Ротар А. 2/245, 255; 8/441, 502

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЬБАКАПА́ЛКА,

машына для выкопвання бульбы, аддзялення яе ад зямлі і бацвіння. Бываюць: элеватарнага, грохатнага і шпурляльнага тыпаў; двух- і аднарадковыя; з пасіўнымі падкопвальнымі лемяшамі, актыўным падкопвальным ротарам і камбінаваныя. Пасля бульбакапалкі клубні падбіраюцца ўручную.

Бульбакапалка элеватарнага тыпу маюць прутковыя элеватары, якія разрыхляюць і прасейваюць глебу, а клубні і бацвінне скідваюць на зямлю. У шпурляльных бульбакапалках лямеш падкопвае радок, а ротар падхоплівае выкапаную масу і ўкладвае яе на поле. Прадпрыемствы Беларусі («Лідсельмаш») выпускаюць бульбакапалкі элеватарнага і шпурляльнага тыпаў, навясныя і паўнавясныя, двухрадковыя. Розныя іх мадыфікацыі (КТН-2В, Л-262, КТН-1Б і інш.) прыстасаваны да работы на розных тыпах глебаў, у т. л. камяністых і пераўвільготненых. Агрэгатуюцца з трактарамі «Беларусь». Прадукцыйнасць 0,4—0,9 га/гадз.

Л.Я.Сцяпук.

т. 3, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТРАРУХАВІ́К,

рухавік, які пераўтварае кінетычную энергію ветру ў мех. энергію вярчальнага вала. Ветрарухавікі бываюць: крыльчатыя (найб. пашыраныя, звычайна з гарыз. воссю вярчэння, каэф. выкарыстання энергіі ветру да 0,48); карусельныя, або ротарныя (пераважна з верт. воссю, каэф. да 0,32); барабанныя. Ветрарухавік з прываднымі механізмамі ўтварае ветраагрэгат. Выкарыстоўваецца ў ветраэнергетычных устаноўках, ветраэлектрычных станцыях, ветраках і інш.

Асн. частка ветрарухавіка — ветракола (барабан з лопасцямі, ротар), якое аўтаматычна ўстанаўліваецца па напрамку ветру хваставым апярэннем. Вярчэнне ветракола праз рэдуктар перадаецца з дапамогай прывадной штангі ніжняму рэдуктару, а ад яго — рабочаму механізму (водападымальніку, генератару і інш.). Адрозніваюць ветрарухавікі: быстраходны (ветракола мае менш як 4 лопасці), сярэдняй быстраходнасці (4—8 лопасцей), ціхаходны (больш за 8). Тэорыю ветрарухавіка распрацаваў у 1912—22 рус. вучоны М.Я.Жукоўскі, развівалі яе У.П.Вятчынкін, А.Г.Уфімцаў і інш.

т. 4, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБОЖЖАЎБО́РАЧНЫ КАМБА́ЙН,

машына для ўборкі збожжавых культур прамым камбайнаваннем або раздзельным (двухфазным) спосабам. Абсталяваны адпаведнымі прыстасаваннямі, можа ўбіраць насеннікі траў і цукр. буракоў, кукурузу, сланечнік, зернебабовыя, крупяныя і інш. культуры. Пры прамым камбайнаванні З.к. ажыццяўляе ўборку за адзін праход: адначасова скошвае і абмалочвае збажыну, вылучае, ачышчае і збірае зерне ў бункер, скідвае салому ў капноўшчык або на поле (у валок ці рассыпае здробненую). Пры раздзельным спосабе ўборкі збажына ў стадыі васковай спеласці скошваецца жняяркай З.к. і ўкладваецца ў валкі, а калі зерне даспее і валкі падсохнуць, камбайн з дадаткова зманціраваным падборшчыкам (або з платформай-падборшчыкам) падбірае валкі і абмалочвае іх.

З.к. бываюць: самаходныя, прычапныя і навясныя; колавыя, паўгусенічныя і гусенічныя; 1-, 2- і 3-барабанныя. Найб. пашыраны самаходныя З.к., якія складаюцца з жняяркі (хедара), малатарні, капноўшчыка або здрабняльніка саломы з дэфлектарам, бункера для зерня, рухавіка, хадавой часткі, органаў кіравання (у найноўшых — з камп’ютэрам). У краінах СНД выкарыстоўваюць пераважна самаходныя З.к. расійскай вытв-сці: аднабарабанныя СК-5М «Ніва» (прапускная здольнасць 5,5 кг/с) і «Дон-1500» (8 кг/с); двухбарабанныя «Енісей—1200» (6 кг/с); ротарныя СК-10 «Ротар» (10—12 кг/с) і інш. Двухбарабанныя З.к. эфектыўныя на ўборцы вільготнай збажыны і збожжавых культур, якія цяжка абмалочваюцца. Першы З.к. сканструяваў рус. вынаходнік А Р.Уласенка ў 1868, серыйны выпуск З.к. ў СССР пачаўся ў 1929 на з-дзе «Камунар» у г. Запарожжа (Украіна).

На Беларусі выкарыстоўваюць у асноўным З.к. «Ніва», «Дон-1500», а таксама камбайны вытв-сці ФРГ (Е-525, Е-527, МЕГА-218) і Фінляндыі.

В.П.Чабатароў.

Схема збожжаўборачнага камбайна: 1 — рэжучы апарат; 2 — матавіла; 3, 4 — шнэкавы і нахілены транспарцёры; 5,9 — прыёмны і адбойны бітэры; 6 — малацільны барабан; 7 — выгрузны шнэк; 8 — бункер; 10, 11 — зерневы і коласавы элеватары; 12 — рухавік; 13 — саломатрэс; 14 — саломанабівальнік; 15 — капноўшчык; 16 — рашотка; 17 — вентылятар ачысткі; 18 — грохат.
Збожжаўборачны камбайн «Дон-1500».

т. 7, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)