«Паўночны полюс» (дрэйфуючая станцыя) 1/434

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Паўночны полюс, гл. Полюсы геаграфічныя, Полюсы свету

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНЫ ПО́ЛЮС,

пункт, у якім уяўная вось вярчэння Зямлі перасякае яе паверхню ў Паўн. паўшар’і. Размешчана ў цэнтр. ч. Паўн. Ледавітага ак., дзе глыб. перавышае 4000 м. Круглы год у раёне П.п. дрэйфуюць магутныя шматгадовыя пакавыя льды. Сярэдняя т-ра зімой каля -40 °C, летам пераважна каля 0 °C. Палярны дзень доўжыцца 189 сут., палярная ноч — 176 сут. Першым П.п. ў 1909 дасягнуў Р.Э.Піры. У 1937 у раёне П.п. арганізавана н.-д. дрэйфуючая сав. станцыя «Паўночны Полюс-1» пад кіраўніцтвам І.​Дз.Папаніна. У 1958 пад П.п. прайшла амер. атамная падводная лодка «Науцілус». У 1977 П.п. дасягнуў атамны ледакол «Арктыка». Гл. таксама Полюсы геаграфічныя.

т. 12, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАЎНО́ЧНЫ ПО́ЛЮС»,

«ПП», навуковыя абсерваторыі на дрэйфуючых ільдзінах Паўн. Ледавітага ак. Вынікі назіранняў станцый «ПП» выкарыстоўваюцца для прагназіравання надвор’я і лядовых умоў суднаходства на Паўночным марскім шляху. «ПП-1» арганізавана ў маі 1937 у раёне Паўн. полюса пад кіраўніцтвам І.​Дз.Папаніна. Працавалі: «ПП-22» (1973—82), «ПП-23» (1975—78), «ПП-24» (1978—80), «ПП-25» (1981—84), «ПП-26» (1983—86), «ПП-27» (1984—87), «ПП-28» (1986—88), «ПП-29» (1987—88), «ПП-30» (1987—91), «ПП-31» (1988—91). У 1990-х г. дзейнасць такіх абсерваторый часова спынена.

т. 12, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЮСЫ ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ,

пункт перасячэння восі вярчэння Зямлі з зямной паверхняй. Адрозніваюць Паўночны полюс і Паўднёвы полюс. У полюсах зыходзяцца ўсе мерыдыяны зямныя (геаграфічныя). На П.г. няма звычайных кірункаў свету, няма падзелу на дні і ночы, таму што каля паўгода Сонца не апускаецца за гарызонт і каля паўгода не ўзыходзіць (гл. Палярны дзень, Палярная ноч). Яны перамяшчаюцца па зямной паверхні па складанай траекторыі, якая то закручваецца, то раскручваецца, не выходзячы з квадрата са стараной 26 м.

т. 12, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́МУНДСЕНА КАТЛАВІ́НА,

падводная катлавіна ў Паўн. Ледавітым ак., паміж хрыбтамі Ламаносава і Гакеля. Даўж. каля 2 тыс. км; шыр. 200—400 км. Глыб. да 4485 м. Дно выраўнаванае, укрытае гліністымі глеямі. У межах Амудсена катлавіны — Паўночны полюс. Названа ў гонар Р.Амундсена.

т. 1, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́НКЕЛЬ Эрнст Тэадоравіч (24.12.1903, г. Тарту, Эстонія — 8.12.1971),

савецкі палярнік. Д-р геагр. навук (1938). Герой Сав. Саюза (1938). З 1969 дырэктар НДІ гідраметэаралагічнага прыладабудавання. Радыст на палярных станцыях Матаччын Шар (1924—25, 1927—28), бухта Ціхая (1929—30), мыс Алавяны (1935—36), в-аў Дамашні (1936). Удзельнік арктычных экспедыцый на дырыжаблі «Граф Цэпелін» (1931), суднах «Сібіракоў» (1932), «Чэлюскін» 1933—34); радыст першай дрэйфуючай станцыі «Паўночны полюс» (1937—38). У 1927 здзейсніў радыёсувязь на кароткіх хвалях, устанавіў сусв. рэкорд далёкай радыёсувязі паміж Зямлёй Франца-Іосіфа і Антарктыдай.

т. 8, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́МАЎ Міхаіл Міхайлавіч (7.4.1908, Масква — 30.12.1973),

расійскі акіянолаг, палярны даследчык. Д-р геагр. н. (1954). Герой Сав. Саюза (1951). Скончыў Маскоўскі гідраметэаралагічны ін-т (1937). З 1939 у Арктычным і Антарктычным н.-д. ін-це. У 1950—51 кіраваў дрэйфуючай ст. «Паўночны полюс-2», у 1955—57—1-й сав. антарктычнай экспедыцыяй, у 1962—64—8-й і 9-й, адкрыў 3 бухты, паўвостраў і возера, даследаваў 2 шэльфавыя ледавікі. Навук. працы па лядовым рэжыме палярных мораў, лядовых прагнозах. Яго імем названы ледавік у горным масіве Вольтат (Усх. Антарктыда).

т. 15, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПА́НІН Іван Дзмітрыевіч (26.11.1894, г. Севастопаль, Украіна — 30.1.1986),

расійскі палярны даследчык. Двойчы Герой Сав. Саюза (1937, 1940). Контр-адмірал (1943). Д-р геагр. н. (1938). У 1932—35 нач. палярных станцый у бухце Ціхая на Зямлі Франца-Іосіфа і на мысе Чэлюскін. У 1937—38 нач. першай н.-д. станцыі «Паўночны полюс» на дрэйфуючай ільдзіне ў цэнтр. Арктыцы. У 1939—46 нач. Гал. паўн.-марскога шляху, у 1952—72 дырэктар Ін-та біялогіі ўнутр. вод АН СССР і адначасова (з 1951) нач. аддзела марскіх экспедыцыйных работ АН СССР. Чл. Каралеўскага геагр. т-ва Вялікабрытаніі (з 1957). Яго імем названы мыс на п-ве Таймыр, горы ў Антарктыдзе, падводная гара ў Ціхім ак.

Тв.:

Жизнь на льдине: Дневник. 7 изд. М., 1977;

Лед и пламень. 4 изд. М., 1988.

т. 12, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РКТЫКА,

паўночная палярная вобласць Зямлі, якая ўключае паўн. ўскраіны Еўразіі і Паўн. Амерыкі (акрамя паўд. часткі Грэнландыі і п-ва Лабрадор), амаль увесь Паўн. Ледавіты акіян з астравамі (акрамя Усх. і Паўд. Нарвежскага мора) і прылеглыя часткі Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Паўд. мяжа на сушы суадносіцца з паўд. мяжой зоны тундры (ізатэрма 10 °C самага цёплага месяца — ліп. ці жніўня). Пл. 27 млн. км² (часам мяжой Арктыкі лічаць лінію Паўн. палярнага круга, тады пл. Арктыкі 21 млн. км²). У Паўн. Амерыцы найб. плошчы займаюць невысокія (выш. 400—700 м) узгоркавыя пласкагор’і (Арктычнае плато і інш.). Самыя высокія горы на У Грэнландыі (3700 м, г. Гунб’ёрн), Бафінавай Зямлі і в-ве Элсміра. У рэльефе сушы Еўразіі пераважаюць раўніны. Месцамі ўчасткі гор (горы Быранга на п-ве Таймыр). Многія астравы ўкрыты ледавікамі; пл. ледавікоў Арктыкі 2 млн. км². Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, лігніт, каменная соль, руды каляровых металаў. У мацерыковай ч. многа рэк, якія замярзаюць на 8—10 месяцаў, невял. азёры (воз. Таймыр). У Паўн. Ледавітым ак. вылучаюць шэльф (глыб. 200—300 м), заняты ўскраіннымі морамі (Бафіна, Бофарта, Чукоцкім, Усх.-Сібірскім, Лапцевых, Карскім, Баранцавым, Грэнландскім) і а-вамі мацерыковага паходжання (Канадскі Арктычны Архіпелаг, Новасібірскія а-вы, Паўн. Зямля, Новая Зямля, Зямля Франца-Іосіфа, архіпелаг Шпіцберген і інш.), і дно — глыбакаводную частку, абмежаваную з Пд краем шэльфа Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Пл. каля 5,3 млн. км², найб. глыб. 5527 м (упадзіна Літке). Падводныя хр. Ламаносава, Гакеля і Мендзялеева падзяляюць дно на падводныя катлавіны Канадскую, Макарава, Амундсена, Нансена і інш. Працяглая палярная ноч, нізкія значэнні радыяц. балансу (пры адмоўных сярэдніх т-рах студз. ад -30 да -34 °C, ліп. каля 0 °C), фарміраванне Арктычнага антыцыклону, інтэнсіўная цыкланічная дзейнасць спрыяюць існаванню дрэйфуючага ледавіковага покрыва шматгадовых (пакавых) ільдоў. Ледавітасць марскіх акваторый Арктыкі каля 11 млн. км² зімой і каля 8 млн. км² летам. Цыркуляцыя водаў і льдоў вызначаецца водаабменам з Атлантычным і Ціхім акіянамі. Салёнасць 30—32‰. Скорасць дрэйфу лёду і пастаянных цячэнняў 2—4 км за суткі. Панаванне арктычных паветраных масаў, арктычнага клімату, наяўнасць шматгадовай мерзлаты абумовілі існаванне ландшафтаў ледзяных пустыняў, хмызняковай тундры (карлікавая бяроза, вярба, багун) і арктычных пустыняў зоны на прымітыўных арктычных глебах. Жывёльны свет: белы мядзведзь, пясец, паўн. алень, аўцабык; з птушак — белая сава, тундравая курапатка, рагаты жаваранак, «птушыныя кірмашы» (гагі, гусі, казаркі, тундравы лебедзь). У водах Арктыкі 70 відаў фітапланктону і каля 80 розных формаў зоапланктону. У морах — маржы і цюлені. Прамысловыя рыбы: селядзец, траска, пікша, марскі акунь і інш.

У 1937 у раёне полюса была арганізавана першая сав. дрэйфуючая ст. «Паўночны полюс» пад кіраўніцтвам І.​Дз.​Папаніна. Вялікая роля ў асваенні Арктыкі належыць Паўн. марскому шляху. У сучасным міжнар. праве замацаваны падзел Арктыкі на 5 сектараў у адпаведнасці з паўн. граніцамі Расіі, ЗША (Аляска), Канады, Даніі (Грэнландыя) і Нарвегіі, бакавыя межы — мерыдыяны, вяршыня — Паўн. полюс. Усе землі і астравы ў межах кожнага сектара ўваходзяць у склад тэр. прылеглых дзяржаў.

Літ.:

Арикайнен Л.И. Сквозь льды Арктики. М., 1982;

Яго ж. Во льдах Североамериканской Арктики. Л., 1989.

В.​Ю.​Панасюк.

Да арт. Арктыка. Арктычны ландшафт.
Да арт. Арктыка. Белая сава.
Да арт. Арктыка. Статак маржоў у Чукоцкім моры.

т. 1, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)