ДОЙЛ (Doyle) Артур Конан (22.5.1859. г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 7.7.1930),
англійскі пісьменнік. Скончыў мед.ф-т Эдынбургскага ун-та (1881). Дэбютаваў у 1879 апавяданнем «Тайна даліны Сэсаса». Аўтар прыгодніцкіх («Выгнаннікі», 1893, «Родней Стон», 1896) і навук.-фантаст. («Згублены свет», 1912, «Атручаны пояс», 1913) раманаў і аповесцей, у т. л. «Маракотава бездань» (1929). Сусв. вядомасць прынеслі творы, аб’яднаныя вобразам сышчыка-аматара Шэрлака Холмса: «Знак чатырох» (1890), «Сабака Баскервіляў» (1901—02), «Даліна жаху» (1914—15), зб. апавяданняў «Прыгоды Шэрлака Холмса» (1891—92) і інш. Прадаўжаючы традыцыі Э.По і У.Колінза, развіў дэтэктыўны жанр, у якім спалучаў драматызм і дынаміку апавядання з псіхал. перакананасцю вобразаў. У Лондане створаны мемар. Музей Шэрлака Холмса.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.: У 12 т. Т. 1—3. М., 1992—94.
Літ.:
Карр Дж.Д. Жизнь сэра Артура Конан Дойла: [Пер. с англ.]. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«Я́МА»,
мемарыяльны комплекс у Мінску на ўшанаванне памяці ахвяр фашызму — масавых пагромаў яўрэяў у 1941—43 у мінскім гета (гл.Гета). У даваенныя часы каля перакрыжавання вуліц Ратамская (зараз Мельнікайтэ) і Заслаўская знаходзілася яма (кар’ер), дзе жыхары бралі пясок для буд. работ. У гады акупацыі Мінска ням. фашысты выкарыстоўвалі яму для пахавання шматлікіх ахвяр мінскага гета. У час пагрому ў гета 2.3.1942 на Юбілейнай плошчы і вакол яе было забіта шмат яўрэяў, якіх пад прымусам юдэнрата жыхары гета скідвалі ў гэтую яму. Калі ў 1942 у Мінск з інспекцыяй прыехаў чыноўнік імперскага ўпраўлення бяспекі А.Эйхман, мясц.фаш. ўлады арганізавалі паказальную акцыю. Паводле іх загаду дырэктар дзіцячага дома Флейшэр і ўрач Чэрнік прывялі ў юдэнрат больш як 40 дзяцей. Усе яны і работнікі дзіцячага дома пад наглядам гаўляйтэра В.Кубэ, Эйхмана і нач. паліцыі Э.Штраўха былі расстраляны. Частку дзяцей закапалі ў яме жывымі. У магіле пахавана прыблізна 500—600 чал.У 1947 на магіле ўстаноўлены абеліск з тэкстам на мове ідыш «Яўрэям — ахвярам нацызму». 10.7.2000 адкрыты мемарыял «Помнік ахвярам Халакоста. Мінскае гета» [арх. І.Дзятлаў, А.Капылоў, Л.Левін (аўтар ідэі), М.Самасюк, скульптары Э.Полак, А.Фінскі, інж.У.Сусько]. Канцэпцыя мемарыяла — стварэнне сімвалічных зон, якія арх.-маст., ландшафтнымі і дакумент. сродкамі ўвасабляюць тэму трагедыі. Кампазіцыйная і эмацыянальная дамінанта ансамбля — бронзавая скульпт. група «Апошні шлях» уздоўж спуску ў яму: 27 пераплеценых паміж сабой фігур-ценяў, якія ідуць на расстрэл (вышыня 2 м). У кампазіцыі адсутнічаюць скульпт. партрэты, толькі абагульненыя твары, што адпавядае яўр. традыцыі. Трапяткая, вібрыруючая скульпт. пластыка, камерны маштаб кампазіцыі садзейнічаюць эмацыянальнасці ўздзеяння тэмы мемарыяла, перадаюць настрой адчаю і жаху ахвяр трагедыі. Перад спускам у «Я.» разбіты парк «Праведнікаў свету», дзе высаджваюць дрэвы ў гонар жыхароў Беларусі, якія ратавалі яўрэяў у гады Вял.Айч. вайны. На ўваходзе знак у выглядзе міноры — традыц.яўр. сямісвечніка з імёнамі тых, хто дапамагаў ва ўстаноўцы помніка-мемарыяла.
Літ.:
Ботвинник М Памятники геноцида евреев Беларуси. Мн., 2000;