БУ́НКЕР-ЦЯГНІ́К,

транспартны сродак для бесперапыннай загрузкі, транспартавання і разгрузкі горнай масы. Складаецца з секцый-платформаў (без тарцовых сценак) на колава-рэйкавым ходзе. Секцыі ўтвараюць суцэльны жолаб-бункер, па дне якога пракладзены скрабалкавы або пласціністы канвеер для загрузкі і выгрузкі горнай масы. Бываюць са скрэпернай загрузкай-выгрузкай, з вібрацыйнымі секцыямі, адкіднымі днішчамі і інш. Умяшчальнасць бункера-цягніка звычайна 20—40 м³.

т. 3, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАГАНЕ́ТКА (франц. wagonnet),

транспартны сродак невял. умяшчальнасці для перавозкі грузаў і людзей па вузкакалейнай чыгунцы. Бывае ў выглядзе платформы ці з жорстка замацаваным або перакульным кузавам, з адкіднымі сценкамі і інш. Перамяшчаецца лакаматывамі, самакатам па пакатах або сваім ходам (самаходныя ваганеткі). Грузападымальнасць 1—5 т, у асобных выпадках 8—10 т і болей. Пасажырскія ваганеткі перавозяць 6—18 чал. Выкарыстоўваюцца на кар’ерах, рудніках, шахтах, унутрызаводскіх лініях, буд. пляцоўках і інш.

Ваганетка: а — рудніковая пасажырская; б — самаразгрузная з адкідным днішчам.

т. 3, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФРЫЖЭРА́ТАР (франц. réfrigérateur ад лац. refrigerare ахалоджваць),

транспартны сродак з цеплаізаляванымі камерамі і халадзільнымі ўстаноўкамі для перавозкі хуткапсавальных грузаў. У якасці Р. выкарыстоўваюць спец. ізатэрмічныя аўтамабілі і прычэпы, вагоны і паязды, судны. Ізатэрмічныя аўтамабілі маюць кузаў з цеплаізаляцыяй, якая абмяжоўвае цеплаабмен паміж унутр. і вонкавымі паверхнямі. Адрозніваюць аўтамабілі-лядоўнікі, аўтамабілі-Р. (з аўтам. халадзільнымі ўстаноўкамі) і з эл. ацяпленнем (забяспечвае т-ру ад +10 да -15 °C). Рэфрыжэратарныя судны бываюць грузавыя (сухагрузы) або грузапасажырскія; пашыраны рэфрыжэратарныя рыбапрамысловыя судны.

т. 14, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРАКАЎБО́РАЧНАЯ МАШЫ́НА.

Бываюць паўнавясныя, навясныя, самаходныя, шасцірадковыя (замежныя — 1—6-радковыя). На Беларусі ў асн. выкарыстоўваюцца самаходныя буракаўборачныя машыны для цукр. буракоў КС-6Б(В) (г. Цярнопаль, Украіна), прычапныя для цукровых і кармавых буракоў МКП-6 («Лідсельмаш») і ўборачны комплекс для цукр. буракоў у складзе буракаўборачнай машыны КСН-6 і падборшчыка-пагрузчыка ППК-6 («Гомсельмаш»).

Машына МКП-6 падкопвае карані буракоў з папярэдне абрэзаным бацвіннем (яно падаецца ў трактарны прычэп або раскідваецца па полі), выбірае іх з глебы, загружае ў трансп. сродак, які ідзе побач. Буракаўборачная машына КСН-6 зразае бацвінне, выкопвае карані і ўкладвае іх у валок. Буракі з валка падбіраюцца тэхнал. пагрузчыкам ППК-6. Прадукцыйнасць МКП-6 да 1 га/гадз, уборачнага комплексу да 1,3 га/гадз.

Г.​Г.​Маркевіч.

Схема буракаўборачнай машыны МКП-6: 1 — трактар; 2 — выкопвальнае прыстасаванне; 3 — турбінны ачышчальнік; 4 — падоўжны элеватар; 5 — сепаравальная горка; 6 — выгрузны транспарцёр; 7 — транспартны сродак.

т. 3, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЮДЫХО́Д,

транспартны сродак высокай праходнасці. Выкарыстоўваецца ва ўмовах бездарожжа, забалочанай мясцовасці, снежнай цаліны, розных перашкод для с.-г. перавозак, буд., вышукальных і інш. работ, у ваен. справе (аўтамабілі, БТР, танкі і інш. «амфібіі»), Бываюць звычайна з гусенічным (гл. Гусенічны ход) або колавым (з усімі вядучымі коламі або са спец. шыракапрофільнымі шынамі) рухачом; плывучыя маюць таксама спец. водны рухач і воданепранікальны корпус, што дае магчымасць пераадольваць водныя перашкоды, пераходзіць з сушы на ваду і наадварот. У сілавую перадачу У. ўваходзяць дадатковыя механізмы, што дазваляюць павялічваць цягавае намаганне.

Усюдыходы: 1 — МВУ-30 на шыракапрофільных колах для ўнясення мінеральных угнаенняў (Мінскі аўтамабільны завод); 2 — «Татра» 813-8×8 з 8 вядучымі коламі (Чэхія).

т. 16, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАГО́Н (франц. wagon ад англ. waggon павозка),

транспартны сродак для перавозкі пасажыраў або грузаў па рэйкавых пуцях. Бываюць несамаходныя (перамяшчаюцца лакаматывамі) і самаходныя (аўтаматрысы, маторавагонныя секцыі, вагоны метро, трамвая); шырокакалейныя (1525 мм) і вузкакалейныя (750, 900 і 1060 мм); двух-, чатырох-, шасці- і шматвосевыя. З вагонаў фарміруюцца чыг. саставы.

Асноўныя тыпы пасажырскіх вагонаў: агульнага прызначэння (для перавозкі пасажыраў, паштовыя, багажныя, вагоны-рэстараны) і спецыяльныя (санітарныя, лабараторныя, службовыя, клубы); далёкага накіравання, міжабласных зносін і прыгарадныя; купэйныя і некупэйныя. Асноўныя тыпы грузавых вагонаў: універсальныя (крытыя, паўвагоны, платформы, цыстэрны, вагоны ізатэрмічныя) і спец. прызначэння (для перавозкі жывёлы, бітуму, мукі, цэменту, шматвосевыя платформы-транспарцёры для перавозкі грувасткіх і цяжкавагавых грузаў, бункерныя паўвагоны, вагоны-майстэрні, пажарныя і інш.), магістральныя (агульнапуцявыя) і прамысл. транспарту (думпкары, ваганеткі, шлакавозы і інш.). Складаюцца звычайна з хадавой часткі (колавыя пары, буксы, рысорныя падвескі), рамы, кузава ці платформы, тармазных і ўдарна-цягавых прыстасаванняў. У краінах СНД найчасцей выкарыстоўваюцца чатырохвосевыя вагоны грузападымальнасцю 50—65 т. Вагоны ізатэрмічныя прызначаны для перавозкі скорапсавальных грузаў. Маюць цеплаізаляваныя кузавы і халадзільныя ўстаноўкі. Бываюць універсальныя для грузаў усіх відаў і спец. для транспарціроўкі жывой рыбы, віна і інш. З вагонаў ізатэрмічных фарміруюць цягнікі для маршрутных перавозак або секцыі па 5 і 12 вагонаў. Выкарыстоўваюць і адзіночныя (аўтаномныя) вагоны-рэфрыжэратары.

Тыпы грузавых вагонаў: 1 — суцэльнаметалічны з павялічаным праёмам дзвярэй; 2 — хопер-дазатар для перавозкі сыпкіх грузаў; 3 — з перакульным кузавам; 4 — ізатэрмічны (вагон-халадзільнік).

т. 3, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)