ХАКЕ́Й З МЯЧО́М на лёдзе, бендзі,
спартыўная камандная гульня на каньках; адзін з зімовых відаў спорту. Гуляюць 2 каманды па 11 чал. Час гульні — 2 таймы па 45 мін з перапынкам. Задача каманд — забіць спец. клюшкамі (даўж. да 120 см) у вароты сапернікаў найб. колькасць мячоў (дыям. 6 см, маса да 62 г). Памеры поля 90—105×50—70 м, варот — 3,5×2,1 м.
Блізкі да сучаснага Х. з м. хакей-бендзі ўзнік у Вялікабрытаніі ў сярэдзіне 19 ст., з канца 19 ст. пашырыўся ў Швецыі. Фінляндыі, Нарвегіі, Расіі (у 1914 засн. Усерас. хакейны саюз), Нідэрландах, Швейцарыі. Да сярэдзіны 1950-х г. існавалі 2 разнавіднасці Х. з м.: рускі і еўрап. (бендзі), якія мелі шмат агульнага, але розныя памеры варот, мяча, клюшкі. У 1955 створана Міжнар. федэрацыя Х. з м., зацверджаны адзіныя міжнар. правілы. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1957.
На Беларусі культывуецца з 1922, пашырыўся з сярэдзіны 1950-х г., калі рэгулярна пачалі праводзіць пяршынствы і розыгрышы кубкаў гарадоў, абласцей і рэспублікі. Федэрацыя хакея створана ў 2002. У міжнар. спаборніцтвах бел. хакеісты ўдзельнічаюць з 2001 (чэмпіянат свету, г. Оўлу, Фінляндыя). Зборная каманда Беларусі заняла 4-е месца ў 1-м розыгрышы Кубка Аляксандра Неўскага (2003, С.-Пецярбург). На Беларусі 3 клубныя каманды (2003).
В.М.Пляц, А.М.Петрыкаў.
т. 16, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАКЕ́Й З ША́ЙБАЙ на лёдзе,
спартыўная камандная гульня на каньках; адзін з зімовых відаў спорту. Гуляюць 2 каманды, у кожнай да 22 гульцоў, у т. л. 2 варатары. Непасрэдна на пляцоўцы гуляюць не больш як 6 і не менш як 4 гульцы; у любы час яны могуць быць заменены запаснымі. Час гульні — 3 перыяды па 20 мін. Задача каманд — у адведзены час закінуць спец. клюшкамі як мага больш шайб у вароты сапернікаў. Дазваляюцца сілавыя прыёмы. Пляцоўка для гульні (61×30 м) па перыметры абнесена бартамі выш. 1—1,22 м ад паверхні лёду; памеры варот — 1,83×1,22 м. Інвентар: клюшка даўж. да 134,5 см з круком да 37,5 см і шайба — плоскі дыск з цвёрдай гумы таўшчынёй 25,4 мм, дыям. 76,2 мм.
Узнік у Канадзе ў 1860-я г. як варыянт хакея-бендзі. Правілы гульні распрацаваны ў 1879. апублікаваны ў 1886. З 1892 разыгрываецца Кубак Стэнлі (рэгулярныя спаборніцтвы прафес. каманд Паўн. Амерыкі). Міжнар. хакейная федэрацыя (ліга) засн. ў 1908. У 1914 створана Вышэйшая канада-амер. (нац.) хакейная ліга (НХЛ). яе чэмпіянаты разыгрываюцца з 1925. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца штогод з 1910, свету — з 1920 (раз у 4 гады; з 1930 — штогод). У праграме Алімп. гульняў з 1920. Чэмпіянаты СССР праводзіліся з 1946/47. У 1973 засн. Сусв. хакейная асацыяцыя.
На Беларусі Х. з ш. развіваецца з 1947; з 1948 бел. хакеісты ўдзельнічалі ў чэмпіянатах СССР. Нац. чэмпіянаты Беларусі разыгрываюцца з 1993. Найб. вядомыя спецыялісты ў галіне Х. з ш.: засл. трэнеры Беларусі П.Ф.Баранаў, А.М.Варывончык, А.В.Грышын. Л Я.Кантаровіч, У.В.Крыкуноў, А.В.Мураўёў, В.І.Стаін і інш. Зборная Беларусі — чэмпіён Спартакіяды народаў СССР (1986). Юнацкая зборная Беларусі — чэмпіён Еўропы ў групах «C» (1993) і «B» (1994), чэмпіён свету ў групе «B» (1999, 2001). Маладзёжная зборная Беларусі — чэмпіён свету ў групах «C» (1997) і «B» (1998, 2000). Нац. зборная Беларусі — чэмпіён свету ў групах «C» (1995) і «B» (1997, 2002), заняла 4-е месца на XIX зімовых Алімп. гульнях (2002, г. Солт-Лейк-Сіці, ЗША).
І.М.Мартыноўскі.
т. 16, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМО́ВЫЯ ВІ́ДЫ СПО́РТУ,
віды спорту (спарт. гульняў) на каньках, лыжах і рознага тыпу санках, спаборніцтвы па якіх праводзяцца на лёдзе і снезе. Да З.в.с. належаць: біятлон, бобслей, буерны спорт, гарналыжны спорт, канькабежны спорт, лыжны спорт, санны спорт, фігурнае катанне на каньках, фрыстайл, хакей з мячом, хакей з шайбай.
Існуюць нац. З.в.с.: гонкі на аленевых і сабачых запрэжках, кёрлінг і інш. Вельмі пашыраны мотагонкі на лёдзе. Найб. развіццё З.в.с. атрымалі ў многіх краінах Еўропы, у т. л. на Беларусі, таксама ў Расіі, ЗША, Канадзе, Японіі і інш. Па З.в.с. праводзяцца сусв. і еўрап. чэмпіянаты, першынствы краін. З 1924 арганізуюцца зімовыя алімпійскія гульні.
т. 7, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)