МАГНІ́ТНЫ ПО́ЛЮС,

частка паверхні намагнічанага цела, на якой нармальная кампанента вектара намагнічанасці адметная ад нуля. М.п., з якога выходзяць сілавыя лініі, наз. паўночным (N) ці дадатным, у які ўваходзяць гэтыя лініі — паўднёвым (5) ці адмоўным. Назвы М.п. уведзены, зыходзячы з напрамку ўстанаўлення стрэлкі магн. компаса ў магн. полі Зямлі: паўн. полюс стрэлкі паварочваецца ў бок геагр. Поўначы (гл. Магнітныя полюсы Зямлі). Аднайменныя М.п. адштурхоўваюцца, разнайменныя — прыцягваюцца.

Магнітныя полюсы (N і S) намагнічанага стальнога стрыжня (лініі са стрэлкамі — магнітныя сілавыя лініі; яны замыкаюцца ў навакольнай прасторы стрыжня).

т. 9, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАПО́ЛЬ МАГНІ́ТНЫ,

гіпатэтычны фіз. аб’ект, які некат. сваімі ўласцівасцямі нагадвае ізаляваны магн. полюс. Існаванне М.м. парушае інварыянтнасць адносна адлюстравання прасторы і абарачэння часу, дазваляе растлумачыць дыскрэтнасць эл. зараду, пабудаваць мадэль канфайнменту кваркаў (існаванне іх толькі ў звязаным стане), прадказаць імавернасць распаду пратона, і шэраг інш., у т. л. касмалагічных, эфектаў.

Адпавядае аднайм. тапалагічна-нетрывіяльнаму рашэнню ўраўненняў калібровачнай тэорыі поля. У лінейнай тэорыі манапольныя рашэнні пабудаваны П.Дзіракам (1931, 1948), у нелінейнай — незалежна рас. вучоным А.​М.​Паляковым і галандскім вучоным Г.​Хоафтам (1974). Эфектыўныя манапольныя канфігурацыі адыгрываюць істотную ролю ў параметрычнай дынаміцы класічных і квантавых сістэм. Пошук М.м. вядзецца ва ўсіх тэхн. дасягальных інтэрвалах адлегласцей і энергій.

Літ.:

Стражев В.И., Томильчик Л.М. Электродинамика с магнитным зарядом. Мн., 1975;

Shnir Ya.M., Tolkachev E.A., Tomil’chik L.M. P-violating magnetic monopole influence on the behaviour of the atom-like System in external fields // International Journal of Modem Physics A. 1992. Vol. 7, № 16.

Я.​А.​Талкачоў, Л.​М.​Тамільчык.

т. 10, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВЕ́РСІЯ ГЕАМАГНІ́ТНАГА ПО́ЛЯ,

змена напрамку (палярнасці) магнітнага поля Зямлі на адваротны пры адным і тым жа напрамку геамагнітнай восі. Назіраецца праз інтэрвалы часу ад 500 тыс. гадоў да 50 млн. гадоў. У эпоху нармальнай палярнасці (нашу эпоху) паўд. магнітны полюс знаходзіцца каля паўн. геагр. полюса, а ў эпоху адваротнай палярнасці — каля паўд. геагр. полюса. На падставе палеамагнітных даных зроблены вывад, што ў тоўшчах асадкавых і эфузіўных парод назіраецца паслойная змена знака вектара прыроднай астаткавай намагнічанасці. Прычыны І.г.п. пакуль не высветлены.

т. 7, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПО́ЛЬ (ад ды... + грэч. polos полюс),

1) Д. электрычны — сістэма з 2 роўных па абс. значэнні і розных па знаку засяроджаных (кропкавых) эл. зарадаў (q), размешчаных на некат. адлегласці l адзін ад аднаго. Характарызуецца эл. дыпольным момантам p = ql.

На вял. адлегласцях ад Д. (r ≫ l) яго эл. поле вызначаецца формуламі φ = ( 2p cosΘ ) / 4πε0r2 , Er = ( 2p cosΘ ) / 4πε0r3 , EΘ = ( 2p sinΘ ) / 4πε0r3 , дзе φ — патэнцыял, Er — радыяльная і ΕΘ — трансверсальная кампаненты напружанасці E→ у пункце назірання з радыус-вектарам r→, Θ — вугал паміж вектарамі p→ і r→, ε0 — эл. пастаянная. Д. з пастаянным дыпольным момантам (p→) стварае патэнцыяльнае (безвіхравое) поле, Д. з пераменным момантам з’яўляецца крыніцай выпрамянення эл.-магн. хваль.

2) Д. магнітны — сістэма з 2 роўных па абс. значэнні і розных па знаку фіктыўных магн. зарадаў (полюсаў), размешчаных на некат. адлегласці адзін ад аднаго. Лічыцца, што ў макраскапічным сэнсе магн. зарадаў (адасобленых магн. полюсаў) не існуе, аднак магн. поле замкнутых эл. токаў на вял. адлегласцях супадае з полем, якое ствараў бы магн. Д. Асн. характарыстыка магн. Д. — магнітны момант. Гл. таксама Манаполь магнітны.

А.​І.​Болсун.

Да арт. Дыполь. Лініі напружанасці вектара E электрычнага поля дыполя, p — электрычны дыпольны момант.

т. 6, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОС (Ross) Джэймс Кларк (15.4.1800, Лондан —3.4.1862),

англійскі мараплавец, палярны даследчык. У 1818—33 удзельнічаў у 6 арктычных экспедыцыях па пошуку Паўн.-Зах. праходу, у т. л. ў 3 (1819—24) пад кіраўніцтвам У.​Э.​Пары і ў 2 (1829—33) — свайго дзядзькі Дж.​Роса. У час зімоўкі (1830—31) даследаваў п-аў Бутыя і адкрыў на яго зах. узбярэжжы Паўн. магнітны полюс. У 1840—43 здзейсніў на суднах «Эрэбус» і «Тэрар» 3 плаванні ў Антарктыку. Адкрыў ч. мацерыка Антарктыды — Зямлю Вікторыі, мора і ледзяны бар’ер, вулканы Эрэбус і Тэрар, вызначыў становішча Паўд. магнітнага полюса, але дайшоў толькі да 78°09 паўд. ш. Яго імем названы бухта, праліў і мыс у Канадскім Арктычным архіпелагу, востраў каля берага Антарктычнага п-ва, шэльфавы ледавік у Антарктыдзе і мора каля яе берагоў.

т. 13, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)