ПЯ́ТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ.
Адбыўся 9—15.1.1924 у Мінску. Прысутнічала 236 дэлегатаў з рашаючым і 90 з дарадчым голасам. Парадак дня: аб міжнар. і ўнутр. становішчы СССР (В.А.Багуцкі), зацвярджэнні Канстытуцыі СССР (А.Х.Гетнер), раянаванні Беларусі і рэарганізацыі сав. апарату; справаздачы ўрада БССР (А.Р.Чарвякоў), аб выкананні дзярж. і мясц. бюджэту за 1923 і зацвярджэнне на 1924 (С.Я.Талунціс); даклады Наркамата земляробства БССР аб плане землеўпарадкавальных работ на 1924 і аб с.-г. крэдыце (А.С.Славінскі, Н.Л.Аксючыц), Наркамасветы БССР (У.М.Ігнатоўскі, А.В.Баліцкі); выбары чл. Савета Нацыянальнасцей ЦВК СССР і дэлегатаў на II Усесаюзны і VI Надзвычайны Ўсебел. з’езды Саветаў; бягучыя справы. З’езд ухваліў дзейнасць СНК БССР, зацвердзіў пастановы ЦВК і СНК БССР аб уступленні Бел. ССР у Саюз ССР, ухваліў праект Канстытуцыі СССР і даручыў ЦВК прывесці ў адпаведнасць Канстытуцыю БССР з Канстытуцыяй СССР. Вітаў рашэнне працоўных Гомельскай, Віцебскай і Смаленскай губ. уключыць у склад БССР раёны гэтых губерняў з большасцю бел. насельніцтва. Зацвердзіў бюджэт рэспублікі на 1923—24, разгледзеў пытанні развіцця сельскай гаспадаркі, ветэрынарыі, землеўпарадкавання, меліярацыі, лясной гаспадаркі. Прыняў рашэнне аб плане ўвядзення ўсеаг. навучання (на працягу 10 гадоў) і ліквідацыі непісьменнасці насельніцтва Беларусі. Паслаў прывітанні ЦК РКП(б) і У.І.Леніну. З’езд прадоўжыў паўнамоцтвы ЦВК, выбранага на Чацвёртым Усебеларускім з’ездзе Саветаў, да склікання VI Надзвычайнага Усебел. з’езда Саветаў, выбраў 4 чал. ў Савет Нацыянальнасцей ЦВК СССР (адно месца пакінуў Віцебскай губ.), 19 дэлегатаў з рашаючым і 6 з дарадчым голасам на II Усесаюзны і 115 з рашаючым і 115 з дарадчым голасам на VI Надзвычайны Усебел. з’езды Саветаў.
Літ.:
Съезды Советов Союза ССР, союзных и автономных советских социалистических республик: Сб. док. Т. 5. М., 1964.
С.П.Самуэль.
т. 13, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЁМЫ З’ЕЗД КП(б)Б [XII канферэнцыя КП(б)Б]. Адбыўся 20—26.3.1923 у Мінску. Прысутнічалі 154 дэлегаты з рашаючым і 115 з дарадчым голасам ад 3850 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦБ КП(б)Б
(В.А.Багуцкі),
Рэвіз. камісіі КП(б)Б (Л.М.Бунін), Кантрольнай камісіі (А.Х.Гетнер), ЦК КСМБ (М.Б.Кузенец); арганізацыя дзярж. прам-сці (А.С.Карпешын), нац. момант у дзярж. і парт. буд-ве (А.Р.Чарвякоў), падатковая палітыка ў вёсцы (В.А.Нодэль), аб кааперацыі (А.С.Славінскі), аб арганізац.-выхаваўчай рабоце (І.А.Вайнер); выбары кіруючых органаў і дэлегатаў на XII з’езд РКП(б). У ходзе з’езда ў парадак яго работы дадаткова ўключаны даклад ЦК РКП(б) (П.М.Кержанцаў).
З’езд ухваліў дзейнасць КП(б)Б ва ўмовах новай эканамічнай палітыкі (нэпа), адзначыў, што асновай пралетарскай дыктатуры з’яўляецца дзярж. прамысловасць, таму асн. ўвага павінна аддавацца развіццю цяжкай індустрыі, а лёгкая — павінна дапамагаць яе развіццю. Важнае месца адводзілася пашырэнню розных форм кааперацыі. З’езд выказаў задавальненне стварэннем СССР. Адзначалася, што хутка адрадзіць Беларусь можна толькі шляхам яе ўзбуйнення і перагляду існуючага адм. падзелу БССР, Віцебскай і Гомельскай губ., што неабходна прывесці яго ў адпаведнасць з натуральна-гіст., эканам., вытв. і нац.-культ. асаблівасцямі і далучыць да БССР тэрыторыі з большасцю бел. насельніцтва. Такую пазіцыю камуністаў Беларусі падтрымліваў І.В.Сталін і інш. члены ЦК РКП(б), супраць выступалі М.І.Калінін і шэраг партработнікаў Віцебскай і Гомельскай губ. З’езд звярнуў увагу на неабходнасць узмацнення класавага прынцыпу ў падаткаабкладанні. Былі акрэслены канкрэтныя мерапрыемствы па далейшым росце і ўмацаванні парт. і камсам. ячэек на прадпрыемствах, рэгуляванні сац. складу КП(б)Б, паляпшэнні ідэйна-выхаваўчай работы сярод камуністаў. Падкрэслівалася, што сакратары буйных ячэек на прадпрыемствах, у абласцях, саўгасах павінны быць вызвалены ад інш. работы. У дакументах з’езда праглядаюцца тэндэнцыі па стварэнні парт. бюракратыі, супярэчнасці паміж тэарэт. палажэннямі аб нэпе, якія распрацоўвалі У.І.Ленін і яго паплечнікі, і той палітыкай, што праводзілася камуністамі ў жыццё. З’езд выбраў ЦБ КП(б)Б з 13 чл. і 6 канд., Рэвіз. камісію КП(б)Б з 3 чл. і 3 канд., Кантрольную камісію з 5 чл. і 3 канд., 5 дэлегатаў на XII з’езд РКП(б).
Літ.:
Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2 (1921—1966). Мн., 1967;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. Мн., 1983;
Платонаў Р. Як пачалася беларусізацыя: Дыскусія на XII Усебел. парт. канф. // Роднае слова. 2000. №4.
В.Ф.Кушнер.
т. 14, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)