Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЦЕ́ЛЬНЫЯ КЛАПЫ́ (Cimicidae),
сямейства насякомых атр. паўцвердакрылых. Каля 40 відаў. Пашыраны ўсюды. Крывасмокі; паразітуюць на пазваночных жывёлах (галубы, куры, лятучыя мышы і інш.), некат. віды — у чалавека. Актыўныя пераважна ўначы. Найб. вядомыя на Беларусі — П.к. звычайны (Cimex lectularius) і клоп ластаўчын (Oeciacus hirundi).
Цела акруглае ці авальнае, моцна сплюшчанае. Надкрылы ўкарочаныя. Даўж. П.к. звычайнага: самцоў — да 6,5 мм, самак — да 8,4 мм. Мае добры нюх. Характэрны ўласны рэзкі, непрыемны пах. Здольны хутка перамяшчацца (да 1 м за 1 мін). Ротавы апарат колюча-сысучы. Працінае хабатком скуру і ўпускае ў ранку сліну, якая перашкаджае згушчэнню крыві. Укусы выклікаюць сверб, раздражненне скуры. Вытрымлівае галаданне да некалькіх месяцаў. Развіццё з няпоўным ператварэннем; лічынка праходзіць 5 стадый (узростаў); для чарговай лінькі лічынка павінна насмактацца крыві.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАПЫ́, паўцвердакрылыя,
атрад насякомых. Вядомы з мезазойскай эры (каля 200 млн.г. назад). 50 сям., больш за 30 тыс. відаў. На Беларусі каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на сушы (паверхня і верхні слой глебы, расліны), на паверхні вады і ў вадзе (водныя расліны, дно).
Даўж. ад 0,7 мм да 12 см. Крылаў 2 пары, пярэднія неаднародныя: верх перапончаты, аснова цвёрдая, скурыстая (адсюль назва), ёсць кароткакрылыя і бяскрылыя (пасцельныклоп) формы. Ротавы апарат колюча-сысучага тыпу, складаецца з членістага хабатка, утворанага скручанай у трубку ніжняй губой і 2 парамі стылетаў (верхнія і ніжнія сківіцы). Ёсць пахучыя грудныя залозы. Развіццё з няпоўным ператварэннем (стадыя кукалкі адсутнічае). Большасць К. корміцца сокамі раслін (у асн., генератыўныя органы і насенне), некаторыя — драпежнікі, крывасмокі, паразіты інш. жывёл. Могуць пераносіць узбуджальнікаў вірусных хвароб.