БАГДА́НАЎ Рыгор Багданавіч

(4.2.1910, в. Марцюшы Гарадоцкага р-на Віцебскай вобласці — 1.10.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). У Вял. Айч. вайну са снеж. 1941 на Зах., Цэнтр., Варонежскім франтах. Камандзір батальёна ст. лейт. Багданаў вызначыўся ў вер. 1943 у баях на Пн ад Кіева: батальён з ходу фарсіраваў Дзясну, выйшаў да Дняпра, фарсіраваў яго, захапіў плацдарм, адбіў 10 контратак, заняў 2 нас. пункты і ўтрымліваў іх да падыходу падмацавання. Памёр ад ран.

т. 2, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТАМНЫ ЛЕДАКО́Л,

судна з ядзернай энергетычнай устаноўкай, прызначанае для плавання сярод ільдоў і падтрымкі навігацыі ў замярзальных басейнах.

Першы атамны ледакол «Ленін» пабудаваны ў СССР (1959), водазмяшчэнне 16 тыс. т, магутнасць 32,4 МВт, скорасць ходу па чыстай вадзе 33 км/гадз, у лёдзе таўшчынёй 2,5 м — 3,7 км/гадз. Ядзерная энергет. ўстаноўка з 3 вода-вадзянымі рэактарамі на уране. Водажалезная біял. ахова засцерагае ад радыеактыўнага выпрамянення. Кіраванне дыстанцыйнае. Атамны ледакол «Арктыка» (водазмяшчэнне 23 тыс. т, магутнасць 55 МВт) у 1977 дасягнуў Паўн. полюса. Аднатыпныя Атамныя ледаколы «Сібір» (1978) і «Расія» (1985).

т. 2, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАСА́НІ,

самаходныя сані, што рухаюцца па снезе, лёдзе і вадзе з дапамогай сілы цягі паветранага вінта. Бываюць суцэльнаметалічныя і аэрасані-«амфібіі».

Суцэльнаметалічныя аэрасані маюць 3 або 4 лыжы і кіруюцца пярэднімі паваротнымі лыжамі; рухавік з паветр. вінтом размешчаны на карме. Аэрасані«амфібія» маюць 1 лодку-лыжу, што дазваляе рухацца па рыхлым снезе, вадзе, забалочанай мясцовасці і інш. Грузападымальнасць аэрасаней да 600 кг, далёкасць ходу да 500 км, скорасць да 100 км/гадз па снезе, да 80 км/гадз па вадзе. Выкарыстоўваюцца ва ўмовах бездарожжа Крайняй Поўначы для перавозкі грузаў, пошты, людзей.

т. 2, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛАСІПЕ́Д

[франц. vélocipede ад лац. velox (velocis) хуткі + pes (pedis) нага],

двух- ці трохколавая машына, якая прыводзіцца ў рух з дапамогай нажных педалей. Бываюць веласіпеды дарожныя (мужчынскія і жаночыя), лёгкадарожныя, юнацкія, спарт. (у т. л. тандэмы), дзіцячыя і спец. (грузавыя, цыркавыя, велакаляскі і інш.).

Папярэднікі веласіпеда — чатырохколавыя павозкі-самакаты, вядомыя з 16 ст. Першы двухколавы веласіпед з педалямі і рулём зроблены ў Расіі ўральскім кавалём Я.М.Артамонавым (1801). У 1815—50-я г. немцы К.Драйз і Ф.М.Фішэр, шатландзец Г.Далзел, англічанін Трэфу, французы П.Лалеман і М.Мішо ўдасканальвалі канструкцыю веласіпеда. Англ. інжынер Сержан у 1869 выкарыстаў ланцуговую перадачу, шатландзец Дж.Б.Данлап у 1888 замяніў гумавыя шыны пнеўматычнымі. Прамысл. вытв-сць веласіпедаў пачалася ў канцы 19 ст., калі сталі выкарыстоўваць стальныя трубы для рамы, ланцуговую перадачу на задняе кола, механізм свабоднага ходу і інш. Сучасныя дарожныя веласіпеды маюць трывалую раму, шырокія (1¼—1½″) шыны, масу каля 16 кг, у лёгкадарожных маса каля 14 кг, шыны меншага сячэння (1—1¼″), ручныя калодачныя тармазы. Спарт. веласіпеды адрозніваюцца аблегчанай канструкцыяй (8—11 кг) з легіраваных сталяў (часам з тытану) і дуралюміну, нізка апушчаным рулём, пераключальнікам скорасці і ручных барабанных тармазоў у шашэйных і адсутнасцю свабоднага ходу ў трэкавых веласіпедаў (гл. Веласіпедны спорт). Пашыраны складныя веласіпеды і з падвесным маторам. Буйная вытв-сць веласіпедаў у краінах Зах. Еўропы (Галандыя, Бельгія), Азіі (Кітай). На Беларусі вядучы вытворца дарожных веласіпедаў для дарослых з закрытай і складной рамамі — Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод.

т. 4, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕРЫКА́НСКІ ФУТБО́Л,

спартыўная гульня. Узнік у канцы 19 ст. ў ЗША на аснове рэгбі і футбола. Гуляюць 2 каманды па 11 чал. (замены па ходу сустрэчы) на працягу 4 квартаў (па 15 хвілін чыстага часу). Гал. мэта — занесці рукамі мяч грушападобнай формы ў заліковую зону і апусціць на зямлю (тачдаўн) або нагой накіраваць мяч у вароты (філдгол). Дазволены сілавыя прыёмы, для гульцоў прадугледжана спец. ахоўная амуніцыя. Найб. развіты ў ЗША, дзе штогод праводзяцца чэмпіянаты сярод прафес. клубаў; культывуецца ў 20 еўрап. краінах. Чэмпіянаты свету з 1967. На Беларусі развіваецца з 1990; клуб «Мінскія зубры» тройчы перамагаў на чэмпіянатах СНД.

М.А.Дубіцкі.

Амерыканскі футбол. Фрагмент гульні з удзелам каманды «Мінскія зубры».

т. 1, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОНЕАЎТАМАБІ́ЛЬ,

баявая браніраваная колавая машына, прызначаная для агнявой падтрымкі пяхоты ў баі, для разведкі, баявой аховы, патрулявання і сувязі.

Выкарыстоўваліся ў час 1-й і 2-й сусв. і грамадз. войнаў (у 1918 у Чырв. Арміі было 148 бронеаўтамабіляў). Ёсць на ўзбраенні армій Вялікабрытаніі («Саладзін» Мк2), Францыі («Панар» AML-90), інш. краін. Маюць 20—90-мм гармату, 1—2 кулямёты, часам гранатамёт і процітанк. кіроўную ракету. Маса да 12 т, запас ходу да 1000 км, скорасць да 105 км/гадз. У былой Сав. Арміі ў пасляваен. час тэрмін «бронеаўтамабіль» выйшаў з ужытку, а баявыя колавыя машыны атрымалі назву ў залежнасці ад асн. прызначэння (напр., бронетранспарцёр, баявая разведвальная машына).

т. 3, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНА АКТЫ́ЎНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

прыродныя і сінт. рэчывы, пад уздзеяннем якіх працякаюць і рэгулююцца розныя працэсы ў жывых арганізмах (хім. рэгулятары біял. працэсаў). Разнастайныя па сваёй прыродзе, функцыях, характары дзеяння, месцы ўтварэння і інш. Сістэматычнае вывучэнне біялагічна актыўных рэчываў пачалося ў канцы 19 ст. Узнікла некалькі раздзелаў біялогіі і медыцыны, што займаюцца іх пошукам, вывучэннем механізмаў дзеяння і магчымасцяў практычнага выкарыстання. Да прыродных біялагічна актыўных рэчываў належаць гармоны, вітаміны, ферменты, біястымулятары, інш. хім. злучэнні, вылучаныя з прыродных крыніц з мэтай увядзення ў арганізм чалавека, жывёлы, расліны ці мікроба для рэгулявання ходу нармальных ці паталагічных працэсаў (лек. прэпараты, напр., антыбіётыкі, алкалоіды, некаторыя фенолы). Сярод штучных біялагічна актыўных рэчываў многія сінт. злучэнні, прэпараты якіх выкарыстоўваюцца ў жывёлагадоўлі, раслінаводстве, эксперым. біялогіі і медыцыне (штучныя рэгулятары росту, фунгіцыды, гербіцыды, мутагены і інш.). У шэрагу выпадкаў яны дзейнічаюць больш моцна і выбіральна, чым прыродныя.

А.М.Ведзянееў.

т. 3, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛАСІПЕ́ДНЫ СПОРТ,

від спорту, які ўключае гонкі на шашы, трэку, па перасечанай мясцовасці (велакрос), велабол і фігурную язду на веласіпедах; састаўная частка велатурызму і трыятлона. Шашэйныя гонкі бываюць адна- і шматдзённыя, індывід. (гоншчык стартуе адзін), камандныя (каманды стартуюць па чарзе) і групавыя (агульны старт для ўсіх спартсменаў). На трэку (веладроме) праводзяцца гонкі індывідуальныя, камандныя, парныя і групавыя, за лідэрам (матацыклістам), на тандэмах (двухмесны веласіпед); па форме адрозніваюць гонкі: праследавання, з ходу і з месца, з выбываннем, з прамежкавымі фінішамі і інш. Фігурная язда (выкананне розных фігур на спец. веласіпедах) найб. развіта ў цыркавым мастацтве.

Першыя афіц. спаборніцтвы па веласіпедным спорце адбыліся ў 1869 (гонка Руан—Парыж, 120 км) на драўляных веласіпедах. Праводзяцца чэмпіянаты свету па гонках на трэку (з 1893, у закрытых памяшканнях з 1929), на шашы (з 1921), па велакросу (з 1950). У праграме Алімпійскіх гульняў (гонкі на шашы і трэку) з 1896. Дзейнічае Міжнар. саюз веласіпедыстаў (з 1900). Спаборніцтвы праводзяцца сярод аматараў і прафесіяналаў. Найб. вядомая і прэстыжная гонка ў прафесіяналаў «Тур дэ Франс» (з 1903). На Беларусі першыя спаборніцтвы адбыліся ў 1894 (Віцебск). У 1890-х г. вядомым веласіпедыстам быў М.Дзявочка з Мінска. Першы чэмпіянат Беларусі па гонках на шашы і перасечанай мясцовасці (1937) выйграў Б.Бальшакоў. Сярод бел. велагоншчыкаў алімпійскія чэмпіёны У.Камінскі (1976), А.Логвін (1980), чэмпіёны свету Камінскі (1977), І.Сумнікаў (1985) — у шашэйнай гонцы, чэмпіёны свету на трэку М.Колюшаў (1965, 1967), В.Быкаў (1967, 1969), В.Моўчан (1982), пераможцы ў складзе каманды СССР на Велагонцы міру А.Дахлякоў (1965, 1966 і 2-е месца ў асабістым заліку), Б.Ісаеў (1976, 1980), Л.Дзежыц (1980), Логвін (1981, 1984).

т. 4, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАГЛА́СНІКІ,

уніяцкія і праваслаўныя зборнікі песнапенняў, пашыраныя ў 16—19 ст. на Беларусі і Украіне ў рукапісным і друкаваным выглядзе. Прызначаліся для спявання ў час богаслужэнняў, хрэснага ходу і дома на святы. Уключалі бел. і ўкр. духоўныя псальмы і канты, лац. гімны, польскія кантычкі, календы, гейналы, пастаралькі і інш. Большасць багагласнікаў мела аднолькавую структуру: 1-я частка ўключала песні, прысвечаныя асн. царк. святам, пакутам Ісуса, некаторым тыдням царк. календара, «цудатворным» абразам; 2-я — святам, што звязаны з Багародзіцай; 3-я — апосталам і пакутнікам; 4-я змяшчала пакаянныя і замілавальныя песнапенні. Паэтычная і муз. аснова ідзе ад жыцій святых, грэч. духоўных песень, усх.-слав. нар. песень, каталіцкіх і правасл. гімнаў і харалаў. Большасць кантаў і псальмаў узята з бел. і ўкр. узораў кантавай культуры 16—17 ст. Выкладаліся яны 1-, 2-, 3-, 4- і 5-галосна. Ёсць звесткі пра існаванне вял. колькасці рукапісных багагласнікаў, сярод іх багагласнік, што зберагаўся ў Богаяўленскім манастыры, жыровіцкі багагласнік 17 ст., супрасльскія багагласнгікі 18 ст. (адзін з іх зберагаецца ў бібліятэцы АН Літвы). Найб. ранні друкаваны багагласнік, што дайшоў да нашага часу, выдадзены ў 1790 у Пачаеве (цяпер Крамянецкі р-н Цярнопальскай вобл., Украіна) на царк.-слав., лац. і польск. мовах са значнай колькасцю беларусізмаў і ўкраінізмаў, стаў асновай багагласніка 19 — пач. 20 ст., што друкаваліся ў Пецярбургу, Кіеве, Львове, Вільні, Гродне. Багагласнікі — каштоўныя помнікі самабытнай, інтэрнац. па сваіх вытоках, народнай у аснове кантавай культуры.

Л.П.Касцюкавец.

т. 2, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТВА ЗА ДНЯПРО́ 1943,

наступальныя аперацыі сав. войск у жн.снеж. 1943 з мэтай вызвалення Левабярэжнай Украіны, Данбаса і Кіева ў Вял. Айч. вайну. Мела на мэце таксама выхад да Крыма і Дняпра ў яго сярэднім цячэнні, фарсіраванне яго і захоп плацдармаў на правым беразе.

Удзельнічалі франты: Цэнтр. (каманд. ген. арміі К.К.Ракасоўскі), Варонежскі (ген. арміі М.Ф.Ватуцін), Сцяпны (ген. арміі І.С.Конеў), Паўд.-Зах. (ген. арміі Р.Я.Маліноўскі) і Паўд. (ген.-палк., з 21 вер. ген. арміі Ф.І.Талбухін); з 20 кастр. адпаведна Бел., 1,2, 3 і 4-ы Укр. франты. Адначасова Зах. фронт (ген. арміі В.Д.Сакалоўскі) і левае крыло Калінінскага фронту (ген. арміі А.І.Яроменка) павінны былі наступаць на Смаленскім напрамку, каб не даць магчымасці ворагу перакідваць войскі з гэтага ўчастка.

Гітлераўцы стварылі магутны стратэгічны рубеж абароны «Усходні вал» на лініі ад вусця Нарвы да Азоўскага мора, асабліва моцная абарона была на правым беразе Дняпра, у яго сярэднім цячэнні. Тут сав. войскам процістаялі войскі з групы армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Г.Клюге) і асн. сілы групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.Манштэйн). Бітва развівалася ў 2 этапы. На 1-м (жн.вер. 1943) Чырв. Армія разграміла ням.-фаш. войскі на Левабярэжнай Украіне і ў Данбасе, выйшла да Дняпра ў яго сярэднім цячэнні, захапіла шэраг плацдармаў на правым беразе ракі і сарвала планы ворага па арганізацыі абароны на гэтым рубяжы. На 2-м этапе (кастр.снеж. 1943) сав. войскі разграмілі сілы гітлераўцаў у сярэднім і ніжнім цячэнні Дняпра, вызвалілі Кіеў, стварылі плацдармы стратэгічнага значэння і адбілі ўсе спробы ворага аднавіць абарону на Дняпры (гл. таксама Гомельска-Рэчыцкая аперацыя 1943).

У ходзе аперацыі вызвалена 38 буйных нас. пунктаў, у т. л. гарады Беларусі Гомель, Ветка, Брагін, Добруш, Лоеў, Нароўля, Рэчыца, Хойнікі і інш. Значную дапамогу наступаючым сав. войскам аказалі партыз. атрады і злучэнні Украіны, Гомельскай і Палескай абл. Беларусі (гл. Рэйкавая вайна). Фарсіраванне Дняпра адначасова сіламі 4 франтоў з’явілася выключнай падзеяй у Вял. Айч. вайне і ўзбагаціла Чырв. Армію вопытам пераадолення буйных водных перашкод з ходу. Сав. войскі страцілі ў гэтай бітве каля 1,7 млн. чал. забітымі, параненымі, прапаўшымі без вестак (з іх забітымі 417 323 чал.). 2438 удзельнікам бітвы прысвоена званне Героя Сав. Саюза, з іх каля 700 чал. вызначыліся на тэр. Беларусі. Бітва стварыла ўмовы для поўнага вызвалення Правабярэжнай Украіны і Беларусі.

А.С.Харэбін.

т. 3, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)