Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НІНСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1940—60. Утвораны 15.1.1940 у Пінскай вобл. Цэнтр — в. Ленін, з 8.6.1950 — г.п. Мікашэвічы. 1.10.1940 падзелены на 12 сельсаветаў. З 8.1.1954 у Брэсцкай вобл. 20.1.1960 скасаваны, сельсаветы перададзены Жыткавіцкаму р-ну Гомельскай вобл., Старобінскаму р-ну Мінскай вобл., Лунінецкаму р-ну Брэсцкай вобл.

т. 9, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФРА́ЗІС (грэч. antiphrasis) у літаратуры, стылістычная фігура, ужыванне слова ў процілеглым, звычайна іранічным, значэнні. Часцей сустракаецца ў сатыр. творах, напр. у байцы К.​Крапівы «Мандат» пра асла гаворыцца: «Ну й розум. Вось дык галава!».

т. 1, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАБУДЖА́ЛЬНЫ СКАЗ,

камунікатыўна-сінтаксічная адзінка мовы, што служыць для перадачы такіх інтэнцый асобы, што гаворыць, як просьба, прапанова, патрабаванне, парада, рэкамендацыя, заклік, загад і інш. П.с. ўласціва мадальнасць волевыяўлення («Адпачывай!» = «Я хачу, каб ты адпачываў») або неабходнасці («Хай ён болей чытае!» = «Яму неабходна болей чытаць»). Гэтымі значэннямі ў плане зместу звязваецца асоба, што гаворыць, з асобай (або персаніфікаванай з’явай ці прадметам), да якой звернута маўленне («Пасядзіце тут крыху, бабуля», «Хай квітнее наш край!», «Паляціце, хмаркі, у родную старонку!»). Сродкі выражэння пабуджэння і пабудовы пабуджальнай сінтакс. канструкцыі: інтанацыя, формы загаднага ладу дзеяслова, зваротак, інш. лексічныя і граматычныя катэгорыі, што набываюць пабуджальнае значэнне ў адпаведным кантэксце ці кансітуацыі («На кнігу!», «Маўчаць!», «Досыць ліць слёзы!», «Ну-ну, што далей?» і інш.).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 11, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМО́ЎНЫ ВЕРШ, гутарковы верш,

верш, пабудаваны на інтанацыйнай аснове. Для яго характэрна размоўная інтанацыя, пэўная адвольнасць у суаднесенасці інтанацыйна-сінтакс. і метрычнай структур. Сказы неаднолькавай даўжыні і будовы спалучаюцца ў Р.в. без якой-н. папярэдне вызначанай сістэмы.

От і свята, от каляды,
На марозе скрыпяць санкі...
Ўсе на свеце святку рады,
Ўсюды песні і гулянкі.
Скачуць хлопцы і дзяўчаты,
А гарэлкі п’юць чы мала?!
Адно слова — ўсюды свята...
Ну! кабыла, чаго стала?!
Чаго стала?!.. скажаш — цяжка,
Дый не надта ж ты і сыта,
А мне ж лёгка?.. глядзь, сярмяжка
Стара... рвана... ветрам шыта...
Стаў крапчэй мароз ка святу.
Ось і зорка забліскала.
Хоць скарэй бы мне ў хату...
Ну! кабыла! чаго стала?!
(Я.​Лучына. «Што думае Янка, везучы дровы ў горад»)

Асаблівую ролю ў Р.в. адыгрываюць паўзы, паўторы, умаўчанні, пропускі, анакалуф, часта выкарыстоўваецца анжамбеман (пачатак сінтаксічна цэласнага словазлучэння знаходзіцца ў адным вершаваным радку, а канец у наступным). Р.в. зрэдку падзяляецца на строфы, часта мае амебейную кампазіцыю. У сучаснай бел. паэзіі пашыраны ў медытатыўнай лірыцы і звязаны з выяўленнем філас. зместу («Эстафета агню» М.​Танка, «Мысль і слова» С.​Дзяргая і інш).

А.​А.​Майсейчык.

т. 13, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЫ́,

бел. нар. гульня. Колькасць удзельнікаў не абмежаваная. Гульцы выбіраюць вядучага — адгадчыка, які выходзіць у суседні пакой або адыходзіць убок. Кожны выбірае назву горада, і калі вяртаецца адгадчык, яму гавораць: «Гарадоў прыгожых многа, ты знайдзі да іх дарогу, лепшы горад выбірай ды хутчэй называй!» Вядучы адгадвае да трох разоў. Калі адгадае, мяняецца месцам з гаспадаром правільна названага горада, калі не — яму кажуць: «Ну і ад’язджай у свой...» (назва горада, што сказаў адгадчык). Вядучы адыходзіць, гульцы выбіраюць назвы інш. гарадоў, і гульня паўтараецца. Выбіраюць гарады адной краіны ці вобласці, аб чым паведамляецца адгадчыку.

Я.​Р.​Вількін.

т. 5, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКЛІ́ЧНІК,

часціна мовы, якая аб’ядноўвае словы, што выражаюць пачуцці і пабуджэнні, але не называюць іх. Вызначаецца нязменнай формай, не мае самаст. лексічнага і граматычнага значэння, марфалагічна непадзельны, сінтаксічна не звязаны з членамі сказа, а адносіцца да зместу ўсяго сказа, напр.: «О, колькі песень з сэрца рвецца!» (Я.​Купала).

У бел. мове сярод выклічнікаў выдзяляюцца: паводле структуры — простыя («а!», «ой!», «ух!», «эй!», «ого!»), састаўныя («вось яно што!», «да пабачэння!», «вось табе і на!»); паводле паходжання — невытворныя («э!», «ай!», «ох!», «но!», «гм!»), вытворныя («бацюхны!», «дудкі!», «айда!»); паводле значэння — эмацыянальныя («о!», «у!», «ах!», «эх!», «эге!»), імператыўныя («ша!», «ну!», «гэй!», «цыц!»).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

Л.​І.​Бурак.

т. 4, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЦЁНАЧКІН (Вячаслаў Міхайлавіч) (н. 20.6.1927, Масква),

расійскі кінарэжысёр-мультыплікатар, мастак. Засл. дз. маст. Расіі (1976). Нар. арт. Расіі (1987). Скончыў курсы мастакоў пры кінастудыі «Саюзмультфільм» (1947). Як мастак удзельнічаў у пастаноўцы больш за 80 фільмаў. З 1962 рэжысёр. Паставіў маляваныя фільмы «Мы такія майстры», «Сляды на асфальце», «Жаба-вандроўніца» (паводле У.​М.​Гаршына; усе 1960-я г.), «Песня пра юнага барабаншчыка» (1972), «Хто атрымае прыз?» (1980), «Ён папаўся» (1981), «Ён папаўся, які кусаўся» (1990), «Папаліся ўсе» (1998), паліт. фільм-плакат «Прарокі і ўрокі» (1967) і інш. Стварае серыял папулярных мультфільмаў «Ну, пачакай!», насычаны трукамі, музыкай, камед. сітуацыямі (вып. 1—18, 1969—96). Дзярж. прэмія СССР 1988.

т. 8, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ ЛІ́ГА НАРО́ДНАЙ СВАБО́ДЫ,

палітычная арг-цыя ў Бірме (цяпер М’янма) у 1944—64. Створана ў жн. 1944 як арг-цыя нац. фронту супраць яп. акупацыі краіны. Заснавальнікі — Камуніст., Нац. рэв. (з 1945 Сацыяліст.) партыі, Нац. армія і інш. Ліга ўзначальвала антыяпонскае паўстанне 1945, барацьбу за дзярж. незалежнасць Бірмы пасля вяртання ў краіну англічан (1945—47). У 1948—62 была кіруючай. Праграма Лігі прадугледжвала пабудову марксісцкай мадэлі сацыялізму ў спалучэнні з будызмам. У канцы 2-й сусв. вайны Ліга налічвала больш за 200 тыс. чал. Яе старшынямі былі Аун Сан (1944—47), У Ну (1947—62). У 1958 Ліга падзялілася на 2 фракцыі, адна з якіх у 1960 стала Саюзнай партыяй, а другая захавала старую назву; абедзве распушчаны ў 1964. Пераемніцай Лігі стала створаная ў 1988 Нац. ліга за дэмакратыю на чале з Су Чжы, дачкой Аун Сана.

т. 1, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫЯ УНІВЕРСІТЭ́ТЫ,

агульнадаступныя грамадскія культ.-асв. навуч. ўстановы; адна з форм самаадукацыі. Першым Н.у. у Расіі былі Маскоўскія Прачысценскія вячэрнія агульнаадук. курсы (з 1897). У 1909 большасць Н.у. закрыта, іх дзейнасць адноўлена пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Першыя Ну. на Беларусі створаны ў Бабруйску і Віцебску. Ва ун-тах вывучаліся сацыялогія, гісторыя культуры і эканам. навук, статыстыка, гісторыя Расіі і ўсеагульная гісторыя, рус. і сусв. л-ра, матэматыка, фізіка, хімія, біялогія, аграномія і інш. З канца 1950-х г. ствараліся Н.у. для павышэння ўзроўню адукацыі працоўных. Іх разнавіднасцю былі Н.у. культуры, пед., мед., с.-г., прававыя, грамадска-паліт., прыродазнаўчыя, навукова-тэхн. і эканам. ведаў, фіз. культуры і інш. Мелі адзін або некалькі ф-таў, тэрмін навучання 1—4 гады. Існавалі яны на грамадскіх пачатках пры палацах і дамах культуры, клубах, б-ках, ВНУ, на прадпрыемствах і інш.

Літ.:

Дубровина Л.В. Народные университеты. М., 1963.

А.​Вараб’ёў.

т. 11, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)