вайны. Скончыў Тэхн. ун-т у Мюнхене. Удзельнік гітлераўскага путчу ў Мюнхене ў ліст. 1923. Чл. нацыянал-сацыялісцкай партыі з 1925. Кіраўнік (рэйхсфюрэр) СС (1929—45) і ўласнай сакрэтнай службы — СД (з 1931). Дэп. рэйхстага (з 1930). Нач. паліцыі Мюнхена, Баварыі (з 1933; пад яго кіраўніцтвам створаны адзін з першых канцлагераў у Дахаў). Шэф гестапа Прусіі (з 1934), разам з Р.Гайдрыхам кіраваў забойствам лідэраў штурмавых атрадаў і шэрагу палітыкаў у час т.зв. «ночы доўгіх нажоў» 30.6.1934. Дзярж. сакратар МУС (з 1936). «Рэйхскамісар па ўмацаванні ням. нацыі» (з кастр. 1939). У 2-ю сусв. вайну кіраваў масавым знішчэннем яўрэяў, рэалізацыяй плана «Ост» (у 1941 прысутнічаў на масавых пакараннях смерцю ў Мінску); міністр унутр. спраў (з 1943), галоўнакаманд. рэзервовай арміяй і адказны за ўзбраенне вермахта (з 1944), каманд. групай армій «Вісла» на сав.-герм. фронце (студз.—сак. 1945). 29.4.1945 за спробы заключыць сепаратны мір з зах. дзяржавамі пазбаўлены А.Гітлерам усіх пасад. 21.5.1945 трапіў у брыт. палон у Паўн. Германіі. Скончыў самагубствам.
Літ.:
Хавкин Б.Л. Рейхсфюрер СС Гиммлер // Новая и новейшая история. 1991. № 1;
Черная Л.Б. Коричневые диктаторы: Гитлер, Геринг, Гиммлер, Геббельс, Борман, Риббентроп. М., 1992.
т. 5, с. 247
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)