МЕ́НЕДЖЭР (англ. manager кіраўнік),
спецыяліст па кіраванні, прафесійны кіраўнік. Звычайна наёмны работнік, які прыцягваецца да кіраўніцкай дзейнасці па кантракце. Асн. патрабаванні да М. — валоданне метадамі і сродкамі кіравання калектывам, каардынацыі дзейнасці работнікаў у прац. працэсе, веданне асноў псіхалогіі, сацыялогіі, арганізацыі вытв-сці і інш. (гл. Менеджэрызм).
т. 10, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЧАЛАВЕ́ЧЫХ АДНО́СІН» ТЭО́РЫЯ,
канцэпцыя кіравання ў арганізацыях (найперш прамысловых), якая грунтуецца на маральна-псіхал. фактарах стымулявання работніка і павышэння прадукцыйнасці працы. Сфарміравалася як альтэрнатыва тэйларызму ў выніку сац. эксперыменту, праведзенага ў 1927—32 на з-дах кампаніі «Уэстэрн электрык» у г. Хоўтарн (каля г. Чыкага, ЗША). Група даследчыкаў пад кіраўніцтвам псіхолага Э.Мэё даказала, што маральна-псіхал. клімат у прац. калектыве, характар узаемаадносін работнікаў паміж сабой і з кіраўніцтвам у значнай ступені ўплываюць на прадукцыйнасць працы: пры дэспатычным рэжыме яна зніжаецца, а пры добразычлівых, гуманных узаемаадносінах павышаецца. Вучонымі распрацавана сістэма прынцыпаў і метадаў кіравання, арыентаваных на стварэнне т.зв. псіхал. дабрабыту ў прац. калектывах, здольных прадухіліць канфлікты. Паводле Мэё, стварэнне добразычлівага мікраклімату на рабочым месцы здольна кампенсаваць недахопы грамадскага ладу, а гуманныя адносіны ў сферы вытв-сці непазбежна вядуць да сац. гармоніі. У 1960-я г. «Ч.а.»т. дапоўнена тэорыяй «кіравання праз саўдзельніцтва» (Д.Макгрэгар і інш.), паводле якой прадпрымальнік павінен бачыць у наёмным работніку не толькі работніка, але і сац. партнёра, а наёмны работнік у наймальніку — не толькі гаспадара, але і свайго кампаньёна. У 1970-я г. атрымалі пашырэнне «групавыя нормы і стылі кіравання» рабочымі.
Т.І.Адула.
т. 17, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)