СУСВЕ́ТНАЯ ГАНДЛЁВАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ (СГА),
міжнародная арганізацыя. Засн. ў 1994 (дзейнасць пачала ў 1995) як пераемніца Ген. пагаднення па тарыфах і гандлі 1948 для стварэння агульных інстытуцыянальных рамак з уключэннем усіх прынятых пад яго патранажам дамоўленасцей і пагадненняў. Мэты СГА: камерцыйная і эканам. арыентацыя дзяржаў-членаў на павышэнне ўзроўню жыцця; забеспячэнне поўнай занятасці; рост вытв-сці і гандл. абмену таварамі і паслугамі; аптымальнае выкарыстанне крыніц сыравіны з мэтай забеспячэння доўгатэрміновага развіцця, абароны і захавання навакольнага асяроддзя. Знаходзіцца ў Швейцарыі.
т. 15, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУСВЕ́ТНАЯ ГАСПАДА́РКА,
сукупнасць нац. гаспадарак усіх краін свету, іх эканам. узаемасувязей і ўзаемаадносін, уключаючы знешні гандаль, вываз капіталу, міграцыю рабочай сілы. Эканам. сувязі паміж рознымі рэгіёнамі і краінамі свету пачалі складвацца ў старажытнасці (Індыя, Кітай, Егіпет, Грэцыя, Рым). У сярэднія вякі праз гандаль актыўна пачалі наладжваць міжнар. эканам. адносіны Партугалія, Італія (Генуя, Венецыя), Іспанія, Вял. Ноўгарад. Але з-за адсутнасці дастатковых сродкаў зносін, нязначнага ўдзелу грошай (пераважаў натуральны тавараабмен) міжнар. эканам. сувязі мелі эпізадычны, абмежаваны характар. З’яўленне ў канцы 18 ст. буйной машыннай вытворчасці, трансп. сістэм і камунікацый значна павялічыла вываз і продаж за мяжу тавараў. Эканам. сувязі пачалі набываць стабільны, дынамічны характар. Замест часовых рэгіянальных пачаў складвацца сусветны рынак. Капіталіст. спосаб вытворчасці напачатку эканам., а потым паліт. і ваен. сродкамі разбурыў феад. замкнёнасць мясц. рынкаў, змяніў структуру таварных патокаў, стварыў эканам. ўмовы рухомасці тэхнікі, тэхналогій, міграцыі рабочай сілы. Для шэрагу прамыслова-развітых. краін узнікла неабходнасць набываць сыравіну, паліва, матэрыялы ў інш. краінах. Гандлёва-эканам. сувязі дапаўняюцца вытв. і фін.-эканам., ствараецца інтэрнац. адзінства капіталу і эканам. жыцця, развіваецца міжнародны падзел працы. Такім чынам, на базе сусв. капіталіст. гаспадаркі і па законах яе развіцця ў канцы 19 ст. стварылася С.г. У перыяд яе станаўлення ў сферу міжнар. падзелу працы ўваходзілі таксама зоны каланіяльнага панавання і краіны, дзе захоўваліся феад. адносіны. Пасля 1917 у сістэму С.г. ўвайшлі СССР і інш. сацыяліст. краіны; у выніку распаду каланіяльнай сістэмы — краіны, якія сталі на шлях развіцця. Апошнія ў большасці ўваходзілі ў сістэму капіталіст. вытв. адносін, але разнастайная і спецыфічная ўнутр. структура іх эканомік вылучала гэтыя краіны ў самаст. групу. Да пач. 1990-х г. сістэма С.г. падзялялася на капіталіст., сацыяліст. і краін, якія развіваюцца; у ёй панаваў дух саперніцтва і супрацьстаяння. Узніклі буйныя рэгіянальныя аб’яднанні па супрацоўніцтве ў эканам., сац. і культ. сферах: Савет Эканамічнай Узаемадапамогі (1949), Еўрапейская эканамічная супольнасць (1957), Бенілюкс (1958), Еўрапейская асацыяцыя свабоднага гандлю (1960), Асацыяцыя дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (1967) і інш. Перамены, якія ў апошнія гады адбываюцца ў б. сацыяліст. краінах, змянілі ўзаемаадносіны ў С.г. Пашырыліся эканам. кантакты, паглыбіўся міжнар. падзел працы, узмацніліся інтэграцыйныя працэсы ў эканоміцы. З’явіліся новыя эканам. аб’яднанні: Еўрапейскі саюз (1993), Сусветная гандлёвая арганізацыя (1995) і інш. З 1.1.2002 некаторыя еўрап. краіны перайшлі на адзіную валюту еўра. Аднак у канцы 20 ст. палітыка некаторых эканам. развітых краін, накіраваная на захаванне існуючага стану размеркавання і выкарыстання сусв. прыродных рэсурсаў, значна замарудзіла інтэграцыйныя працэсы. Гэтая палітыка выклікала негатыўную рэакцыю з боку многіх краін Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі, а таксама часткі насельніцтва развітых краін, што выяўляецца, у прыватнасці. у руху антыглабалістаў.
І.В.Катляроў.
т. 15, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)