здольнасць атама, малекулы далучаць электрон з утварэннем адмоўнага іона. Колькасна роўная энергіі іанізацыі адмоўнага іона (X−); вымяраецца ў электрон-вольтах (гл.Іанізацыі патэнцыял). Найб. Р. да э. (3—4 эВ) маюць атамы галагенаў. Для шэрагу хім. элементаў блізкая да нуля ці адмоўная, гэта азначае, што не існуе ўстойлівых адмоўных іонаў гэтых элементаў. Для малекул Р. да э. звычайна мае значэнні ад 0 да 4 эВ, але ёсць малекулы са значна большымі значэннямі Р. да э. (напр., для малекулы гексафтарыду плаціны Р. да э. роўная 7 эВ). Малекулы з высокімі значэннямі Р. да э. — моцныя акісляльнікі, з дапамогай якіх былі атрыманы хім. злучэнні інертных газаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНА́РДА ДА ВІ́НЧЫ (Leonardo da Vinci; 15.4.1452, г. Вінчы, Італія — 2.5.1519),
італьянскі жывапісец, скульптар, архітэктар, тэарэтык мастацтва, вучоны, інжынер. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Высокага Адраджэння.
Імкнуўся да спалучэння навук. і маст. мыслення, разглядаў жывапіс як універсальную мову, якая пры дапамозе прапорцый і перспектывы ўвасабляе ўсю разнастайнасць праяўлення разумнага пачатку ў прыродзе. У творчасці спалучаў натуралістычнасць выявы з ідэалістычнасцю задумы, увасобіў новы эстэт. ідэал, стварыў вобраз гарманічнага, духоўнага і фізічна дасканалага чалавека.
Вучыўся жывапісу ў майстэрні А.Верок’ё (1467—72). Яе метады працы, у якіх маст. практыка спалучалася з тэхн. эксперыментамі, збліжэнне з астраномам П.Тасканелі, паўплывалі на развіццё яго навук. інтарэсаў. У ранні фларэнційскі перыяд (1452—81) развіваў традыцыі кватрачэнта. Творам уласціва плаўная аб’ёмнасць форм, падкрэсленая мяккай святлаценню мяккім святлаценем («Мадонна Роскін», анёл у карціне Верок’ё «Хрышчэнне Хрыста», пасля 1470; «Дабравешчанне», каля 1474; т.зв. «Мадонна Бенуа», каля 1478). Карціна «Пакланенне вешчуноў» (1481—82, не скончана) вызначаецца пошукамі драм. экспрэсіі, заснаванай на міміцы і руху. У 1482—1500 працаваў у Мілане пры двары герцага Л.Сфорцы, празванага Мора, які даручыў Леанарда заснаваць Акадэмію мастацтва. Для выкладання ў ёй склаў трактаты пра жывапіс, святло, цень, рух, прапорцыі цела чалавека і інш. Быў ваен. інжынерам, гідратэхнікам, арганізатарам прыдворных феерый. Як архітэктар распрацаваў варыянты «ідэальнага» горада, канструкцыі цэнтральна-купальнага храма. У 1490—1500 працаваў над вял. (7,2 м) конным манументам Ф.Сфорцы (мадэль яго ў натуральны памер была зруйнавана французамі пры ўзяцці Мілана). У 1490—91 выканаў жывапісны твор «Мадонна з дзіцем» («Мадонна Літа»). У карціне «Мадонна ў скалах» (1483—94; 2-і варыянт каля 1497—1511) найб. дасканала распрацаваў уласцівую большасці яго твораў кампазіцыю, пабудаваную на дакладных разліках. Яна ўяўляла сабой замкнёную ідэальную прастору, т.зв. прасторавую піраміду (трохвугольнік), у якую ўпісваюцца фігуры; найтанчэйшая святлацень (сфумата) мае ролю духоўна-сувязнага пачатку. У трапезнай кляштара Санта-Марыя дэле Грацые стварыў размалёўку «Тайная вячэра» (1495—97), якая стала адной з вяршынь усяго еўрап. мастацтва. У гэтым творы Леанарда адкрыў для жывапісу новую галіну — псіхал. канфлікт. Высокі этычны змест перададзены праз строгія матэм. заканамернасці кампазіцыі, што падпарадкоўвае сабе рэальную арх. прастору, праз ясную расстаноўку персанажаў, сістэму іх жэстаў і мімікі. Пасля 1500 працаваў у Фларэнцыі, Мантуі, Венецыі, Мілане, Рыме; у 1516 па запрашэнні караля Францыска I прыехаў у Францыю. У Фларэнцыі працаваў над размалёўкай у Палацца Век’ё («Бітва пры Анг’яры», 1503—06, не скончана, вядома па копіях з кардону), якая стаіць ля вытокаў батальнага жанру. У партрэце Моны Лізы (т. зв. «Джаконда», каля 1503) увасобіў узнёслы ідэал жаноцкасці і прыгажосці. У позніх творах развіваў пошукі ў галіне святлопаветранай перспектывы і гарманічнай пірамідальнай кампазіцыі («Св. Ганна з Марыяй і немаўляткам Хрыстом», каля 1500—07). Эксперыменты з маст. матэрыяламі, разнастайнасць інтарэсаў абумовілі невял. колькасць завершаных яго маст. і навук. работ, іх дрэнную захаванасць. Як вучоны ўзбагаціў амаль усе галіны ведаў свайго часу. У галіне механікі вывучаў пытанні трэння, раўнавагі, супраціўлення матэрыялаў і інш. Распрацоўваў канструкцыі машын і механізмаў, шмат з якіх значна апярэдзілі свой час (праекты металургічных печаў і пракатных станаў, ткацкіх станкоў, друкарскіх, дрэваапрацоўчых, землекапальных і інш. машын, падводнай лодкі, танка, лятальных апаратаў і парашута), праекты фартыфікацыйных і гідратэхн. збудаванняў. Шмат эксперыментаваў у галіне оптыкі, выказваў правільныя здагадкі аб прыродзе бінакулярнага зроку. Блізка стаяў да стварэння геліяцэнтрычнай сістэмы светабудовы. Займаўся анатамічнымі даследаваннямі, імкнуўся ўвесці ў біялогію эксперым. метад. Упершыню стаў разглядаць батаніку як самаст.біял. дысцыпліну. Яго анат. малюнкі сталі асновай сучаснай навук. ілюстрацыі. Да нашага часу захавалася каля 7 тыс. аркушаў яго рукапісаў і запісных кніжак, частка з якіх увайшла ў «Трактат пра жывапіс», што склаў пасля смерці мастака яго вучань Ф.Мельцы. Іл.гл. таксама даарт.Адраджэнне.
Тв.:
Рус.пер. — Книга о живописи. М., 1934;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1935;
Избр. естественнонаучные произв. М., 1955;
Анатомия Записки и рисунки. М., 1965.
Літ.:
Дживелегов А.К. Леонардо да Винчи. М., 1974;
Нардини Б. Жизнь Леонардо: Пер. с итал. М., 1978;
Гастев А. Леонардо да Винчи. М., 1982.
Л.Ф.Салавей.
Леанарда да Вінчы. Мадонна з дзіцем (Мадонна Літа). Каля 1490—91.Леанарда да Вінчы. Аўтапартрэт. Каля 1510—13.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА ШЛЯХУ ДА СУВЕРЭНІТЭТУ І ДЭМАКРАТЫЗАЦЫІ
Народная гаспадарка. У 2-й пал. 1980-х г.эканам. развіццё Беларусі ішло супярэчліва. З аднаго боку, рос эканам. патэнцыял, дэфіцыт бюджэту і знешняя запазычанасць былі невялікімі, спажывецкі рынак знаходзіўся ў стане адноснай раўнавагі. З другога боку, з сярэдзіны 1980-х г. у эканоміцы назіралася зніжэнне тэмпаў росту вытворчасці і пагаршэнне яе гал.эканам. паказчыкаў. Гэта азначала, што дзеючая дзярж. сістэма ўласнасці, строга цэнтралізаванае кіраўніцтва прывялі да адмаўлення ўласцівых эканоміцы ўнутраных законаў яе развіцця. Гаспадарамі ў эканоміцы СССР былі цэнтр. ведамствы, якія вырашалі, што будаваць і якую прадукцыю вырабляць у Беларусі. Толькі гэтым можна растлумачыць стварэнне ў г. Жодзіна вытворчасці магутных аўтасамазвалаў, пры тым, што у Беларусі няма металу і кар’ераў распрацоўкі выкапняў, дзе выкарыстоўваліся б гэтыя самазвалы. БССР давала 1/4 агульнасаюзнай вытворчасці хім. валокнаў, 7% шын (у 2 разы больш на душу насельніцтва, чым у сярэднім па краіне). Але такая высокая канцэнтрацыя шкоднай вытворчасці не мела пад сабой эканам. абгрунтаванняў і з’яўлялася крайне экстрэмальнай з пункту гледжання экалогіі. Таму для многіх вучоных-эканамістаў краіны, як і для шэрагу палітыкаў, станавілася відавочнай неабходнасць карэнных пераўтварэнняў у эканоміцы. Пошук шляхоў рэфармавання эканомікі пачаўся з красавіцкага (1985) пленума ЦККПСС, на якім быў узяты курс на паскарэнне сац.-эканам. развіцця краіны. Пад паскарэннем тады разумелася павышэнне тэмпаў эканам. развіцця шляхам усямернай інтэнсіфікацыі вытворчасці на аснове навукова-тэхн. прагрэсу, структурнай перабудовы эканомікі, новых, эфектыўных форм арганізацыі, кіравання і стымулявання працы. У такім кірунку і прадугледжвалася развіццё Беларусі на 1986—90. Рост прадукцыйнасці працы ў прамысловасці, будаўніцтве і сельскай гаспадарцы павінен быў скласці больш за 20%. Гэта азначала, што па сутнасці ўвесь прырост вытворчасці неабходна забяспечыць за кошт яе інтэнсіфікацыі. Асн. надзеі ўскладаліся на адм. меры, на ўмацаванне адказнасці, працоўнай дысцыпліны, мабілізацыю скрытых рэсурсаў, сродкаў і іх пераразмеркаванне. Да восені 1986 стала відавочна, штонар. гаспадарка СССР, у т. л. і Беларусі, працягвала працаваць па старой схеме, выкарыстоўваючы загады, карэкціроўку планаў, «выбіванне» ўсё новых рэсурсаў, сродкаў і інш. Механізм паскарэння ніяк не мог зламаць механізм тармажэння, эканоміка захоўвала затратны характар і працягвала рух да крызісу. Таму наступным важным этапам у перабудове эканам. адносін стаў пераход ад курсу на паскарэнне да радыкальнай эканам. рэформы. У чэрв. 1987 Вярх. СаветСССР прыняў закон «Аб дзяржаўным прадпрыемстве», а Савет Міністраў СССР і ЦККПСС прынялі шэраг дакументаў аб радыкальнай эканам. рэформе, якая прадугледжвала пераход ад пераважна адм. метадаў да эканамічных і перавод галін нар. гаспадаркі, прадпрыемстваў і аб’яднанняў на поўны гасп. разлік і самафінансаванне, што азначала пэўнае аслабленне дыктату цэнтра і павышэнне эканам. самастойнасці прадпрыемстваў. З 1.1.1987 ва ўмовах гасп. разліку ў Беларусі пачалі працаваць, акрамя прадпрыемстваў і аб’яднанняў лёгкай прамысловасці, калектывы аўтамабільнай, нафтахім. прамысловасці, прыладабудавання і шэрагу інш. галін. Аб’ём вытворчасці гэтых прадпрыемстваў складаў больш за 1/3прамысл. прадукцыі. Эканоміка рэспублікі стала развівацца больш дынамічна. За 1986—87 валавы грамадскі прадукт павялічыўся на 11,1%, нац. даход — на 11,5% (пры плане 9,1%). Сярэднегадавы прырост аб’ёмаў прамысл. вытворчасці склаў 6,9%, прадукцыйнасці працы — 6,4%. У 1988 ва ўмовах гасп. разліку і самафінансавання працавалі ўся прамысловасць, аграпрамысл. комплекс, транспарт, гандаль, большасць буд. арг-цый. У выніку за 1986—89 валавы грамадскі прадукт павялічыўся на 15%, нац. даход — на 14,8%, аб’ём прамысл. вытворчасці — на 27,3%, прадукцыйнасць працы — на 26%.
Аднак радыкальнага аздараўлення эканомікі не адбылося. Як і раней, яна працягвала развівацца на экстэнсіўнай аснове. Нар. гаспадарка арыентавалася не на спажыўца, не на яго запатрабаванні, а на прамежкавыя валавыя паказчыкі. Не адбылося істотнага росту эфектыўнасці вытворчасці, працягваў дзейнічаць затратны механізм гаспадарання. Тлумачылася гэта тым, што на практыцы т.зв. «радыкальная» эканам. рэформа не пайшла далей размоў аб гасп. разліку. Міністэрствы і ведамствы ў большасці выпадкаў працягвалі планаваць прадпрыемствам амаль усе гал.эканам. паказчыкі. У 1988—90 планавы дзярж. заказ працягваў ахопліваць большую частку вытворчасці (да 90%). Стварыць новае эканам. асяроддзе не ўдалося. Адм. метады рэгулявання аслабелі, а эканамічныя не былі ўведзены. Спад тэмпаў вытворчасці працягваўся. Калі сярэднегадавы прырост нац. даходу ў 1981—85 склаў 5,3%, то за 1986—90 ужо 3,9%, валавога грамадскага прадукту — адпаведна 4,6 і 4,5%. Значна знізіліся тэмпы прыросту прамысл. прадукцыі па гадах: у 1986 на 7%, у 1987 на 6, у 1988 на 3, у 1989 на 4,8, у 1990 на 4,1%. Гэта не магло не адбіцца на зніжэнні тэмпаў прыросту практычных даходаў насельніцтва, якія ў 1986—90 у сярэднім за год складалі 2% супраць 2,3% у 1981—85, 3,8% у 1976—80.
Яшчэ больш марудна ішлі перамены ў сельскай гаспадарцы, скіраваныя на змену камандных метадаў кіраўніцтва калгасамі з боку дзяржавы. Паводле прыкладнага статута калгаса, прынятага ў 1988, у кампетэнцыю калгасаў перадаваліся пытанні аб памерах прысядзібных участкаў калгаснікаў, колькасці жывёлы ў асабістых падсобных гаспадарках; прадугледжвалася павышэнне ролі брыгад і ферм у жыццядзейнасці працоўных калектываў. Але курс на рэалізацыю кааператыўных прынцыпаў у калгасным жыцці не ажыццявіўся. Паводле афіц. звестак, у 2-й пал. 1980-х г. у параўнанні з 1-й паловай валавы збор збожжа павялічыўся на 28%, бульбы — на 5%, агародніны — на 12%. Агульны аб’ём прадуктовых тавараў у 1989 перасягнуў узровень 1985 на 23%. Аднак у сувязі з агульным крызісам у эканоміцы ў 1990 стан сельскай гаспадаркі пагоршыўся, для забеспячэння насельніцтва харчовымі прадуктамі была ўведзена сістэма талонаў.
Такім чынам, у 1990-я г.нар. гаспадарка СССР, у т. л. і Беларусі, усё яшчэ заставалася ва ўладзе адм.-каманднай сістэмы кіравання. Дзярж. заказ ахопліваў амаль усю вытворчасць, рэсурсы і сыравіна размяркоўваліся цэнтралізавана, цэны вызначаліся зверху, дзярж. форма ўласнасці пераважала над іншымі, большая частка капіталаўкладанняў кантралявалася з цэнтра. Але гэта сістэма падрывалася пастаяннымі эксперыментамі з эканам. паўрэформамі, якія паралізавалі існаваўшую эканам. сістэму. З сярэдзіны 1990 пачаліся канфлікты паміж цэнтр. і мясц. ўладамі. Апошнія адмаўляліся выконваць абавязкі па гасп. дагаворах, забаранялі вывозіць прадукцыю мясц. прамысловасці і сельскай гаспадаркі, праводзілі асабістую цэнавую палітыку. Стаў відавочным параліч улады. Гэта прывяло да таго, што з 1990 пачалося некантралюемае падзенне вытворчасці.
Дэмакратызацыя грамадскага жыцця. Складанае сац.-эканам. і паліт. становішча, у якім апынуўся Сав. Саюз на мяжы 1970—80-х г., патрабавала рэфармавання. Красавіцкі (1985) пленум ЦККПСС, XXVII з’езд партыі (1986), XIX Усесаюзная парт. канферэнцыя (1988) вызначылі палітыку перабудовы: правядзенне рэформы эканам. і паліт. сістэм, сац. і культ. сфер жыцця, стварэнне прававой дзяржавы. Значную ролю ў дэмакратызацыі грамадскага жыцця адыграла абвешчаная ў сярэдзіне 1987 публічнасць. На старонках газет і часопісаў, у тэле- і радыёперадачах разгарнулася палеміка пра ўмовы жыцця, шляхі абнаўлення сацыялізму і паскарэння рэформ. Развіццё публічнасці, пачатае зверху, хутка ахапіла шырокія слаі грамадскасці і ператварылася ў магутную плынь, спыніць якую КПСС ужо не здолела. Сталі раскрывацца т.зв. «белыя плямы» ў гісторыі, пачаўся 2-і этап рэабілітацыі ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Неўзабаве пачала набіраць сілу ідэя, што без паліт. рэформы нельга ажыццявіць эканамічную. Нечарговая 12-я сесія Вярх. Савета СССР у канцы 1988 прыняла Закон «Аб зменах і дапаўненнях Канстытуцыі (Асноўнага Закона) СССР», паводле якога было вырашана склікаць з’езд нар. дэпутатаў і стварыць пастаянна дзеючы Вярх. СаветСССР, а таксама Закон «Аб выбарах народных дэпутатаў СССР», паводле якога не стала абмяжоўвацца колькасць кандыдатаў у нар. дэпутаты. Упершыню ў выбарчай практыцы ўводзілася права вылучаць кандыдатаў у нар. дэпутаты ад сходаў выбаршчыкаў па месцы жыхарства. Трэцюю частку нар. дэпутатаў СССР прадугледжвалася выбіраць ад грамадскіх арг-цый, у т. л. ад КПСС.
Важную ролю ў паліт. рэформе адыграла абнаўленне выбарчай сістэмы ў саюзных і аўтаномных рэспубліках, у т. л. ў Беларусі. У кастр. 1989 сесія Вярх. Савета БССР прыняла законы аб выбарах нар. дэпутатаў Беларускай ССР і аб выбарах нар. дэпутатаў мясц. Саветаў. Грамадзяне атрымалі магчымасць упершыню за многія дзесяцігоддзі выбіраць дэпутатаў з некалькіх кандыдатур. Але па прыкладу саюзнага заканадаўства рэсп. закон захаваў права абрання ў Вярх. СаветБССР 50 дэпутатаў ад грамадскіх арг-цый. У выніку выбараў (адбыліся 4.3.1990) значна абнавіўся склад Вярх. і мясц. Саветаў, ажывілася іх праца.
З развіццём дэмакратыі ў грамадстве склаліся ўмовы для развіцця шматпартыйнасці, адкрытай формы паліт. плюралізму. Грамадзяне атрымалі права адстойваць свае інтарэсы або інтарэсы сац. груп ці слаёў праз адпаведныя паліт. аб’яднанні. З 2-й пал. 1980-х г. пачалі ўзнікаць т.зв. «нефармальныя» аб’яднанні (суполкі «Талака», «Спадчына», т-вы «Тутэйшыя», «Узлёт», клуб «Мінская альтэрнатыва» і многія інш.), якія выступалі супраць афіц. ідэалогіі, за захаванне і развіццё бел. мовы і культуры, шмат увагі аддавалі экалагічнай сітуацыі. Узніклі шматлікія грамадскія арг-цыі, паліт. партыі і рухі. Найб. уплывовым рухам у рэспубліцы з’явіўся Бел.нар. фронт (БНФ «Адраджэньне»), створаны як грамадска-паліт. рух у падтрымку палітыкі перабудовы. Устаноўчы з’езд яго адбыўся 24—25.6.1989 у Вільнюсе. У прынятай на ім праграме фронт яшчэ салідарызаваўся з лепшымі сіламі КПСС у справе рэформ, ставіў сабе за мэту адраджэнне нац. культуры, прыняцце закона аб дзяржаўнасці бел. мовы. Высоўвалася ідэя сапраўднай суверэннасці БССР у складзе Сав. Саюза, пад якой тады разумелася перавага рэсп. правоў над саюзнымі. Неадкладнай задачай прызнавалася ліквідацыя вынікаў Чарнобыльскай катастрофы і паляпшэнне дабрабыту людзей. Паступова ад падтрымкі перабудовы БНФ перайшоў да адкрытай антыкамуніст. скіраванасці сваёй дзейнасці і жорсткай канфрантацыі з уладамі, асабліва па праблеме вырашэння нац. пытання. На працягу 1990—91 заснаваны Аб’яднаная дэмакр. партыя Беларусі, Нац.-дэмакр. партыя беларусаў, Бел. сацыял-дэмакр. грамада (пераемніца БСГ), Бел.сял. партыя, Бел. хрысціянска-дэмакр. злучнасць. Узнікненню ў Беларусі новых партый і паліт. рухаў садзейнічаў Закон СССР «Аб грамадскіх аб’яднаннях», які ўступіў у дзеянне з 1.1.1991. З першых крокаў сваёй дзейнасці паліт. аб’яднанні, што ствараліся ў Беларусі, выступалі супраць манапалізму КПСС—КПБ, за дэпартызацыю дзярж. прадпрыемстваў і арг-цый.
Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Працэсы дэмакратызацыі ў СССР канца 1980-х г. узмацнілі цэнтрабежныя тэндэнцыі ў саюзных рэспубліках, іх імкненне да суверэнітэту. Яны былі незадаволены няўдалымі рэформамі, няздольнасцю федэральнага цэнтра вырашаць складаныя праблемы. Скасаванне ў сак. 1990 арт. 6 Канстытуцыі СССР 1977 аб кіруючай ролі КПСС у сав. грамадстве паскорыла распад шматнац. дзяржавы. У сак. 1990 Вярх. Савет Літвы абвясціў пра «аднаўленне незалежнай Літоўскай дзяржавы», скасаванне дзеяння канстытуцый Літ. ССР і СССР на тэр. рэспублікі. У крас. 1990 аб незалежнасці сваіх рэспублік заявілі Вярх. Саветы Латвіі і Эстоніі. Працэс суверэнізацыі закрануў і інш. саюзныя рэспублікі, хаця спачатку яны не заяўлялі пра выхад з СССР. 12.6.1990 прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце з’езд нар. дэпутатаў Рас. Федэрацыі. 16.7.1990 дакумент адпаведнай накіраванасці прыняў Вярх. Савет Украіны. 27.7.1990 Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце Бел.Сав.Сацыяліст. Рэспублікі зацвердзіў Вярх. СаветБССР. Яна абвясціла вяршэнства на тэр. рэспублікі Канстытуцыі Бел. ССР і яе законаў. У гэтых умовах кіраўніцтва СССР паспрабавала распрацаваць праект новага саюзнага дагавора (ліст. 1990). Аднак нават такая ініцыятыва цэнтра з боку кіраўнікоў суверэнных рэспублік шырокай падтрымкі не знайшла. IV з’езд нар. дэпутатаў СССР (снеж. 1990) прыняў рашэнне аб правядзенні 17.3.1991 рэферэндуму па пытанні аб СССР. У галасаванні ўдзельнічала 80% выбаршчыкаў; за захаванне СССР выказалася 76,4% галасаваўшых, супраць — 21,7%. Улады Грузіі, Літвы, Малдовы, Латвіі, Арменіі і Эстоніі не выканалі рашэнні IV з’езда нар. дэпутатаў СССР аб правядзенні рэферэндуму.
У той жа час у Беларусі больш за 80% тых, хто галасаваў, выказаліся за захаванне СССР.
19.8.1991 група вышэйшых парт. і дзярж. кіраўнікоў у Маскве стварыла т.зв. Дзярж.к-т па надзвычайным становішчы (ДКНС), абвясціла аб пераходзе да яго ўсёй паўнаты ўлады і ўвядзенні ў шэрагу рэгіёнаў СССР надзвычайнага становішча. Гэтыя дзеянні выклікалі адмоўную рэакцыю ў кіраўніцтве Рас. Федэрацыі і інш. саюзных рэспублік. Бюро ЦККПБ і Прэзідыум Вярх. Савета БССР заклікалі камуністаў і ўсіх працоўных рэспублікі да спакою і вытрымкі. 20 жніўня на пл. Незалежнасці ў Мінску адбыўся шматтысячны мітынг супраць ДКНС і КПСС. Пасля правалу 21 жніўня выступлення ДКНС урады і Вярх. Саветы суверэнных саюзных рэспублік канчаткова ўзялі курс на незалежнасць. 25—26.8.1991 нечарговая сесія Вярх. Савета БССР прыняла Закон «Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», пастанову аб забеспячэнні паліт. і эканам. самастойнасці Бел. ССР. 19.9.1991 Вярх. Савет прыняў Закон аб назве Бел. ССР, у адпаведнасці з якім яна стала называцца Рэспублікай Беларусь; адначасова была ўведзена новая дзярж. сімволіка — бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». 8.12.1991 у Белавежскай пушчы (у бел. урадавай рэзідэнцыі Віскулі Камянецкага р-на) кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны падпісалі пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД) са штаб-кватэрай у Мінску. У дакуменце канстатавалася, што «Саюз ССР як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне». 10.12.1991 Вярх. Савет Беларусі ратыфікаваў Пагадненне аб стварэнні СНД і дэнансаваў Дагавор 1922 аб утварэнні СССР.
Рэспубліка Беларусь атрымала рэальную магчымасць будаваць уласную дзяржаўнасць.
Адукацыя, навука. У сярэдзіне 1980-х г. у Беларусі ўзнята пытанне пра чарговую карэкціроўку школьнай рэформы, неабходнымі ўмовамі якой лічылася прадастаўленне навуч. установам большай самастойнасці, а таксама інтэграцыя іх у адзінае цэлае з навукай, нар. гаспадаркай і культурай. Дасягненне ўсеаг. сярэдняй адукацыі дазволіла пачаць скарачэнне вячэрніх навуч. устаноў (у Мінску ў 1990 іх засталося толькі 8 з 28 ранейшых). Зварот даеўрап. асветніцкага вопыту садзейнічаў пашырэнню новых тыпаў агульнаадук. і спецыялізаваных школ — гімназій, ліцэяў, каледжаў (восенню 1990 у Мінску створана першая бел.нац. гімназія). У сістэме вышэйшай адукацыі гэта рэформа праявілася ў падрыхтоўцы да пераводу айч. інстытутаў у ранг акадэмій і універсітэтаў (рэалізавана ў 1990-я г.). Паралельна адкрываліся і новыя ВНУ, у т. л. Гомельскі мед.ін-т (1990). З’явіліся падставы і для арганізацыі недзярж. навуч. устаноў (сярэдніх і вышэйшых). Усё большую заклапочанасць грамадства выклікаў працяг русіфікацыі айч.навуч. устаноў (у 1987 беларускамоўных школ у рэспубліцы засталося крыху больш за 18%). Выпраўленню становішча і фарміраванню нац. сістэмы адукацыі павінен быў садзейнічаць «Закон аб мовах у Беларускай ССР», прыняты Вярх. Саветам БССР 26.1.1990. Паводле яго бел. мова атрымала статус дзяржаўнай, што дазволіла распачаць пашырэнне яе выкарыстання ў сістэме айч. адукацыі.
У 2-й пал. 1980-х г.навук. даследаванні на Беларусі значна актывізаваліся. Тлумачылася гэта ўрадавым курсам на паскарэнне агульнага развіцця гаспадаркі і ўмацаванне сувязей навук. устаноў з прамысловасцю і сельскай гаспадаркай. Менавіта такая арыентацыя садзейнічала таму, што ў айч.навук. асяроддзі пераважалі прадстаўнікі фіз.-матэм. і тэхн. навук (60%). Патрэбы бел. эканомікі абумовілі стварэнне ў 1985 у Гродне НДІ біяхіміі, арганізацыю ў Мінску ў 1990 Ін-та сацыялогіі і буйнога вылічальнага цэнтра пры АН Беларусі. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС (1986) востра паставіла ў рэспубліцы пытанне пра наступствы радыеактыўнага забруджвання — у 1987 у Мінску пачаў працу НДІ радыебіялогіі. Пашырэнне цікавасці да здабыткаў нац. культуры абумовіла арганізацыю ў 1989 Т-вабел. мовы імя Ф.Скарыны, якое выступала за шырокае ўжыванне бел. мовы ва ўсіх сферах паўсядзённага жыцця. У цэлым у 2-й пал. 1980-х г. Беларусь займала 3-е месца ў СССР па колькасці вучоных (пасля Расіі і Украіны).
Развіццё знешнепалітычнай дзейнасці і міжнародных сувязей. Тагачасная знешнепаліт. дзейнасць і міжнар. сувязі Беларусі развіваліся ў рэчышчы скаардынаванай знешняй палітыкі СССР і сацыяліст. краін—членаў Варшаўскага Дагавора і Савета Эканам. Узаемадапамогі (СЭУ). Магчымасці ўдзелу БССР у міжнар. дзейнасці Сав. Саюза пашыраліся дзякуючы адмаўленню сав. кіраўніцтва ад тэзіса пра непазбежнасць войнаў з капіталіст. краінамі, ад палітыкі жорсткай ізаляванасці ад астатняга свету, абвяшчэнню прынцыпу мірнага суіснавання дзяржаў з супрацьлеглымі грамадскімі сістэмамі. Разам з тым працягвалася «халодная вайна». БССР даволі актыўна праяўляла сябе ў дзейнасці амаль 70 міжнар. арг-цый і іх органаў, гал. чынам ААН, далучылася да шэрагу міжнар. дагавораў. У 1960-я г. адкрыліся пастаянныя прадстаўніцтвы Беларусі пры Аддзяленні ААН (1962) і інш.міжнар. арг-цыях у Жэневе, у 1962 — пры ЮНЕСКА у Парыжы, у 1982 — пры міжнар. арг-цыях у Вене. Міжнар. правасуб’ектнасць рэспублікі была замацавана ў Канстытуцыі БССР 1978. У 1974—75 Беларусь з’яўлялася непастаянным членам Савета Бяспекі. Рэспубліка 5 разоў выбіралася членам Эканам. і Сац. Савета ААН. Пашырыўся яе ўдзел у Міжнар. арг-цыі працы (МАП, з 1954), Міжнар. агенцтве па атамнай энергіі (МАГАТЭ, з 1957). Рэспубліка стала членам Міжнар. бюро выставак (з 1960), Пастаяннай палаты трацейскага суда (з 1962), Сусв. арг-цыі інтэлектуальнай уласнасці (з 1970), Міжнар. арг-цыі марской спадарожнікавай сувязі (з 1979), Арг-цыі Аб’яднаных Нацый па прамысл. развіцці (ЮНІДО, з 1985) і інш. Калі ў канцы 1950-х г. Беларусь была ўдзельніцай 54 міжнар. дагавораў, канвенцый і пагадненняў, то ў сярэдзіне 1980-х г. — 168, сярод якіх дагаворы аб забароне выпрабаванняў ядзернай зброі ў атмасферы, касмічнай прасторы і пад вадой (1963), аб прынцыпах дзейнасці дзяржаў па даследаванні і выкарыстанні касмічнай прасторы, уключаючы Месяц (1967), аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі (1968), аб забароне размяшчэння на дне мораў і акіянаў, у яго нетрах ядзернай зброі і інш. сродкаў масавага знішчэння людзей (1971), канвенцыі аб забароне распрацоўкі, вытворчасці і назапашвання бактэрыял. і таксічнай зброі (1972), аб забароне ваен. або ўсякага інш. варожага выкарыстання сродкаў уздзеяння на прыроднае асяроддзе (1977), аб забароне або абмежаванні прымянення канкрэтных відаў звычайнай зброі, якія могуць лічыцца тымі, што наносяць празмерныя пашкоджанні або маюць невыбіральнае дзеянне (1981) і інш.
Беларусь у кансалідаванай палітыцы СССР у ААН курыравала пытанні пакарання фаш. злачынцаў, ініцыіравала і падтрымлівала ўсе рэзалюцыі ААН, што датычыліся раззбраення, спынення гонкі ўзбраенняў. Пры актыўным удзеле БССРААН прыняла Канвенцыю аб непрыдатнасці тэрміну даўнасці даваен. злачынстваў і злачынстваў супраць чалавецтва (1969), ухваліла прынцыпы міжнар. супрацоўніцтва ў адносінах адшукання, арышту, выдачы і пакарання такіх асоб (1973); па ініцыятыве бел. дэлегацыі была прынята дэкларацыя аб выкарыстанні навукова-тэхн. прагрэсу ў інтарэсах міру і на карысць чалавецтва (1975). Беларусь падтрымала шэраг дакументаў ААН у галіне правоў чалавека і народаў: дэкларацыю аб прадастаўленні незалежнасці каланіяльным краінам і народам (1960), міжнар. пакты аб эканам., сац. і культурных правах (1966), аб грамадзянскіх і паліт. правах (1968), міжнар. канвенцыю аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі (1966); стала сааўтарам дэкларацыі сац. развіцця (1969). Па прапанове Беларусі Ген. Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю аб абароне асоб, якія затрыманы ці пазбаўлены волі за барацьбу супраць апартэіду, расізму, расавай дыскрымінацыі, каланіялізму, агрэсіі і замежнай акупацыі (1977).
Пашырэнню міжнар. сувязей Беларусі садзейнічала стварэнне пастаяннай камісіі па замежных справах Вярх. Савета БССР, адпаведных падраздзяленняў у Савеце Міністраў рэспублікі, Дзяржплане, міністэрствах, ведамствах, установах, на прадпрыемствах, у грамадскіх арг-цыях. У 1972 у Мінску адкрыты ген. консульствы Польшчы і ГДР, у 1990 — Балгарыі. БССР стала больш адкрытай як для афіц. зносін, так і для чалавечых кантактаў. Рэспубліку наведвалі дэлегацыі, кіраўнікі розных краін, паліт. і грамадскія дзеячы, у т. л.ген. сакратары ААН У Тан (1970) і Х.Перэс дэ Куэльяр (1987), Сусв. Савета Міру — Р.Чандра (1975), сакратар Міжнар.дэмакр. федэрацыі жанчын Х.Кампусана (1975); кіраўнікі кампартый і сацыяліст. дзяржаў: Манголіі — Ю.Цэдэнбал (1965), Чэхаславакіі — А.Новатны (1965), Югаславіі — І.Броз Ціта (1965), Герм.Дэмакр. Рэспублікі — В.Ульбрыхт (1966), Кубы — Ф.Кастра Рус (1972), Польшчы — Э.Герак (1975), Балгарыі — Т.Жыўкаў (1961, 1976), КНДР — Кім Ір Сен (1984); кіраўнікі развітых капіталіст. краін і краін, якія развіваюцца: прэзідэнты Францыі — Ж.Пампіду (1973), ЗША — Р.Ніксан (1974), Фінляндыі — У.К.Кеканен (1977), Анголы — Ж.Э. душ Сантуш (1988); кіраўнік адміністрацыі Эфіопіі М.Хайле Марыям (1982), прэм’ер-міністр Індыі Р.Гандзі (1985) і інш. Дэлегацыі БССР выязджалі ў сацыяліст. краіны, а таксама ў Аўстрыю, Бельгію, Вялікабрытанію, Грэцыю, ЗША, Іспанію, Італію, Канаду, Люксембург, Фінляндыю, Францыю, ФРГ, Швейцарыю, Швецыю, Японію. Актыўны ўдзел у расшырэнні міжнар. сувязей Беларусі прымалі створаныя раней Бел.к-т абароны міру і К-т маладзёжных арг-цый БССР. Бел.т-ва дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі мела 12 рэсп. аддзяленняў: з 1958 дзейнічалі рэсп. аддзяленні т-ваў сав.-польскай, сав.-кітайскай дружбы і Сав.т-ва дружбы з Германіяй; з 1961 — т-ваў сав.-балгарскай і сав.-чэхаславацкай дружбы, з 1962 — Т-ва «СССР—Канада», з 1963 — т-ваў сав.-венгерскай дружбы і «СССР—Фінляндыя», з 1964 — Т-ва «СССР—Францыя», з 1966 — Т-васав.-в’етнамскай дружбы, з 1973 — Т-васав.-кубінскай дружбы, з 1980 — Т-васав.-аўстрыйскай дружбы. На 1.1.1990 працавалі 10 абл., 38 гар. і раённых, 311 пярвічных арганізацый т-ваў дружбы. У 1970 — пач. 1980-х г. у Беларусі адбыўся шэраг міжнар. форумаў антываен. скіраванасці. У форуме, які прайшоў пад дэвізам «Няхай ніколі не паўторыцца трагедыя Хатыні, Лідзіц, Арадура, Хірасімы, Сангмі» (ліп. 1972) прынялі ўдзел прадстаўнікі 12 краін свету. На Міжнар. сустрэчу прыхільнікаў міру ў Мінску, прысвечаную 30-годдзю перамогі над фашызмам (май 1975), сабраліся 140 удзельнікаў з еўрап. краін, Дэмакр. Рэспублікі В’етнам, Манголіі, Кубы, Сусв. Савета Міру, Дэмакр. федэрацыі жанчын. У межах Міжнар. года жанчыны Мінск прыняў удзельніц Міжнар. сустрэчы жанчын з 27 краін (жн. 1975), якая праходзіла пад дэвізам «Жанчыны ў барацьбе супраць фашызму, за трывалы і справядлівы мір на ўсёй зямлі». Кангрэс Міжнар. федэрацыі змагароў супраціўлення (май 1978) сабраў у сталіцы Беларусі прадстаўнікоў 29 краін, Сусв. федэрацыі ветэранаў вайны, Міжнар.к-та вязняў канцлагераў, якія заклікалі забараніць нейтронную бомбу, выступілі супраць неанацызму. У ліп. 1982 сталіца Беларусі стала завяршальным этапам Маршу прыхільнікаў міру, які пачаўся ў Хельсінкі і прайшоў праз расійскія гарады. Правядзенне міжнар. форумаў сведчыла аб прызнанні ролі Беларусі ў барацьбе з фашызмам, мела значэнне ў сэнсе яе сусв. папулярызацыі.
З 1957, калі быў заключаны дагавор аб пабрацімскіх сувязях паміж Мінскам і англ.г. Нотынгем, БССР уключылася ў сусв. рух параднёных гарадоў. Пабрацімамі Мінска сталі таксама: з 1973 Сендай (Японія), Бангалор (Індыя); з 1976 Ліён (Францыя), Луанда (Ангола); з 1979 Мерыда (Мексіка); з 1983 Дэтройт (ЗША). Дагаворы аб пабрацімстве заключылі і інш.бел. гарады: Гродна з Беластокам (Польшча, у 1960) і Ліможам (Францыя, у 1976); Жодзіна з Венісьё (Францыя, у 1967); Віцебск з Франкфуртам-на-Одэры (Германія) і Зялёна-Гурай (Польшча, абодва ў 1969); Магілёў з Віёрбанам (Францыя, у 1973); Орша з Воз-ан-Вленам (Францыя, у 1973); Салігорск з Ла-Луўерам (Бельгія, у 1975); Гомель з Клермон-Феранам (Францыя, у 1976) і Абердзінам (Вялікабрытанія, у 1990); Баранавічы з Хейнала (Фінляндыя, у 1977). Супрацоўніцтва гарадоў-пабрацімаў спрыяла развіццю дружбы, узаемнаму азнаямленню з гісторыяй, культурай, дасягненнямі ў эканоміцы, сац. сферы і інш. З 1963 апошняя нядзеля красавіка ў Беларусі, як і ў інш. краінах, пачала адзначацца як сусв. дзень параднёных гарадоў. Адбывалася таксама парадненне абласцей Беларусі з тэр. адзінкамі еўрап.сацыяліст. краін. Усе вобласці мелі сістэматычныя сувязі на аснове дагавораў з ваяводствамі Польшчы: Брэсцкая з Люблінскім (з 1956) і Бельска-падляскім (з 1975, цяпер Люблінскім); Гродзенская з Беластоцкім (з 1956, цяпер Падляскім) і Сувалкаўскім (з 1975, цяпер Падляскім); Мінская — з Варшаўскім (у 1959—77), Плоцкім і Сядлецкім (з 1977, цяпер Мазавецкім); Віцебская — з Зеленагурскім (з 1967, цяпер Любускім); Магілёўская — з Тарунскім і Вроцлаўскім (з 1978, цяпер Куяўска-Паморскім і Дольнашлёнскім); Гомельская — з Зеленагурскім (з 1978, цяпер Любускім). У 1966 Магілёўская вобл. параднілася таксама з Габраўскай акр. Балгарыі, Гомельская — з Паўд.-Чэшскай вобл. Чэхаславакіі; у 1968 Мінская вобл. заключыла дагавор аб пабрацімстве з Патсдамскай, а ў 1969 Віцебская — з акругай Франкфурт, ГДР. Развіваўся рух параднёных прадпрыемстваў. Напр., Мінскі падшыпнікавы з-д супрацоўнічаў з чэхаславацкімі з-дамі ў Брно і Прэшаве, МТЗ — з польскім трактарным з-дам «Урсус» і Карлаўскім балгарскім трактарным здам. Да 1987 дагаворы аб устанаўленні прамых вытв. і навукова-тэхн. сувязей падпісалі 61 бел. прадпрыемства з 70 прадпрыемствамі і арг-цыямі сацыяліст. краін: Балгарыі (5), Венгрыі (3), ГДР (9), Польшчы (41), Чэхаславакіі (10), Югаславіі (2). Знешнеэканам. сувязі Беларусі ажыццяўляліся праз пасрэдніцтва агульнасаюзных арг-цый: Мін-ва знешняга гандлю СССР і Дзярж.к-т па знешніх эканам. сувязях. Развіццю знешнеэканам. сувязей спрыяла дзейнасць створанага ў 1952 Бел. аддзялення Усесаюзнай гандл. палаты, якое ў 1972 пераўтворана ў Гандлёва-прамысл. палату БССР. Яна ўваходзіла ў сістэму Гандлёва-прамысл. палаты СССР і падпарадкоўвалася дзярж. органам, садзейнічала арганізацыі міжнар. выставак, а таксама бел. раздзелаў на міжнар. кірмашах і сав. выстаўках за мяжой. У 1963—77 прадукцыя бел. прадпрыемстваў дэманстравалася больш як на 300 міжнар. выстаўках і кірмашах. Толькі на працягу 1972—78 Гандлёва-прамысл. палатай БССР было арганізавана ў Мінску 49 замежных і міжнар. спецыялізаваных выставак, у якіх прыняло ўдзел 600 фірм і арг-цый з 22 краін свету. Мінск быў адным з нямногіх гарадоў СССР, дзе штогод на працягу 1970—80-х г. праводзіліся міжнар. выстаўкі. З канца 1970-х г. Гандлёва-прамысл. палата БССР падтрымлівала дзелавыя сувязі амаль з 500 замежнымі фірмамі і аб’яднаннямі 23 краін свету. За істотны ўклад у развіццё міжнар. супрацоўніцтва Гандлёва-прамысл. палата рэспублікі ў 1985 адзначана міжнар. прэміяй «Залаты Меркурый». Такой жа прэміяй адзначаны і найб. актыўныя ўдзельнікі міжнар. супрацоўніцтва — трактарны, аўтамабільны, маторны з-ды, аб’яднанне вылічальнай тэхнікі.
Асн. формай знешнеэканам. сувязей Беларусі быў гандаль. У 1960 прадукцыя 106 прадпрыемстваў пастаўлялася ў 47 краін, 300 прадпрыемстваў у 1985 выйшлі на рынкі больш чым 100 краін свету. Большая частка тавараў накіроўвалася ў сацыяліст. краіны, каля 20% — у капіталістычныя, 10% — у краіны, якія сталі на шлях развіцця. У бел. экспарце пераважалі вырабы навукаёмістых і тэхналагічна складаных вытворчасцей, найперш машынабудавання і хім. прамысловасці. У 1972 у агульным аб’ёме экспарту БССР прадукцыя машынабудавання складала 44% (у экспарце СССР у 1970—22%, ЗША — 42%). У імпарце на тавары лёгкай і харчовай прамысловасці прыпадала 71%, на прадукцыю машынабудавання — 13%. Знешнегандл. сальда Беларусі ў 1970—80 было адмоўным: імпартныя закупкі значна перавышалі экспарт. БССР выйшла на 3-е месца пасля РСФСР і Украіны па аб’ёме знешняга гандлю, але поўнасцю яе магчымасці не выкарыстоўваліся: напр., у 1982 доля Беларусі ў знешнегандл. абароце СССР не перавышала 2,85%, хоць доля рэспублікі ў агульнасаюзнай вытворчасці складала 4%. Вываз бел. прадукцыі ішоў гал. чынам у інш. рэгіёны Сав. Саюза. У 1961 Мінскі трактарны з-д прадаваў прадукцыю больш чым у 40, а ў 1980 — у 70 краін. Экспартныя трактары накіроўваліся пераважна ў краіны «сацыялістычнага лагера» — Польшчу, Балгарыю, ГДР, Венгрыю, Румынію і інш. Так, у 1969 у Балгарыі працавала 15 тыс. трактароў «Беларусь», або кожны 6-ы трактар у гэтай краіне. Бел. трактары карысталіся попытам таксама і ў капіталіст. краінах, прадаваліся ў Францыю, Канаду, Фінляндыю, ЗША, Швецыю, Егіпет, Індыю. Напр., да канца 1970-х г. у Канаду было прададзена больш за 3 тыс.бел. трактароў. Да сярэдзіны 1990-х г. трактары «Беларусь» на міжнар. кірмашах і выстаўках атрымалі 27 медалёў, у т. л. 24 залатыя (1-е месца сярод бел. прадпрыемстваў па колькасці атрыманых узнагарод на міжнар. выстаўках). Прадукцыя Мінскага аўтамабільнага з-да больш чым на 90% ішла ў інш.сав. рэспублікі і за межы СССР. У 1963 мінскія грузавікі працавалі ў 35 краінах свету — Балгарыі, Аб’яднанай Арабскай Рэспубліцы, В’етнаме, Гане, Афганістане, на Кубе і інш.
У 1970 МАЗ-516 на Лейпцыгскім і ў 1985 МАЗ-5432 на Плоўдзіўскім кірмашах адзначаны залатымі медалямі. Прадукцыя аўтазавода ў 1980 экспартавалася ў 52 краіны, у сярэдзіне 1990-х г. — амаль у 80 краін свету. Шырокім попытам па-за межамі СССР карысталася прадукцыя «Гомсельмаша», Віцебскага станкабудаўнічага з-да, Аршанскага льнокамбіната, Салігорскага калійнага камбіната і інш. У 1980 Мінскі маторны з-д экспартаваў прадукцыю ў 52 краіны, электратэхнічны імя Казлова — у 28, рысорны — у 26, падшыпнікавы — у 23, «Ударнік» — у 21, прыборабудаўнічы імя Леніна — у 20, інструментальны — у 19, электрамантажных вырабаў — у 18, веласіпедны — у 16, станкабудаўнічыя імя Кірава і імя Кастр. рэвалюцыі — у 15, «Гарызонт» і гадзіннікавы — у 13, электронных вылічальных машын — у 12. Значнае месца заняла вытв. кааперацыя. Абсталяваннем з Беларусі аснашчаліся прадпрыемствы, што будаваліся з дапамогай СССР: Бхілайскі металургічны камбінат у Індыі, Асуанская ГЭС у Егіпце, машынабудаўнічы з-д у Алжыры, цэментны з-д у Йемене, трактарны з-д у Эфіопіі і інш.Бел. спецыялісты дапамагалі ў геолага-разведачных работах у Афганістане, Іране, Мазамбіку, Сірыі, Малі. Імпартнае абсталяванне, гал. чынам з сацыяліст. краін, паступала і для аснашчэння бел. прадпрыемстваў. Так, у 1961—69 у БССР паступіла больш за 120 камплектаў імпартнага абсталявання, якім было аснашчана амаль 100 прадпрыемстваў, у т. л. Гродзенскі і Полацкі хім. камбінаты, Светлагорскі з-д штучнага валакна, Слуцкі і Жабінкаўскі цукровыя з-ды, Пінскі камбінат верхняга трыкатажу, Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Мінскі з-д халадзільнікаў і інш.
Істотную ролю ў міжнар. супрацоўніцтве Беларусі адыгрывалі культурныя, навук., турысцкія і спарт. сувязі. Традыцыйнай формай культурнага абмену з’яўляліся Дні культуры. У Беларусі прайшлі Дні польскай (1958), чэхаславацкай (1962), венгерскай (1963), мангольскай (1966) культуры. Адбыліся Дэкада балгарскай культуры (1965), Дні балгарскай літаратуры (1966), Дні навукі і тэхнікі Польшчы (1966), Дні Беларусі ў В’етнаме і Дні В’етнама ў Беларусі (1968), Дні тэхнікі і прамысловасці Беларусі ў Польшчы (1968), Дні фінскай культуры ў Мінску (1970), Дні Францыі ў Беларусі (1981), Дні Беларусі ў Славеніі (1986). У 1970—80-я г. Дні культуры Беларусі праведзены таксама ў Індыі, Іраку, Калумбіі, Мексіцы і інш. За межамі СССР было выдадзена больш за 300 кніг 55 бел. пісьменнікаў. Напярэдадні 100-годдзя з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа праведзена значная работа па перакладзе твораў бел. класікаў на замежныя мовы і папулярызацыі іх спадчыны. Наладжвалася супрацоўніцтва паміж маст. калектывамі. Адпаведныя дагаворы былі заключаны паміж Дзярж. тэатрам оперы і балета і опернымі тэатрамі ў Вроцлаве і Лодзі (Польшча), Бел.дзярж. акадэмічным тэатрам імя Я.Купалы і Славенскім нар. тэатрам г. Марыбар (Югаславія). У Мінску адбыліся выстаўкі фінскай графікі (1970), сучаснага жывапісу Югаславіі (1973—74), шэдэўраў жывапісу з калекцыі А.Хамера (ЗША, 1974), польскага жывапісу з калекцый Варшавы і Кракава (1974), шэдэўраў Дрэздэнскай карціннай галерэі (1975), зах.-еўрап. і амерыканскага жывапісу з музеяў ЗША (1976), польскага партрэта 17—18 ст. (1977), шэдэўраў зах.-еўрап. жывапісу 17—18 ст. са збору Нац. галерэі ў Празе (1979), «К.Кольвіц і нямецкая графіка яе часу» з музея Альтэнбурга (ГДР, 1979), нар. мастацтва Ніжняй Аўстрыі (1981) і інш.
Навукова-тэхн. супрацоўніцтва ажыццяўлялася гал. чынам з сацыяліст. краінамі ў рамках СЭУ. Атрымалі шырокае распаўсюджанне такія яго формы, як узаемная тэхн. дапамога ў будаўніцтве прадпрыемстваў, абмен перадавым вытв. вопытам, навукова-тэхн. дакументацыяй, спецыялістамі, павышэнне кваліфікацыі рабочых. Заводы абменьваліся групамі рабочых, якія асвойвалі новыя прыёмы працы. Так, у ліст.—снеж. 1960 група польскіх інжынераў і рабочых трактарнага з-да «Урсус» вывучала вопыт работы на МТЗ. У кастр. 1977 на Мінскім трактарным з-дзе працавала міжнар. школа-семінар перадавога вопыту слесараў-зборшчыкаў прадпрыемстваў трактарнага і с.-г. машынабудавання сацыяліст. краін.
Пашыраліся міжнар. сувязі ВНУ і навук. устаноў БССР з замежнымі партнёрамі. БДУ супрацоўнічаў з універсітэтамі Іены, Сафіі, Кракава, Любляны, Камагуэя; БПІ — з тэхн.ВНУ Браціславы, Ільменаў, Беластока; Бел.тэхнал.ін-т — з Варшаўскай с.-г. акадэміяй; Мінскі пед.ін-т замежных моў — з Солфардскім ун-там. Дзесяткі тысяч замежных грамадзян атрымалі сярэднюю прафесійную і вышэйшую адукацыю ў прафтэхвучылішчах і ВНУ Беларусі. Да канца 1985 у рэспубліцы завяршылі навучанне каля 10 тыс. замежных грамадзян, у т. л. каля 4 тыс. атрымалі вышэйшую і больш за 1 тыс. сярэднюю спец. адукацыю. У 1985 23 ін-ты АН Беларусі і 90 н.-д. устаноў краін—членаў СЭУ, Югаславіі, Бельгіі, Фінляндыі, Францыі, Швецыі праводзілі сумесныя даследаванні па 59 праблемах і тэмах. З 1974 пры Ін-це цепла- і масаабмену АН Беларусі дзейнічаў Міжнар. цэнтр акадэмій навук краін «сацыялістычнага лагера» па павышэнні кваліфікацыі маладых вучоных па праблеме «Цепла- і масаабмен».
Развіваўся замежны турызм, у т. л. транзітны. Заахвочваўся турыстычны абмен паміж прадпрыемствамі. У Мінск з турыстычнымі мэтамі прыбывалі цягнікі дружбы, дэлегацыі рабочых з капіталіст. краін, групы прафс. і грамадскіх дзеячаў. Акрамя азнаямленчых, ставіліся і паліт. мэты ідэалаг. ўздзеяння на гэтых патэнцыяльных саюзнікаў у ідэалаг. супрацьстаянні з зах. светам. У 1971—80 Беларусь наведала каля 100 прафс. дэлегацый амаль з 20 краін. Вял. колькасць замежных турыстаў прыняў Мінск летам 1980 у час спаборніцтваў XXII Алімпійскіх гульняў, на стадыёне «Дынама» адбыліся адборачныя гульні па футболе; у Мінск прыехала каля 15 тыс. удзельнікаў, гасцей Алімпіяды і замежных турыстаў. Калі ў 1958 у Мінску пабывалі крыху больш за 4 тыс. турыстаў з 25 краін, то на працягу 1977—82 Мінскае бюро падарожжаў і экскурсій абслужыла каля 34 тыс. замежных грамадзян. Толькі ў 1978 БССР наведалі 10 092 замежныя турысты, у т. л. 2946 з сацыяліст. і 7146 з капіталіст. краін, найбольш з Францыі (4000) і Італіі (2304). Павялічваўся і выезд бел. турыстаў за межы СССР. Калі ў 1960 па прафс. пуцёўках выехала 535 чал., то ў 1970-я г. выязджала больш за 7 тыс.чал. за год.
З абвяшчэннем у 1985 перабудовы ўсіх бакоў жыцця сав. грамадства ў СССР быў абвешчаны прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей у сферы міжнар. адносін, пашырыўся ўдзел саюзных рэспублік у дзейнасці міжнар. арг-цый, ім была аказана дапамога ў падрыхтоўцы дыпламат. кадраў. Развіваліся чалавечыя кантакты. Разам з тым «аксамітныя рэвалюцыі» ў шэрагу сацыяліст. краін, ліквідацыя арганізацый Варшаўскага Дагавора і СЭУ аслабілі афіц. кантакты з гэтымі краінамі. Як і раней, асн. кірункам дзейнасці БССР на міжнар. арэне была работа ў рамках 70 арг-цый і органаў сістэмы ААН, 35 бел. спецыялістаў працавалі ў пач. 1988 у сакратарыятах міжнар. арг-цый. На 41-й сесіі Ген. Асамблеі ААН дэлегацыя БССР выступіла разам з дэлегацыямі СССР і інш.сацыяліст. краін з ініцыятывай стварэння ўсеаг. сістэмы міжнар. бяспекі. У 1987, на 42-й сесіі Ген. Асамблеі ААН, Беларусь выступіла ў якасці сааўтара мемарандума і прынятай рэзалюцыі аб усеаг. сістэме міжнар. міру і бяспекі, у якой прызнавалася неабходнасць новага паліт. мыслення для ўсіх краін, прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей у міждзярж. адносінах, вызначаліся шляхі забеспячэння міжнар. бяспекі ў ваен., паліт., эканам. і гуманітарнай сферах. На той жа сесіі Беларусь выступіла сааўтарам прынятых рэзалюцый аб ядзерным і хім. раззбраенні, забароне інш. відаў зброі, умацаванні мер даверу, дэкаланізацыі і барацьбе супраць апартэіду, праве народаў на жыццё ва ўмовах міру. БССР ратыфікавала канвенцыі ААН аб аператыўным апавяшчэнні аб ядзернай аварыі (1986), аб дапамозе ў выпадку ядзернай ці радыяцыйнай аварыйнай сітуацыі (1986), аб барацьбе з захопам заложнікаў (1987), аб барацьбе супраць незаконнага абароту наркатычных сродкаў (1989). Унутранае заканадаўства рэспублікі прыводзілася ў адпаведнасць з міжнар. нормамі. У 1989 БССР заявіла аб прызнанні юрысдыкцыі Міжнар. Суда па шэрагу міжнар. дакументаў у галіне правоў чалавека. Аб прыхільнасці да Усеаг. дэкларацыі правоў чалавека (1948) Беларусь заявіла ў кастрычніку 1991. У 1985 у Беларусі праведзены Год ААН, у 1986 — Міжнар. год міру.
Перабудова садзейнічала пашырэнню міжнар. кантактаў грамадзян. У 1989 Бел.т-ва дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі супрацоўнічала з 320 грамадскімі арг-цыямі 74 краін свету па кірунках: садзеянне сац.-эканам. развіццю БССР, гуманітарнае супрацоўніцтва, турыстычны абмен, з 1986 — садзеянне ў ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У выніку спрашчэння прыгранічных паездак толькі за 1-е паўгоддзе 1988 у Польшчы пабывалі больш за 18 тыс. жыхароў Гродзеншчыны, а Гродзенскую вобл. наведалі 34,2 тыс. палякаў. Працягваліся кантакты з гарадамі, абласцямі і прадпрыемствамі-пабрацімамі. У Віцебску адбыўся 1-ы фестываль польскай эстраднай песні (1987), у Бяльскападляскім ваяв. прайшлі Дні Брэсцкай крэпасці-героя (1988). У 1989 больш за 60 бел. прадпрыемстваў ажыццяўлялі прамыя сувязі з прамысл. і с.-г. прадпрыемствамі Балгарыі. У 1987 былі зроблены спробы ўстанавіць прамыя шэфскія сувязі Гродзенскай вобл. з правінцыяй Лагман, Мінскай — з правінцыяй Кунар Афганістана.
Актывізавалася знешнеэканам. дзейнасць. З 1987 у плане эканам. і сац. развіцця БССР быў выдзелены спец. раздзел па знешнеэканам. сувязях. У 1990 прыняты Закон аб асновах знешнеэканам. дзейнасці Беларускай ССР. Больш за 90 прадпрыемстваў і аб’яднанняў рэспублікі ўстанавілі прамыя вытв. і навукова-тэхн. сувязі з замежнымі партнёрамі. У 1987 было створана гаспразліковае аб’яднанне «Беларусьзнешгандаль», а на 8 буйных прадпрыемствах («БелаўтаМАЗ», МТЗ, «Палімір», «Атлант» і інш.) — знешнегандл. фірмы, якія наладжвалі адносіны з фірмамі замежных дзяржаў. Толькі па прамых сувязях з замежнымі краінамі прадпрыемствы і арг-цыі Беларусі ў 1989 экспартавалі прадукцыі на 74,1 млн.руб., імпартавалі — на 61,6 млн.руб. Усяго ў 1989 на экспарт пайшло 22,8 тыс. трактароў, 4,7 тыс. грузавых аўтамабіляў, 2,2 тыс. металарэзных станкоў, 438,7 тыс. халадзільнікаў, на 52,8 млн.руб. вылічальнай тэхнікі, 3,4 млн.т калійных угнаенняў, 17,5 тыс.т сінтэтычных валокнаў і інш. У 1989 зарэгістраваны 22 сумесныя прадпрыемствы па выпуску абутку, вырошчванні жывёлы і перапрацоўцы мяса, вытворчасці тавараў нар. спажывання. Найбольш паспяхова дзейнічалі сумесныя прадпрыемствы «Белвест» (створана віцебскай абутковай ф-кай і зах.-герм. фірмай «Саламандэр», пачало выпуск прадукцыі ў 1989) і сав.-венгерскае па выпуску высакаякаснай пражы «Барыфорг», заснаванае ў Барысаве. З Польшчай былі створаны сумесныя калектывы канструктараў і вучоных Мінскага НВА «Дармаш» і камбіната «Сталева Воля», Гомельскага станкабудаўнічага ВА імя Кірава і з-да дакладных станкоў «Механіцы». 9 НДІАН Беларусі вялі распрацоўкі з партнёрамі з сацыяліст. краін.
Такім чынам, у 1960—80-я г. Беларусь пашырыла сваю дзейнасць у рамках ААН і інш.міжнар. арг-цыях, актыўна ўключылася ў міжнар.эканам. і гуманітарнае супрацоўніцтва.
Войтович С.Д., Воробей Н.С., Толстой В.С. Сотрудничество Белорусской ССР с социалистическими странами. Мн., 1970;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 5. Мн., 1975;
Белорусская ССР в международных отношениях: Многосторонние междунар. договоры, конвенции и соглашения БССР с иностр. государствами (1960—1980). Мн., 1983;
Сергеева Г.Г. Белорусская ССР в научном сотрудничестве Советского Союза и социалистических стран (1945—1985 гг.). Мн., 1986;
Языкович Л.В. Деятельность Белорусской ССР в ЮНЕСКО. Мн. 1986;
Лейкин Э.А. Ради жизни на земле: БССР в борьбе за мир и междунар. безопасность. Мн., 1986;
Матэрыялы XXX з’езда Камуністычнай партыі Беларусі. Мн., 1986;
Белорусская ССР и социалистические страны: укрепление дружбы, сотрудничества, братства (1945—1987 гг.). Мн., 1987;
Леднева А.С. Интернациональные связи рабочего класса Белорусской ССР (1976—1987 гг.): (Произв. сотрудничество рабочего класса БССР с социалист. странами). Мн., 1988;
Академия наук Белорусской ССР. Мн., 1989;
Войтович С.Д. БССР в экономических отношениях СССР с зарубежными странами (1945—1987). Мн., 1989;
Грыгор’ева В.В. Беларуская ССР на этапе перабудовы: Некаторыя аспекты сац.-экан. развіцця. Мн., 1991;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;
Матэрыялы па гісторыі Беларусі. Мн., 1998;
Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1999;
Снапкоўскі У. Беларуская ССР на міжнароднай арэне (1944—1990 гг.) // Бел. журн. междунар. права и междунар. отношений. 1999. №2;
Абрамаў І.М. Тэндэнцыі развіцця эканомікі Беларусі // Беларусь на мяжы тысячагоддзяў. Мн., 2000;
Гісторыя Беларусі: Вучэб. дапам. 2 выд.Мн., 2000;
Борисенко В.В. Участие Беларуси во внешнеэкономических связях Советского Союза, 1971—1985: Автореф. дисс... канд. ист. наук. Мн., 2001;
Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;
Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;
Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 5—6. Мн., 2002—03;
Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). Мн., 2003;
Тихомиров А.В. Беларусь в международных отношениях, 1772—2002. Мн., 2003.
І.І.Гвардзееў (народная гаспадарка), У.Я.Казлякоў (дэмакратызацыя грамадскага жыцця, абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь), А.Ф.Самусік (адукацыя, навука), Г.П.Бушчык (развіццё знешнепалітычнай дзейнасці і міжнародных сувязей).
Генеральны сакратар ААН У Тан у час наведвання Хатыні. Ліпень 1970.Прэзідэнт Францыі Ж.Пампіду і Генеральны сакратар ЦККПСС Л.І.Брэжнеў у Заслаўі. Студзень 1973.Прэзідэнт ЗША Р.Ніксан на прыёме ў 1-га сакратара ЦККПБ П.М.Машэрава. Мінск. 1.7.1974.Ліцэісты з французскага г. Ліён — пабраціма Мінска — каля экспазіцыі, прысвечанай подзвігам лётчыкаў палка «Нармандыя—Нёман». Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Красавік 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАСЛА́ННЕ ДА ЛАТЫ́Н З ІХ ЖА КНІГ»,
«Послание до латын из их же книг», ананімны палемічны твор. Напісаны на старабел. мове не пазней 1582 манахамі Супрасльскага манастыра ў адказ на кнігу П.Скаргі «Пра еднасць касцёла божага» (1577). Захаваўся ў некалькіх спісах, надрукаваны ў «Рускай гістарычнай бібліятэцы» (т. 19, 1903). Накіраваны супраць каталіцызму і яго прапаведнікаў. Выкарыстаўшы каталіцкія хронікі, творы рым. гісторыка Марцэліна, лац. тэолагаў Грацыяна, Плаціна і інш., аўтар з сарказмам паказаў гісторыю панавання папства, усё, што хаваецца пад маскай святасці. Насуперак Скаргу, які называў пап духоўнымі пастырамі і «намеснікамі бога на зямлі», у «Пасланні...» яны паказаны як хціўцы, рабаўнікі, авантурысты, антыхрысты, якія ў пагоні за раскошай і неабмежаванай уладай ператварылі каталіцкі касцёл у дом распусты. Мова твора максімальна набліжана да гутарковай, з вобразнымі выслоўямі і параўнаннямі. «Пасланне...» — пэўная вяха ў развіцці антыкаталіцкай палемічнай публіцыстыкі. Ідэі твора, матывы і маст.-стылявыя сродкі выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці М.Сматрыцкі, С.Зізаній, В.Суражскі, І.Вішанскі і інш. пісьменнікі-палемісты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАТРАЛЬНАЕ МАСТАЦТВА АД ВЫТОКАЎ ДА ПАЧАТКУ 20 ст.
Тэатр — адзін з найб.стараж. і распаўсюджаных відаў мастацтва на Беларусі. Яго вытокі ў міфалогіі, нар. рытуалах, карагодах, карнавальных шэсцях і гуляннях. Многія каляндарна-абрадавыя святы, звязаныя з гадавым кругаваротам сонца, утрымліваюць элементы драматургіі, славеснага і фізічнага дзеяння, гульнёвую імправізацыю, што ўласціва тэатр. мастацтву. Нар. святы, рытуалы, тэатралізаваныя гульні прымяркоўваліся да кожнай пары года: з вясенняга цыкла — гуканне вясны, Сёмуха, русаллі, з летняга — Купалле, зажынкі, дажынкі, з асенняга — Пакроў, Багач, з зімовага — Каляды, масленіца і інш. Асабліва вылучаліся сваёй яркасцю, багатай тэатралізацыяй Купалле і Каляды — час летняга і зімовага сонцастаяння. Купалле праводзілася на працягу толькі адной ночы, але па насычанасці драматургічнымі элементамі, гульнёва-тэатр. ігрой яго можна назваць вялікай нар. містэрыяй. Каляды адзначаліся на працягу 2 тыдняў і яшчэ больш звязаны са сцэн. дзеяннямі, выканальніцкай традыцыяй (выкарыстанне калядоўшчыкамі масак і грыму, пераапрананне ў мядзведзя, казу і інш., паказ драм. сцэн, выступленні з дыялогамі, маналогамі і г.д.). Другой крыніцай узнікнення і фарміравання фалькл. тэатра стаў «кругаварот» чалавечага жыцця. Рытуаламі, нар. абрадамі, магічнымі дзеяннямі, у якіх таксама ёсць выразныя элементы драм.-тэатр. ігры, адзначаюцца ўсе асн. жыццёвыя вехі чалавека: ад нараджэння (адведкі, хрэсьбіны) да памінання памерлага. Найвышэйшы іх узлёт — вяселле, якое складаецца з трох асноўных цыклаў: давясельнага (сватанне, агледзіны, заручыны), уласна вясельнага і паслявясельнага (працягваецца значны час). Яно суправаджаецца элементамі ігры, тэатр. дзейства. Цэнтр. яго частка — сам ход вяселля, дзе адбываецца акрэслены падзел на гледачоў (запрошаныя госці за сталом і незапрошаныя, якія назіраюць за падзеямі збоку) і непасрэдных дзеючых асоб абраду. Асн. персанажы, на якіх ускладаюцца кіраўніча-рэжысёрскія функцыі, — сват і свацця. Іншыя дзеючыя асобы, у т. л. жаніх і нявеста, таксама выконваюць прызначаныя ім ролі. Е.Раманаў назваў бел. вяселле нар. операй.
На пачатку зараджэння сцэн. мастацтва не было відавочнага падзелу на выканаўцаў і гледачоў — усе маглі выконваць абедзве функцыі. З развіццём грамадства і дасягненнем пэўнага ўзроўню цывілізацыі ўзнікла патрэба ў адмысловых майстрах, спецыялістах сваёй справы. Так з’явіліся першыя прафес. акцёры, дзейнасць якіх пачынаецца з даўніх часоў. У залежнасці ад заняткаў іх называлі па-рознаму (гудцы, плясцы і інш.). З 11 ст. замацоўваецца тэрмін «скамарохі» (паводле галоўнага творчага занятку ўжываюцца таксама паняцці «бахары», «мядзведнікі»). Яны падзяляліся на вандроўных і аселых. Найб. распаўсюджанне і вядомасць набылі вандроўныя скамарохі, якія выступалі на кірмашах, плошчах і інш. людных месцах. Іх мастацтва, разлічанае на самыя шырокія нар. масы, вызначалася глыбокім дэмакратызмам, крытычнай скіраванасцю ў бок чалавечых заган і пануючых класаў, а ўмовы выступленняў вымагалі імправізацыйнасці, умення прыстасоўваць паказы да розных абставін. У рэпертуары — фалькл. і жыццёва рэальныя сюжэты пераважна камедыйна-фарсавага і сатыр. плана. Пазней, калі ў грамадстве склаліся пануючыя класы, узніклі аселыя скамарохі. Яны выступалі ў княжацкіх палацах, магнацкіх і панскіх маёнтках, абслугоўвалі гаспадароў і іх гасцей. Іх мастацтва мела ўвесяляльны характар, але вызначалася высокім выканальніцкім майстэрствам і культурай. Творчасць скамарохаў спалучала ўсе асн. віды сцэн. мастацтва — драм., муз., вакальнае, танцавальнае, цыркавое, эстраднае. Яны выступалі не толькі выканаўцамі, а вялі і арганізатарскую, пастановачна-рэжысёрскую працу. Дзейнасць аселых скамарохаў спынілася ў 19 ст., вандроўныя выступалі і ў пачатку 20 ст. З 16 ст. пашырыліся школьныя тэатры, створаныя на тэр. Беларусі пад уплывам краін Захаду. Яны існавалі пры духоўных навуч. установах (акадэміях, калегіумах, семінарыях, брацкіх школах). Спачатку — у каталіцкіх, а пазней ва уніяцкіх і правасл. вучэльнях, дзе выхаванцы авалодвалі сцэн. маўленнем і тэатр.-выканальніцкім умельствам. Драм. творы розных жанраў — літургічныя драмы, містэрыі, міраклі, маралітэ — ствараліся на сюжэты Бібліі, антычнай міфалогіі, тэмы гісторыі. Іх аўтарамі звычайна былі выкладчыкі навуч. устаноў. У галіне драматургіі працавалі Сімяон Полацкі (пазней ён пераехаў у Маскву, дзе стаў заснавальнікам школьнай драмы і тэатра ў Расіі), К.Марашэўскі (асаблівую папулярнасць набыла яго «Камедыя», сюжэт і вобразы якой выкарыстоўваюцца і ў сучасным бел.сцэн. мастацтве), М.Цяцерскі (найб. вядомы яго твор — «Доктар па прымусе» паводле Ж.Б.Мальера) і інш. Папулярнасцю ў гледачоў карысталіся ўстаўныя сцэнкі — інтэрмедыі, не звязаныя з асн. сюжэтам, пераважна камед. і сатыр. плана на тагачасныя свецкія і фалькл. тэмы. Іх аўтарамі выступалі самі шкаляры-навучэнцы. З найб. каларытных інтэрмедый — «Чорт Асмалейка», «Іван і царкоўны вартаўнік», «Селянін і студэнт», «Селянін і студэнт-уцякач», «Літаратар, селянін і Самахвальскі», «Мужык», «Змітрок і Свірыд», «Селянін у касцёле», «Селянін на споведзі». Вобразы беларусаў з іх характэрнай лексікай выведзены ў асобных інтэрмедыях да школьных драм «Уладатворчы воблік», «Уваскрэсенне мёртвых», «Стэфанотакас», «Камічнае дзеянне», «Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба» і інш. Пастаноўшчыкамі спектакляў былі выкладчыкі паэтыкі і рыторыкі, а выканаўцамі — навучэнцы. Спектаклі ставіліся паводле эстэтыкі сцэн. класіцызму са строгім захаваннем прынцыпаў і манеры выканання. У інтэрмедыях дапускаліся адступленні ад устаноўленых правіл, яны выконваліся больш у жыццёва-побытавым плане. Паказы школьных драм, часам з выкарыстаннем даволі складанай тэатр. машынерыі і дэкарацыйна-светлавой сістэмы афармлення, адбываліся ў вучэбных памяшканнях. Былі выпадкі, калі навучэнцы-шкаляры, каб атрымаць пэўны заробак, у час канікул вандравалі па розных населеных пунктах і разыгрывалі інтэрмедыйныя сцэны перад шырокай публікай. У розны час школьныя тэатры працавалі ў Полацку, Пінску, Гродне, Віцебску, Навагрудку, Мінску, Нясвіжы, Брэсце, Оршы, Слуцку, Магілёве, Слоніме, Бабруйску. Яны праіснавалі дапач. 19 ст.
Самы папулярны від фалькл.сцэн. мастацтва — лялечны тэатр батлейка. Яго назва паходзіць ад польскай назвы г. Віфлеем — месца нараджэння Хрыста. Батлейка ўяўляла сабой маляўніча аздобленую драўляную скрынку ў форме хаткі ці царквы, падзеленую на 2 ярусы: верхні і ніжні. У падлозе кожнага з іх былі проразі, па якіх на шпянях батлейшчык вадзіў лялькі. Падзеі, што адбываліся ў батлейцы, асвятляліся свечкамі. Лялькавод знаходзіўся за шырмай, адкуль прамаўляў за дзеючых асоб інтанацыйна-індывідуалізаваны тэкст. Паказы суправаджаліся музыкай (звычайна скрыпкі, бубна). Яны складаліся з 2 аддзяленняў: рэліг. часткі, у якой паказвалася містэрыя «Цар Ірад» (апавяданне пра нараджэнне Хрыста і пра каварныя ўчынкі, якія здзяйсняў цар Ірад, каб утрымацца на троне), і свецкай, дзе разыгрываліся асобныя сцэнкі на быт. і фалькл. тэмы, не звязаныя з асн. тэкстам драмы. Падзеі 1-й часткі паказваліся на верхнім ярусе, 2-й — на ніжнім. Спектаклі былі сінтэтычныя, убіралі ў сябе драм., вакальна-муз., танцавальнае мастацтва. Асабліва шырока выкарыстоўваліся песні і скокі ў 2-й інтэрмедыйнай частцы паказу. Выканаўцамі напачатку выступалі шкаляры-семінарысты, пазней — рамеснікі, сяляне. Прафесія батлейшчыка нярэдка перадавалася з пакалення ў пакаленне па спадчыне. Мастацтва батлейкі спалучала ў сабе сярэдневяковыя містэрыяльную строгасць і ўзнёсласць з весялосцю і карнавальнай культурай. Паказы батлейкі, распаўсюджанай па ўсёй Беларусі, адбываліся на вуліцах, плошчах, інш. людных месцах, а найчасцей — у дамах, выконваючы ролю своеасаблівага хатняга тэатра. У сваім развіцці батлейка прайшла вялікі эвалюцыйны шлях — ад «Цара Ірада» да інтэрмедый, камедыйна-сатырычных па жанры і глыбока дэмакратычных па змесце, у якіх знайшла адлюстраванне нар. філасофія. Сярод інтэрмедый: «Вольскі — купец польскі», «Мацей і доктар», «Барыня і доктар», «Волжскі дваранін і Ванька», «Яўрэй і казак», «Цыган і цыганка», «Скамарох з мядзведзем». У Беларусі вядомы каля 40 лялек-персанажаў, увасоблены асн. тыпы тагачаснага грамадства і фалькл. вобразаў, дзякуючы чаму батлейка мела шырокія магчымасці для адлюстравання самых розных тэм і сюжэтаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. ставіліся спектаклі і без «Цара Ірада». Тады паказы адбываліся ў аднаяруснай скрынцы. Выступалі батлейшчыкі і ў жывым плане, у т.зв. батлеі. З пач. 20 ст. ў спектаклях часам адлюстроўваліся надзённыя падзеі той мясцовасці, дзе адбываліся паказы, і батлейка выконвала ролю своеасаблівай жывой газеты (напр., тэатр Патупчыка ў Докшыцах). Напр., у 1915 у Мінску 90 разоў быў наладжаны паказ такой жывой батлейкі. Мастацтва бел. батлейкі М. і І. Барашкі дэманстравалі ў 1923 у Маскве на сельскагаспадарчай і саматужна-прамысл. выстаўцы.
Вышэйшы этап развіцця фалькл.тэатр. творчасці — нар. драма, якая сінтэзавала дасягненні скамарохаў, батлейшчыкаў, выканальніцкае мастацтва школьных інтэрмедый, вядомая на Беларусі з 17 ст. Асноўны драм. твор — «Цар Максімілян» — меў шмат варыянтаў. Іншы раз яго замянялі «Цар Ірад» у жывым выкананні ці кантамінацыя абодвух твораў — «Трон». Як і ў батлейцы, у нетрах якой фактычна і сфарміравалася нар. драма, паказы падзяляліся на 2 часткі: сур’ёзную, дзе разыгрываўся асн. сюжэт (узыходжанне Максіміляна на царскі трон, яго барацьба з сынам Адольфам, смерць апошняга, пахаванне) і камедыйную, у якой разыгрываліся інтэрмедыйныя сцэнкі, нярэдка ў пашыраных і паглыбленых варыяцыях батлейкі. Асн. сюжэт і разрозненыя, не звязаныя адна з адной інтэрмедыі аб’ядноўвала агульная карнавальная накіраванасць і танальнасць, нар. «смехавая» культура, дзе прыніжалася высокаўзнёслае, а фамільярнасць трактавалася як нармальная форма зносін паміж людзьмі; смехам нішчыліся сац. няроўнасць, прыгнёт, чалавечыя заганы. Нар. драма наблізілася да мастацтва прафес. тэатра: паказы па працягласці часу былі прыкладна раўназначныя спектаклям, вяліся рэпетыцыі, выканаўцы завучвалі тэкст, распрацоўвалі мізансцэны, выкарыстоўвалі грым, спец. касцюмы, рэквізіт, які замяняў дэкарацыі. У якасці рэжысёра была сцэн. традыцыя. Нар. драма канчаткова сфарміравала і зацвердзіла прыёмы і манеру ігры ў фалькл. тэатры: сцэн. дэкламацыйнасць, гукавая ўзмоцненасць і напеўнасць маўлення, шырокія, узбуйненыя жэсты і рухі, знешняя кідкасць, падкрэсленая ўмоўнасць існавання ў вобразе, спец. выкарыстанне эфектаў, імправізацыйнасць, непасрэдная апеляцыя да гледачоў і інш.Нар. драма зрэдку ставілася аматарамі і ў 20 ст. (апошнія паказы вядомы ў 1963), выкарыстоўвалася і ў прафес. тэатры (1924, 1926).
Фалькл. сцэн. мастацтва — скамарохі, інтэрмедыі школьнага тэатра, батлейка, нар. драма — паўплывала на станаўленне і развіццё нац. прафесійнага тэатра. У 18 ст. створаны шматлікія прыдворныя гарадскія і маёнткавыя тэатры, якія нярэдка з аматарскіх перарасталі ў прафес. калектывы. Напр., у Альбе пад Нясвіжам 13.6.1746 сыграна камедыя Ф.У.Радзівіл «Дасціпнае каханне» (на 10 гадоў раней, чым першы спектакль «бацькі рускага тэатра» Ф.Волкава ў Яраслаўлі). Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, заснаваны ў 1746 Ф.У.Радзівіл, працаваў з некаторымі перапынкамі да 1791. У 1747—48 для яго пабудаваны спец. будынак, спектаклі ставіліся і ў інш. месцах. Для гэтага тэатра Ф.У.Радзівіл стварыла 16 драм. твораў і оперных лібрэта. Сярод пастановак яе п’ес: «Каханне — зацікаўлены суддзя» (1747), «Суддзя, пазбаўлены розуму» (1748), «Убачанае не мінае» (1749), «Забава фартуны», «Суцяшэнне ў клопатах» і «Золата ў агні» (усе 1750), «Несумленнасць у пастцы» (1751). Рэжысёрамі былі Ф.У.Радзівіл, Я.Фрычынскі і інш. Разам з прыгоннымі акцёрамі выступалі запрошаныя майстры. Сярод найб. вядомых выканаўцаў К.Аўсінскі, Я.Закжэўскі, М.Лазанская, М.Перажынская, В.Ясінскі. Падзеяй стала пастаноўка 17.10.1784 оперы «Агатка, або Прыезд пана» (музыка Я.Голанда, лібрэта М.Радзівіла), прымеркаваная да прыезду ў Нясвіж караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Тэатр. справу, пачатую Ф.У.Радзівіл, працягвалі інш. прадстаўнікі роду Радзівілаў. У 1751 Г.Ф.Радзівіл стварыў тэатр у Слуцку (спец. памяшканне для яго пабудавана ў 1765), дзе ставіліся драм., оперныя і балетныя спектаклі; з выканаўцаў — Мараўскі, Ажэльскі, у пастаноўках удзельнічалі кадэты, падданыя Радзівіла. У 1769—80 працаваў Гродзенскі тэатр А.Тызенгаўза, які набыў вядомасць высокім выканальніцкім майстэрствам. Ставіліся творы італьян., ням., франц. аўтараў. Трупа папаўнялася і запрошанымі з-за мяжы акцёрамі, і выпускнікамі мясц.муз.-тэатр. школы (у 1780 у ёй налічвалася больш за 70 чал.). Сярод найб. вядомых акцёраў М.Адольская, А.Бжазінскі, Е.Валінскі, А.Дарэўская, Р.Лаўцэвіч, М.Малінская, Д.Пякарская-Сітанская, М.Рымінскі, М.Сітанская, М.Чаклінская. У 1771—91 у Слоніме працавала прыдворная тэатр. трупа М.К.Агінскага. Спачатку яна існавала як «плывучы тэатр» (паказы наладжваліся на баржах на Агінскім канале), у 1780 пабудавана адмысловае шыкоўнае памяшканне, прыстасаванае для грандыёзных па маштабе спектакляў з вялікай колькасцю выканаўцаў і ў пышным маст. афармленні. Частка сцэны запаўнялася вадой з канала, і па ёй плавалі лодкі, білі асветленыя бенгальскімі агнямі 2 фантаны, паказваліся розныя водныя феерыі з дапамогай піратэхнікі, баталіі коннікаў. Ставіліся оперы, балеты, муз. камедыі, трагедыі, у т. л. «Альзіра» і «Мар’яна» Вальтэра, «Зменены філосаф» і «Елісейскія палі» М.К.Агінскага. Філіялы Слонімскага тэатра працавалі ў г. Седльцы (Польшча) і мяст. Целяханы.
Маштабнасцю і пышнасцю паказаў вызначаўся Шклоўскі тэатр графа С.Зорыча, які дзейнічаў у 1778—1800 (памяшканне пабудавана ў 1780). У ім выступалі замежныя гастралёры, навучэнцы кадэцкага корпуса, прыгонныя выканаўцы. Асабліва славіўся драм. акцёр П.Мяшчэрскі, выканальніцкая манера і майстэрства якога паўплывалі на творчасць рэфарматара рус. сцэны М.Шчэпкіна. Вядомасць набылі прыгонныя акцёры — сёстры П. і К. Азарэвічы, Г. і Р. Бекеры, К.Буткевіч, М.Бушынская, Г.Максімовіч, Я.Палітыка, К.Скорабагаты, Н.Соніна, Л.Суворава, Я.Чуцікаў, Ф.Шамборскі, А.Янкілевічава. Асабліва грандыёзнае тэатр. відовішча (пантаміма з алегорыямі з выкарыстаннем да 70 пышных дэкарацый) наладжана 30.5.1780 з нагоды сустрэчы ў Шклове імператрыцы Кацярыны II і аўстр. імператара Іосіфа II. На прадстаўленні прысутнічаў увесь расійскі двор. Пашыранымі ў 18 ст. былі і маёнткавыя сцэн. калектывы. Сярод іх тэатры князёў Сапегаў у Ружанах і Дзярэчыне, тэатры Тышкевічаў у Свіслачы і Плешчаніцах. У г. Магілёў працаваў тэатр графа З.Р.Чарнышова. Пры буйнейшых тэатр. калектывах (у Нясвіжы, Слуцку, Слоніме, Шклове) арганізоўваліся школы, якія рыхтавалі акцёраў, музыкантаў. Высокімі патрабаваннямі і дакладна арганізаваным навуч. працэсам славілася муз.-тэатр. школа Тызенгаўза ў Гродне. Выкладаць у ёй запрашалі замежных спецыялістаў, а таксама найб. таленавітых выхаванцаў уласных школ. Шэраг выпускнікоў з Гродна, Шклова пазней сталі вядучымі творцамі Пецярбурга, Варшавы, Масквы. У канцы 18 ст. на Беларусі з’явіліся першыя прафес. антрэпрызы камерцыйных агульнадаступных тэатраў, якія сталі пашыранымі ў пач. 19 ст. У 1801 М.Кажынскі ў Гродне арганізаваў оперна-драм. трупу, якая ў 1802—05 працавала ў Мінску, гастраліравала ў Маскве, Віцебску, Полацку, Бешанковічах і інш. У 1811—32 мінскую антрэпрызу ўзначальваў А.Жукоўскі. У 1812 Я.Ходзька з групай паліт. і культ. дзеячаў паставіў у Мінску сваю п’есу пра падзеі вайны 1812 «Вызваленая Літва, або Пераход Нёмана». Даволі інтэнсіўным было тэатр. жыццё ў Гродне. З 1794 тут выступала трупа актрысы і антрэпрэнёра С.Дэшнер. У 1802 яна атрымала дазвол мясц. улад на сталую арэнду памяшкання гар. тэатра. З 1806 гэты калектыў узначальваў Я.Шыманскі. Сярод спектакляў «Зоська, ці Вясковыя залёты» М.Каменскага, «Служанка-пані» Дж.Паізіела, «Данос» В.Капніста. З пач. 19 ст. арганізоўваліся тэатр. трупы ў Магілёве, Віцебску, Брэсце, Полацку, Слуцку, Шклове і інш., але працавалі яны не заўсёды стабільна. Сярод найб. вядомых кіраўнікоў тэатраў-антрэпрэнёраў К. і Я. Камінскія, Ю.Мілеўскі, А.Руткоўскі, Р.Скібінскі, Я.Хелмікоўскі. З пач. 19 ст. па 1861 на Беларусі працавала больш за 50 антрэпрэнёраў.
Самая маштабная постаць у бел. драматургіі і тэатр. мастацтве 19 ст. — В.Дунін-Марцінкевіч, які заклаў асновы нац. тэатра. У пач. 1840-х г. ён ствараў драм. творы і ўдзельнічаў у іх пастаноўках: «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (выканаў ролю Іагана Бенатана), «Чарадзейная вада», «Спаборніцтва музыкаў», «Сялянка» (апублікавана ў 1846). З 2-й пал. 1840-х г. В.Дунін-Марцінкевіч вёў мэтанакіраваную працу па стварэнні прафес.нац. тэатра, які адкрыўся 9.2.1852 у Мінску спектаклем «Сялянка» (рэж. В.Дунін-Марцінкевіч, музыка С.Манюшкі, К.Кжыжаноўскага і інш.). Пастаноўка сінтэзавала драм., вакальна-муз. і танц. мастацтва. Акрамя выканаўцаў роляў (у складзе трупы было больш за 20 чалавек), удзельнічалі хор і аркестр. Найб. поспех меў В.Дунін-Марцінкевіч — выканаўца цэнтр. ролі Навума Прыгаворкі. У спектаклі выступалі яго дочкі Каміла і Мальвіна, сын Міраслаў, Кжыжаноўскі, Лопат, Ляўданскі, Кабылінскі, Прушынскі і інш. Спектакль вызначаўся маштабнасцю і сцэн. маляўнічасцю, наследаваў традыцыі нар.фалькл. і прафес.тэатр. мастацтва. Пасля першага паказу «Сялянкі» дзейнасць тэатра забаронена ўладамі. Нелегальныя паказы адбываліся да 1856 у Мінску, Бабруйску, Слуцку, Глуску і інш. Пазней В.Дунін-Марцінкевіч працягваў тэатр. дзейнасць у фальварку Люцынка (каля г. Івянец) разам з вучнямі ў створанай ім школе. Сярод яго драм. твораў, якія захаваліся, — фарсы-вадэвілі «Пінская шляхта» (1866), «Залёты» (1870). Пачынанні В.Дуніна-Марцінкевіча ў драматургіі працягвалі Я.Баршчэўскі (рамант. драма «Жыццё Сіраты», 1849), П.Шпілеўскі (п’еса «Дажынкі», 1857), Г.Марцінкевіч (камедыя «Аказія пры Палкоўніцах», паст. ў Віцебску ў 1862), А.Вярыга-Дарэўскі (драма «Гордасць», камедыя «Гнеў», лібрэта камедыі-оперы «Грэх», усе ў 1863 канфіскаваны), Ядвігін Ш. (камедыя «Злодзей», 1892). Аднак царскай цэнзурай яны былі забаронены да пастаноўкі, і большасць з іх не захавалася.
У пач. 20 ст. разгарнуўся інтэнсіўны рух за адраджэнне бел. тэатра. У 1902 без дазволу цэнзуры, нелегальна пастаўлена п’еса «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага ў Радашковічах і маёнтку Карлсберг пад Радашковічамі, у 1906 — у Пятроўшчыне пад Мінскам. У 1909 у в. Кленікі на Гродзеншчыне ўвасоблена п’еса «Разумны і дурань» І.Карпенкі-Карага. У 1910-я г. набылі папулярнасць бел. вечарынкі, на якіх ставіліся драм. спектаклі, чыталіся творы бел. пісьменнікаў, выконваліся нар. песні і танцы. Найб. значнай стала Першая бел. вечарынка ў Вільні, праведзеная 12.2.1910. У ёй удзельнічалі 3 калектывы: драм., створаны Ф.Аляхновічам (паказана п’еса «Па рэвізіі», выканаўцы роляў А.Бурбіс, Ч.Родзевіч, Ф.Мурашка, У.Арлоўскі, Г.Корсак, Ф.Аляхновіч); харавы пад кіраўніцтвам Л.Рагоўскага, які праспяваў «А хто там ідзе?» (музыка Л.Рагоўскага на словы Я.Купалы), бел.нар. песні; танцавальны на чале з І.Буйніцкім. Удзельнічала каля 100 выканаўцаў, прысутнічала каля 1 тыс. гледачоў. Трыумфальна праведзеная вечарынка стала штуршком і асновай для стварэння нац.прафес. тэатра — Першай бел. трупы І.Буйніцкага. Калектыў, арганізаваны І.Буйніцкім у 1907 у в. Палівачы, быў папоўнены новымі выканаўцамі, у т. л. і ўдзельнікамі вечарынкі ў Вільні, і ўжо як прафес. тэатр — Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага — летам 1910 выехаў на гастролі па Беларусі. У аснову дзейнасці тэатра быў пакладзены прынцып бел. вечарынак: у адзін вечар ставілася п’еса, хор выконваў нар. песні, паказваліся танцы, выступалі дэкламатары з чытаннем бел. вершаў. Тэатр быў вандроўны, праводзіў маст.-асветную работу і карыстаўся ў гледачоў вялікім поспехам. Выступаў у Мінску, Полацку, Дзісне, Слуцку, Нясвіжы, Смаргоні, Капылі і інш. гарадах і мястэчках Беларусі, у Пецярбургу (1911, 1912), Варшаве (1913). Сярод пастановак: «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Міхалка» Далецкіх, «Па рэвізіі» і «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага, «У зімовы вечар» і «Хам» паводле Э.Ажэшкі, «Сватанне» і «Мядзведзь» А.Чэхава. У спектаклях удзельнічалі І.Буйніцкі, А.Бурбіс, Крапівіха (Цётка), А.Забель (З.Абрамовіч), Воінаў, Карскі, Карповіч і інш. У 1913 тэатр з-за матэрыяльных цяжкасцей і цэнзурнага ўціску спыніў сваю дзейнасць. Справу Буйніцкага прадоўжыў Ф.Ждановіч. З прафес. акцёрамі і аматарамі Мінска ён падрыхтаваў спектакль «Паўлінка» Я.Купалы і летам 1913 паказаў яго ў Радашковічах. Нягледзячы на поспех спектакля, Ф.Ждановіч не атрымаў дазволу на адкрыццё ў Мінску новага тэатра — Першага таварыства бел. драмы і камедыі. Адкрыццё тэатра адбылося значна пазней — 23.4.1917. На сцэне Мінскага гар. тэатра былі паказаны «Паўлінка» і «У зімовы вечар». Пазней Першае таварыства бел. драмы і камедыі пад кіраўніцтвам Ф.Ждановіча працавала ў клубе «Беларуская хатка», у т. л. ў складаных умовах германскай і польскай акупацыі (1918—20). Упершыню тут былі пастаўлены «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Антось Лата» Я.Коласа, «Пісаравы імяніны», «Апошняе спатканне» і «Бязвінная кроў» У.Галубка, «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.Буйло, «Мікітаў лапаць» М.Чарота. Побач з вопытнымі акцёрамі [Ф.Ждановіч і Ф.Аляхновіч, якія займаліся і рэжысёрска-адміністрацыйнай дзейнасцю, Г.Грыгоніс, К.Міронава, П.Мядзёлка, А.Ліпніцкая, А.Крыніца (сапр. А.Ждановіч)] у тэатры працавалі і пачаткоўцы (І.Ждановіч, У.Галубок, М.Міцкевіч, Л.Ржэцкая, К.Саннікаў, С.Станюта), якія пазней сталі выдатнымі майстрамі сцэны.
Значны след у гісторыі тэатр. мастацтва пакінуў Бел. музычна-драм. гурток у Вільні, які распачаў дзейнасць 19.5.1910 пастаноўкай Ф.Аляхновічам п’есы К.Каганца «Модны шляхцюк». Афіц. адкрыццё адбылося 31.3.1911, калі быў зацверджаны статут. Гурток упершыню даў сцэн. жыццё «Паўлінцы» Я.Купалы (27.1.1913, рэж. А.Бурбіс, у ролі Паўлінкі — С.Маркевіч) і «Залётам» В.Дуніна-Марцінкевіча на музыку М.Ячыноўскай (25.1.1915, рэжысёры А.Бурбіс і М.Ячыноўская, у ролях К.Душэўскі, А.Бурбіс, З.Бядуля). Калектыў ставіў «Міхалку» Далецкіх, «Як яны жаніліся» А.Валодзьскага і інш. З-за акупацыі герм. войскам Вільні дзейнасць гуртка спынілася, але ўжо 1.6.1916 быў адкрыты Бел. клуб, у якім разгарнула працу Бел.драм. дружына пад кіраўніцтвам Ф.Аляхновіча. Тут пастаўлены яго п’есы «На Антокалі», «На вёсцы», «Калісь», «Бутрым Няміра», «Манька», «Базылішк», «Чорт і Баба», сцэн. фантазія «У купальскую ноч», а таксама «Паўлінка», «Антось Лата» і інш. У 1918 калектыў, рэарганізаваны ў Нар. тэатр, узначаліў А.Бароўскі. На яго аснове меркавалася стварыць у Вільні Бел.дзярж. тэатр, але задума засталася няздзейсненай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЕТ
ХАРЭАГРАФІЯ Ў ПРЫГОННЫХ ТЭАТРАХ, ФАРМІРАВАННЕ БЕЛАРУСКАГА СЦЭНІЧНАГА ТАНЦА І БАЛЕТА ДА 20 ст.
Сярод першых балетных тэатраў на Беларусі — прыгонныя т-ры 18—19 ст., у якіх былі балетныя трупы. Яны дзейнічалі ў прыватнаўласніцкіх гарадах, замках і сядзібах у спецыяльна абсталяваных памяшканнях ці ў залах палацаў, ратуш і інш. Паводле гіст. звестак, першым балетным т-рам быў Нясвіжскі т-р Радзівілаў (1740—91), які прайшоў шлях ад аматарскага дапрафес. і сфарміраваў вялікі арыгінальны рэпертуар. У яго складзе налічвалася больш за 20 прыгонных танцораў. Часам у спектаклі ўдзельнічалі члены княжацкай сям’і, прадстаўнікі шляхты і кадэты нясвіжскага корпуса. У розныя гады ў тэатры балетмайстрамі працавалі Я.Аліўе, Л.Дзюпрэ, А.Лойка і Г.Петынеці, А.Пуціні, Шрэтэр. Балеты ставіліся і ў Слуцкім т-ры Радзівіла. Высокага прафес. ўзроўню дасягнула балетная трупа Ружанскага т-ра Сапегаў (1765—91), дзе працаваў польскі танцоўшчык і балетмайстар М.Пранчынскі (паставіў балет «Літасцівасць Ціта», 1784). Значны балетны рэпертуар меў Гродзенскі т-р Тызенгаўза (1769—80), дзе першыя балеты выконвалі італьян. артысты, а з 1778 прыгонныя танцоўшчыкі. У перыяд росквіту т-ра балетная трупа налічвала больш за 30 чал.; першым яе балетмайстрам быў Г.Петынеці, які ставіў балеты на ўласныя лібрэта, пазней — К.А.Марэлі. Зберагліся звесткі пра пастаноўкі спектакляў «Балет пекараў», «Квартэт дудароў» і «Сялянскі балет». Творчых поспехаў дасягнула балетная трупа Слонімскага т-ра Агінскага (1771—91), які шмат гастраліраваў і паспяхова канкурыраваў з каралеўскім балетам у Варшаве. У яго рэпертуары налічвалася 18 балетаў: «Каралеўскі балет», «Дзікі балет», «Балет млынароў», «Рыбакі», «Дэзерцір» і інш., а таксама шэраг танцавальных дывертысментаў і асобных танцаў. Прафес. балетную трупу меў Шклоўскі т-р Зорыча (1778—1800), на сцэне якога выконваліся алегарычныя балеты з харамі і пантамімай, створаныя балетмайстрамі П.Барцанці, Марыядзіні, Дз.Хорватам і М.Пранчынскім. У Свіслацкім т-ры Тышкевіча (1788—1819) перыядычна выступалі вольныя балетныя трупы. Вядома, што пры т-рах Гродна, Нясвіжа, Слоніма, Слуцка і Шклова існавалі балетныя школы, якія рыхтавалі танцораў на высокім узроўні. Балетныя трупы т-раў Гродна і Слоніма ў канцы 18 ст. склалі аснову польскага «Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці», 14 прыгонных артыстаў Шклоўскага т-ра Зорыча з поспехам танцавалі на Пецярбургскай імператарскай сцэне і ў Маскве (П. і К. Азарэвічы, А.Бжазінскі, К.Буткевіч, Я.Чуцікаў). У 1845—47 у Віцебску працавала прыватная балетная трупа пад кіраўніцтвам франц. балетмайстра М.Піёна (т.зв. Віцебскі балет Піёна); у яе рэпертуары былі балеты «Антыкварыус», «Швейцарская малочніца», «Чарадзейная флейта, або Танцоўшчыкі паняволі» Маковеца, «Вяселле ў Айцове» К.Курпінскага і Ю.Дамсе, «Дзве статуі» Ю.Эльснера. Разам з прыватнаўласніцкімі т-рамі на стварэнне прафес.муз.-драм.т-ра на Беларусі паўплывала таксама дзейнасць Першай бел. трупы І.Буйніцкага (1910—13), у балетныя спектаклі якой уключаліся і нар. танцы.
СУЧАСНЫ БАЛЕТ.
Прафесійны бел. балетны тэатр узнік у пач. 20 ст.: у 1920 у Мінску адкрыўся Бел.дзярж. тэатр, у якім групу артыстаў балета ўзначальваў К.Алексютовіч. Сярод пастаўленых у ім балетаў «Зачараваны лес» Р.Дрыга, «Капелія» Л.Дэліба, «Фея лялек» І.Баера, а таксама танцы ў операх «Князь Ігар» А.Барадзіна і «Фауст» Ш.Гуно. У 1930 адчынілася Бел. студыя оперы і балета. У балетную трупу ўваходзілі В.Бурэйка, Я.Вяпрынскі, Р.Гімпелева, Н.Гурвіч, С.Дрэчын, К.Калітоўская, Т.Новікава, К.Пекур, Т.Узунава, Н.Фінская, Ю.Хіраска і інш. З 1933 дзейнічаў Дзярж.т-р оперы і балета БССР. Сярод першых пастановак — балет «Чырвоны мак» Р.Гліэра (балетмайстар Л.Крамарэўскі). Плённым для маладой бел. балетнай трупы было творчае супрацоўніцтва з рас. балетмайстрамі Ф.Лапуховым (балет «Капелія» Л.Дэліба, паст. 1935), К.Галяйзоўскім (балет «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева, паст. 1939), а таксама К.Мулерам (балет «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага, паст. 1938). Вял. ролю ў стварэнні нац. рэпертуару адыграла пастаноўка балета «Салавей» М.Крошнера (лібрэта Ю.Сланімскага па аднайм. аповесці З.Бядулі; пастаноўка 1-й рэд. А.Ермалаева і Ф.Лапухова, 1939; 2-й рэд. А.Ермалаева, 1940), дзе асновай муз. і сцэнічнай драматургіі ўпершыню стаў бел.муз. і танцавальны фальклор. У балеце, выразныя сродкі якога гарманічна спалучалі класічны і нар. танец, вобраз паўстаўшага народа ствараўся выключна харэаграфічнымі сродкамі, паспяхова ўвасаблялася актуальная для таго часу нар.-гераічная тэма. Вобразы Сымона (С.Дрэчын) і сялянскай дзяўчыны Зоські (А.Нікалаева) і іх антыпода гайдука Макара раскрываліся разнастайнымі харэаграфічнымі фарбамі, паказваліся ў развіцці. Спектакль вырашаўся ў духу нар. легенды, быў насычаны паэтычнымі абагульненнямі, сімваламі, гіпербаламі, і адначасова вобразы гал. герояў увасабляліся ў ім рэалістычна. У 1939 па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам З.Васільевай у тэатр. вучылішчы адкрыта секцыя харэаграфіі, на базе якой у 1945 створана Бел.дзярж. харэаграфічнае вучылішча (з 1996 Дзярж. харэаграфічны каледж Беларусі). У 1930—40-я г. ў трупе працавалі Я.Глінскіх, Т.Караваева, Б.Карпілава, Н.Младзінская і інш. У гады Вял.Айч. вайны артысты бел. балета ў складзе канцэртных брыгад выязджалі на фронт, працавалі ў Алма-Аце, Горкім, Свярдлоўску. У г. Каўроў была эвакуіравана трупа т-ра, дзе адбыўся паказ балета «Марная засцярога» П.Л.Гертэля ў пастаноўцы З.Васільевай (1944). Першым балетным спектаклем у вызваленым Мінску быў балет «Арлекінада» Р.Дрыга (пастаноўка В.Вайнонена, 1945).
У пасляваенныя гады рэпертуар т-ра папоўніўся творамі балетнай класікі: «Дон Кіхот» (паст. 1947) і «Баядэрка» (1959) Л.Мінкуса, «Эсмеральда» Ч.Пуні (1951), «Шапэніяна» (1952), «Жызэль» (1953) і «Карсар» (1957) А.Адана, «Лебядзінае возера» (1948) «Спячая прыгажуня» (1954) і «Шчаўкунок» (1956) П.Чайкоўскага, «Лаўрэнсія» А.Крэйна (1955), «Марная засцярога» П.Л.Гертэля (1959). Адначасова працягвалася работа над стварэннем арыгінальнага рэпертуару, над спектаклямі на нац. тэму. Значнай вяхой у гісторыі бел. балетнага т-ра стала пастаноўка балета «Князь-возера» В.Залатарова, вырашанага ў жанры харэаграфічнай драмы (лібрэта М.Клімковіча па матывах нар. паданняў, пастаноўка К.Мулера, 1949). Творчымі здабыткамі гэтага спектакля сталі ўдалая тэатралізацыя харэаграфічнага фальклору, пашырэнне кола нар. танцаў, якія ўвайшлі ў драматургію бел. балетнага т-ра, першая спроба стварэння масавага танца на пуантах з нац. афарбоўкай. Поспеху спектакля садзейнічала высокае майстэрства і яркі тэмперамент выканаўцаў гал. роляў А.Нікалаевай (Надзейка), С.Дрэчына (Васіль) і С.Паўлава (Князь). Пазней балетмайстар А.Ермалаеў на тую ж музыку стварыў новыя харэаграфічныя спектаклі «Аповесць пра каханне» (паст. 1953) і «Палымяныя сэрцы» (паст. 1955). Пэўнае значэнне ў развіцці лірыка-камедыйнага жанру ў нац. харэаграфіі мела пастаноўка К.Мулерам балета «Падстаўная нявеста» Г.Вагнера (1958). Тагачасныя тэмы былі ўвасоблены ў балетным спектаклі «Сцежкаю грому» К.Караева (балетмайстар Н.Конюс, паст. 1960), а таксама ў нац. балетах «Мара» Я.Глебава (балетмайстар А.Андрэеў, паст. 1961) і «Святло і цені» Г.Вагнера (лібрэта М.Алтухова паводле рамана П.Броўкі «Калі зліваюцца рэкі», харэаграфія і пастаноўка А.Андрэева і Н.Стулкалкінай, паст. 1963). Прыкметнай вяхой у развіцці сучаснай тэматыкі на бел. сцэне з’явілася пастаноўка камернага, псіхалагічна паглыбленага спектакля «Альпійская балада» Я.Глебава (лібрэта Р.Чарахоўскай па аднайм. аповесці В.Быкава, харэограф А.Дадышкіліяні, паст. 1967), які па сваёй ідэйнай накіраванасці з’яўляўся балетам гераічным. У ролі Джуліі — К.Малышава, у ролі Івана — Л.Чахоўскі. Пастаноўка пашырыла кола праблем бел. харэаграфічных спектакляў, узняла тэмы інтэрнац. гучання. У гэты перыяд у трупе працавалі артысты Н.Давыдзенка, В.Давыдаў, І.Дзідзічэнка, А.Карзянкова, Р.Красоўская, М.Красоўскі, В.Крыкава, Г.Мартынаў, В.Міронаў, Я.Паўловіч, І.Савельева, Л.Ражанава, М.Шэхаў і інш. У 1960—1-й пал. 1970-х г. пашырэнне і ўзбагачэнне рэпертуару адбывалася за кошт колькасці спектакляў разнастайных па тэмах і жанрах: «Казка пра мёртвую царэўну і сем асілкаў» У.Дзешавова на тэмы А.Лядава (1961), «Спартак» А.Хачатурана (1964), «Папялушка» (1965) і «Рамэо і Джульета» (1968) С.Пракоф’ева, «Пер Гюнт» на музыку Э.Грыга (1966), «Гарэзлівыя прыпеўкі» на муз. Р.Шчадрына (1971), новыя рэдакцыі балетаў «Жызэль» А.Адана (1966), «Лебядзінае возера» (1967), «Спячая прыгажуня» (1970) П.Чайкоўскага, «Раймонда» А.Глазунова (1972). У ліку арыгінальных балетаў на музыку бел. кампазітараў пастаўлены «Выбранніца» (паст. 1969) і «Тыль Уленшпігель» (паст. 1974) Я.Глебава, «Пасля балю» Г.Вагнера (паст. 1971; усе пастаўлены А.Дадышкіліяні) і інш.
У 1970-я г. з’явілася новае пакаленне выканаўцаў: Л.Бржазоўская, Н.Дадышкіліяні, І.Душкевіч, У.Камкоў, Н.Паўлава, С.Пясцехін, В.Саркісьян, Ю.Траян, Т.Яршова і інш. З 1973 трупу ўзначальвае В.Елізар’еў. Яго маст. здабыткамі сталі разнастайныя па тэматыцы спектаклі, схільнасць да ўвасаблення складанай філасофскай тэматыкі, раскрыццё з’яў у гіст. перспектыве, што выявіліся ў пастаноўках балетаў «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына (1974), «Спартак» (1980), «Вясна свяшчэнная» (1986, 2-я рэд. 1997) і «Жар-птушка» (1998) І.Стравінскага, «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева (1988). У балетах «Стварэнне свету» А.Пятрова (паст. 1976) і «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава (паст. 1978), «Легенда пра Уленшпігеля» (2004) ярка ўвасобіліся прынцыпы харэаграфічнага сімфанізму: паслядоўна распрацаваны пластычны тэматызм, сістэма харэаграфічных лейтматываў, скразное развіццё пластычнага дзеяння, шырока выкарыстаны поліфанічныя формы выкладання матэрыялу. Нетрадыцыйнасцю трактоўкі, арыгінальным вобразным вырашэннем вылучаюцца спектакль «Балеро» М.Равеля (паст. 1984) і вак.-харэаграфічнае прадстаўленне «Карміна Бурана» на музыку К.Орфа (паст. 1983). Яркая тэатральная форма, арганічнае спалучэнне грамадзянскасці і публіцыстычнасці ўласцівы балету «Страсці» («Рагнеда») А.Мдывані (1995), прысвечанаму гіст. мінуламу бел. народа (Дзяржаўная прэмія Беларусі, прыз «Бенуа дэ ла данс» Міжнар. асацыяцыі танца пад эгідай ЮНЕСКА, 1996). Зваротам да класікі былі пастаноўкі балетаў «Шчаўкунок» (1982), «Лебядзінае возера» (1986), «Спячая прыгажуня» (2001) П.Чайкоўскага, «Дон Кіхот» (1989) Л.Мінкуса. Абнаўленне сродкаў пластычнай выразнасці, драматургіі балетаў, фарміраванне новых прынцыпаў харэаграфічнай паэтыкі і эстэтыкі, выхаванне яркай плеяды артыстаў-аднадумцаў сведчыць пра стварэнне на бел. балетнай сцэне аўтарскага т-ра В.Елізар’ева.
У 1996 створаны Нац. тэатр балета Беларусі. Яго рэпертуар пастаянна папаўняецца харэаграфічнымі спектаклямі розных стыляў, эпох і жанравай накіраванасці, пастаноўкамі новых балетмайстраў, сярод якіх Д.Арыпава, І.Бельскі, А.Вінаградаў, Ю.Грыгаровіч, М.Далгушын, Д.Зайферт, Р.Захараў, У.Іваноў, Ф.Коэн, Г.Маёраў, Р.Паклітару, Н.Фурман, Ю.Чурко і інш. Сярод значных пастановак апошніх 30 гадоў: «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева (1973), «Ленінградская сімфонія» на музыку Дз.Шастаковіча (1977), «Чыпаліна» К.Хачатурана (1978), «Ліза і Кален» Ф.Герольда (1979), «У гонар Марыуса Петыпа» (1981), «Курган» Я.Глебава (1982), «Сільфіда» Х.Левенскольда (1983), «Крылы памяці» У.Кандрусевіча (1986), «Тры парсючкі» С.Кібіравай (1991), «Ундзіна» Х.В.Хенцэ (1992), «Серэнада» П.Чайкоўскага (1993), «Кругаверць» А.Залётнева (1996), «Раймонда» А.Глазунова (1997), «Пацалунак феі» І.Стравінскага (1999), «Сон у летнюю ноч» Ф.Мендэльсона-Бартольдзі (1999), «Макбет» В.Кузняцова (2000), «Беласнежка і сем гномаў» Б.Паўлоўскага (2002), «Марная засцярога» Л.Герольда (2003). Сваёй нац. накіраванасцю вылучаецца спектакль «Кругаверць», створаны па матывах бел. балад на музыку А.Залётнева (лібрэта Ю.Чурко, харэаграфія і паст. У.Іванова і Ю.Чурко). Цэнтр. метафарычны вобраз — вобраз млына — жыцця як вечнай кругаверці, адкуль з’яўляюцца і куды вяртаюцца гал. героі пасля апавядання сваёй гісторыі.
У т-ры працуюць выпускнікі Дзярж. харэаграфічнага каледжа Беларусі: І.Артамонаў, А.Бубер, В.Гайко, У.Далгіх, А.Ішчанка, Л.Кудраўцава, Ж.Лебедзева, Р.Мінін, С.Пясецкая, В.Пятроўскі, Н.Рабцава, А.Рымашэўскі, А.Фурман, Т.Шаметавец; Маскоўскага акад. харэаграфічнага вучылішча: М.Ватанабе, К.Фадзеева; Акадэміі рус. балета А.Ваганавай: К. і П. Борчанка. Бел. балет атрымаў міжнар. прызнанне. Бел. балетмайстры ставяць балеты ў Маскве, С.-Пецярбургу, Ніжнім Ноўгарадзе, Новасібірску, Львове, Хельсінкі, Варшаве, Любляне, Стамбуле, Токіо, Анкары.
Балетная трупа была сфарміравана і ў Бел.дзярж. музычным т-ры. У розныя гады ў яе складзе былі Т.Акімава, С.Вядзмедзь, У.Казінец, У.Крупскі, Ю.Лапша, Л.Рабушка, Г.Шылянкова і інш. Аднаактовы балет «Паненка і хуліган» на музыку Дз.Шастаковіча (харэографы В.Саркісьян і В.Лапо, паст. 1982) заклаў аснову ўласна балетнага рэпертуару т-ра. У розныя гады ў т-ры балетмайстрамі працавалі В.Бутрымовіч, С.Дрэчын, М.Красоўскі, В.Саркісьян, Л.Травінін. З 1993 балетную трупу т-ра ўзначальвае Н.Дзьячэнка. Яна паставіла балеты «Іспанскія мініяцюры» на нар. музыку (1992), «Новыя Амазонкі» М.Равеля (1997), «Жызэль» (1998), «Зачараваны прынц» на музыку П.Чайкоўскага (2002), «Вальпургіева ноч» Ш.Гуно (2003), а таксама харэаграфію да многіх муз. спектакляў. У рэпертуары балетнай трупы спектаклі з балетнай класікі «Шапэніяна» (паст. 1994), «Дон Кіхот» Л.Мінкуса (паст. 1994), «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына (паст. 1995), «Штраусіяна» (1992), «Шэхеразада» на музыку М.Рымскага-Корсакава (1993); сучасных аўтараў: балет «Мефіста» на музыку У.Кандрусевіча (лібрэта Ю.Чурко, пастаноўка У.Іванова, паст. 2002), «In pivo veritas» паводле ірландскіх нар. песень і музыкі эпохі Адраджэння (пастаноўка Р.Паклітару, паст. 2003). Сярод артыстаў балета салісты Ю.Дзятко, К.Кузняцоў, Р.Івакіры, В.Краснаглазаў, Р.Крукоўскі. Балетная трупа т-ра вядзе гастрольную дзейнасць.
Літ.:
Барышаў Г.І. Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Беларускі тэатр ад вытокаў да кастрычніка 1917 г.Мн., 1983;
Яго ж. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992;
Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990;
Грищенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989;
Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987;
Яе ж. Гаркавы смак ісціны. Мн., 1993;
Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме: Пер. з ням.Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕМЕТРЫ́Я (ад тэле... + ...метрыя),
тое, штотэлевымярэнне. Тэрмінам «Т.» традыцыйна карыстаюцца ў дачыненні да дыстанцыйных даследаванняў у біялогіі (біятэлеметрыя), метэаралогіі (метэаралагічная Т.), да інфармацыі, што перадаецца па радыёканалах, — радыётэлеметрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАД’ЁМНАЯ СІ́ЛА,
складальная поўнай сілы ціску вадкага ці газападобнага асяроддзя на цела, што рухаецца ў ім, накіраваная перпендыкулярна да скорасці цела.
Існуе пры несіметрычным абцяканні цела асяроддзем. Напр., пры абцяканні крыла самалёта часцінкі асяроддзя, што абцякаюць ніжнюю паверхню, праходзяць за аднолькавы прамежак часу меншы шлях, чым часцінкі, што абцякаюць верхнюю, больш выпуклую паверхню, і, адпаведна, маюць меншую скорасць. Паводле законаў гідрадынамікі ціск у патоку большы там, дзе меншая скорасць, г.зн. што ціск знізу большы, чым зверху, што і прыводзіць да ўзнікнення П.с. Яна вызначаецца формулай: Y = 1/2 Cyρν2S, дзе ρ — шчыльнасць асяроддзя, ν — скорасць патоку, што набягае, S — плошча паверхні цела. Су — безразмерны каэфіцыент П.с., які залежыць ад формы цела, яго арыентацыі ў асяроддзі і інш.
Даарт.Пад’ёмная сіла. Абцяканне профілю крыла самалёта. Скорасць
, ціск
, Y — пад’ёмная сіла крыла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛАГІ́ЗМА АКСІЁМА,
асноўны прынцып катэгарычнага сілагізма, што адносіцца і да аб’ёму і да зместу паняццяў. Для аб’ёму паняццяў С.а. фармулюецца так: усё, што сцвярджаецца (адмаўляецца) адносна ўсіх прадметаў класа, тое сцвярджаецца (адмаўляецца) і адносна любога прадмета гэтага класа; для зместу паняцця — ацэнка прыкметы прадмета ёсць таксама ацэнка самога прадмета; тое, што супярэчыць прыкмеце прадмета, супярэчыць і самому прадмету. Гл. таксама Сілагізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТЫ́РНЕР (Stimer) Макс [сапр.Шміт
(Schmidt) Каспар; 25.10.1806 г. Байройт, Германія — 26.6.1856], нямецкі філосаф-младагегельянец, тэарэтык анархізму. У кн. «Адзіны і яго ўласнасць» (1845) развіў суб’ектыўна-ідэаліст. версію младагегельянства (гл.Гегельянства) у антрапалогіі, этыцы і праве. Асн. яго ідэя ў тым, штосац. якасці чалавека — гэта нешта ўсеагульнае, а кожная эмпірычная асоба адзінкавая; таму ўсё, што тычыцца чалавека наогул, не адносіцца да канкрэтнага («адзінага») чалавека. Лічыў, што паняцці «чалавек», «права», «мараль» і да т.п. — гэта адчужаныя формы індывід. свядомасці («здані»),
таму асоба не можа прызнаваць ніякіх абавязацельных для сябе грамадскіх установак. У выніку прыйшоў да высновы, што першакрыніцы сапраўдных правоў і маралі — сіла і магутнасць канкрэтнай асобы, адной з форм рэалізацыі якой з’яўляецца прыватная ўласнасць. На яго думку, намаганні індывіда павінны накіроўвацца на пошук сваёй уласнай свабоды, а не свабоды для ўсіх, таму што за ўсімі сац. ўтварэннямі заўсёды хаваюцца эгаістычныя інтарэсы канкрэтных асоб.