Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́НІСНАСТО́ЛЬНЫ, пінг-понг,
спартыўная гульня з мячом на стале. Памеры пляцоўкі для гульні на афіц. спаборніцтвах 7×14 м. Спаборніцтвы (асабістыя і камандныя) праводзяцца адзіночныя і парныя (для мужчын, жанчын і змешаных пар). Сустрэчы складаюцца з 5—7 партый. Інвентар: стол (274×152,5 см, выш. 76 см, звычайна-цёмна-зялёнага або цёмна-сіняга колеру), сетка (183×15,25 см), ракеткі (форма адвольная з наклеенымі гумавымі пласцінамі цёмнага колеру), пластмасавы мяч (маса 2,7 г, дыяметр 40 мм).
Гульня блізкая да сучаснага Т.н. ўзнікла, верагодна, у Вялікабрытаніі ў канцы 19 ст.; з 1920-х г. стала пашыранай у многіх краінах. Міжнар. федэрацыя Т.н. засн. ў 1926. Еўрап. саюз Т.н. існуе з 1957. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1926 (з 1957 па няцотных гадах асабістае першынство, па цотных — каманднае), Еўропы — з 1958 (па цотных). Найб. развіты Т.н. ў Германіі, Карэі, Кітаі, Румыніі, Швецыі, Францыі, Японіі і інш.
На Беларусі развіваецца з 1920-х г. 1-я секцыя створана ў 1927 (г. Віцебск). Чэмпіянаты Беларусі праводзяцца з 1953. Федэрацыя Т.н. існуе з 1959. Створаны Рэсп.Нацыянальны цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе і настольным тэнісе Рэспублікі Беларусь. Мужчынская каманда спарт. клуба «Трактар» — сярэбраны прызёр чэмпіянату СССР (1980). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся: У.Зленка (чэмпіён Еўропы сярод юнакоў, 1968), І.Мінкевіч (чэмпіён Еўропы, 1978), Т.Кастраміна (сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы, 2002), В.Паўловіч (прызёр чэмпіянату Еўропы, 2002), У.Самсонаў (прызёр чэмпіянатаў свету, 1995, 1997, 1999), Я.Шчацінін (сярэбраны прызёр чэмпіянату свету, 1998) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РНА (Barna) Віктар (1912—1972),
венгерскі спартсмен (настольнытэніс). Чэмпіён свету 1930, 1932—35 у адзіночным разрадзе, 1929—35 у парных мужчынскіх, 1932, 1935 у парных змешаных, 1929—31, 1933—35, 1938 у камандных спаборніцтвах. З 1939 выступаў за Вялікабрытанію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Пінг-понг, гл.Настольнытэніс
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«СТА́ЙКІ»,
алімпійскі спарт. комплекс за 12 км на ПдУ ад Мінска, паблізу магістралі Мінск — Магілёў. Засн. ў 1947, пабудаваны ў канцы 1960-х г. З 1970 гал. база падрыхтоўкі да чэмпіянатаў Еўропы, свету і Алімп. гульняў па розных відах спорту. Пл. 90 га. Комплекс уключае: 2 універсальныя залы-манежы (50×72 м, арх. П.Пугач, У.Машукоў; 54×36 м), 2-зальны гімнастычны комплекс, залы спецыялізаваныя для штангі з 12 памостамі, боксу з рынгам, трэнажорныя. павільён з трэніровачнымі прыстасаваннямі, 5 крытых 140-метровых бегавых дарожак з сінт. пакрыццём. На тэр. комплексу знаходзяцца 6 футбольных палёў, 5 тэнісных кортаў, 5 універсальных пляцовак, 5 валейбольных і 2 баскетбольныя пляцоўкі, 4 кругавыя 400-метровыя лёгкаатлетычныя дарожкі, вучэбныя гарадкі для скачкоў у вышыню і для кідання кап’я, вадасховішча. Функцыянуюць 8 гасцінічных карпусоў, медыка-рэабілітацыйны цэнтр, рэстаран, бары, буфеты, 2 кіназалы, канферэнц-зала, зала актыўнага адпачынку (більярд, настольнытэніс), б-ка, чытальная зала. У «С.» арганізоўваюцца і праводзяцца спарт.-масавыя мерапрыемствы рэсп. і міжнар. узроўняў, семінары, сімпозіумы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАРТЫ́ЎНЫЯ СПАБО́РНІЦТВЫ,
комплекс мерапрыемстваў па арганізацыі і ажыццяўленні дзейнасці спарт. каманд ці асобных спартсменаў, якія маюць на мэце выяўленне мацнейшых сярод удзельнікаў; аснова спорту. Абумоўліваюць дасягненне вышэйшых спарт. вынікаў, удасканаленне спарт. майстэрства, прапагандуюць фіз. культуру і спорт. Дазваляюць супастаўляць фіз. і інтэлектуальныя здольнасці спартсменаў, іх узровень валодання тэхнікай і тактыкай пэўнага віду спорту, разнастайнымі тэхн. сродкамі, абсталяваннем і механізмамі; ацэньваць дзейнасць спарт. арг-цый, трэнераў, спартсменаў, суддзяў. Праводзяцца па стандартных афіц. правілах, пры забеспячэнні аднолькавых умоў для ўдзельнікаў, аб’ектыўным судзействе, тэхн. аснашчанасці, выкананні этычных норм (узаемапавага сапернікаў, суддзяў і балельшчыкаў, адмова ад выкарыстання забароненых біял. і мед. прэпаратаў і сродкаў).
Паводле маштабаў ахопу падзяляюцца на сусветныя (Алімпійскія гульні, універсіяда, чэмпіянаты і кубкі свету, шахматныя алімпіяды і інш.); рэгіянальныя (кантынент. чэмпіянаты, кубкі, гульні); нацыянальныя (асобных краін); абласныя; гарадскія і г.д. Бываюць комплексныя (Алімп. гульні, Параалімпійскія гульні, спартакіяды і інш.) і спецыялізаваныя (па асобных відах спорту); у залежнасці ад задач і ўмоў выяўлення пераможцаў — асабістыя, камандныя і асабіста-камандныя; паводле характару правядзення — афіцыйныя (на званне чэмпіёна, уладальніка кубка і інш.), класіфікацыйныя (для вызначэння спарт. кваліфікацыі ўдзельнікаў) і неафіцыйныя, якія ўключаюць С.с. камерцыйныя, таварыскія і па запрашэнні (дазваляюць адхіленні ад афіц. правіл, могуць уключаць нестандартныя дысцыпліны, дыстанцыі і інш.; іх вынікі не ўлічваюцца міжнар.спарт. арг-цыямі, федэрацыямі). Існуюць 3 асн. сістэмы правядзення С.с.: кругавая (усе ўдзельнікі сустракаюцца паміж сабой адзін або некалькі разоў, за перамогу налічваюцца ачкі), кубкавая (з выбываннем тых, што прайгралі) і змешаная (аб’ядноўвае прынцыпы кругавой і кубкавай сістэм). Праводзяцца раздзельна для мужчын і жанчын (акрамя коннага спорту, шэрагу тэхн. відаў і інш.); у залежнасці ад узросту ўдзельнікаў (дзіцячыя, юніёрскія, маладзёжныя, дарослыя, ветэранскія); у некат. відах спорту (тэніс, тэніснастольны, фігурнае катанне) прадугледжаны спаборніцтвы змешаных пар.