Кап’ё (зброя) 4/541; 5/408, 557 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАП’Ё,

халодная колючая або кідальная зброя, якая выкарыстоўвалася на вайне і паляванні. Вядома з эпохі палеаліту. Складалася з дрэўка і наканечніка (з каменю, косці, металу). У некат. краінах і народаў захавалася і ў сярэдневякоўі. У 18 ст. страціла былое значэнне. Засталося на ўзбраенні ў плямён Аўстраліі, Акіяніі, Бразіліі. К. таксама называецца спарт. кідальны снарад.

т. 8, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРО́ЦІК (ад грэч. dorotos кап’ё),

кароткае кідальнае кап’ё. Вядомы з эпохі верхняга палеаліту (з каменным або касцяным наканечнікам; выкарыстоўваўся як паляўнічая зброя), асабліва ў аўстрал. абарыгенаў і алеутаў. У старажытнасці служыў зброяй першага ўдару ў арміях Грэцыі і Рыма (з жал. наканечнікам). Для павелічэння далёкасці і сілы кідка (да 70—80 м) выкарыстоўвалася раменная пятля. У сярэднія вякі быў пашыраны (з жал. наканечнікам) у Зах. і Усх. Еўропе (на Русі наз. суліца; упершыню згадваецца ў 12 ст. ў «Слове пра паход Ігаравы»).

т. 6, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕБА́РДА (франц. hallebarde),

старадаўняя халодная колюча-рубячая зброя, доўгае (да 2,5 м) плоскае або гранёнае кап’ё з прымацаванай да яго сякерай або паўмесяцападобным лязом. У 14—16 ст. была на ўзбраенні пяхоты некаторых дзяржаў Зах. Еўропы; на Беларусі выкарыстоўвалася ў 15—18 ст.; да канца 19 ст. — зброя парадных падраздзяленняў, а таксама палацавай і гарадской варты. Гл. таксама Бярдыш.

Алебарда.

т. 1, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАЗА́Н (ням. Partisane ад франц. pertuisane),

кап’ё з плоскім і доўгім металічным наканечнікам, замацаваным на дрэўку даўжынёй да 2,5 м і больш. Наканечнік упрыгожвалі арнаментам, выявай герба і інш.; дрэўка размалёўвалі або абшывалі аксамітам, шоўкам і інш. У 16 ст. П. — зброя ландскнехтаў, У 17 — целаахоўнікаў пры манархах, у т. л. ў Рэчы Паспалітай. Пад назвай эспатон быў на ўзбраенні рас. арміі да пач. 19 ст.

Пратазан з выявай гербаў Рэчы Паспалітай. Каля 1700.

т. 13, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЕ́ЙШЧЫКІ, пікінёры,

пешыя і конныя воіны ў арміях краін Зах. Еўропы, Польшчы, ВКЛ і Расіі ў 16—18 ст., асн. зброяй якіх было доўгае (3—4 м) кап’ё (піка). Дзейнічалі пад прыкрыццем стралкоў і артылерыі, пасля залпу якіх самкнутым строем атакоўвалі праціўніка і наносілі яму паражэнне ў блізкім (рукапашным) баі. З увядзеннем штыка ў пач. 18 ст. паступова зніклі ў рэгулярных арміях. У час паўстанняў 1794, 1830—31 і 1863—64 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве як К. дзейнічалі сяляне-касінеры.

т. 8, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЛАРО́ДНАЯ РЭ́ЗКА, аўтагенная рэзка, газавая рэзка,

рэзка матэрыялаў спальваннем іх струменем кіслароду. Награванне матэрыялаў да т-ры ўзгарання робіцца з дапамогай гаручых газаў (ацэтылену, прапану, пароў бензіну). Бывае ручная і машынная.

Для К.р. нізкалегіраваных, нізка- і сярэднявугляродзістых сталей, тытанавых сплаваў выкарыстоўваюць спец. ручныя або машынная разакі і гарэлкі зварачныя; для бетону, жалезабетону, вогнетрывалых матэрыялаў — кіслароднае кап’ё (стальную трубку, па якой прапускаюць кісларод); для хромістых сталей, чыгуну і медных сплаваў — К.р. з дабаўленнем флюсу (садзейнічае выдаленню тугаплаўкіх шлакаў, што ўтвараюцца пры рэзцы). Для К.р. пад вадой ужываюць трубчастыя (метал., вугальныя і інш.) электроды з унутр. каналам для падачы кіслароду. К.р. выкарыстоўваюць таксама для стругання, абточкі, зачысткі дэталей.

Кіслародная рэзка: 1 — сапло разака; 2 — падагравальнае газавае полымя; 3 — струмень рэжучага кіслароду; 4 — дэталь, якая разразаецца.

т. 8, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІДА́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ,

баявыя машыны для кідання цяжкіх снарадаў (стрэл, камянёў, бярвён, ядраў, запальных сумесей і інш.) з мэтай паражэння жывой сілы праціўніка і разбурэння яго абарончых збудаванняў.

Падзяляліся на машыны насцільнага (балісты і брыколі — станкі з верт. стойкай для кідання стралы) і навяснога (катапульты, франдыбалы) дзеяння. Былі вядомы яшчэ ў дзяржавах Стараж. Усходу, Грэцыі і Рыма (франдыбалы з 5 ст. ў Візантыі, брыколі пашырыліся ў 13—14 ст.). У Стараж. Русі К.м. выкарыстоўваліся з 10 ст. (наз. станковымі самастрэламі, паро́камі, пускачамі) і існавалі да 15 ст. (выцеснены агнястрэльнай зброяй). Гл. таксама іл. да арт. Артылерыя.

Кідальная зброя і кідальныя машыны: 1 — кап’ё; 2 — бумеранг; 3, 6, 7 — прашча; 4, 5 — лук; 8 — арбалет (самастрэл); 9 — аркбаліста; 10 — баліста; 11 — катапульта.
Кідальныя машыны: 1 — брыколь; 2 — анагр.

т. 8, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІДА́ЛЬНАЯ ЗБРО́Я,

зброя далёкага бою, прызначаная для паражэння праціўніка на адлегласці, недасягальнай для ўступлення з ім у рукапашны бой. Складаецца са снарада і механізма для кідання або толькі са снарада. У эпоху позняга палеаліту з’явіўся першы ўзор спецыялізаванай К.з. — лук. У антычнасці распаўсюдзілася кідальная артылерыя ў выглядзе машын рознай канструкцыі, якія кідалі снарады значнай вагі (гл. Кідальныя машыны). У той час узнік арбалет — механізаваны лук, прымацаваны да ложа-прыклада. Па-ранейшаму выкарыстоўваліся прашча і лук. На Беларусі выкарыстоўваліся практычна ўсе віды К.з., вядомыя ў старажытнасці. З пашырэннем агнястрэльнай зброі К.з. траціць актуальнасць.

Літ.:

Бехайм В. Энциклопедия оружия: Пер. с нем. СПб., 1995;

Медведев А.Ф. Ручное метательное оружие (лук и стрелы, самострел) VIII—XIV вв. М., 1966.

Ю.​М.​Бохан.

Кідальная зброя і кідальныя машыны: 1 — кап’ё; 2 — бумеранг; 3, 6, 7 — прашча; 4, 5 — лук; 8 — арбалет (самастрэл); 9 — аркбаліста; 10 — баліста; 11 — катапульта.

т. 8, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛА́ЎСКІ МУЗЕ́Й РАМЁСТВАЎ І НАРО́ДНЫХ ПРО́МЫСЛАЎ.

Існаваў у 1978—90 у г. Заслаўе Мінскага р-на як філіял Дзярж. музея Беларусі. З 1986 уваходзіў у склад Заслаўскага гісторыка-культурнага запаведніка, размяшчаўся ў будынку Заслаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы. Меў 2 выставачныя залы (пл. 346,5 м²). Матэрыялы адной залы знаёмілі з гісторыяй Беларусі і гарадоў: карта Беларусі, выявы стараж. гербаў бел. гарадоў, якія мелі магдэбургскае права. У экспазіцыі другой залы было больш за 900 твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва і нар. рамёстваў 10 — пач. 20 ст., у т. л. знойдзеныя пры археал. раскопках. Сярод экспанатаў наканечнікі стрэл 10—12 ст., прадметы побыту з рогу і косці 10—17 ст., кап’ё 11 ст., ганчарны (12—13 ст.) і шкляны (18—20 ст.) посуд, упрыгожанні 10—13 ст. з металу, шкла, сердаліку (скроневыя кольцы, шыйныя грыўні, бранзалеты, пацеркі, пярсцёнкі, падвескі і інш.), паліхромная кафля 16—17 ст., дэталі збруі 16—17 ст., вырабы бел. злотнікаў (пацір 16 ст., напрастольны крыж 1625 з Навагрудка), разныя царскія вароты 18 ст. з Давыд-Гарадоцкай Георгіеўскай царквы, скульпт. выявы святых з Віцебскай і Гродзенскай абл., слуцкія паясы, неглюбскія ручнікі і інш. Расфарміраваны ў сувязі з перадачай храма правасл. абшчыне. Большая частка экспанатаў захоўваецца ў фондах Нац. маст. музея Беларусі.

А.​Л.​Гурбо.

т. 6, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)