КАВАЛЁЎ Сяргей Валер’евіч (н. 20.6.1961, г. Магілёў),
бел. пісьменнік, літаратуразнавец. Канд.філал.н. (1991). Скончыў БДУ (1985). З 1988 выкладчык БДУ. Друкуецца з 1980. Даследуе праблемы сучаснай бел. паэзіі (зб.арт. «Як пакахаць ружу», 1989; «Партрэт шкла», 1991), шматмоўную л-ру ВКЛ (кн. «Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст.», 1993). Аўтар п’ес «Драўляны рыцар» (паст. 1988), «Звар’яцелы Альберт, або Прароцтвы шляхціца Завальні» (паст. 1991), «Трышчан, або Блазны на пахаванні» (паст. 1995), «Люстэрка Бландоі» (паст. 1996 пад назвай «Заложніца кахання»), «Саламеі і амараты» (паст. 1996), «Стомлены д’ябал» (паст. 1997), створаных на аснове літ. твораў і фалькл. матэрыяле, і інш. Піша для дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБАЛО́ЦКІ Мікалай Аляксеевіч (7.5.1903, г. Казань, Расія — 14.10.1958),
рускі паэт. Скончыў Ленінградскі пед.ін-т імя Герцэна (1925). У 1936 беспадстаўна рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў на Д. Усходзе, у Алтайскім краі і Карагандзе. З 1946 у Маскве. Друкаваўся з 1928. Першая кн. вершаў «Слупкі» (1929). З. — лірык філас. складу. У яго паэзіі роздум пра адвечны кругаварот прыроды, перамогу чалавечага розуму і працы над стыхіяй, сцвярджэнне велічы чалавека (паэмы «Урачыстасць земляробства», 1933, «Звар’яцелы воўк», 1931, апубл. 1965, «Дрэвы», 1933, апубл. 1965, і інш.). Лірыцы характэрны аналітычнасць стылю, маляўнічасць і пластычнасць вобразаў (зб-кі «Вершы», 1948; 1957; 1959). Пераклаў «Слова пра паход Ігаравы», «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.Руставелі, творы груз., укр., італьян., венг. паэтаў. Для дзяцей апрацаваў раман Ф.Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль». На бел. мову творы З. перакладалі С.Грахоўскі, Я.Міклашэўскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.
Існуе ў Гомелі з ліст. 1954. Адкрыўся спектаклем «Гады вандраванняў» А.Арбузава. Напачатку ставіліся пераважна п’есы сав. драматургаў: «Гісторыя аднаго кахання» К.Сіманава, «Крылы» А.Карнейчука, «У добры час!» В.Розава, «Каханне Ані Бярозкі» У.Пісталенкі і інш. З 1956 у рэпертуары пачалі з’яўляцца бел. творы: «Глыбокая плынь» паводле І.Шамякіна, «Непрымірымасць» і «У бітве вялікай» А.Маўзона. Зрэдку ставіліся класічныя п’есы: «Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вегі, «Дон Сезар дэ Базан» А.Дэнеры і Ф.Дзюмануара, «Васа Жалязнова» М.Горкага. Канец 1950 — пач. 1960-х г. у творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў Л.Эльстона і Ю.Арынянскага. Сярод значных пастановак: «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка, «Сэрца на далоні» І.Шамякіна, «Выклік багам» А.Дзялендзіка, «Угрум-рака» паводле В.Шышкова, «Інтэрвенцыя» Л.Славіна, «Перад вячэрай» Розава, «104 старонкі пра каханне» Э.Радзінскага, «Зімовая казка» У.Шэкспіра. Асабліва плённай была дзейнасць т-ра ў 2-й пал. 1960 — 1-й пал. 1970-х г. (маст. кіраўнік І.Папоў), калі стабілізаваўся акцёрскі калектыў, вырасла выканаўчае майстэрства. Спектаклі вызначаліся творчым пошукам, глыбінёй спасціжэння драматургіі, псіхалагізмам, тонкай распрацоўкай характараў, сцэн. культурай, ансамблевасцю. Сярод лепшых пастановак: «Любоў Яравая» К.Транёва, «Разлом» Б.Лаўранёва, «Пасля пакарання смерцю прашу...» В.Долгага, «Маё сэрца з табою» Ю.Чупрына, «Не трывожся, мама!...» Н.Думбадзе, «Беспасажніца» і «Даходнае месца» А.Астроўскага, «Тры сястры» А.Чэхава, «Атэла» Шэкспіра. Цікавае сцэн. ўвасабленне набылі «Легенда пра песню няспетую» М.Пало і Папова, «Рудабельская рэспубліка» паводле С.Грахоўскага, «Таблетку пад язык» Макаёнка, «Грэшнае каханне» і «Амазонкі» Дзялендзіка. Спектаклі «Жыццё ўсяго адно» А.Маўзона, «Залатая карэта» Л.Лявонава і «Першы грэх» А.Каламійца (рэж. усіх Папоў) у 1972 адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі. У 2-й пал. 1970-х г.т-р перажыў перыяд творчай нестабільнасці, істотныя змены адбыліся ў трупе. Канец 1970 — 1-я пал. 1980-х г. звязана з дзейнасцю рэж. В.Кручкова, які асаблівую ўвагу надаваў знешняй культуры, дынамізму, пластыцы, музыкальнасці пастановак. Сярод іх: «Жывы партрэт» А.Марэта, «Як вярнуць мужа?» («Ілгуха») Л.Эніка і А.Дадэ. Значнымі былі пастаноўкі бел. твораў: «Подых навальніцы» паводле І.Мележа, «Ладдзя роспачы» паводле У.Караткевіча, «Гора і слава» А.Петрашкевіча, «Узлёт» А.Дударава. У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г.т-р зноў апынуўся ў крызісным становішчы. Спектаклі не вызначаліся навізной, маст. вартасцю. З 1993 маст. кіраўнік т-ра У.Караткевіч. Сярод пастановак апошніх гадоў: «Паўлінка» Я.Купалы, «Звар’яцелы Альберт» С.Кавалёва паводле Я.Баршчэўскага, «Купала» А.Дударава, «Цудоўная казка — прыгожая песня» А.Міхайловіча паводле бел.нар. казак «Лёгкі хлеб» і «Музыкі», «Прыгажун-мужчына» А.Астроўскага, «Тайна адной споведзі» Б.Васільева, «Гульня і не больш» Д.Фо. У розныя гады ў т-ры працавалі акцёры: М.Цурбакоў, Л.Гамуліна, Л.Гарбунова, Т.Скарута, С.Давыдаў, А.Г. і А.С.Каменскія, М.Маліноўскі, У.Слаўкоў, М.Кукліна, Р.Сувораў, Л.Усанава, Я.Дашкоў, Л.Сторажава, П.Філіпаў; рэжысёры: С.Гурыч, Я.Батурын, Б.Насоўскі, В.Шутаў, В.Яснагародскі, Г.Вагаў, В.Бартосік; мастакі: А.Ясафава, А.Свішчоў, М.Гафт, А.Белазёраў, А.Кляўзер, Дз.Мохаў. У складзе трупы (1997): нар.арт. Беларусі Н.Карнеева, засл. арт. Беларусі Ф.Іваноў, Л.Лаўрыновіч, М.Пало, В.Чэпелеў, Ю.Шэфер і інш.
Будынак т-ра ўзведзены ў 1956 (праект 1941, арх. А.Тарасенка). Прамавугольны ў плане аб’ём мае сіметрычную прасторавую кампазіцыю. Па гал. восі размешчаны цэнтр. ўваход, вестыбюльная група памяшканняў, глядзельная зала партэрна-яруснага тыпу на 800 месцаў, развітая сцэн. каробка. Гал. фасад уяўляе сабой 6-калонны порцік з франтонам, багата дэкарыраваны скульптурай. Калонам карынфскага ордэра адпавядаюць пілястры па перыметры будынка. Інтэр’еры асн. памяшканняў аздоблены лепкай.
А.В.Сабалеўскі, А.А.Воінаў (архітэктура).
Будынак Гомельскага абласнога драматычнага тэатра.Гомельскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Гора і слава» А.Петрашкевіча.Гомельскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Подых навальніцы» паводле І.Мележа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́ХІЯ (Ćechy), Чэшская Рэспубліка (Česká Republica),
дзяржава ў Цэнтр. Еўропе. Мяжуе на Пн з Польшчай, на Пн і З з Германіяй, на Пд з Аўстрыяй, на У са Славакіяй. Пл. 78,7 тыс.км². Hac. 10 257 тыс.чал. (2002). Дзярж. мова — чэшская. Сталіца — г.Прага. Падзяляецца на 73 раёны і 4 муніцыпалітэты. Нац. свята — Дзень утварэння Чэхаславакіі (28 кастр.).
Дзяржаўны лад. Ч. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, прынятая Нац. Саветам у снеж. 1992 (з папраўкай 1997). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае парламент на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць парламенту, які складаецца з 2 палат — палаты дэпутатаў і сената. Палата дэпутатаў (200 чал.) выбіраецца на 4 гады, а сенат (81 сенатар) — на 6 гадоў, пры гэтым 1/3 яго складу абнаўляецца кожныя 2 гады. Вышэйшы выканаўчы орган — урад.
Прырода. Тэр. Ч. ўмоўна падзяляюць на 2 рэгіёны — Багемію (на З) і Маравію (на У). Зах.ч. займае Чэшскі масіў, які складаецца з раўнін, узгоркаў і плато. Яго акружаюць на ПнУСудэты (хр. Крконашы, г. Снежка, 1602 м), на ПнЗ Рудныя горы, на ПдЗ Чэшскі Лес і Шумава, на ПдУ — Чэшска-Мараўскае ўзв. Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, каалін, графіт, мергель, вапнякі, поліметалы, рэдкія металы, вырабныя камяні, нафта і газ, крыніцы мінер. вод (Карлавы Вары, Марыянске-Лазне). Клімат умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэднія т-ры студз. ад -2 да -4 °C на раўнінах і ад -7 да -8 °C у гарах, ліп. адпаведна ад 19—21 °C да 9—14 °C. Ападкаў ад 450—600 мм на раўнінах да 1200—1600 мм у гарах. Гал. рака Лаба з прытокам Влтава. На раўнінах пашыраны чарназёмы. на ўзгорыстых мясцовасцях — бурыя лясныя глебы, вышэй — падзолістыя і горна-лугавыя глебы. Пад лесам 34% тэр., пераважаюць хвойныя (елка, хвоя) і лісцевыя (дуб, бук) лясы. У складзе фауны буры мядзведзь, ліс, дзік, воўк, сарна; з птушак — фазан, курапатка, цецярук і інш. Крконашскі нац. парк.
Насельніцтва. 94,4% насельніцтва складаюць чэхі. Жывуць таксама славакі (3%), палякі (0,6%), немцы (0,5%), цыганы (0,3%), венгры (0,2%) і інш. Вернікі католікі (39,2%), пратэстанты (4,6%), праваслаўныя (3%) і інш. Сярэдняя шчыльн. 130 чал. на 1 км², найб. шчыльна заселены паўн.прамысл. раёны. У гарадах жыве 75% насельніцтва, каля палавіны — у малых гарадах (да 20 тыс.ж.). Найб. гарады (тыс.ж.): Прага — 1202 (2002), Брно — 390, Острава — 326, Пльзень — 172 (1995). У прам-сці і буд-ве занята 40% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 5%, у сферы паслуг і кіраванні — 55%.
Гісторыя. Тэр. Ч. заселена ў палеаліце. У 4—2 ст. да н.э. сюды прыйшлі кельцкія плямёны бояў (ад іх стараж. назва краіны Багемія), якіх у пач. 1-га тыс.н.э. выцеснілі герм. плямёны маркаманаў. У сярэдзіне 1-га тыс. яны перасяліліся ў Баварыю, а землі Ч. каланізавалі славяне (дзечаны, літамержыцы, пшаване, лемузы, злічаны, дулебы). Паводле падання, іх узначальваў правадыр Чэх (гл.Лех, Чэх, Рус) — легендарны заснавальнік Чэш. дзяржавы і будучага чэш. народа. З 7 ст.чэш. землі ў складзе паліт. аб’яднання кн.Сама, у 9 ст. — Вялікамараўскай дзяржавы. У Вял. Маравіі славяне ўпершыню былі далучаны да хрысціянства; тут прапаведавалі браты Кірыла і Мяфодзій, узнікла богаслужэнне на стараслав. мове, развівалася глагалічная пісьменнасць У канцы 9 ст.візант.царк. абрад быў выцеснены рымскім (пазней каталіцкі), богаслужэнне і пісьменства вяліся на лацінскай мове, што на доўгі час затрымала развіццё слав. (чэш.) культуры. У 895 ад Вялікамараўскай дзяржавы аддзяліліся чэш. землі, на якіх у 10 ст. ўтварылася стараж.-чэш. дзяржава (княства, з 1158 каралеўства) на чале з дынастыяй Пржэмыславічаў (правілі да 1306). У канцы 13—1-й пал. 14 ст. ў Ч. склалася феад.-саслоўная манархія. У пач. 14 ст. дзяржава Пржэмыславічаў, акрамя Ч. і Маравіі, аб’ядноўвала Аўстрыю, Карынтыю, Крайну, ч. Польшчы. У 1310—1437 чэш. землі ўваходзілі ў склад уладанняў дынастыі Люксембургаў, якія адначасова былі імператарамі «Свяшчэннай Рым. імперыі», герм. і чэш. каралямі. Росквіт сярэдневяковай Ч. звязаны з праўленнем Карала I [1346—78, гл.Карл IV]. Пры ім яна заняла пануючае становішча ў імперыі, Прага стала яе сталіцай. Залатая була 1356 замацавала за чэш. каралямі правы курфюрстаў, што рабіла іх незалежнымі ад імперыі. Пры Карле IV засн. Пражскае архіепіскапства (1344) і Пражскі універсітэт (1348). У 2-й пал. 14 ст. эканоміка Ч. інтэнсіўна развівалася, хутка багацелі гарады Прага, Пльзень, Градзец, Усці і інш., у вёсцы знікла абшчына і сяляне пераводзіліся з паншчыны на аброк. Вял. ролю ў гасп. развіцці Ч. адыгрывала горназаводская прам-сць з цэнтрам у г. Кутна-Гора. Абвастрэнне сац. і нац. супярэчнасцей выклікала ў Ч. ў 1-й пал. 15 ст.нац.-вызв. антыкаталіцкі рух (гл.Гус Я., Гусіцкія войны). З 1526 Ч. ў складзе ўладанняў Габсбургаў, чыя палітыка цэнтралізацыі ўлады і германізацыі пазбаўляла яе паліт. і нац. суверэнітэту. У 1609 ва ўмовах пашырэння ў Ч. лютэранства дазволена свабода веравызнання, але ў 1620-я г. яна адменена, а каталіцкая царква адноўлена як пануючая. З 1627 Ч. кіравала з Вены спец. «Чэшская палата». У 1547, 1618—20, 1680, 1775 у Ч. адбыліся антыгабсбургскія паўстанні. Эканам. разарэнне Ч. ў час Трыццацігадовай вайны 1618—48 выклікала т.зв. «другое выданне прыгонніцтва» (асабістая залежнасць сялян скасавана толькі ў 1781, феад. павіннасці — у 1848). У канцы 18—1-й пал. 19 ст. ў Ч. разгарнуўся рух «будзіцеляў» (І.Добраўскі, Ф.Палацкі, Ф.Прохаска, І.Юнгман і інш.), якія змагаліся супраць ням. засілля, за захаванне і развіццё чэш. мовы і культуры. У час рэвалюцыі 1848—49 у Аўстрыі ў Ч. адбыліся выступленні супраць аўстр. абсалютызму (гл.Пражскае паўстанне 1848); пачалося фарміраванне нац. грамадскіх плыней і паліт. партый. З 1867 Ч. ў складзе аўстр. часткі Аўстра-Венгрыі, была найб.эканам. развітой вобласцю з высокім узроўнем адукацыі насельніцтва (у пач. 20 ст. дасягнута ўсеагульная пісьменнасць). У 1905 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. У 1-ю сусв. вайну, нягледзячы на ваен.-паліцэйскі рэжым, масавы характар набылі антыўрадавыя выступленні ў Ч., здача ў палон чэш. салдат і афіцэраў на фронце (з такіх палонных быў створаны чэхаславацкі корпус у рас. арміі).
Сумесная нац.-вызв. барацьба чэхаў і славакаў, у т. л. намаганні дзеячаў чэш. і славацкай эміграцыі, якія арыентаваліся на краіны Антанты (Т.Г.Масарык, М.Штэфанік і інш.), зрабіла магчымым абвяшчэнне 28.10.1918 незалежнай Чэхаславацкай Рэспублікі (гл.Чэхаславакія). У яе складзе Ч. эканамічна і палітычна дамінавала над Славакіяй, якую пераўзыходзіла па тэр., насельніцтве (7 млн. чэхаў, 2 млн. славакаў), па прамысл. вытв-сці, бо сканцэнтравала ў сябе 70% прам-сці б. Аўстра-Венгрыі. У 1930-я г. ў Славакіі з’явіліся паліт. сілы, якія выступалі за яе аддзяленне ад Ч. У самой Ч. выспяваў нац. канфлікт паміж чэш. і ням. (3 млн.чал.) насельніцтвам, які ў 1938 скарыстала Германія для захопу чэш. зямель. Паводле Мюнхенскага пагаднення 1938 Германія ў кастр. 1938 акупіравала Судэцкую вобл. і інш. землі Ч., пераважна населеныя немцамі. У сак. 1939 Германія справакавала абвяшчэнне Славакіяй «незалежнасці» і акупіравала астатнюю тэр. Ч., дзе быў створаны нібыта аўт. «Пратэктарат Багемія і Маравія» на чале з імперскім пратэктарам К. фон Нейратам, якому падпарадкоўваліся калабарацыянісцкі «аўтаномны ўрад» і «дзярж. прэзідэнт» Э.Гаха (б. прэзідэнт Чэхаславакіі). У Ч. разгарнуўся рух Супраціўлення, які актывізаваўся з пач. 2-й сусв. вайны, набываючы форму забастовак, сабатажу, маніфестацый пратэсту, пазней і партыз. барацьбы. Гітлераўцы жорстка распраўляліся з удзельнікамі Супраціўлення. У 1942 яны знішчылі разам з усім мужчынскім насельніцтвам шахцёрскі пасёлак Лідзіцы, жыхароў якога абвінавацілі ў дапамозе патрыётам, што забілі 2-га пратэктара «Багеміі і Маравіі» Р.Гайдрыха. У крас.—маі 1945 Ч. вызвалена сав. і амер. войскамі. Напярэдадні ўступлення Чырв. Арміі ў чэш. сталіцу адбылося Пражскае паўстанне 1945. З мая 1945 Ч. ў складзе адноўленай Чэхаславакіі, дзе ў лют. 1948 да ўлады прыйшла Камуніст. партыя Чэхаславакіі (КПЧ) і адбывалася будаўніцтва сацыялізму. Да канца 1980-х г., нягледзячы на заганы адміністрацыйна-каманднай сістэмы, у Ч. значна вырас прамысл. патэнцыял, створана высокаэфектыўная калектыўная сельская гаспадарка (сяляне ў кааператывах захавалі свае «паі»). Паводле закона Чэхаславакіі ад 27.10.1968 Ч. і Славакія абвешчаны раўнапраўнымі і суверэннымі сацыяліст. рэспублікамі ў складзе чэхаславацкай федэрацыі. Вышэйшым органам дзярж. улады ў Ч. стаў Чэш.нац. савет (парламент), які выбіраўся насельніцтвам на 5 гадоў. Яго Прэзідыум прызначаў рэсп. ўрад. У выніку «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 улада ад камуністаў перайшла да прыхільнікаў дэмакратыі і рыначных рэформ на чале з лідэрам Грамадзянскага форуму В.Гавелам. Старыя і новыя эканам. і паліт. супярэчнасці паміж Чэхіяй і Славакіяй прывялі Чэхаславакію да распаду, у выніку якога 1.1.1993 утварылася незалежная Чэш.
Рэспубліка. Яе прэзідэнтам у 1993 — пач. 2003 быў Гавел. У 1993—98 краінай кіравалі ўрады партый правацэнтрысцкай кааліцыі (прэм’ер-міністры В.Клаўс, І.Ташаўскі), з 1998 — левацэнтрысцкай кааліцыі (прэм’ер-міністры М.Земан і з 2002 — У.Шпідла). У сак. 2003 прэзідэнтам Ч. выбраны В.Клаўс. У 1990-я г. ў Ч. паслядоўна праводзілася палітыка эканам. рэформ, найперш па прыватызацыі і дэнацыяналізацыі дзярж. маёмасці і стварэнні канкурэнтнага асяроддзя. У знешняй палітыцы Ч. арыентуецца на краіны Зах. Еўропы і ЗША. Ч. — чл.ААН (з 1993), Савета Еўропы (з 1993), НАТО (з 1999), інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 5.1.1993.
Палітычныя партыі і прафсаюзы: Чэш.с.-д. партыя, Грамадз.дэмакр. партыя, Камуніст. партыя Чэхіі і Маравіі, Хрысц.-дэмакр. унія — Чэхаславацкая нар. партыя, Саюз свабоды. Асн.прафс. аб’яднанне — Чэшска-мараўская канфедэрацыя прафсаюзаў.
Гаспадарка. Ч. — індустр.-агр. краіна. З 1990 ажыццяўляюцца пераўтварэнні з мэтай выхаду на параметры рыначнай эканомікі: спынены спад вытв-сці, праведзены рэформы цэн і гандлю, практычна завершана прыватызацыя, адбылася структурная перабудова і інш. Станоўчыя зрухі ў эканоміцы пачаліся з 1994 з ростам прамысл. вытв-сці, буд-ва, турызму і інш. сектараў сферы паслуг, у т. л. банкаўскага і фінансавага. Паліт. стабільнасць і паслядоўная эканам. палітыка стварылі добры інвестыцыйны клімат для замежнага бізнесу. За 1989—2000 аб’ём прамых інвестыцый склаў 21,4 млрд. долараў. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2000 132,4 млрд.дол., каля 12,9 тыс.дол. на чалавека. У прам-сці ствараецца 41,7% ВУП, у сельскай гаспадарцы — 4,6%, у сферы паслуг — 53,7%. Прамысловасць — важная частка гасп. комплексу. Чэшскія прамысл. вырабы традыцыйна адметныя высокай якасцю, што звязана са шматвяковымі звычкамі і наяўнасцю кваліфікаваных кадраў. У эканоміцы вылучаюцца буйны індустр. вузел — раён гарадоў Прага, Пльзень і Астраўска-Карвінскі кам.-вуг.бас. — з цяжкай прам-сцю і паласа паміж гарадамі Градзец-Кралаве і Ліберац з перавагай тэкст. і шкляной прам-сці. Паліўнаэнергет. комплекс краіны грунтуецца на мясц. вугалі (на 90%), імпартуемых з Расіі і часткова здабываемых (каля г. Годанін) нафце і газе. Штогадовая здабыча вугалю 117—120 млн.т. Буры вугаль (3/4 здабычы) распрацоўваецца адкрытым спосабам (Масцецкі і Сокалаўскі бас.), каменны і каксоўны — у Астраўска-Карвінскім бас.Вытв-сць электраэнергіі 69,6 млрд.кВт∙гадз (1999) на ЦЭС (75,5%; размешчаны ў раёнах здабычы бурага вугалю), ГЭС (2,6%; каскады на р. Влтава), АЭС (20,4%; на Пд Маравіі) і інш. Чорная металургія забяспечана мясц. каксоўным вугалем, невял. колькасцю жал. руды (здабыча ў раёне гарадоў Прага—Пльзень). Асн. частка жал. руды паступае з Расіі і Украіны. Буйныя металург. прадпрыемствы ў Кунчыцах і Віткавіцах (каля Остравы), Тршынец, Кладна, Пльзень, Хомутаў. Штогод выплаўляецца больш за 7 млн.т сталі і 5 млн.т чыгуну (60% у Астраўскім р-не). Здабыча свінцова-цынкавых (Кутна-Гора), уранавых (Паўн. Багемія) руд, золата, волава, графіту, кааліну. Гал. галіна прам-сці — машынабудаванне. Развіта цяжкае (вытв-сць комплекснага абсталявання для энергет., металургічнай і хім. прам-сці), трансп. (аўтамабілі, электравозы, трамваі) і электроннае машынабудаванне. Ваен.-прамысл. комплекс спецыялізуецца на вытв-сці камп’ютэраў, радыё і тэлеф. сістэм, крыпталагічнага абсталявання, радараў і інш.Гал.маш.-буд. цэнтры: Прага, Брно, Пльзень, Ліберац, Млада-Болеслаў, Копршыўніцы. Хуткімі тэмпамі развіваецца хім.прам-сць. За 1992—96 аб’ём інвестыцый у яе склаў 2 млрд.дол. (у машынабудаванне — 1,3 млрд.дол.). Вытв-сць валокнаў, пластмас, сінт. смалы і каўчуку ў гарадах Кралупі-над-Влтаваў, Усці, Острава, Мост і інш. Галіна пастаўляе на сусв. рынак мінер. ўгнаенні, пестыцыды, сыравіну для фармацэўтычнай прам-сці.
Лёгкая прам-сць — адна з галін міжнар. спецыялізацыі Ч. Вытв-сць баваўняных і шаўковых (Нахад, Трутнаў), шарсцяных (Брно), ільняных (Ліберац) тканін, абутку (32 млн. пар, Злін), швейных вырабаў. Вял. значэнне для краіны маюць шкларобная (Паўн. Ч.) і фарфоравая (Карлавы Вары, Цепліцы) прам-сць, якія працуюць на мясц. шкловых пясках і кааліне. У г. Ябланец вырабляюць вядомую чэшскую біжутэрыю — ювелірныя вырабы са шкла і паўкаштоўных камянёў. Традыц. галіна харч. прам-сці — піваварная (Пльзень, Прага, Брно, Чэске-Будзеёвіцы) і цукр. (Маравія, Палаб’е). Вытв-сць піва каля 1800 млн.л, цукру — 560 тыс.т штогод. Развіта лясная, цэлюлозна-папяровая і мэблевая прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка Ч. забяспечвае большую ч. патрэбы краіны ў харч. прадуктах, частка с.-г. прадукцыі экспартуецца. У выніку рэформ праведзена рэстытуцыя (аднаўленне) правоў на зямлю. Больш за 3/4с.-г. кааператываў пераўтвораны ў кааператывы зямельных уласнікаў, на 50% скарацілася колькасць занятых. С.-г. ўгоддзі займаюць 4250 тыс.га, у т. л. ворныя землі 3227 тыс.га, сенажаці 157 тыс.га, паша 866 тыс.га. Каля палавіны пасяўной пл. — пад збожжавымі культурамі, пераважна пшаніцай (штогадовы збор каля 4 млн.т). Вырошчваюць таксама ячмень, жыта, авёс, кукурузу, цукр. буракі, лён, каноплі, хмель, люцэрну, канюшыну. Бульбаводства і агародніцтва. Садоўніцтва і вінаградарства. Развіта жывёлагадоўля (72 валавой і 2/3 таварнай прадукцыі). Пагалоўе (млн. галоў, 2001): буйн. раг. жывёлы — 1,58, свіней — 3,59, авечак — 0,09, коз — 0,03, птушак — 14,69. Рыбалоўства. Улоў рыбы ў 1999 склаў 20,9 тыс.т. Даўж. чыгунак 9435 км, аўтадарог 127 693 км (усе з цвёрдым пакрыццём), у т. л. першакласных аўтамагістралей (хайвэі) — 498 км. У краіне 4,41 млн. легкавых і 0,5 млн. грузавых аўтамашын. Суднаходства па р. Лаба. Рачныя парты — Прага, Усці, Дэчын. 43 аэрапорты, у т. л.міжнар. аэрапорт Рузіне (Прага). У 2000 экспарт склаў 28,3 млрд.дол., імпарт 31,4 млрд.дол. У экспарце пераважаюць машыны і абсталяванне, хімікаты, кокс, пракат, тэкстыль, абутак, шкляныя і фарфоравыя вырабы, цукар, піва, солад, хмель і інш., у імпарце — мінер. сыравіна, паліва, паўфабрыкаты для цяжкай індустрыі і інш.Асн.гандл. партнёры: Германія (43% экспарту і 37% імпарту), Славакія (8,4% і 6,7%), Аўстрыя, Францыя, Расія. Гандлёвы абарот Беларусі з Ч. ў 2001 склаў 92,6 млн.дол., у т. л. экспарт 35,4 млн.дол., імпарт 57,2 млн.дол. Ч. — краіна развітога турызму. Штогод краіну наведвае больш за 10 млн. турыстаў, даход ад турызму ў 2000 склаў 3,04 млрд.дол. Грашовая адзінка — чэшская крона.
Узброеныя сілы (2002). Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (49,45 тыс.чал.), ваенізаваныя фарміраванні (5,6 тыс.чал., у т. л. 4 тыс.чал. у пагран. войсках і 1,6 тыс.чал. — сілы ўнутр. бяспекі). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА. У сухап. войсках 36,37 тыс.чал., 622 танкі, 879 баявых машын пяхоты, 923 бронетранспарцёры, 182 браніраваныя разведвальна-дазорныя машыны, 298 самаходных гармат, 109 рэактыўных сістэм залпавага агню, каля 140 зенітных ракетных комплексаў і інш. У ВПС і ППА 11,3 тыс.чал., 75 баявых самалётаў, 34 баявыя верталёты і інш.
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя ўключае мед. страхаванне, таксама развіта прыватная медыцына (прыватызавана 76% аптэк, 95% паліклінік, 1996). Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 71,5, жанчын 78,7 гадоў (2002). Узровень нараджальнасці — 9,1 на 1 тыс.чал., смяротнасць 10,8 на 1 тыс. чалавек. Натуральны прырост адмоўны: -0,17%. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 146 чал., урачамі — 1 на 259 чал. (1997). Дзіцячая смяротнасць 5,5 на 1 тыс. нованароджаных. Курорты: Карлавы Вары, Марыянске-Лазне, Францішкаві-Лазне.
Асвета, навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы (для дзяцей 3—6 гадоў), агульнаадук. і прафес. школы, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. На ўсіх узроўнях адукацыі існуюць дзярж. і прыватныя навуч. ўстановы. Дзеці 6—10 гадоў вучацца ў пачатковай асн. школе. Далей адукацыю працягваюць у гімназіях (да 19 гадоў) ці сярэдніх школах (да 16 гадоў). Большасць выпускнікоў сярэдніх школ працягвае адукацыю ў каледжах ці сярэдніх прафес. школах, дзе набывае спецыяльнасць. У сістэме вышэйшай адукацыі ун-ты, ін-ты і акадэміі. У адпаведнасці з Законам аб вышэйшай адукацыі ад 1.1.1999 ун-тамі маюць права называцца ВНУ, якія рыхтуюць кандыдатаў і дактароў навук, акадэміямі — ВНУ, якія даюць вышэйшую адукацыю ў галіне л-ры, культуры і мастацтва. Навучанне ў дзярж.ВНУ бясплатнае. З 1.1.1999 замежныя грамадзяне таксама могуць бясплатна атрымліваць адукацыю ў Ч., калі яны валодаюць чэш. мовай. Дзярж.ВНУ рыхтуюць бакалаўраў (3 гады навучання) і магістраў (5 гадоў навучання). Усе камерцыйныя ВНУ (створаны ў 1990-я — пач. 2000-х г.) рыхтуюць студэнтаў толькі да ўзроўню бакалаўраў. Гэтыя ВНУ праходзяць у Мін-ве адукацыі Ч. абавязковую атэстацыю на якасць навучання. Сістэма адукацыі ў Ч. адпавядае патрабаванням еўрап. і міжнар. стандартаў адукацыі. У Ч. 37 ВНУ. Найбуйнейшыя з іх: Пражскі універсітэт (з 1348, каля 37 тыс. студэнтаў), ун-ты Масарыка ў Брно (з 1919, 17 тыс.), імя Ф.Палацкага ў Оламаўцы (з 1566, 11 тыс.), тэхнічныя ў Празе, Остраве і Брно, эканамічны ў Празе, земляробчы ў Брно і інш. Найбуйнейшыя б-кі: Нацыянальная Ч., АН, Дзярж. тэхнічная, Дзярж. медыцынская ў Празе, Дзярж. павук. ў г. Чэске-Будзеёвіцы і інш. Музеі: Нац. галерэя, Нац., Пражскі гарадскі, зброі, этнагр., гісторыка-археал., маст. рамёстваў, тэхнічны і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў Чэшскай АН, н.-д. ін-тах, ва ун-тах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 2002 у Ч. выдавалася больш за 60 штодзённых газет і інш.перыяд. выданняў. Найб. тыражныя газеты: «Mladá fronta dnes» («Маладзёжны фронт сёння», з 1945), «Právo» («Права», з 1991), «Lidove noviny» («Народная газета», з 1893), «Hospodářské noviny» («Эканамічная газета», з 1957), «Zemédělské noviny» («Сельскагаспадарчая газета», з 1945), «Práce» («Праца», з 1945), «Sport» («Спорт», з 1953). Інфарм. агенцтва — Чэш.тэлегр. агенцтва (ЧТК, з 1992). Радыёвяшчанне з 1923. Вяшчаюць 3 агульнанац. і 82 рэгіянальныя і мясц. радыёстанцыі. Грамадская радыёстанцыя «Чэшскае радыё» мае 4 агульнанац. і 1 рэгіянальную праграмы. Тэлебачанне з 1953. Вяшчанне вядуць 3 тэлекампаніі — грамадская «Чэшскае тэлебачанне» (2 праграмы), прыватныя «Нова ТВ» і «Прыма ТВ». Дзейнічаюць 37 рэгіянальных і мясц. тэлекампаній. Ліцэнзаванне і нагляд за дзейнасцю радыёстанцый і тэлекампаній ажыццяўляе Чэш. савет па радыёвяшчанні і тэлевізійным вяшчанні (з 1992).
Літаратура. Развіваецца на чэшскай мове. З’яўленню першых твораў чэш. пісьменнасці (духоўныя песні, жыціі, паданні на стараслав. мове) спрыяла асветніцкая дзейнасць Кірылы і Мяфодзія (9—10 ст.). З 11 ст. пісьмовай мовай стала латынь;, найб. значны твор — «Чэшская хроніка» Казьмы Пражскага (1125). У канцы 13 ст. ўзніклі вершаваныя творы на чэш. мове («Александраіда», «Далімілава хроніка»). Росквіту чэш. л-ры спрыялі ідэі Адраджэння, адкрыццё Пражскага ун-та (1348). Развіваліся свецкія жанры — рыцарскі раман, нар. драма, любоўная лірыка, ваганцкія сатыр. песні. Першы вядомы чэш. пісьменнік — Т.Шцітны. У 15 ст. развіццё л-ры звязана з гусіцкім рухам (публіцыст. і філас. творы Я.Гуса, Я.Жыжкі, П.Хельчыцкага). У 1468 у Ч. пачалося кнігадрукаванне: Мікулаш Конач з Годзішкава, Даніэль Адам з Велеславіна. У л-ры канца 15—16 ст. выявіліся гуманіст. тэндэнцыі (творы В.Корнеля з Ушэграда, В.Гаека з Лібачан). Страта Ч. незалежнасці пасля бітвы каля Белай Гары (1620) і засілле ням.-каталіцкай рэакцыі адмоўна адбіліся на развіцці чэш. л-ры ў 17—18 ст. У эміграцыі працаваў педагог-гуманіст Я.А.Каменскі. Эпоха нац. адраджэння (канец 18—1-я пал. 19 ст.) характарызавалася ўздымам вызв. руху, фарміраваннем нацыі і нац. культуры, асветніцкай дзейнасцю дэмакр. інтэлігенцыі (вучоныя П.І.Шафарык, І.Добраўскі, Ф.Палацкі, І.Юнгман, паэты Я.Колар, А.Пухмаер, Ф.Л.Чэлакаўскі і інш.). У 1830-я г. ўзнік рамантызм (К.Г.Маха, К.Я.Эрбен), развівалася драматургія (І.К.Тыл). У 2-й пал. 19 ст. ў чэш. л-ры ўсталяваліся рэаліст. тэндэнцыі (публіцыстыка К.Сабіны, паэзія Я.Врхліцкага, С.Чэха, І.В.Сладака, проза Б.Немцавай, сатыр. творы К.Гаўлічка-Бораўскага). Серыю гіст. раманаў стварыў А.Ірасек, з літ.-крытычнымі артыкуламі выступіў Я.Неруда. Рэалістычна адлюстроўвалі жыццё Я.Арбес, В.Галек, В.Мрштык, А.Сташак. На мяжы 19—20 ст. у л-ры пашырыліся мадэрнісцкія і дэкадэнцкія тэндэнцыі (І.С.Махар, С.К.Нейман, О.Бржэзіна, А.Сова, Ф.Шрамек). Пратэстам супраць тагачаснага ладу прасякнута паэзія Ф.Гельнера, К.Томана. Праблемы 1-й сусв. вайны адлюстроўвала т.зв. легіянерская проза (Р.Медак). У літ. крытыцы выступілі О.Госцінскі, Т.Г.Масарык, Ф.К.Шальда і інш. З утварэннем Чэхаславацкай рэспублікі ўзнікла т-ва маладых мастакоў і паэтаў «Дзеветсіл», зарадзілася пралет. паэзія (І.Гора, В.Незвал, Я.Сейферт, К.Бібл, І.Волькер, Нейман). Развівалася проза — сац. І.Ольбрахта, М.Пуйманавай, У.Ванчуры, М.Маеравай, сатыр. Я.Гашака, філас. Л.Клімы, фантаст. К.Чапека, псіхал. Э.Гостаўскага. Сусв. вядомасць набылі структуралісцкія працы Я.Мукаржаўскага. У 2-ю сусв. вайну ў фаш. засценках загінулі Ю.Фучык, Ванчура і інш. У пасляваен. гады дэбютавалі В.Гавел, П.Когаўт, М.Кундзера, Б.Грабал. Развівалася паэзія І.Коларжа, У.Голана, М.Голуба, Ф.Грубіна, Я.Заграднічка, проза Я.Вейла, Я.Дрды, М.Кратахвіла, А.Лусціга, Л.Фукса і інш. 2-я пал. 20 ст. адметная росквітам гіст. рамана (В.Капліцкі, У.Неф, Б.Ржыга, І.Томан і інш.). Узніклі т.зв. праблемная, або канфрантацыйная, проза (Б.Бржэзаўскі, А.Клімент), метафарычны, эксперым. раман (У.Клевіс, В.Лінгартава, Э.Мандлер, В.Сладкава). Узмацненне сувязі з еўрап. л-рамі прадвызначыла развіццё рамана сац. (Я.Отчанашак, В.Ржэзач), філас. рамана-міфа (Чапек), неарамана (А.Востра, І.Фрыед), экзістэнцыяльнага (У.Кёрнер), постмадэрнісцкага (М.Вівег, Грабал), навук.-фантаст. (Я.Вейс, І.Несвадба, Л.Соўчак), гумарыст. (М.Горнічак, М.Капек), «пра вайну» (К.І.Бенеш, Э.Ф.Бурыян, Гашак, Дрда, Чапек, І.Шкворацкі) і інш. У 1990-я г.чэш. л-ру прадстаўлялі празаікі І.Груша, Я.Топаль, М.Тршэшцік, О.Філіп, паэты М.Айваз, І.Рульф, І.Шыман, драматургі К.Стэйгервальд, Д.Фішэр.
На бел. мове выдадзены «Чэшскія і славацкія апавяданні» (1958), зб.чэш.нар. казак «Кубачак, вары!» (1977), анталогія сучаснай чэш. паэзіі «Высокае неба» (1980), творы Гашака («Цвёрдая скура», 1931; «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну», ч. 1—3, 1931—32; «Госць у хату», 1984), Гашака і К.Ванака («Прыгоды ўдалага ваякі Швейка», ч. 4, 1932), Ванака («Прыгоды ўдалага ваякі Швейка», ч. 5—6, 1931—32), Ольбрахта («Ганна-пралетарка», 1932), Фучыка («Слова перад пакараннем смерцю», 1953), Дрды («Нямая барыкада», 1955), І.Марака («Маладыя змагары», 1958), П.Бояра і В.Бояравай («Закаханыя», 1960), Ржыгі («Паездка Гонзіка ў вёску», 1961), І.Кубічка («Люцынка», 1965), Чапека («Казкі і вясёлыя гісторыі», 1966, 1997), Ірасека («Скалакі», 1974), Б.Ногейла («Паводка»), В.Стыблавай («Мой брацік», абодва 1977), Я.Козака («Гняздо бусла», 1979), М.Стынгла («Украдзены татэм», 1981), І.Герцыкавай («Цень сну», 1985), Незвала («Васількі і гарады», 1986), Гавела («Свята ў садзе», 1995; «Аўдыенцыя», 1997), І.Скалы («Вітаю вас, вокны!», 1995), С.Рудольфа («Маё дзіўнае вужаня»), Э.Баса («Клапзубава каманда», абодва 1998). Сярод перакладчыкаў на бел. мову Л.Баршчэўскі, Я.Васілёнак, У.Дамашэвіч, Х.Жычка, М.Кенька, В.Крайко, А.Мажэйка, П.Макаль, П.Марціновіч, С.Міхальчук, М.Татур, І.Шаблоўская, Г.Шчарбатаў і інш.
Архітэктура. Рэшткі ўмацаваных паселішчаў 9 ст. выяўлены ў Празе і ў Паўд. Маравіі; найб. значнае з іх «На валах» у с. Мікульчыцы — з драўлянымі і каменнымі ўмацаваннямі і дамамі, храмамі ў познаант., візант. і познакаралінгскіх традыцыях (храм-ратонда св. Віта ў Празе, каля 935). У 11—13 ст. склаўся раманскі стыль: базілікі св. Віта і св. Іржы ў Пражскім Градзе, рэшткі крэпасці Пржэмыславічаў у Оламаўцы; кляштары і замкі (Пражскі Град, Кршываклат, Чэскі-Крумлаў і інш.), каля якіх узнікалі гар. паселішчы з каменнымі дамамі, умацаваннямі, мастамі. Росквіт сярэдневяковай архітэктуры звязаны з готыкай 13—15 ст. Для пабудоў характэрны велічнасць форм, стрыманасць урачыстага канструктыўна выразнага дэкору: усх.ч. сабора св. Віта [арх. Мацвей з Араса і П.Парлерж (гл.Парлер)], ратуша ў Старым горадзе, Карлаў мост (усе ў Празе). У гатычным стылі перабудоўваліся старыя і будаваліся новыя гарады з рэгулярнай планіроўкай (Новы горад у Празе) і цэнтр. прамавугольнай плошчай (Чэске-Будзеёвіцы, Чэскі-Крумлаў). Замкі 13—16 ст. складаліся з «града» і «перадграддзя», звычайна мелі данжон, капліцу, унутр. двары з гатычнымі аркаднымі галерэямі, парадныя памяшканні з сеткавымі скляпеннямі (Кршываклат, Звікаў, Чэскі-Крумлаў, Карлштэйн). У 2-й пал. 15 — пач. 16 ст. ўзрос дэкор, ускладніліся ўзоры скляпенняў (Уладзіслаўская зала каралеўскага палаца ў Пражскім Градзе, сабор св. Барбары ў Кутна-Горы). Базілікальныя храмы змяняліся на зальныя. Падзеленыя на нефы залы набылі некат. ратушы (у Табары). З 1530-х г. пашырыўся стыль рэнесанс (палацы летні каралеўскі Бельведэр з «пяючым» фантанам, Шварцэнбергскі ў Празе). У перабудаваных замках з’явіліся аркадныя ўнутр. двары, лоджыі, садовыя павільёны, парадныя залы з размалёўкамі і лепкай (Літамішль, Йіндржыхуў-Градзец). Дамы і ратушы аздаблялі дэкар. атыкамі, узорыстымі франтонамі, арачнымі галерэямі, эркерамі, размалёўкамі сграфіта (у Табары, Тэльчы, Кутна-Горы). У 17—18 ст. дынамічна развіваўся стыль барока рэгіянальнага тыпу, адметны экспрэсіўным дэкорам, манументальнасцю, арган. сувяззю з горным ландшафтам. Вылучаліся 1-нефавыя ці цэнтрычныя з велічным купалам і вежамі сабор Ушэсця Маці Божай у Кутна-Горы, касцёл св. Ігнація ў Новым горадзе, палацы Чэрнінскі, Вальдштэйнскі, Кінскіх, маляўнічыя палацава-паркавыя комплексы Міхнаўскі, Лобкавіцкі ў раёне Мала-Страна (усе ў Празе). У сярэдзіне 19 ст. сцвердзіўся кірунак т.зв. рамантыкі з уласцівымі яму тэндэнцыямі эклектыкі. Параднай манументальнасцю і багаццем убрання вылучаліся пабудовы ў духу неарэнесансу і неабарока ў Празе (Нац.т-р, музей). У канцы 19 — пач. 20 ст. пашырыўся стыль мадэрн з характэрнымі яму пошукамі нац. своеасаблівасці і тэндэнцыямі рацыяналізму (пабудовы Я.Коцеры ў Градзец-Кралаве і Просцеёве). Пераходам да архітэктуры функцыяналізму ў 1910-я г. адзначаны пабудовы І.Гочара і інш. (т. зв. чэш. кубізм). У 1930-я г. сфарміравалася нац. школа функцыяналізму (арх. Гочар, К.Гонзік, І.Гаўлічак, І.Крога). У Празе (1929) завершана зах.ч. сабора св. Віта (на аснове чарцяжоў і праектаў Парлержа), узведзены Нац. помнік Вызвалення на гары Віткаў (1929—32). У пасляваен. гады пабудаваны новыя жылыя раёны ў Празе, у гарадах Злін, Горні-Літвінаў, Оламаўц і інш., выраслі новыя гарады (Млада-Болеслаў). У 1934 у Празе пабудаваны адкрыты стадыён (Страгаўскі) на 240 тыс. гледачоў (самы буйны ў свеце). Пабудовы 2-й пал. 20 ст. адметныя функцыян. выразнасцю, рацыянальнай прастатой форм, выкарыстаннем сучасных матэрыялаў (шкло, бетон, алюміній, пластыкі). Пры ўзвядзенні спарт. і прамысл. збудаванняў выкарыстоўваюцца арыгінальныя зборныя канструкцыі (водны стадыён у р-не Падолі ў Празе, тэлевежа на гары Ештэд каля г. Ліберац). Узмацняюцца пошукі пластычнай выразнасці і індывід. аблічча будынкаў (Федэральны сход, «Дом, які танцуе», абодва ў Празе), вядзецца рэканструкцыя гіст. цэнтраў гарадоў, у т. л. Вацлаўскай пл. ў Празе). У аздабленні грамадскіх будынкаў (Чэш. тэлебачанне, 1980; Палац культуры, 1982, у Празе; універмаг «Дон» у Градзец-Кралаве, 1983) шырока выкарыстоўваюцца мясц. матэрыялы: шкло, фарфор, кераміка, дэкар. тканіны і інш.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ранняе сярэдневяковае мастацтва бярэ пачатак ад эпохі росквіту Вялікамараўскай дзяржавы і ўзвышэння Чэш. княства. У мастацтве 11—13 ст. уплывы Германіі і Візантыі: мініяцюры «Вышаградскага кодэкса» (1085), размалёўкі ратонды св. Катаржыны ў Знойме (1134), рэльефы моста Юдзіфі ў Празе (1170) і інш. У 1-й пал. 14 ст. строгі кананізм вобразаў змяніўся лірычнымі і вытанчанымі выявамі (статуі т.зв. Майстра Міхельскай Мадонны). У 2-й пал. 14 ст. пашырылася готыка: скульпт. партрэты на трыфорыях сабора св. Віта ў Празе (скульпт. П.Парлерж з памочнікамі), жывапісныя выявы святых для капліцы замка Карлштэйн (майстар Тэадорык). Протарэнесансавыя тэндэнцыі выявіліся ў мініяцюры (малітоўнік Яна са Стршэды, каля 1364). З канца 14 ст. ў скульптуры і жывапісе пашырыўся т.зв. мяккі стыль (цыкл алтарных кампазіцый для сабора св. Ільі ў Тршэбані, жывапісец т.зв. Майстар Тршэбанскага алтара), узмацніўся свецкі і дэкар. пачатак. У мініяцюры і жывапісе пач. 15 ст.дэмакр. і антыклерыкальныя тэндэнцыі (творы т.зв. Майстра Райградскага алтара, мініяцюры «Гётынгенскага кодэкса». У познагатычную эпоху вылучалася скульптура т.зв. Майстра «Аплаквання» з Жэбрака. У 14—15 ст. дасягнула росквіту дэкар.-прыкладное мастацтва: маст. шкло, ювелірныя вырабы, кафля, мазаіка, вітраж. Рэнесанс у жывапісе найб. ярка выявіўся ў творчасці т.зв. Майстра Літамержыцкага алтара (алтар касцёла ў г. Літамержыц, размалёўкі ў капэле св. Вацлава ў саборы св. Віта ў Празе, абодва пач. 16 ст.), а таксама ў мініяцюры («Чэшскі канцыянал», «Іенскі кодэкс»). Развіваліся дэкар. ўбранне са стука, размалёўкі сграфіта, надмагіллі з партрэтнымі выявамі, медальернае мастацтва. На мяжы 16—17 ст. Прага стала адным з цэнтраў еўрап. маньерызму. Пры каралеўскім двары працавалі італьян., нідэрл., ням. майстры (Х. фон Ахен, А. дэ Врыс, Б.Спрангер і інш.). У эпоху барока (17—18 ст.) пачала фарміравацца нац. школа: партрэты і алтарныя кампазіцыі К.Шкрэты, П.Брандля, пейзажы і насценныя размалёўкі В.В.Рэйнера, партрэты Я.Купецкага, гравюры В.Голара, нацюрморты Я.Р.Біса. У скульптуры вылучаліся дэкар. статуі і групы Ф.М.Брокафа і М.Б.Браўна, у якіх уплыў Л.Берніні. У сярэдзіне 18 ст. будынкі аздаблялі ў стылях ракако і класіцызму (скульптура І.Ф.Платцэра, жывапіс Н.Грунда).У 17—18 ст. на высокім узроўні маст. шкло (гл.Чэшскае шкло), ювелірнае мастацтва, разьба па камені, апрацоўка металу, ткацтва. На развіццё мастацтва паўплывала заснаванне ў Празе «Патрыятычнага т-ва сяброў мастацтва» (1796) і Акадэміі мастацтва (1799). У 19 ст. пашыраны класіцызм і рамантызм: творы А.Косарака, А. і І. Манесаў (гл. ў арт.Манес), І.Навраціла, К.Пуркіне, Я.Чэрмака. У канцы 19 ст.вял. значэнне мела т.зв. пакаленне Нац.т-ра на чале з жывапісцам М.Алешам. Пленэрныя, рэаліст. пошукі характэрны для пейзажнага жывапісу (Ю.Маржак, А.Хітусі). Асновы чэш.скульпт. школы заклаў І.В.Мысльбек. У пач. 20 ст.нац.рэаліст. традыцыі спалучаліся з прыёмамі імпрэсіянізму і постімпрэсіянізму [А.Славічак (гл. ў арт.Славічак), А.Гудачак, Л.Куба], з’явілася абстрактнае мастацтва (Ф.Купка). Рысы сімвалізму ўласцівы работам Б.Кафкі, Я.Прэйслера, М.Швабінскага. Высокага ўзроўню дасягнула графіка, што развівалася ў рэчышчы мадэрну: плакаты А.Мухі, А.Хофбаўэра, кніжнае афармленне І.Лады, А.Кашпара, гравюры В.Прэйсіга. У стылі неакласіцызму работы Я.Штурсы, С.Сухарды і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве працавалі Ф.Білек, Муха, Сухарда. Да пач. 20 ст. адносіцца першая спроба сінтэзу мастацтваў (творчая садружнасць арх. Я.Коцеры з Прэйслерам, Сухардам, Штурсам). Зварот да еўрап. авангардызму (жывапіс Э.Філы, Б.Кубішты, В.Новака) спалучаўся са спробамі яго нац. пераасэнсавання (Я.Зрзаві, Р.Крэмлічка, В.Шпала, І.Чапек). У 1920—30-я г. склалася т.зв. сац. мастацтва (О.Гутфройнд, К.Покарні, жывапісцы К.Голан, М.Голі, П.Коцік. графік В.Сілаўскі, скульпт. К.Котрба, Я.Лаўда) з уласцівымі яму драматызмам, зваротам да прыёмаў экспрэсіянізму і прымітывізму. У работах Ф.Музікі, К.Тэйге, І.Шымы тэндэнцыі канструктывізму. У пасляваен. гады пашырана манум.-дэкар. мастацтва (мазаікі У.Сіхры, Швабінскага, сграфіта А.Забранскага, фрэскі В.Ціцельбаха), высокага ўзроўню дасягнулі кніжная графіка і плакат (Ц.Боўда, Музіка, К.Сволінскі, А.Стрнадэль, В.Фіяла), творчасць жывапісцаў І.Брожа, Я.Груса, Я.Славічака, Я.Сметаны, К.Соўчака. Для дэкар.-прыкладнога мастацтва характэрны пошукі выразных форм, выкарыстанне прыродных матэрыялаў (шкло Я.Брыхты, Л.Смрчковай, габелены і тканіны А.Кібаля, А.Фішарака, кераміка О.Экерта, В.Цікаля). Развівалася тэатр.-дэкарацыйнае мастацтва (І.Свобада, Ф.Трэстэр). Сярод мастакоў 2-й пал. 20 ст.: скульптары М.Аксман, Б.Добравольні, І.Маляёўскі, жывапісцы і графікі Брож, Забранскі, Соўчак, фотамастак К.Пліцкі. У традыц.нар. мастацтве захоўваецца вытв-сць набіўных тканін, кераміка, кавальства, жывапіс на шкле, драўляная скульптура. У 1948 засн. Саюз чэш. мастакоў.
Музыка. Для чэш.нар. музыкі характэрна цесная ўзаемасувязь паміж песняй і танцам, аднагалосы склад мелодыкі. Разнастайныя танцы зводзяцца да 3 асн. тыпаў: жвавыя 2-дольныя (сярод іх полька), умерана хуткія плаўныя 3-дольныя і танцы з пераменным рытмам. Чэш.прафес.царк. і свецкая музыка складвалася ў 9—14 ст. Сярод першых чэш. кампазітараў і выканаўцаў 12 ст. Добржата, Коята. У 13 ст. песенная творчасць развівалася пад уплывам ням.мінезінгераў. З 15 ст. ўзмацнілася сац.-этычная роля музыкі (гусіцкія песні), пашырыліся шматгалосыя спевы (Я.Т.Турноўскі, К.Гарант з Полжыц і інш.). У 16 — пач. 17 ст. Прага — адзін з буйных муз. цэнтраў Еўропы. У 17 — сярэдзіне 18 ст. фарміравалася поліфанічная школа (Б.Чарнагорскі, Я.Зах, Ф.І.Тума, І.Н.Сегер, Ф.К.Брыксі і інш.). Чэш. музыканты зрабілі вял. ўклад у развіццё еўрап. сімфанізму, оперы, меладрамы, «камерных жанраў» (Ф. і І. Бенды, Я.Дусік, Я.Зеленка, І.Мыслівечак, Ф.К.Рыхтэр, А.Рэйха, К. і А. Стаміцы, А.Фільц). Нац.-вызв. рух 1-й пал. 19 ст. садзейнічаў актывізацыі муз. жыцця: у Празе адкрыліся кансерваторыя (1811), арганная школа (1831), Нац.т-р (1881), філармонія (1894); пачалося збіранне нар. музыкі, фалькл. элементы ўвайшлі ў творы Я.Воржышака, В.Я.Томашака, Ф.Шкроўпа (аўтар першай оперы на чэш. тэкст «Дротар», 1826). Пачатак чэш.муз. класіцы паклалі оперы і сімф. творы Б.Сметаны і А.Дворжака. Розныя жанры нац. музыкі ўзбагаціў З.Фібіх. Традыцыі нац. класікі на мяжы 19—20 ст. працягвалі кампазітары О.Ераміяш, В.Новак, О.Острчыл, І.Сук, І.Б.Фёрстэр, Л.Яначак; еўрап. вядомасць набылі спевакі І.Леў, І.Палечак, М.Сітава, К.Чэх; скрыпачы Я.Кубелік, Ф.Лаўб, І.Славік, О.Шэўчык; віяланчэліст Г.Віган. На агульнаеўрап. класічныя і нац. традыцыі абапіраліся кампазітары 1920—30-х г. Ф.Барташ, П.Боржкавец, Я.Ежак, І.Крэйчы, Б.Марціну; кірунак, які знаходзіўся пад уплывам экспрэсіянізму, узначальваў А.Хаба. Павялічылася цікавасць да масавай песні, а таксама антыфаш. характару. Значны ўклад у муз. мастацтва 2-й пал. 20 ст. зрабілі кампазітары Я.Гануш, В.Добіяш, Г.Дусік, М.К.Кабелач, Д.Кардаш, Я.Сейдль, У.Сомер. У Ч. працуюць: оперныя т-ры, сімф. аркестры, камерна-інстр. ансамблі розных складаў [у т. л.Чэш. нанет (1923), Квартэт імя Б.Сметаны (1945), ансамбль песні і танца «Слук»], акадэміі прыгожых мастацтваў, кансерваторыі ў Празе і Брно. Праводзяцца штогоднія Міжнар. фестывалі «Пражская вясна» (у яго межах міжнар. конкурсы піяністаў, скрыпачоў, віяланчэлістаў, смыковых квартэтаў і інш.), джазавы фестываль у Празе.
Тэатр. Тэатральнае мастацтва ў Ч. развіваецца з 12 ст. У 16—17 ст. пашыраны школьны тэатр, якому процістаяў нар. аматарскі т-р. Першая школьная драма, напісаная і пастаўленая на чэш. мове, — «Чэшская камедыя пра багача Лазара» П.Кірмезера (выд. 1566). У 1737 у Празе пабудаваны «Тэатр у Котцу», дзе ставілі оперныя і драм. спектаклі. У 1783 адкрыўся Носціцкі т-р для спектакляў на ням. мове (з 1797 Саслоўны т-р), з 1785 у ім ставіліся спектаклі і на чэш. мове. У 1786—89 у т-ры «Боўда» 4 разы на тыдзень ішлі спектаклі на чэш. мове. У 1806 паказы на чэш. мове забаронены. З 1824 чэш. спектаклі ставіліся ў Саслоўным т-ры (рэж. Я.Штэпанек, акцёры Б.Альрамава, І.Грабінгер). У 1834 паказы на чэш. мове зноў спынены. Драматург І.К.Тыл аб’яднаў акцёраў у трупу, якая выступала як аматарскі калектыў «Тэатр у Каэтана» (да 1837). З 1846 спектаклі ў Саслоўным т-ры аднавіліся (кіраўнік Тыл). Да гэтага часу сцэн. мастацтва набыло рысы прафесіяналізму, пашырылася нац. драматургія. Рамант. кірунак у тэатр. мастацтве прадстаўляў акцёр, драматург і тэатр. дзеяч І.Колар. З 1845 Т-ва стварэння нац.чэш.т-ра на працягу многіх гадоў збірала сродкі на буд-ватэатр. будынка. У 1862—83 у Празе працаваў Часовы т-р з опернай і драм. трупамі (рэжысёры І.Колар, Э.Хвалаўскі, акцёры Й.Мошна, Ф.Колар, О.Скленаржава-Мала, К.Шыманаўскі і інш.). У 1883 у Празе пабудаваны Нац.т-р, у які ўвайшлі драм. оперная і балетная трупы. Узніклі т-ры ў Пльзені (1865), Брно (1884), т-р на Каралеўскіх Вінаградах у Празе (1907) і інш. У 1919 арганізаваны Бродскі т-р у Брно, у 1920 — Гар.т-р у Оламаўцы. У Нац. т-ры пастаўлены п’есы «З жыцця насякомых» (1922, 1926, 1932), «Белая хвароба» (1937), «Маці» (1938) К.Чапека, «Дзіця» Ф.Шальды (1923) і інш. У «Вызваленым т-ры» (засн. ў 1925) рэж. І.Гонзль ставіў п’есы, якія папярэднічалі драматургіі абсурду. У 1933 Э.Бурыян стварыў т-р «Д-34». Для акцёраў характэрны імкненне да псіхал. раскрыцця сцэн. вобраза, увага да пластыкі, знешняга малюнка ролі (В.Выдра, Л.Досталава, Я.Пруха, З.Балдава, З.Штэпанек, О.Шэйнпфлугава і інш.). У 1940—50-я г. створаны Рэаліст.т-р (пазней імя З.Неедлы), «Т-р імя 5 мая», «Т-р сатыры» ў Празе. У канцы 1950 — пач. 60-х г. у Празе і Брно створаны невял. т-ры («малыя сцэны») «Ракако», «На Забрадлі», «Семафор» («Сем малых форм»), «За Бранай» і інш., дзе ставіліся п’есы маладых драматургаў В.Гавела, П.Когаўта. Сярод рэжысёраў: З.Калача, Я.Качар, З.Міка, К.Палаўш, П.Шэрхаўфер, акцёраў — Г.Врвнова, Б.Забарскі, І.Петравіцка, В.Ружак, І.Шворцава, В.Шмераль. Чэшскі Нац.т-р мае 4 сцэны: гіст. будынак т-ра (опера і балет), Саслоўны т-р (драматургічныя пастаноўкі), Колаўрацкі т-р (драматург. і оперныя пастаноўкі), т-р «Латэрна Магіка» (эксперым.). Сярод драм. т-раў: «На Вінаградах», «На Забрадлі», «На Фідлавачцы», «Без Забрадлі», «Пад Пальмаўкай», «Дэйвіцкі тэатр» і інш.Найб. вядомыя «т-ры малых форм» — «Семафор» і «Жыжкаўскі тэатр Яры Цымрмана» ў Празе. Працуе таксама Нар.т-р марыянетак, «т-ры ценяў» і інш. У 1957 створаны Саюз творчых работнікаў т-ра.
Кіно. У 1898 архітэктар і фатограф Я.Кршыжанецкі зняў дакумент. фільмы «Пажарныя», «Закладка падмурка пад помнік Палацкаму», а таксама ігравыя сцэнкі (сцэнарыст, рэж. і выканаўца комік І.Шваб-Маластранскі). У 1911 створана фірма «Кінафа», на якой здымалі пераважна хроніку і дакумент. фільмы, у 1912 — «Ілюзіён-фільм» і «Асум». У 1913 «Ілюзіён-фільм» экранізаваў п’есу Л.Строўпежніцкага «Благая кроў» (рэж. Э.Візнер), фірма «Асум» сістэматычна выпускала маст. фільмы рэж. М.Урбана («Канец кахання», «Прададзеная нявеста») і інш.Найб. значны фільм гэтага перыяду «Залатое сэрцайка» (паводле камедыі Шваба-Маластранскага, 1916, рэж. А.Фенцл). У канцы 1910 — пач. 1920-х г. рэжысёры Я.С.Колар, К.Ламач, В.Маер, М.Новы, П.Пражскі пад уплывам амер. кіно ставілі салонныя меладрамы, прыгодніцкія і дэтэктыўныя фільмы, пад уплывам ням. экспрэсіянізму — містычныя і фантаст. драмы. Спробы стварыць нац. кіно звязаны з гіст. жанрам: «Чэшскае неба» (1918, рэж. Я.А.Палаўш), «Праз церніі да славы» (1919, рэж. Р.Ф.Бранальд) і экранізацыяй твораў нац. л-ры. У 1931 засн. кінастудыя «Барандаўфільм». У пач. 1930-х г. здымаліся фільмы т.зв. малога рэалізму пра псіхалогію «маленькага чалавека»: «Імператарска-каралеўскі фельдмаршал» (1930, рэж. Ламач), «Мужчыны ў афсайце» (паводле К.Полачака, 1931, рэж. С.Інеман), «Антон Шпелец—снайпер» (1932, рэж. М.Фрыч) і інш.; гратэскна-фантаст. камедыі. Пошукам новых выразных сродкаў вылучаюцца фільмы У.Ванчуры: «Біржа працы» (1933), «Каханне і людзі» (1937), «Нашы чэшскія танцы» (1938, з В.Кубасекам). У 1939—45 экранізаваліся творы нац. л-ры, ставіліся забаўляльныя камедыі, у якіх здымаліся тэатр. акцёры Л.Пешак, Т.Піштак, Ф.Смолік і інш., а таксама патрыят. фільмы «Гэта быў чэшскі музыкант» (1940, рэж. В.Славінскі), «Гарадок на далоні» (паводле Я.Дрды, 1942, рэж. В.І.Бінавец). Адна з асн. тэм у 1940—50-я г. — 2-я сусв. вайна: «Людзі без крылаў» (рэж. Ф.Чап), «Героі не маўчаць» (рэж. М.Цыкан; абодва 1946), «Пастка» (1950, рэж. Фрыч), «У той раз на Каляды» (1958, рэж. К.Кахіня), «Рэпартаж з пятлёй на шыі» (1962, рэж. Я.Балік), эпічная трылогія О.Ваўры «Дні здрады» (1973), «Сакалова» (1974), «Вызваленне Прагі» (1976). Здымаліся камедыі: «Пекар імператара», «Імператар пекара» (абодва 1951, рэж. Фрыч), «Адпачынак з анёлам» (1953, рэж. Б.Земан, у сав. пракаце «Анёл у адпачынку»); гіст. фільмы, у т. л. гусіцкая трылогія Ваўры «Ян Гус» (1955), «Ян Жыжка» (1956), «Супраць усіх» (1958). Цікавасць да маральных праблем і даследавання характару сучасніка ў фільмах Кахіні («Кароль Шумавы», 1959), Ф.Влачыла («Белая галубка», 1960), У.Чэха («Дзе аднаго алібі мала», 1961). Тэматычнае і маст. абнаўленне чэш. кінематографа звязана з творчасцю прадстаўнікоў «новай чэхаславацкай кінахвалі»; В.Хіцілавай («Мех блох», «Пра нешта іншае», абодва 1964), М.Формана («Чорны Пётр», 1964; «Баль пажарнікаў», 1967), Э.Шорма («Вяртанне блуднага сына», 1966; «Дзень сёмы, восьмая ноч», 1969). З 1970-х г. кінематаграфісты імкнуцца адлюстраваць аб’ектыўную праўду жыцця і гіст. падзей, складаныя ўзаемаадносіны паміж людзьмі і грамадствам: «Ключ» (1976, рэж. Чэх), «Пра мараўскую зямлю» (1977, рэж. А.Кахлік), «Дзяўчынка з ракавінкамі» (1980, рэж. І.Свобада), «Звар’яцелы канкан» (рэж. Балік), «Вандраванні Яна Амаса» (абодва 1983, рэж. Ваўра). Сярод вядучых рэжысёраў: Д.Віганава, Кахіня, Д.Кляйн, І.Менцэль, Я.Немец, Я.Сверак, З.Трошка, Хіцілава, Я.Шваркмаер, Я.Шміт; акцёраў: З.Адамаўска, З.Быджаўска, М.Ванчурава, О.Візнер, Р.Грушынскі, М.Дзейдар, Я.Краўс, П.Кршыж, К.Родан, П.Форман, П.Чэпек і інш. Значнага ўзроўню дасягнула дакумент. кіно, мультыплікацыя (рэж. І.Трнка, Г.Тырлава, К.Земан і інш.). У 1992 засн.Дзярж. фонд Чэш. рэспублікі па развіцці кінематаграфіі. Побач з дзярж. кінастудыямі маст. фільмы здымаюць прыватныя фірмы. Праводзяцца міжнар. кінафестывалі ў Карлавых Варах (з 1946), «Залаты голем» у Празе (з 1995), тэлевізійных фільмаў «Злата Прага» і інш.
Беларусы ў Чэхіі. Бел. прысутнасць у Ч. вядома з часоў сярэдневякоўя. Гал. асяродкам беларусаў здаўна з’яўляецца яе сталіца, а ў 20 ст. стала адным з гал. цэнтраў бел. эміграцыі (гл. раздзел пра беларусаў у арт.Прага). У 1920—30-я г. ў Празе, Подзебрадзі, Пшыбраме, Брно і інш.чэш. гарадах дзякуючы матэр. падтрымцы чэхаславацкага ўрада і грамадскага Чэшска-ўкр.к-та дапамогі ўкр. і бел. студэнтам вучыліся каля 300 студэнтаў з Зах. Беларусі, у т. л. В.Вальтар, Я.Мамонька, С.Бусел, Я.Геніюш, Л.Красоўская, Л.Рыдлеўскі, М.Чарнецкі. Пры Укр.гасп. акадэміі ў Подзебрадзі у 1925—27 дзейнічаў Бел. студэнцкі гурток.
Літ.:
Краткая история Чехословакии. М., 1988;
Кузнецова Р. История чешской литературы. М., 1987;
История литератур западных и южных славян. Т. 1—2. М., 1997;
Маца И.Л. Архитектура Чехословакии. М., 1959;
Поп И.И. Искусство Чехии и Моравии IX — начала XVI в. М., 1978;
Гавлик Л. Искусство Чехословакии: Пер. с чеш. Прага, 1985;
Современное чешское и словацкое искусство. Л. 1989;
Ваницкий Я., Йиранек Я., Карасек Б. О чешской музыке: Пер. с чеш. М., 1965;
Ёсць на карце месца...: Грамад.-культ. чыннасць бел. і рас. эміграцыі ў Чэхаславакіі, 1921—1938: Каталог. Мн., 2002.
Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Л.В.Міхайлоўская і Н.А.Царук (гісторыя), Л.У.Языковіч (асвета, навуковыя ўстановы), Л.А.Фядотаў (друк, радыё, тэлебачанне), А.У.Вострыкава (літаратура), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Г.У.Шур (кіно), У.Я.Калаткоў (беларусы ў Чэхіі).
Герб і сцяг Чэхіі.Да арт.Чэхія. Карлавы Вары зімой.Да арт.Чэхія. Чэшска-Мараўскае ўзвышша.Да арт.Чэхія. Панарама Прагі.Да арт.Чэхія. Удзельнікі антыфашысцкага паўстання ў Празе. Май 1945.Да арт.Чэхія. Бітва паміж гусітамі (злева) і нямецкімі крыжакамі ў час гусіцкіх войнаў 1419—34.Да арт.Чэхія. Будучы прэзідэнт Чэхаславакіі і Чэхіі В.Гавел на мітынгу апазіцыі ў час «аксамітнай рэвалюцыі» 1989.Да арт.Чэхія. Сабор святой Барбары ў г. Кутна-Гора.Да арт.Чэхія. Замак Карлштэйн.Да арт.Чэхія. «Дом, які танцуе» ў Новым горадзе Прагі.Да арт.Чэхія. Тройскі замак з французскім садам у Празе.Да арт.Чэхія. Жывапісец т. зв. Майстар Тршэбанскага алтара. Уваскрэсенне. Каля 1380.Да арт.Чэхія. Цэнтральная плошча ў г. Тэльч.Да арт.Чэхія. М.Швабінскі. Бедны край. 1900.Да арт.Чэхія. І.Чапек. Агонь. 1939.Да арт.Чэхія. Я.Зрзаві. Прыяцелькі. 1923.Да арт.Чэхія. А.Стрнадэль. Ілюстрацыя да кнігі І.Стрнадэля «Я выгнаў авечак на гару Яварнічак». 1963.Да арт.Чэхія. Сцэна са спектакля «Кароль Лір» У.Шэкспіра. Нацыянальны тэатр у Празе.Да арт.Чэхія. Сцэна са спектакля «Аіда» Дж.Вердзі. Пражская дзяржаўная опера.Да арт.Чэхія. Канцэрт «Пражская вясна» ў Сметана Холе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА 1950 — пач. 2000-х гадоў
Паэзія. У паэзіі пасляваен. дзесяцігоддзя (1945—55) як адным з найб. аператыўных відаў эстэт. ўспрымання, рэалізаванага ў малых жанравых формах, адчувальна акрэсліваліся нават нязначныя зрухі маст. мыслення, характэрныя для літаратуры ў цэлым. Вайна на многія дзесяцігоддзі прадвызначыла тэматыку і праблематыку, пэўныя асаблівасці маст. характараў, пафас твораў бел. пісьменнікаў: вершы і паэмы Я.Коласа, П.Броўкі, П.Глебкі, А.Куляшова, М.Лужаніна, М.Танка і інш. З тэмай вайны прыйшлі ў літаратуру паэты, якія вярталіся з фронту, партызан, падполля. Некат. з іх былі ўжо добра вядомыя ў 1930-я г., іншыя толькі пачыналі свой творчы шлях: М.Аўрамчык, А.Вялюгін, С.Дзяргай, К.Кірэенка, П.Панчанка, П.Прануза, П.Прыходзька, А.Пысін, А.Русецкі і інш. У літаратуру прыйшлі зах.-бел. паэты М.Васілёк, М.Засім, М.Машара, В.Таўлай. Жыццёвы і творчы вопыт, набыты ў экстрэмальных умовах ваен. выпрабаванняў, фарміраваў непаўторнасць творчай індывідуальнасці, грамадз. і мастакоўскую зарыентаванасць светапогляду. У шматлікіх паэт. зборніках асн. матывы — радасць перамогі і вяртання да мірнага жыцця, услаўленне гераізму, велічы нар. подзвігу ў гады вайны і працоўнага энтузіязму, тэма радзімы, дружбы, кахання, асуджэнне антыгуманнай сутнасці вайны: зб-кі «Ранак ідзе» (1945) і «Пасля навальніцы» (1947) К.Кірэенкі, «На сотай вярсце» (1945) і «Камуністы» (1949, 1951) А.Куляшова, «Шырокае поле вайны (1945), «Поступ» (1950), «Святло Радзімы» (1952), «Моваю сэрца» (1955) М.Лужаніна, «Далёкія станцыі» (1945), «Гарачыя вятры» (1947), «За шчасце, за мір» (1950) і «Шырокі свет» (1955) П.Панчанкі, «У роднай хаце» (1946), «Дарога жыцця» (1950), «Цвёрдымі крокамі» (1954) П.Броўкі, «Вастрыце зброю», «Праз вогненны небасхіл» (абодва 1945), «Каб ведалі» (1948), «На камні, жалезе і золаце» (1951), «У дарозе» (1954) М.Танка, «Шляхі» (1947), «Подых вясны» (1950), «Зоры вясеннія» (1954) А.Бачылы, «Нашай славы зара» (1947) і «Размова аб шчасці» (1948) П.Глебкі, «Голас сэрца» (1947), «Салдаты міру» (1951) і «Ранак над Эльбай» (1952) П.Прыходзькі, «Добры дзень» (1948) і «Зямля мая» (1952) А.Астрэйкі, «Пярэдні край» (1949), «Дружба» (1950), «Шляхамі дружбы» (1952) М.Аўрамчыка, «Сонца ў блакіце» (1949) і «У вялікім паходзе» (1952) М.Калачынскага, «Разгневаная зямля» (1946), «Добрай раніцы» (1951), «У дальнім раёне» (1954) П.Пранузы, «З розных крыніц» (1950) і «Мая эстафета» (1954) Р.Сабаленкі, «Наш дзень» А.Пысіна, «У заўтрашні свет» А.Русецкага (абодва 1951), «Дарогай шчасця» А.Бялевіча (1952), «Вачыма будучыні» С.Дзяргая (1953), «Мой таварыш» М.Смагаровіча (1955). Новыя зрухі ў грамадскім жыцці, адбудова нар. гаспадаркі — тэмы зб-каў «Новае рэчышча» А.Куляшова (1948), «Мая рэспубліка» К.Кірэенкі (1949). Абнаўленню побыту тагачаснай вёскі прысвечаны паэмы «Хлеб» (1946), «Родныя берагі» (1948), «Добры друг» (1949) П.Броўкі, «Кладкі Градоўскага» М.Лужаніна (1949), у якіх побач са значнымі дасягненнямі (адметнасць стылю, удалыя вобразныя знаходкі, адухоўленасць пачуццяў лірычнага героя) шмат неабавязковага, другаснага, інфармацыйна-рэпартажнага, прадыктаваныя часам ідэалагемы. Гэта датычыць і паэм «Рыбакова хата» Я.Коласа (1941—47), «Грозная пушча» А.Куляшова, «Бацька Дняпро» А.Вялюгіна (абедзве 1955). Выразна люструецца ў тагачаснай паэзіі парадная атмасфера пераможных салютаў: зб-кі «Крамлёўскія зоры» А.Астрэйкі (1945), «Свята», «Чалавек-сонца» (абодва 1947), «Светач» (1950) А.Бялевіча, «Салют у Мінску» А.Вялюгіна (1947), «Салдаты міру» П.Прыходзькі (1951) і інш. Аднак у паэзіі ўсё настойлівей прабіваўся голас паэта-франтавіка — сведкі і непасрэднага ўдзельніка ваен. падзей. Вайна стала гал. тэмай у творчасці франтавога пакалення.
Лепшыя пасляваен. творы вылучаюцца шчырасцю і непасрэднасцю лірычнага перажывання, яркімі фарбамі, дынамікай дзеяння. У іх палітры бясконцыя шляхі-дарогі вядуць да роднай хаты і ў неабсяжны сусвет. Апорныя вобразы, вынесеныя, як правіла, у назвы кніг або асобных твораў, перадаюць не толькі агульны мажорны настрой, а і своеасаблівы душэўны стан, узрушанасць лірычнага героя. Урачыста песенныя інтанацыі і светлыя колеры пераважаюць нават там, дзе маст. сюжэт заснаваны на падзеях і фактах, поўных смутку і жальбы («Песня пра чатыры магілы» П.Панчанкі, 1945). З паасобных уражанняў паступова стваралася мазаіка гіст. часу — жыцця і побыту чалавека на вайне, якая непрыкметна перарастала ў маст.-дакумент. хроніку: вершы «Прыдарожны гушчар», «Салдацкая сляза», «Памяці Міколы Сурначова» М.Аўрамчыка, «Няўзяты форт» (пазнейшая назва — «Сталінградская легенда») А.Вялюгіна, «Зварот» П.Глебкі, «Франтавік» П.Панчанкі. Асаблівая паслядоўнасць і кінематаграфічная дакладнасць уражанняў непасрэднага ўдзельніка падзей вылучае нізку вершаў «Салдацкі штодзённік» М.Лужаніна, гэта споведзь пра напоўненыя драматызмам салдацкія будні, дзе асабістае, прыватнае вырастае да маштабаў агульназначнага і ўспрымаецца як маналог франтавога пакалення, ад імя якога гаворыць паэт. У цяжкія часіны нярэдка парушаюцца ўсталяваныя сувязі мікра- і макрасвету, узмацняецца адчуванне язычніцкага яднання чалавека з прыродай. У эстэт. малюнку асабліва акрэсленымі становяцца праявы антрапамарфізму, пантэістычныя ўяўленні. Прырода «ажывае», абагаўляецца, дапамагае раскрыццю духоўнага свету чалавека, асобы (верш «Пачатак» М.Лужаніна).
У лірычным роздуме ваен. і пасляваен. гадоў значнае месца займае лёс Беларусі: вершы «Радзіма мая дарагая» А.Бачылы, «Зямля Беларусі! Тваімі шляхамі...» П.Броўкі, «Беларусь, Беларусь!..» А.Вялюгіна, «Беларусі» П.Глебкі, «Жыві, Беларусь!» Я.Коласа, «Кожны з нас прыпасае Радзімы куток...» П.Панчанкі, «Ты будзеш жыць, Радзіма!» М.Танка. Вобраз Радзімы, роднай зямлі пазначаны драматызмам, асабліва ў творах, напісаных пад уражаннем убачанага і перажытага ў чужых краінах: вершы «З ташкенцкай торбы» Я.Коласа, германскага цыкла М.Лужаніна.
Спосабы сатыр. тыпізацыі найб. плённа адчуваюцца ў жанры байкі: кн. «Мы іх ведаем» (1950), «Байкі» (1953) У.Корбана, «Вершы і байкі» Э.Вадасевіча (1954). Вострасатыр. вершы і байкі пісалі А.Бачыла, М.Лужанін, П.Панчанка. Акцэнты сатыр. высмейвання перамясціліся з аб’ектаў ваен. часу (ворагі) у сферы мірнага жыцця і побыту грамадства (выявы розных антыграмадскіх анамалій ва ўзаемадачыненнях, паводзінах і ўчынках людзей). З сярэдзіны 1950-х г., пераадольваючы розныя ідэалагічныя бар’еры, хібы «тэорыі бесканфліктнасці», паэзія ўзыходзіла на новыя вышыні, пазначаныя прыкметамі найбольш поўнай самарэалізацыі творчай асобы: значна пашырыліся далягляды паэзіі, павысіўся яе інтэлектуальны ўзровень, пабагацеў духоўны свет лірычнага героя. У філас. роздуме над надзённымі праблемамі адчуваецца драматызм часу, акрэсліваецца магутны патэнцыял гадамі назапашанай творчай энергіі. У выніку літ. дыскусій 1960—70-х г. павысіліся патрабаванні да маст. твораў. Выпрацаваліся пэўныя маст. арыенціры, эстэт. крытэрыі. Узорамі непераўзыдзенага майстэрства, якімі вымяралася маст. вартасць тагачаснай паэзіі, сталі кнігі: «Пахне чабор» (1959), «А дні ідуць» (1962) П.Броўкі, «Чатыры стыхіі» (1962), «Свята ў будзень» (1964) С.Дзяргая, «Мой хлеб надзённы» (1962), «Глыток вады» (1964) М.Танка, «Новая кніга» (1964), «Сасна і бяроза» (1970) А.Куляшова, «Пры святле маланак» (1966), «Вячэрні цягнік» (1977) П.Панчанкі, «Мае мерыдыяны» (1965), «Твае далоні» (1967) А.Пысіна, «Служба святла» (1967), «Зямля гаворыць зорам» (1971) А.Русецкага і інш. У іх засведчаны адметнасць мыслення, непаўторнасць кожнай творчай індывідуальнасці, што пацвярджаецца сплавам лірызму, эпічнай шырыні, драматызму маст. перажывання, публіцыстычнай адкрытасці, выразнасці грамадз. пазіцыі. Паэтыка М.Танка, напр., спалучае ў сабе нар.-песенныя вытокі і некат. асаблівасці авангардысцкай плыні. У эпіцэнтры яго эстэтыкі прысутнічае творчая асоба, сам паэт, думкі і назіранні, якія разбягаюцца кругамі і ўцягваюць у сваё «поле» новую прастору. У філас. роздуме А.Куляшова паяднаны імгненні і вечнасць, зямное і астральнае, былое і наступнае. Акрамя зямнога і касм. ёсць трэці свет — звычайны чалавек.
Па-новаму, з больш глыбокім псіхалагізмам пераасэнсоўвалася тэма вайны, даследавалася псіхалогія чалавека на вайне, у экстрэмальных умовах: творы М.Аўрамчыка, А.Вялюгіна, А.Пысіна, А.Русецкага. У 2-й пал. 1950-х г. да творчай працы вярнуліся рэпрэсіраваныя пісьменнікі: А.Александровіч, С.Грахоўскі, У.Дубоўка, А.Звонак, С.Новік-Пяюн, А.Пальчэўскі, П.Пруднікаў, Я.Пушча, М.Хведаровіч, С.Шушкевіч. Выйшлі ў свет кнігі Ц.Гартнага, У.Дубоўкі, А.Дудара, Я.Пушчы, М.Чарота, што было неабходным для ўзнаўлення літ. працэсу і паўнаты ўяўлення пра маст. традыцыі 1920—30-х г., а таксама кнігі «Залаты лістапад» М.Хведаровіча (1957), «Дзень нараджэння» (1958), «Памяць» (1965) С.Грахоўскага, «Запаветнае» (1961), «Неспакойныя сэрцы» (1973) А.Звонака і інш. З сярэдзіны 1950—60-х г. першымі кнігамі дэбютавалі паэты т.зв. філалагічнага пакалення: «Паходныя кастры» С.Гаўрусёва, «Першы след» П.Макаля (абедзве 1955), «Песня ў дарогу» Н.Гілевіча (1957), «Не ўсе лугі пакошаны» М.Арочкі, «Матчына душа» У.Караткевіча, «Сакавік» Е.Лось, «Вясновыя барозны» У.Нядзведскага (усе 1958), «Маладзік над стэпам» Р.Барадуліна, «Белыя каштаны» І.Калесніка, «На юначым шляху» А.Лойкі, «Шэпчуцца ліўні» Ю.Свіркі, «Золак над Бярозай» А.Ставера, «Такія сэрцы ў нас» К.Цвіркі (усе 1959), «Майская просінь» Г.Бураўкіна, «Узлётная паласа» У.Паўлава, «Сонечны дождж» Я.Сіпакова (усе 1960), «Дзявочае сэрца» Д.Бічэль-Загнетавай (1961), «Вочы вясны» В.Вярбы, «Песня пра хлеб» А.Вярцінскага, «Абветраныя далягляды» Г.Кляўко, «Неба ўсміхаецца маланкаю» А.Наўроцкага (усе 1962), «Вогненная камета» В.Макарэвіча, «Першыя вёрсты» М.Рудкоўскага (абедзве 1963), «Магістраль» А.Грачанікава, «Белае дзіва» А.Кавалюк, «Асколкі і росы» Р.Тармолы (усе 1964), «Крэсіва» В.Зуёнка, «Едуць маразы» М.Маляўкі, «Азбука» А.Сербантовіча (усе 1966), «Спатканне» М.Дуксы, «Непазбежнасць» М.Купрэева, «Кастры Купалля» С.Панізніка (усе 1967), «Раўнавага» С.Блатуна, «Свежасць» Я.Міклашэўскага, «Вернасць» В.Ракава, «Зямля — магніт» М.Федзюковіча (усе 1968), «Гром на зялёнае голле» Ю.Голуба, «Раніца» В.Іпатавай, «Восеньскія позвы» К.Камейшы, «Буслы над аэрадромам» У.Скарынкіна (усе 1969) і інш. У літаратуру ўваходзіла пакаленне дзяцей вайны. Усе пакуты і боль, перажытыя дзецьмі і падлеткамі, выліліся на старонкі іх кніг: «Бязбацькавічы» Г.Бураўкіна, «Я не глытала па акопах дыму» В.Вярбы, «Песня пра асколак» У.Караткевіча, «Дзяўчаты мінулай вайны» Е.Лось і інш. Драматызм лірычнага перажывання асабліва адчувальны ў творах «Балада пра спаленую вёску і жывога пеўня», «Рэквіем па кожным чацвёртым» А.Вярцінскага, у араторыі «Гарыць, гарыць мая Лагойшчына», паэмах «Недзяленя», «Заручыны» Н.Гілевіча. Да ліраэпічнага жанру звярнуліся Р.Барадулін (паэмы «Блакада», «Балада Брэсцкай крэпасці»), В.Макарэвіч («Мацярык маленства»). Тэма вайны знайшла глыбокае асэнсаванне ў творчасці пісьменнікаў франтавога пакалення, якія як бы занава прачытвалі драм. і трагічныя калізіі вогненных гадоў, даследавалі чалавека ў экстрэмальных абставінах, што асабліва характэрна прозе В.Быкава, паэзіі А.Пысіна (вершы «Іван-чай», «Палім мы маршанскую махорку», «Пярэдні край», паэма «Белы камень»). Балючая памяць перажытага ў вайну склала асн. змест многіх твораў З.Астапенкі, М.Аўрамчыка, А.Бачылы, А.Вялюгіна, К.Кірэенкі, А.Куляшова, М.Лужаніна, П.Панчанкі, А.Русецкага. Болем асабістага суперажывання напоўнена паэма «Голас сэрца» П.Броўкі (1960), прысвечаная маці паэта. якая загінула ў канцлагеры ў Асвенціме. У 1970—80-я г. выйшлі першыя кнігі: «Агонь» Н.Мацяш, «Адраджэнне» А.Разанава, «Снежныя грамніцы» Я.Янішчыц (усе 1970), «Вуліцы без назваў» У.Дзюбы (1972), «Прыпяць» У.Верамейчыка, «Абеліск» Х.Жычкі, «Бяседа» С.Законнікава, «На мове шчасця» Г.Каржанеўскай, «Бацькоўскі парог» І.Скурко, «Ядлоўцавы куст» М.Стральцова (усе 1973), «Рамонкавы бераг» Р.Баравіковай, «Захапленне» Т.Бондар, «Паклон» В.Жуковіча, «Сакавік» Л.Забалоцкай, «Жураўлінае вясло» У.Лісіцына (усе 1974), «Касавіца» В.Гардзея, «Радар» Н.Загорскай, «Прадвесне» П.Марціновіча, «Кляновік» Г.Пашкова (усе 1975), «Адкрыццё» У.Някляева, «Уваходзіны» В.Яраца (абедзве 1976), «Хлеб і соль» Х.Гурыновіча, «Абеліск у жыце» М.Мятліцкага (абедзве 1980), «Белая бярэзіна» С.Басуматравай (1981), «Планета маёй душы» К.Жука, «Пад спеў крыніц» У.Мазго, «Пад небам бусліным» З.Марозава, «Зоркі ў кронах» У.Марука (усе 1982), «Вандроўнік» Л.Дранько-Майсюка, «Скразная лінія» А.Каско, «Белы камень» А.Пісьмянкова, «Смага ракі» Л.Тарасюк (усе 1983), «Таемнасць агню» Л.Галубовіча (1984), «Чаравікі маленства» І.Багдановіч, «Цвет алешыны» А.Канапелькі, «Адведзіны рамонкавай паляны» Л.Паўлікавай (усе 1985), «Сінтэз» Г.Булыкі, «Сурма» А.Мінкіна (абедзве 1986).
У мастакоўскай палітры паэтаў 1970 — пач. 80-х г. драматызм памяці цесна пераплецены з памкненнямі да прыгожага, узвышанага. У параўнанні з папярэднікамі ў іх творах значна больш светлых колераў. Выявы памяці, спраектаваныя на сучаснасць, неслі ў сабе моцны зарад творчай энергіі, паспяхова рэалізаваліся ў лірыка-эпічных жанрах: паэмы «Кульмінацыя» С.Законнікава, «Даведка аб нараджэнні» У.Някляева, «Ясельда» Я.Янішчыц і інш.
Лепшыя творы канца 1950 — пач. 1980-х г. пазначаны глыбокім інтэлектуальна-філас. роздумам, зваротам да нар. вытокаў, да спрадвечных маральна-этычных і эстэт. каштоўнасцей: «Падземныя замкі», «Зямля Міцкевічаў» М.Арочкі, «Трэба дома бываць часцей», «Неруш» Р.Барадуліна, «Песня пра хлеб», «Мы жывём, каб вяртацца...» А.Вярцінскага, «Зямля бацькоў, Лагойшчына мая...», «Ах, якая над Гайнаю ноч!...» Н.Гілевіча, «Беларуская песня» У.Караткевіча, «Бацькаўшчына» М.Стральцова, «Ave Maria», «Дарога на Нарач» М.Танка. Увасабленне найлепшых чалавечых якасцей, усяго светлага, высакароднага, зямнога і сакральнага — у вобразе Маці (вершы і паэмы Р.Барадуліна, А.Вярцінскага, Н.Гілевіча, А.Лойкі, Е.Лось і інш.). Суб’ектыўна-індывідуальны пачатак (унутр. свет чалавека, яго пачуцці, перажыванні) у паэзіі А.Вярцінскага, Р.Барадуліна, В.Іпатавай, У.Караткевіча, Н.Мацяш, А.Разанава, М.Стральцова, Я.Янішчыц. Лірычны герой у многім летуценнік, рамантык, філосаф, першаадкрывальнік касм. прасторы і пакарыцель цаліны ў вершах «Радасць гэткая ў сэрцы не месціцца...» Г.Бураўкіна, «Спадарожніку Зямлі» У.Караткевіча, «Дарога да зор» П.Макаля, «Белыя яблыні» П.Панчанкі і інш. Роздум над глабальнымі праблемамі часу, трывога за лёс чалавецтва перад пагрозай ядзернай катастрофы, экалагічныя, сац.-бытавыя пытанні патрабавалі звароту да вялікіх жанравых форм: паэмы «Яго Вялікасць» (1964) і «Айкумена» (1981) А.Русецкага, «Цунамі» (1968) і «Далёка да акіяна» (1970) А.Куляшова. Грамадз. вартасць асобы, маральна-этычная трываласць народа вывяраліся разам з гіст. і сац.-бытавымі абставінамі. Прадметна-вобразная канкрэтыка спалучалася з умоўна-асацыятыўнымі абстракцыямі, нар.-песеннай стыхіяй у паэмах «Слёзы Раданы» (1967) і «Трыпутнік» (1976) К.Кірэенкі. Драматызм часу асабліва адчувальны ў паэмах «Маналог» (1966), «Варшаўскі шлях» (1968), «Хамуціус» (1975) А.Куляшова, «Мікалай Дворнікаў» М.Танка (1978), «Суд Алаізы» В.Коўтун (1985). Рэаліі сівой даўніны ўзноўлены ў драм. паэмах «Крэва» (1982), «Судны дзень Скарыны» (1988) М.Арочкі, «Сказанне пра Апанаса Берасцейскага» П.Бітэля (1984), «Барбара Радзівіл» Р.Баравіковай (1990—91). Да гіст. тэматыкі пастаянна была скіравана ўвага У.Караткевіча: вершы «Сырцовыя цагліны», «Паўлюк Багрым», «Скарына пакідае Радзіму», «Шляхі Ігната Буйніцкага» і інш.
З сярэдзіны 1980-х г. у паэзіі пачаўся перыяд, пазначаны абнаўленнем эстэт. мыслення, істотнымі рысамі якога сталі памкненне да разняволенасці, пазбаўленне ад звыклых, стэрэатыпных ідэалагем, акцэнтацыя нац. ідэі, узмацненне публіцыстычнасці і кантрастнасці бачання навакольнага свету, канфліктнасці лірычнага перажывання: зб-кі «Каліна зімы» Я.Янішчыц (1987), «Лісты да цябе» В.Коўтун, «Горкі жолуд» П.Панчанкі (абодва 1988), «Пан Лес» А.Сыса (1989), «Будзень» (1989), «За ценем самотнага сонца» (1995) А.Бадака, «Горад-утопія» В.Шніпа (1990), «Самота паломніцтва» (1990), «Міласэрнасць плахі» (1992) Р.Барадуліна, «Высокі бераг» (1993), «Зямля ў мяне адна» (1996) П.Панчанкі, «На высокім алтары» Н.Гілевіча (1994), «Заклён на скрутны вір» А.Вялюгіна, «Пісьмы з гэтага свету» В.Зуёнка, «На зломе лёсу» А.Русецкага, «Чорна-белы свет» П.Шруба (усе 1995), «Прошча» У.Някляева, «Адзінокая зорка» Л.Сом, «Errata» М.Танка (усе 1996), «Журавінавы востраў» Г.Пашкова (1998), «Межань» В.Гардзея, «Душою з небам гаварыць» Н.Мацяш (абодва 1999), «Неўміручасць» А.Лойкі (2000) і інш.
У канцы 1980 — пач. 1990-х г. па-новаму асэнсоўваецца гіст. лёс Беларусі, Бацькаўшчыны. Паэтаў хвалявала занядбанасць роднай мовы, гіст. памяці народа, абыякавасць да сваіх родавых каранёў: вершы Д.Бічэль-Загнетавай, Л.Галубовіча, Н.Гілевіча, П.Панчанкі, А.Разанава, Л.Рублеўскай і інш. Хрысціянскія матывы прагучалі ў кн. «Вялікдзень» І.Багдановіч (1993), «Божа мой, Божа» Д.Бічэль-Загнетавай (1993), «Капліца» В.Аксак (1994), «На высокім алтары» Н.Гілевіча (1994), «На рэштках Храма» В.Шніпа (1994), «Евангелле ад Мамы» Р.Барадуліна (1995), «Аддай асалоду Богу» Л.Раманавай (1997) і інш. З сярэдзіны 1980-х г. свет убачылі творы, раней не апублікаваныя: «Паэма тугі» А.Бачылы (1987), у якой завострана ўвага на негатыўных наступствах гвалтоўнай калектывізацыі, раскулачванні і «рассяляньванні» сялянства. Выйшлі кнігі вязняў ГУЛАГа: «Белы сон» Л.Геніюш (1990), «І радасць і боль» С.Грахоўскага (1987), «Святлацені» А.Звонака (1992), «Пароша» П.Пруднікава (1996) і інш. У друку з’явіліся публікацыі твораў паэтаў бел. эміграцыі.
У паэзіі мяжы 20—21 ст. існуюць разнастайныя кірункі маст. пошукаў. Найчасцей перавага аддаецца зладжана гарманічнай мадэлі свету, не пазбаўленай аднак -шматфарбнасці і кантрасту каляровай гамы, што асабліва характэрна для пейзажнай лірыкі, паэзіі хрысціянскага зместу і вершаў пра каханне: «Каханне» (1987), «Сад на капялюшыку каханай» (1998) Р.Баравіковай, «Споведзь бяссоннай душы» Л.Галубовіча (1989), «Шчаслівай долю назаві...» Н.Мацяш (1990), «Хачу назваць цябе каханым» Т.Бондар (1991), «Случарыны» В.Аколавай (1994), «Стомленасць Парыжам» Л.Дранько-Майсюка (1995), «Рабро Адама» Т.Мушынскай (1999), «Валошкі памяці» А.Камароўскага (2002) і інш. Урбаністычныя матывы займаюць значнае месца ў творчасці А.Дуброўскага, М.Касцюкевіча, А.Мінкіна, Л.Рублеўскай, С.Шах і інш. Побач з рамант. плынню (паэма «Прошча» У.Някляева, кн. «Замак месячнага сяйва» Л.Рублеўскай, 1992) узмацняецца трагізм, асабліва ў творах чарнобыльскай тэматыкі, дзе ўвага акцэнтавана на экалагічных праблемах, найперш даследуецца разбуральнае ўздзеянне атрутнага ядзернага распаду на «экалогію душы» чалавека, асобы: кн. вершаў «Палескі смутак» (1991), «Бабчын» (1996) М.Мятліцкага, «Начное сонца» В.Куртаніч (1994), «Летазлічэнне» А.Канапелькі (1999), паэмы «Чорная быль» С.Законнікава (1987), «Лілея на цёмнай вадзе» (1987—2000) М.Башлакова і інш.Літ. працэс канца 20 ст. фарміруецца не ў адрыве ад фалькл. і літ. (нац. і сусв.) традыцый, постмадэрнісцкіх кірункаў і плыней: кн. «Турмалін» Г.Булыкі (1994), «Гліна. Камень. Жалеза» А.Разанава (2000) і інш. Паэты прымушаюць загаварыць прадметы, хімічныя рэчывы, з’явы прыроды, сутнасць якіх адкрывае неабсяжны філас. падтэкст, выяўляе неабмежаваныя магчымасці ўмоўна-асацыятыўных сувязей і вобразна-метафарычных абстракцый.
У канцы 20 ст. выдадзены першыя кнігі маладых паэтаў: «Вяртанне» А.Аркуша, «Першапутак» Л.Пранчака, «Агмень» А.Сыса (усе 1988), «Бацькоўскі дом» Т.Мельчанкі (1989), «Кальварыйскія клёны» С.Адамовіча, «Пяшчота ліўня» Э.Акуліна, «Крытычная маса» П.Вераб’ёва, «Белыя птахі» В.Дэбіша (усе 1990), «Ноч» Ю.Пацюпы (1991), «Водар цела» Ю.Гуменюка, «Калядная вячэра» А.Дэбіша (абедзве 1992) і інш. На Беларусі плённа працавала і працуе група паэтаў, якія пішуць на рус. мове. Выйшлі ў свет кн. «Жанчына пад яблыняй» (1962), «Шукаю чалавека» (1988) С.Яўсеевай, «Галіны» (1969), «Зімовае святло» (1985) Н.Кісліка, «Памяць» (1969), «Дням цяперашнім» (1972), «Светлыя зімовыя ночы» (1982) Ф.Яфімава, «Гарыць вогнішча ўспамінаў» (1990) Г.Шутэнкі, «Ясень» (1973), «Вербніца» (2002) Б.Спрынчана, «Твар твой» (1982), «Споведзь» (1990) А.Дракахруста, «Вечаровыя цені» (1977), «Мой дом» (1988) Э.Скобелева, «Зямля і зоркі» (1981), «Святло непадзельнае» (1990) В.Спрынчана, «Сухія кветкі» (1995), «Альфа і амега» (2001) А.Скарынкіна і інш.
Сучасны этап развіцця бел. паэзіі прадаўжае і развівае асн. тэндэнцыі ўсёй бел. літаратуры.
Проза. Развіццё прозы 2-й пал. 20 ст. абумоўлена грамадскім быццём і іманентнымі магчымасцямі маст. свядомасці народа. 1-я пал. 1950-х г. адзначана з’яўленнем шэрагу буйных твораў, напісаных пісьменнікамі старэйшага пакалення і тымі, хто прыйшоў у літаратуру ў час Вял.Айч. вайны. У 1954 Я.Колас завяршыў працу над трылогіяй «На ростанях», П.Пестрак — раманам «Сустрэнемся на барыкадах» — панарамнай карцінай жыцця і змагання працоўных Зах. Беларусі. Шматбакова ўзноўлены нядаўнія падзеі Вял.Айч. вайны ў эпічных творах «Векапомныя дні» М.Лынькова (1948—58), «Мінскі напрамак» І.Мележа (1950—52), «Расстаёмся ненадоўга» А.Кулакоўскага (1953—54). Аповесць «У Забалоцці днее» Я.Брыля (1950), раманы «Святло над Ліпскам» М.Паслядовіча (1949—52), «У добры час» І.Шамякіна (1953) пра пасляваен. жыццё бел. вёскі. Для прозы гэтага часу характэрны тэндэнцыі спрошчанага, схематычнага падыходу да адлюстравання рэчаіснасці, што тэарэтычна абгрунтоўвалася «тэорыяй бесканфліктнасці». З 2-й пал. 1950-х г. літаратура, асабліва проза, умацоўвае сувязі з рэчаіснасцю, становіцца больш праўдзівай і шчырай. Фактар непасрэднай адпаведнасці жыццю становіцца асноўным у вызначэнні характару літаратуры. Празаічныя творы ўражваюць больш жыццёвай, адкрыта ідэйнай навізной, чым мастацкай. Тагачасная грамадская патрэба праўды жыцця і праўдзівасці, шчырасці голасу аўтара ярка і адкрыта засведчылі сябе ў лірычнасці і публіцыстычнасці, у звароце да жывога факта і дакумента. Новыя тэндэнцыі выявіліся ў аповесцях «На Быстранцы» Я.Брыля (1955), «Нявестка» (1956), «Дабрасельцы» (1958) А.Кулакоўскага, у нарысах-апавяданнях І.Шамякіна (1953—60). Характэрным для творчасці гэтых пісьменнікаў, як і для літаратуры наогул, быў выразны і моцны сатыр. струмень. У 2-й пал. 1950 — пач. 1960-х г. у прозу прыйшлі В.Адамчык, А.Асіпенка, В.Быкаў, У.Дамашэвіч, У.Караткевіч, А.Карпюк, І.Навуменка, І.Пташнікаў, Б.Сачанка, М.Стральцоў, І.Чыгрынаў, пазней — А.Кудравец, П.Місько. Проза стала больш праўдзівай і багатай у адлюстраванні жыцця і выяўленні пачуццяў, больш дасканалай і разнастайнай сваімі маст. якасцямі. Вызначальныя якасці буйных празаічных твораў 1960—1-й пал. 1980-х г. — праўда жыцця, адлюстраваная ў літаратуры і ўзятая як сістэма фактаў у іх шырокім гіст.-часавым ахопе, у гіст.-сац. абумоўленасці, і шчырасць аўтарскіх адносін да яе, увасобленая не толькі ў эмацыянальнай атмасферы, але і ва ўсёй маст. сістэме: раманы «На парозе будучыні» (1961), «Гарадок Устронь» (1968), «Шэметы» (1980) М.Лобана, «Людзі на балоце» (1961), «Подых навальніцы» (1965), «Завеі, снежань» (1976) І.Мележа, «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973), «Смутак белых начэй» (1979) І.Навуменкі, «Птушкі і гнёзды» Я.Брыля (1963), «Сэрца на далоні» (1963), «Снежныя зімы» (1968), «Атланты і карыятыды» (1974), «Вазьму твой боль» (1978), «Петраград—Брэст» (1983) І.Шамякіна, «Засценак Малінаўка» А.Чарнышэвіча (1964), «Каласы пад сярпом тваім» (1965), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966), «Чорны замак Альшанскі» (1979) В.Караткевіча, «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976), «Свае і чужынцы» (1983) І.Чыгрынава, «Чужое неба» (1975), «Вялікі Лес» (1984) Б.Сачанкі, «Пушча» В.Карамазава (1978), «Чужая Бацькаўшчына» (1977), «Год нулявы» (1982), «І скажа той, хто народзіцца» (1985) В.Адамчыка, «Неруш» В.Казько (1981), «Знак бяды» В.Быкава (1982); аповесці Я.Брыля, В.Быкава, А.Васілевіч, А.Жука, А.Кудраўца і інш. Для гэтых твораў характэрна шырыня ахопу жыцця, моцная грамадска-сац. насычанасць, гуманістычнасць аўтарскай канцэпцыі. Важныя гіст. падзеі асэнсоўваліся і пераасэнсоўваліся аўтарамі ў іх непасрэднай суаднесенасці з канкрэтным жывым чалавекам. І ад таго, што вобраз чалавека суадносіўся з важнымі сац. падзеямі, ён узбуйняўся, набываў ідэйна-маст. значнасць. Менавіта ў такіх вобразах выразна адчуваецца непаўторная духоўная асоба аўтара, яго ўзровень эстэт. мыслення, здольнасць раскрываць гісторыю народа ў сац. змесце, паказваць сучаснасць, яе духоўны і грамадскі патэнцыял. Адпаведнасць самым актуальным грамадска-сац. праблемам сучаснасці ў І.Шамякіна; глыбокая заземленасць у стыхію нар. жыцця і важнасць праблематыкі ў І.Мележа; шырыня і актыўнасць духоўных пошукаў у Я.Брыля; пякучы роздум над лёсам простага чалавека ў часы вайны, мэтанакіраванае сцвярджэнне яго каштоўнасці ў В.Быкава; жаданне, даследуючы нар. жыццё ў вайне, разабрацца ў няпростых людскіх лёсах у І.Навуменкі, Б.Сачанкі, І.Чыгрынава; выяўленне глыбінь нар. характару, сцвярджэнне яго маральнай сілы і прыгажосці ў І.Пташнікава; імкненне праз шэрую штодзённасць убачыць драматызм і прыгажосць жыцця ў А.Кудраўца; палкае жаданне далучыць сучасніка да гісторыі народа, глыбокае яе даследаванне і ўслаўленне ў У.Караткевіча.
З’явіліся і іншыя творы гіст. жанру: «Англіцкая сталь» (1966), «Дыярыуш Мацея Белановіча» (1976) Б.Сачанкі, «На струнах буры» Л.Арабей (1967), «Прадыслава» В.Іпатавай, «Мсціслаўцаў посах» Э.Ялугіна (абодва 1971), «Пры апазнанні — затрымаць» В.Хомчанкі, «Петраград—Брэст» І.Шамякіна (абодва 1983), «Памяць пра легенды» К.Тарасава (1984). Для В.Іпатавай і К.Тарасава гіст. тэма ў далейшай іх творчасці стала асноўнай. І.Мележ і М.Лобан шукалі ў мінулым вытокі тых сац. з’яў, якія асабліва турбавалі іх грамадз. сумленне.
Свет І.Мележа — багаты рэальны свет простых людзей у іх адзінстве з прыродай, у душэўнай шчырай сувязі з зямлёй, у супярэчлівым, складаным бытавым і сац. перапляценні. Жыццё ў «Палескай хроніцы» ўспрымаецца як бы роўнае, тоеснае самому сабе, г.зн. як жыццё рэальнае. Шырынёй гіст. погляду, глыбінёй сац. даследавання, маштабнасцю і моцным напаўненнем аўтарскай думкі, тонкім, бездакорным аналізам псіхалогіі зусім непадобных сваім унутр. зместам чалавечых характараў, эпічнай разгорнутасцю і глыбока асабістымі адносінамі да ўсяго, што адбываецца, майстэрствам маст. жывапісу, глыбока арганічным адчуваннем нар. моўнай стыхіі «Палеская хроніка» стала адным з самых значных дасягненняў бел. літаратуры. Форма хронікі, яе жанравая і сюжэтна-кампазіцыйная структура, спакойная, паглыблена-нетаропкая манера апавядання, задуменна-лірычны агульны тон як нельга лепш адпавядаюць падзеям, жыццёваму матэрыялу, што з’яўляюцца рэальнай асновай твора.
Эпічна-хранікальная панарамная форма ўзнаўлення рэчаіснасці ў 1960-я г. і пазней была даволі пашыранай і мела прыкметныя набыткі: творы В.Адамчыка, А.Васілевіч, М.Лобана, І.Мележа, І.Навуменкі, Б.Сачанкі, А.Чарнышэвіча, І.Чыгрынава. У 1960—80-я г. тэма вайны, партыз. барацьбы стала для бел. літаратуры нац. тэмай: па значнасці маст. набыткаў, па колькасці напісанага, па ахопе і глыбіні даследавання жыццёвага матэрыялу. Асобнае месца ў бел. прозе на тэму Вял.Айч. вайны займаюць творы В.Быкава. У аповесцях «Жураўліны крык» (1960), «Здрада» (1961), «Трэцяя ракета» (1962), «Пастка» (1964) вызначальнай рысай была крывавая праўда вайны, якую называлі акопнай. Паступова жыццёвы матэрыял вайны, напоўнены драматызмам, выкарыстоўваецца і для вырашэння маральна-этычных задач сучаснасці. Трансфармуецца і жанравая структура, яна становіцца гранічна цэнтраімклівай і ідэйна жорсткай. «Трэцяя ракета», «Мёртвым не баліць» (1965), «Праклятая вышыня» (1968), «Сотнікаў» (1970), «Яго батальён» (1975), «Знак бяды» (1982), «Кар’ер» (1986) — найб. характэрныя, творча і жанрава вызначальныя на творчым шляху пісьменніка.
Адметнае месца ў ваен. прозе і па праблематыцы, і па маст. якасцях займае раман «Птушкі і гнёзды» Я.Брыля. Гэты раман — адзін з самых асабістых твораў пісьменніка не толькі паводле духоўна-эмацыянальнай напоўненасці, але і насычанасці падзеямі і фактамі аўтабіягр. характару і зместу. «Птушкі і гнёзды» — так метафарычна выказана ў самой назве асн. думка твора. Радзіма — сюжэтна-кампазіцыйны і ідэйны цэнтр рамана.
Пра жахі вайны, пра знішчэнне цэлых вёсак з людзьмі, пра неверагоднасць здзейсненага сказалі пісьменнікі пакалення дзяцей вайны: Б.Сачанка ў аповесці «Апошнія і першыя» (1966), І.Пташнікаў у аповесці «Тартак» (1967). Пазней былі створаны «Хатынская аповесць» (1972), «Карнікі» (1980) А.Адамовіча, «Суд у Слабадзе» В.Казько (1978), кніга-памяць «Я з вогненнай вёскі...» А.Адамовіча, Я.Брыля, У.Калесніка (1975).
З’явіліся раманы і аповесці, у якіх паўстае ўсенар. гераічная трагедыя: «Пушчанская адысея» (1964) і «Партрэт» (1982) А.Карпюка, «Вогненны азімут» А.Асіпенкі (1965), «Сярод ночы» (1968), «Іскры ў папялішчы» (1969), «Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы» (1980) Л.Арабей, «Мы з Санькам у тыле ворага» (1968), «Мы — хлопцы жывучыя» (1970) І.Сяркова, «Сцежкі зведаныя і нязведаныя» (1972), «Белы сокал» (1981), «Маршрут ад Клічава», «Хлебарэз» (абодва 1983) А.Кулакоўскага, «Калянае лісце» П.Місько (1979), «Верай і праўдай» (1976), «Літасці не чакай» (1982), «Памерці заўсёды паспееш» (1983) А.Савіцкага, «Вяртанне ў агонь» В.Хомчанкі (1978), «Не шукай слядоў сваіх» (1979), «Груша на Голым Полі» (1985) А.Марціновіча, «У падзямеллі» (1983) і «Палон» (1989) М.Аўрамчыка, пенталогія «Трывожнае шчасце» (аповесці «Непаўторная вясна», 1957; «Начныя зарніцы», 1958; «Агонь і снег» і «Пошукі сустрэчы», 1959; «Мост», 1965), «Шлюбная ноч» (1975), «Гандлярка і паэт» (1976) І.Шамякіна.
Літаратура гэтага перыяду звярталася і да праблем сучаснасці. Раманы «Сэрца на далоні» (1963), «Снежныя зімы» (1968), «Атланты і карыятыды» (1974), «Вазьму твой боль» (1978) І.Шамякіна, «Непрыкаяны маладзік» А.Асіпенкі (1971), яго ж аповесць «Жыта» (1966), раман «Васількі» А.Кулакоўскага (1972), аповесці «Німфа» У.Дамашэвіча, «Запіскі Занядбайлы» Б.Сачанкі (абедзве 1977) — творы, якія адгукаюцца на надзённыя пытанні. Літаратура 1960—80-х г. сцвярджае самакаштоўнасць, самаўдасканаленне чалавечай асобы. Чалавек і абставіны, чалавек і навакольны свет, чалавек і грамадства — вызначальныя кірункі маст. даследавання чалавека, яго духоўна-творчых памкненняў.
Раманы «Мсціжы» (1970) і «Алімпіяда» (1984) І.Пташнікава надзелены жыццёвасцю ў сваіх падзеях, сітуацыях, характарах, абставінах і разам з тым насычаны паэтычнасцю. У аповесці «Раданіца» (1970) і рамане «Сачыненне на вольную тэму» (1984) А.Кудраўца сцвярджаецца і развіваецца традыцыя праўдзівасці і чалавечнасці ў асэнсаванні звычайнага, штодзённага жыцця. Такая тэндэнцыя адбілася на творчасці пісьменнікаў, якія прыйшлі ў бел. прозу пазней: А.Варановіч, В.Гігевіч (у першых кнігах), Г.Далідовіч, А.Жук, Л.Калодзежны. У гэты перыяд раскрыўся і талент Я.Брыля: аповесці «Ніжнія Байдуны» (1975), «Золак, убачаны здалёк» (1978), нарысы, эсэ, мініяцюры.
Апавяданні, эсэ «Загадка Багдановіча» (1968), аповесць «Адзін лапаць, адзін чунь» (1970) М.Стральцова пазначаны тонкім адчуваннем рухаў чалавечай душы, дакладнасцю акварэльнага малюнка, чысцінёй эмацыянальнага тону, высокапашанлівымі адносінамі да слова. Моцны лірычны пачатак уласцівы і прозе Я.Сіпакова: кн. «Крыло цішыні» (1976), «Жанчына сярод мужчын» (1980); філас. прыпавесці.
Змены, што адбываліся з сярэдзіны 1980-х г. у значнай ступені закранулі духоўную сферу жыцця. Перыяд перабудовы і пачатку новага этапу адраджэння ў значнай ступені працягваў працэс, распачаты ў нац. літаратуры ў 2-й пал. 1950—60-х г., — да канца рэабілітаваў літаратуру мінулага, далучыў яе да гіст.літ. кантэксту, тым самым узбагаціўшы і значна паглыбіўшы яго. Сучасная літаратура адчула больш багатую, больш разнастайную нац. аснову. Пераклады сусв. літаратуры на бел. мову далучылі нац. літаратуру да сусв.літ. працэсу. Новы літ. перыяд вылучыў на першы план агульназначныя моманты бытавання і існавання літаратуры: мастак і жыццё, жыццёвая і маст. праўда. Адчуванне і разуменне новага, яго ўваходжанне ў творчы працэс, у творчае самаадчуванне адбывалася ў мастакоў слова паступова і псіхалагічна даволі складана. Чула рэагуе на рэаліі часу Я.Брыль: аповесць «Муштук і папка» (1990), кн. «Пішу як жыву», «Вячэрняе» (абедзве 1994), «Дзе скарб ваш» (1997). У творах, напісаных тымі, хто перажыў турмы, высылкі, найперш выклікае цікавасць сама рэальнасць, сведчанні часу, праяўленні чалавечых магчымасцей: «Такія сінія снягі» (1988), «Зона маўчання» (1990), «З воўчым білетам» (1991) С.Грахоўскага, «Яжовыя рукавіцы» (1989), «Пекла» (1991) П.Пруднікава, «Мая Галгофа» Я.Бяганскай (1990), «Споведзь» Л.Геніюш (1991), «Аповесць для сябе» Б.Мікуліча (1993), «Успаміны Платона Крэня» (1998) і яго «Унжлаг» (1999). Бел. проза спрабуе паказаць трагічны мацярык пакут і смерці ў самых розных праявах, што прымушае чалавека задумацца пра сябе, іншых, народ.
З сярэдзіны 1980-х г. В.Быкаў стварае аповесці «У тумане» (1988), «Аблава» (1989), «Сцюжа» (1991), «Пакахай мяне, салдацік» (1995), «Ваўчыная яма» (1998), «Балота» (2001), кнігі апавяданняў «Сцяна» (1997), публіцыстыкі і эсэістыкі «Крыжовы шлях» (1998), прыпавесцей «Пахаджане» (1999), застаючыся паслядоўным у сцвярджэнні асноватворных маральных і эстэт. прынцыпаў. Для В.Быкава самае важнае — пазнаць магчымасці чалавека, выявіць у ім ступень духоўнасці і меру чалавечнасці.
У творах І.Шамякіна сучаснасць вымяраецца штодзённым жыццём, побытавымі клопатамі і турботамі, таму ацэнкі таго, што адбываецца ў жыцці, публіцыстычна выкрывальныя: аповесці «Paradis auf Erden» (1992), «Вернісаж» (1993), «Слаўся, Марыя!», «Роздум на апошнім перагоне» (абедзве 1998). Пісьменнік, чыя творчасць у папярэднія гады была па-сапраўднаму моцная вобразамі станоўчых герояў, носьбітаў перадавых для свайго часу грамадскіх ідэй, блізкіх яму самому, у сённяшнім жыцці станоўчага героя не бачыць: аповесці «Выкармак» (1996), «Звіхрэнне» (1998), раман «Губернатар» (2000). Па-сапраўднаму станоўчых герояў, людзей высокіх грамадскіх ідэалаў, сумленных, шчырых І.Шамякін знаходзіць у мінулым: у ваен. гадах («Зеніт») або сярод сваіх блізкіх («Слаўся, Марыя!»).
Пазіцыя прызнаваць у мінулым толькі нязначныя недахопы выразна праглядаецца ў раманах «Лабірынты страху» А.Асіпенкі (1992), «Цень крумкачовага крыла» А.Марціновіча (1991). І.Навуменка звяртаецца пераважна да мінулага, каб паказаць духоўны рост свайго любімага героя: «Дзяцінства» (1991), «Падлетак» (1993), «Юнацтва» (1994), «Любімы горад» (1996). Па-іншаму глядзіць у мінулае і ўспрымае сучаснасць А.Адамовіч у аповесцях «Венера, альбо Як я быў прыгоннікам» (1992), «Vixi» (1993). Мінулае для яго не толькі напоўнена паэзіяй і здзіўленнем адкрыцця свету, бо якраз у мінулым ён бачыць праявы жорсткасці, несправядлівасці, бесчалавечнасці.
У 1986—2000 — гады вял. змен і ўзрушэнняў, рэзкай змены этычных і эстэт. каштоўнасных арыенціраў і крытэрыяў. В.Адамчык раманам «Голас крыві брата твайго» (1990) скончыў тэтралогію пра трагічны лёс зах.-бел. вёскі ў часы даваен. і ваен. ліхалецця. І.Чыгрынаў раманамі «Вяртанне да віны» (1992) і «Не ўсе мы згінем» (1994) завяршыў пенталогію — шырокае эпічнае палатно пра партыз. вайну ў бел. вёсцы. Непасрэдна асабісты пачатак становіцца вызначальным у творчасці Б.Сачанкі. Эсэістыка і публіцыстыка пранізваюць усё ім напісанае. Асаблівую цікавасць ён праяўляе да гісторыі, піша пра малавядомыя старонкі жыцця і творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, драм. лёс бел. эміграцыі, духоўныя набыткі, нар. побыт і звычаі як выяўленне характару і светапогляду («Вечны кругаварот», 1986), родныя мясціны Палесся («Родны кут», 1987), маці («Пад сузор’ем сярпа і молата», 1993), чарнобыльскую бяду («Запіскі аб радыяцыі», «Паездка ў зону», абодва 1990). Апавяд. «Львы» (1987), «Арчыбал» (1988), «Францужанкі» (1997), «Тры пуды жыта» (1998), «Пагоня» (1999), «Ірга каласістая» (1996), матэрыялы мемуарнага характару «Што застаецца ў памяці» (1992), «Ненапісаная аповесць» (2002) І.Пташнікава з’яўляюцца арганічным развіццём усяго напісанага ім раней. Пісьменнік паглыбіў філас. змест, давёў ранейшае драм. гучанне да сапраўды трагічнага, пашырыў жанравыя межы апавядання за кошт яго ўзбагачэння жыццёвым матэрыялам і за кошт паглыбленай вобразнай сістэмы. Для твораў А.Кудраўца канца 20 ст. характэрна выяўленне і сцвярджэнне ў звычайным чалавечым жыцці праяў высокіх духоўных якасцей, таго, што робіць чалавека прыгожым, што выпраменьвае цяпло дабрыні (аповесць «Двое за нізкім столікам», 1991). Чуйна ўлоўлівае этычныя і эстэт. запатрабаванні сучаснасці Я.Сіпакоў: аповесці «Кулак» (1989), «Блуканні па іншасвеце» (1994), кн. паэм у прозе «Ахвярны двор» (1991), прытчаў «Тыя, што ідуць» (1993) і інш. Ва ўсіх яго творах, аб’яднаных павагай да чалавека, клопатам пра яго і болем за яго, адчуваецца подых гісторыі, далёкага і больш блізкага мінулага, бачыцца жаданне ўбачыць будучыню. Пастаяннай скіраванасцю на адкрыццё новага, на пошук вызначаюцца творы В.Казько. Ён не надта імкнецца пашыраць жанравую прастору сваёй творчасці, не гоніцца за найноўшымі эстэт. павевамі. У пошуках адказу на пытанні, якія ставіць сённяшняе жыццё, ён і яго героі звяртаюцца да мінулага, захаванага асабіста іх памяццю, а таксама да мінулага, якое захоўвае нар. памяць у міфах і паданнях. Пошукі адказу на пытанні маральнага зместу, сэнсу быцця ў сучасным свеце абумоўліваюць ускладненасць маст. формы і вобразнай структуры: «Сад, або Заблытаны след рамана» (1986), «Но Пасаран» (1990), «Прахожы» (1995), «Да сустрэчы» (1997), «Бунт незапатрабаванага праху» (2001).
Адной з самых значных тэм бел. літаратуры канца 20 ст. стала Чарнобыльская катастрофа: публіцыстыка А.Адамовіча, раман «Злая зорка» І.Шамякіна (1993), «Чарнобыльская малітва» С.Алексіевіч, аповесці «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел» В.Казько (1991), «Краем белага шляху» В.Карамазава (1992), «Імем Айца і Сына» Т.Бондар (1993), «Ваўчыная яма» В.Быкава (1998), дакумент. аповесць «Сталі воды горкія» В.Гігевіча і А.Чарнова (1991), творы У.Глушакова, І.Канановіча, Л.Левановіча, Б.Сачанкі і інш. Агульная тэндэнцыя даверу літаратуры да жыцця народа, да гісторыі, даверу да асабістага вопыту і ў сувязі з гэтым узмацненне суб’ектыўнага пачатку ў маст. форме па-свойму выявіліся ў творах пісьменнікаў, дзяцінства якіх прыпала на гады вайны: раманы «Шчыглы» (1986), «Дзікая ружа» (1992), «Сіняе лета» (1998) Л.Левановіча, «Хлопцы, чые вы будзеце?» П.Місько (кн. 1—2, 1989—92), «Закон прыцяжэння» (1987) Я.Радкевіча, «Трэба было жыць» А.Рыбака (1990), «Не праспі сваю долю» У.Дамашэвіча (1993), «Уліс з Прускі» (2000), «Усход» У.Гніламёдава (2003); аповесці «Вырай» В.Блакіта (1986), «Кім і Валерыя» (1986), «Перавал. Лісты да сына» М.Гіля (1997), «Адна — долі жадна» (1993), «Лішнія дзеці, або Амплітуда жаданняў» (1999) У.Дамашэвіча, «Падарунак маладым» (1986), «Палескае лета» М.Капыловіча (1996), «Мёртвая крыніца» Я.Міклашэўскага, «Мы з Санькам — артылерысты...» І.Сяркова (абедзве 1989), «Імярэк» М.Клебановіча, «Трывожна шумяць ясакары» Н.Маеўскай (абедзве 1992), «На маяку», «Чаромхавыя халады» (абедзве 1993) М.Воранава, «Лесавікі» А.Масарэнкі (1994), «Узяць пад варту ў зале суда» Л.Левановіча (1995), «Кельты не ўміраюць» А.Лойкі (1997), «Пад схіленым дрэвам» (1997), «Бог чуе таго, хто плача» (2000) У.Паўлава, «Ніль Адмірары, або Я выбіраю смерць» (1999), «Самыя кароткія ночы» П.Місько, «Валацуга» А.Варановіча (абедзве 2000) і інш. У аповесці «Сны пра маму» А.Жука (1997), кн. «Мама» У.Ліпскага (1999), паэме ў прозе «Кукавала зязюля» З.Прыгодзіча (2000) маці ўвасабляе вёску, свет вёскі, з’яўляецца носьбітам тых адвечных каштоўнасцей, якія назапашваліся ў душы чалавека праз яго ўзаемаадносіны з зямлёй, з навакольным светам. Драматызмам вылучаюцца аповесці «Лес» Х.Лялько (1986), «Праклятая любоў» А.Жука (1990), «Ці то грэбля, ці то гаць» (1996), «Бласлаўлёныя зёлкі» (1997) В.Гардзея і інш. Становішча вёскі як аснова нац. самаадчування прымушае думаць пра гісторыю народа, пра дзяржаўнасць. З такога разумення гісторыі ўзнікла трылогія Г.Далідовіча: раманы «Гаспадар-камень» (1986), «Пабуджаныя» (1988), «Свой дом» (1989). Асобныя адказы на пытанні, пастаўленыя сучаснай вёскай — пытанні сац.-гаспадарчага і духоўнага зместу — шукае пісьменнік і ў гадах пасляваен. (раман «Заходнікі», 1992).
У канцы 20 — пач. 21 ст. з’явілася літаратура гіст. зместу і характару. Звяртаецца да гісторыі І.Шамякін. Далёкая мінуўшчына зацікавіла А.Карпюка (аповесць «Белая Дама», 1991). Нац.-рэв. падзеі 19 ст. ў аснове аповесці «Стрэл у акно» В.Хомчанкі (1988). Велічная постаць бел. друкара, асветніка і філосафа ўвасоблена ў рамане-даследаванні «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае» А.Лойкі (1989). Я.Сіпакоў звярнуўся да язычніцкага мінулага. Зварот да гісторыі надаў творчасці пісьменнікаў сапраўднае сучаснае гучанне, забяспечыў яе нац. аптымізм, вызначыў сённяшнюю духоўную запатрабаванасць. Творчы роздум над мінулым і сучаснасцю народа скіравалі ўвагу Г.Далідовіча ў 13 ст. да бел.дзярж. вытокаў: раман «Кліч роднага звона» (1999). Дзякуючы гіст. раманам «Меч князя Вячкі» (1987), «След ваўкалака» (1988), «Жалезныя жалуды» (1990) творчасць Л.Дайнекі стала набыткам нац. літаратуры. У раманах «Залатая жрыца Ашвінаў» (1999), «Альгердава дзіда» (2001), аповесцях «За морам Хвалынскім», «Агонь у жылах крэменю» (абедзве 1989), «Вяшчун Гедзіміна» (2000) В.Іпатавай гіст. аснова, насычанасць канкрэтным матэрыялам, займальны сюжэт, жывая форма апавядання, псіхалагічна дакладныя і духоўна змястоўныя чалавечыя характары. Раман «Крыж міласэрнасці» В.Коўтун [1988) прысвечаны жыццёваму і творчаму лёсу Цёткі.
Асаблівасць сучаснага літ. працэсу — наяўнасць у ім прыкметнай плыні фантаст. зместу. Нават у творах пісьменнікаў рэаліст. светаўспрымання ёсць сюжэты, сітуацыі, калізіі, вобразы, матывы выразна фантаст. характару: прыпавесці В.Быкава, аповесці «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел» (1991), «Прахожы» (1995) В.Казько, «Блуканні па іншасвеце» Я.Сіпакова (1994) і інш. У найб. ступені фантаст. элемент прысутнічае ў творчасці пісьменнікаў, якія прыйшлі ў літаратуру ў 1980—90-я г. Момант навуковасці ўласцівы фантаст. раманам «Чалавек з брыльянтавым сэрцам» Л.Дайнекі (1992), «Не забывай пра дом свой, грэшнік» (1989), «Кентаўры» (1993) В.Гігевіча, яго аповесцям «Карабель» (1988), «Марсіянскае падарожжа» (1989), «Палтэргейст» (1992).
З 2-й пал. 1980-х г. выходзяць кнігі аповесцей і апавяданняў У.Арлова «Дзень, калі ўпала страла» (1988), «Рандэву на манеўрах» (1992), «Пяць мужчын у леснічоўцы» (1994) і інш., а таксама аповесці А.Федарэнкі «Гісторыя хваробы» (1989), «Смута» (1991), «Такое кароткае лета» (1994), «Вёска» (1995), «Шчарбаты талер» (1997) і інш. Выразна заявілі пра сябе А.Асташонак, Г.Багданава, А.Казлоў, А.Наварыч, У.Рубанаў, Л.Рублеўская, Б.Пятровіч, Ю.Станкевіч, У.Ягоўдзік і інш. У сучасным літ. працэсе проза ўсё больш узбагачаецца і пашыраецца новымі творамі.
Драматургія. У 2-й пал. 20 ст. прыкметна павялічылася ўвага да бел. драматургіі і на ўзроўні ўрадавых інстанцый, і ў асяроддзі непасрэдных творцаў — пісьменнікаў, тэатр. работнікаў, выдаўцоў. Прыняты шэраг урадавых пастаноў, скіраваных на паляпшэнне спраў у драматургіі і тэатры. На гэты ж час прыпадае адзін з самых інтэнсіўных прытокаў новых сіл. Актывізавалася публікацыя п’ес у перыёдыцы і асобнымі выданнямі. З другога боку, «тэорыя бесканфліктнасці» стала адной з прычын адставання драматургіі. Лакіроўка, прыхарошванне рэчаіснасці, паказ канфліктаў добрага з лепшым уласцівы п’есам «Калі зацвітаюць сады» В.Палескага, «Дарагі госць» Ю.Рудзько (абедзве 1950), «Неспакойныя сэрцы» А.Кучара (1952), «Стопрацэнтны фечасан», «Як пасцелеш — так і выспішся» (абедзве 1953), «У ціхім кутку» (1954) А.Рылько, «Гарачыя галовы» У.Краўчанкі, «Наталля Крыўцова» А.Маўзона (абедзве 1954) і інш. Нават К.Крапіва паказваў рэчаіснасць пасляваен. калгаснай вёскі ў залішне мажорных фарбах. Яго лірычная камедыя «Пяюць жаваранкі» (1950) напісана таленавіта, прынамсі, такіх яркіх — па перадачы падзейнага антуражу (сцэны сватання), па моўнай каларыстыцы (багацце метафар, параўнанняў, афарызмаў), па майстэрстве псіхал. характарыстыкі персанажаў было не шмат, аднак ёй уласціва аблегчанасць асэнсавання рэальных супярэчнасцей жыцця. К.Крапіва, адчуўшы на сваім уласным вопыце, якую шкоду прыносіла бесканфліктнасць усім жанрам літаратуры, і асабліва драматургіі, з артыкуламі «Аб сатырычнай камедыі» (1953) і «Канфлікт — аснова п’есы» (1954) выступіў супраць ідэалагічнай рэгламентацыі творчага працэсу. Пад уздзеяннем «тэорыі бесканфліктнасці» драматургію паступова пакідаў высокі накал страсцей і пачуццяў, маральныя катаклізмы ўсё часцей выцясняліся спакойнымі сцішанымі калізіямі, што прывяло да паслаблення псіхалагізму, кампазіцыйнай аморфнасці, хадульнасці пафасу, здрабнення характараў і тэм. Самым актыўным барацьбітом з «тэорыяй бесканфліктнасці» быў А.Макаёнак. Надрукаваўшы шэраг аднаактовых п’ес «Добра, калі добра канчаецца» (1945), «Перад сустрэчай», «Першае пытанне» (абедзве 1950), «Аксеніна цялушка» (1951), «Жыццё патрабуе» (1960), у якіх асэнсаванне рэчаіснасці рэалізоўвалася ў аб’ектывізавана-ілюстрацыйных формах, ён у 1953 завяршыў сатыр. камедыю «Выбачайце, калі ласка», у якой рэзка, бескампрамісна высмеяў практыку бяздушнага адміністравання, паказушніцтва і ашуканства. Гэтая камедыя атрымала значны грамадз. і маст. рэзананс, стала пачынальніцай пратэстнай плыні ў сав. драматургіі. Да гэтай плыні адносяцца таксама сатыр. камедыі «У ціхім завулку» А.Маўзона (1955), «На крутым павароце» К.Губарэвіча (1956), у якіх востра ставілася праблема маральнай адказнасці чалавека перад сабой, грамадствам і часам. З’явілася і новае: выкрыццё мяшчанства, крытыка чыноўніцтва высокага рангу абвастрылася наяўнасцю ў п’есе калізіі, звязанай з рэпрэсіямі 1930-х г. Вобразы бацькі і сына Мякішавых — творчая ўдача А.Маўзона, але астатнія персанажы ахарактарызаваны прыблізна, амаль адсутнічала псіхал. абгрунтаванасць большасці сюжэтных сітуацый. Гэтыя недахопы — тыповыя для многіх п’ес, напісаных у 2-й пал. 1950 — пач. 1960-х г. Настойлівае імкненне драматургаў пашырыць тэматычны дыяпазон маст. асэнсавання рэчаіснасці, іх жаданне ставіць вострыя праблемы жыцця вельмі рэдка надавала творам сапраўдную актуальнасць. Многія драматургі імітавалі вастрыню, і барацьба ў іх творах адбывалася толькі з ценем зла, а не з самім злом. У гэты час у драматургію прыйшло шмат маладых творцаў, і з усёй вастрынёй паўстала неабходнасць павышэння прафесійнага майстэрства. І.Дорскі ў п’есе «Шчасце» (1956) зрабіў спробу падсвятліць асэнсаванне побытавых перыпетый тагачаснага жыцця святлом адвечнай праблемы чалавечага шчасця, аднак жаданай маштабнасці, абагульненасці вывадаў не дасягнуў, бо ў жорстка схематызаванай канструкцыі твора (добры сакратар абкома разам з такім жа прагрэсіўным калегам з райкома паспяхова пераадольваюць бюракратызм чыноўнікаў на карысць простым людзям) застывала развіццё дзеі і характараў. Зададзенасць аўтарскіх вывадаў, нівеліроўка характараў адбілася на п’есах т.зв. маладзёжнай тэматыкі «Аркадзь Жыгалкін» Я.Пасава (1957), «Незвычайная сустрэча» В.Зуба (1958), «Трэці лішні» М.Алтухова (1959), «Калі любіш» М.Гарулёва, «Дзяўчына з камвольнага» А.Дзялендзіка (абедзве 1962), «Салодкі месяц» К.Губарэвіча (1968), у якіх па-мастацку пераканаўча ставяцца праблемы выбару моладдзю жыццёвых шляхоў, маральнай адказнасці за свае ўчынкі. Нетрывіяльны погляд аўтара на нядаўнюю гісторыю і сучаснасць зах.-бел. вёскі ў п’есах «Папараць-кветка» (1957) і «Над хвалямі Серабранкі» (1961) І.Козела. У першай з іх пісьменнік, даследуючы праблему ўзаемаадносін уласнасці і чалавечай годнасці, абапіраўся на пастулаты здаровага нар. сэнсу. Антыўласніцкі пафас вельмі выразны і ў драме «Над хвалямі Серабранкі» («Канчане — суседзі мае»), дзеянне якой адносіцца да сярэдзіны 20 ст.
На мяжы 1950—60-х г. пачаў выступаць у драматургіі І.Шамякін. У яго п’есе «Не верце цішыні» (1957) ёсць вострая, па сутнасці дэтэктыўная, інтрыга, займальнасць сюжэту, напружанасць развіцця дзеяння, але няма глыбіні ў псіхал. характарыстыцы персанажаў, таму гісторыя перараджэння былога сав. партызана ў мацёрага агента адной з замежных разведак атрымалася малапераканаўчай. У п’есе «Выгнанне блудніцы» (1961) характар гал. героя, журналіста і паэта Васіля Гаворкі, раскрываецца і ў слове-дыялогу, і ў справе-дзеянні, дзякуючы чаму вобраз атрымаўся каларытны, псіхалагічна верагодны, хаця яму бракуе асобаснай маштабнасці. Сац. маштабнасці і маст. выразнасці не хапае і героям драмы «Чалавек вярнуўся» П.Васілеўскага (1959), прысвечанай вяртанню да сумленнага жыцця бел. хлопца, завербаванага ў свой час замежнай шпіёнскай арганізацыяй. Цікавыя жыццёвыя калізіі, у якіх ярка раскрываліся характары дзейных асоб, у п’есе «Любоў, Надзея, Вера...» П.Васілеўскага (1960), аднак у ёй праследуюцца схематызаванасць і павярхоўнасць вырашэння канфлікту.
У пач. 1960-х г. зноў павысілася ўвага да распрацоўкі праблем сучаснасці. Аднак п’есы «Злавацца не трэба» В.Зуба (1960), «Справа яе жыцця» А.Гутковіча і Ф.Казоўскай (1962), «Цвёрды арэшак» М.Алтухова, «А куды ж нам падзецца?...» К.Губарэвіча (абедзве 1963), «Куды ідзеш, Сяргей?» А.Маўзона (1965) не ўзняліся да значных маст. абагульненняў. Толькі А.Макаёнак сваёй «Лявоніхай на арбіце» (1961) пераканаўча даказаў, што пры майстэрскім асэнсаванні матэрыялу надзённая рэчаіснасць можа стаць асновай для напісання яркага і змястоўнага твора. П’есе ўласціва шматграннасць паказу рэчаіснасці, наяўнасць чалавечых характараў, маст. вобразаў, напісаных драматургам аб’ектыўна, глыбока, без скоўвання іх светапоглядных, валявых і духоўных памкненняў. Дзейсным характарам у барацьбе з «тэорыяй бесканфліктнасці» з’явілася распрацоўка гіст.-рэв. тэматыкі, выкліканая святкаваннем 40-годдзя Кастр. рэвалюцыі, БССР і КПБ. Серыя гіст.-рэв. п’ес стала прарывам у новыя сферы маст. выразнасці, удалай спробай асэнсавання складаных сац. працэсаў і гіст. шляхоў бел. народа. Характэрныя асаблівасці драматургіі гэтага жанрава-выяўл. пласта — строгае захаванне прынцыпаў гістарызму, адмаўленне ад наменклатурнага выбару персанажаў — у цэнтры твораў характарныя героі, а не функцыянеры са службовым становішчам. Імкненнем убачыць вялікае ў «простым» чалавеку вылучаюцца драмы «Год дзевяцьсот семнаццаты» П.Васілеўскага, «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча, «У бітве вялікай» А.Маўзона, «Дні нараджэння» І.Мележа (усе 1957). Настойлівае, а часам нават палемічнае падкрэсліванне асноватворчай ролі народа ва ўсіх сац.-гіст. працэсах было для бел. драматургіі надзвычай плённым, паколькі яна заўсёды арыентавалася на распрацоўкі нар. характараў, на маст. даследаванне глыбінных праяў нар. духу. Але ў творах, прысвечаных больш даўняй мінуўшчыне, гісторыя прадставала ў выразна белетрызаваным выглядзе: драма «Лявоніха» П.Данілава (1960) пра антыфеад. выступленні бел. сялян у першыя гады пасля рэформы 1861.
Збавенне ад бесканфліктнасці многія драматургі бачылі ў выбары матэрыялу, які генетычна грунтаваўся на супярэчнасцях і барацьбе, напр., зварот да падзей Вял.Айч. вайны: «Брэсцкая крэпасць» («Цытадэль славы») К.Губарэвіча (1952). Адкрытая канфліктнасць сітуацый ваен. часу пазбаўляла драматургаў ад неабходнасці адшукваць прапорцыі паміж добрым і лепшым. Аднак патрыят. памкненне пісьменнікаў уславіць подзвіг народа, паказваючы ўсё новыя і новыя факты гераізму, нярэдка было па-мастацку бездапаможным. Існавала прымітывізацыя драматургічнага канфлікту, калі спрацоўваў прынцып адналінейнасці: сутыкненні гранічна палярызаваных сіл, рэзкае размежаванне на сваіх і чужых, надзяленне герояў толькі станоўчымі або толькі адмоўнымі якасцямі. Не ўсім удалося раскрыць і асэнсаваць праблему гераізму як вельмі тонкую, шматузроўневую праблему псіхалагізацыі чалавечых характараў і ўчынкаў: драма «Юныя мсціўцы» А.Гуткевіча і У.Хазанскага (1957), прысвечаная подзвігу ўдзельнікаў Обальскай падп. камсамольскай арганізацыі. Арыентуючыся перш за ўсё на падзею маладыя драматургі фактычна праігнаравалі характар як важнейшы атрыбут драматургічнай творчасці. Прывязваючы характары да падзей, пісьменнікі дасягалі толькі фактаграфічна-сітуацыйнай дакладнасці: драмы «Выбух» М.Алтухова і М.Гарулёва (1958), «Час любві і нянавісці» Я.Пасава (1959), «Марат Казей» В.Зуба (1963) і інш. Удалая спроба паглыбіць рэчышча асэнсавання ваен. тэматыкі, скіраваць яго на шлях філас. угрунтаванасці, псіхал. ускладненасці, выяўл. шматмернасці зроблена ў драме «Людзі і д’яблы» К.Крапівы (1958). Гэта тэндэнцыя плённа выявілася ў пазнейшых п’есах «Першы ўрок» К.Губарэвіча (1967), «Рашэнне» (1972) і «Апошні шанц» (1974) В.Быкава.
З канца 1960-х г. у бел. драматургіі пачаўся новы ўздым творчых пошукаў. Трагікамедыі «Зацюканы апостал» (1969) і «Трыбунал» (1970) А.Макаёнка адкрылі новыя гарызонты мастацкай выразнасці, садзейнічалі ўсталяванню арыентацый на асэнсаванне, вырашэнне вельмі сур’ёзных, асноватворчых праблем. Менавіта такія праблемы пакладзены ў аснову сатыр. камедыі-фантасмагорыі «Брама неўміручасці» К.Крапівы (1972). Значныя сац. пытанні ўздымаліся ў п’есах «Амністыя» (1970), «Апошняя інстанцыя» (1974) М.Матукоўскага, «Злыдзень» (1973), «Трывога» (1974) А.Петрашкевіча, «Экзамен на восень» (1975), «1 змоўклі птушкі» (1978) І.Шамякіна, «Сіні снег» (1975), «Шрамы» (1977) Я.Шабана. Агульная актывізацыя творчых пошукаў часткова закранула і гіст. драму. П’есы «Кастусь Каліноўскі», «Званы Віцебска» (абедзве 1978), «Калыска чатырох чараўніц» (1981), «Маці ўрагану» (1982) У.Караткевіча асэнсоўвалі жыццё беларусаў на пераломных, трагічна-драм. этапах гісторыі. Эпоха выдатнага асветніка Ф.Скарыны паўстала ў драме «Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча (1978). У 1970-я г. быў пік творчай актыўнасці А.Макаёнка: камедыя-рэпартаж «Таблетку пад язык» (1973), трагікамедыі «Кашмар» (1976), «Пагарэльцы» (1980), сентыментальны фельетон «Верачка» (1979).
Значных вынікаў дасягнула бел. драматургія 1980-х г. А.Макаёнак завяршыў трагікамедыю «Дыхайце эканомна» (1982), бліскучую антымілітарысцкую сатыру, п’есу-папярэджанне. Сцэнічна запатрабаванымі былі творы А.Петрашкевіча: публіцыст. драма «Соль» (1980) пра пагрозу экалагічнай катастрофы ў Салігорску, гіст. хронікі «Русь Кіеўская» («Гора і слава») і «Змова», трагедыя «Злавеснае рэха» (усе 1983), прысвечаная выкрыццю генацыдных злачынстваў фашыстаў, драма-рэквіем «У спадчыну — жыццё» (1985) пра лёс пасляваен. падлеткаў. Вострасюжэтныя, з выдатным сцэн. патэнцыялам п’есы А.Дударава: «Радавыя» (1984) пра Вял.Айч. вайну, «Парог» (1981), «Вечар» (1983), «Кім» (2001) на маральна-этычную праблематыку, драм. паэма «Чорная панна Нясвіжа» (2000). Павялічвалася прафес. майстэрства ў п’есах Г.Марчука: «Тушканчык і чароўны чамаданчык» (1982), «Вясёлыя, бедныя, багатыя» (1984), «Альдона, Анета, Анфіса», «Ясь, Яніна і каралева Аварыя», «Цвярозы дзень Сцяпана Крываручкі» (усе 1985). Адна з адметнасцей 1980-х г. — прыход у драматургію паэтаў і празаікаў. Некат. з іх, не адчуўшы да сябе зацікаўленасці з боку тэатраў, абмежаваліся напісаннем адной-дзвюх п’ес: «Бацька і сын» (1982), «Гультаі» (1985) А.Карпюка, «Птушкі між маланак» І.Навуменкі (1982), «Доктар Русель» У.Дзюбы (1985), «Раіна Грамычына» В.Адамчыка (1989) і інш. Для іншых захапленне драматургіяй стала больш глыбокім: «Пасля разводу» (1980), «Зямля не даруе» (1987) Л.Леановіча, «Іскры ўначы» (1982), «Камедыянт, ці Узнёсласць сумнай надзеі» (1984) А.Асташонка, «Вокны» (1984), «Сівы бусел» (1985) В.Ткачова. Н.Гілевіч напісаў больш за 10 п’ес самага рознага жанрава-стылёвага і ідэйна-тэмат. напаўнення: камедыі «Не кажы, гоп» (1971), «Формула годнасці» (1972), «Першая ноч на курорце» (1977), драмы «Начлег на буслянцы», «Патрыярхальны Дзядовіч» (абедзве 1975), «Мы скора завітаем зноў» (1977), «Забяспечым маме здароўе», «Камень з магілы продкаў» (абедзве 1978), аднак пастаўлена была толькі адна — «Патрыярхальны Дзядовіч» Бел. тэлетэатрам (1981). Другая адметнасць 1980-х г. — актыўная фемінізацыя персанальнага складу драм. твораў: «Іван Світаннік» (1981), «Шукайце кветку-папараць» (1985), «Зуб мудрасці» (1986), «Мора, аддай пярсцёнак (1987) Г.Каржанеўскай, «Казка пра цара Юрыка і каваля Рымшу» (1981), «Балада пра белую вішню» (1984), «Вясновая песня» (1985) С.Клімковіч, «Цётка Малання з Асаўца» Р.Баравіковай (1984), «Канёк-гарбунок» (1984), «У абдымках вятроў» (1985), «Дудка-самагудка» (1988) З.Дудзюк, «Памяць па сходнай цане» В.Іпатавай (1985) і інш. Асаблівых гендэрных адметнасцей гэтыя п’есы ў сабе не заключалі. Трэцяя адметнасць 1980-х г. — запавольванне дынамікі якаснага росту драматургіі ў сувязі са зменай пакаленняў. Хоць пэўны рэзананс атрымала камедыя «Мудрамер» М.Матукоўскага (1987), з’явіліся гіст. хронікі «Звон — не малітва», «Следчая справа Вашчылы» (абедзве 1988), «Ігракі» (1989) І.Чыгрынава.
З сярэдзіны 1980-х г. актывізаваўся зварот да гіст. тэматыкі: «Князь Вітаўт» (1987), «Палачанка» (1998) А.Дударава, «Судны дзень Скарыны» М.Арочкі, «Прарок для Айчыны» А.Петрашкевіча (абедзве 1990), «Барбара Радзівіл» Р.Баравіковай (1994), «Саламея і яе амараты» С.Кавалёва (1996). Побач з асэнсаваннем гіст. мінулага шмат увагі аддавалася праблемам сучаснай рэчаіснасці. Ва ўсёй складанасці і супярэчлівасці паўстала жыццё сучасніка ў п’есах «Сабака з залатым зубам» У.Сауліча (1993), «Пятля часу» Р.Баравіковай, «Сям’я для старога сабакі» А.Ждана, «Вірус» Г.Каржанеўскай, «Стары і дарога» В.Ткачова, «Багаты кватарант» А.Федарэнкі (усе 1995), «Заложнікі шчасця» З.Дудзюк, «Збродныя душы» М.Клебановіча, «Блудны муж і Варвара» Г.Марчука, «Абраннікі лёсу» А.Паповай (усе 1997), «Яблычны Спас» А.Дзялендзіка (1998). Звярнуліся драматургі і да найвялікшай экалагічнай катастрофы 20 ст. — Чарнобыльскай. З маральнага боку гэта праблема даследуецца ў п’есах «Хто вінаваты» (1989) і «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» (1990) І.Чыгрынава, «Бездань» М.Матукоўскага (1991), «Адцуранне» А.Дударава, «Сылгалі Богу, сылгалі» А.Ждана, «Дагарэла свечачка да палічкі» А.Петрашкевіча (усе 1993), «Усміхаўся месяц белай вішні» В.Ткачова (1996) і інш.
Плённа развівалася драматургія для дзяцей. Большасць п’ес створана на аснове фалькл. сюжэтаў або з выкарыстаннем прыёмаў фалькл. паэтыкі. У п’есах «Усміхніся, прынцэса» У.Ягоўдзіка (1990), «Каляровая затока» (1992), «Страшнік Гам» (1993), «Навагодні дэтэктыў» (1996), «Маленькі збраяносец» (1998) П.Васючэнкі, «Хохлік» (1993), «Дарога на Віфлеем» (1998) С.Кавалёва, «Жывая вада», «Сінязорка» (абедзве 1994), «Канікулы на астэроідзе» (1997) З.Дудзюк, «Янук, рыцар Мятлушкі» Л.Рублеўскай, «Чарадзейныя суніцы» А.Якімовіча (абедзве 1994), «Чарнабог» Г.Каржанеўскай (1996) адвольна сінтэзуюцца сюжэты бел. і сусв. фальклору. Прынцыпова новая з’ява ў драматургіі канца 20 ст. — з’яўленне п’ес-рымейкаў, сучасных адаптацый твораў даўняй бел. літаратуры. Паводле «Камедыі» К.Марашэўскага і «Птушкі шчасця» Ф.Аляхновіча У.Рудаў напісаў п’есу «Камедыя пра нешчаслівага селяніна, яго жонку Маланку, жыда Давіда і чорта, які страціў сэнс існавання» (1997). Сюжэты «Аповесці пра Баву» і «Аповесці пра Трышчана», кнігі Я.Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», п’ес Ф.У.Радзівіл «Распуснікі ў пастцы», К.Марашэўскага «Камедыя», Ф.Аляхновіча «Птушка шчасця» С.Кавалёў зрабіў асновай сваіх рымейкавых п’ес: «Звар’яцелы Альберт, або Прароцтвы шляхціца Завальні» (1991), «Трышчан ды Іжота» (1995), «Люстэрка Бландоі» (1996), «Стомлены д’ябал» (1999), «Францішка, або Навука кахання» (2000) і інш.
У драматургіі канца 20 ст. ўзніклі павевы мадэрнізму і постмадэрнізму. Пісьменнікі малодшага пакалення распачалі «культывацыю» паэтыкі абсурдысцкага тэатра. У фарсе-абсурдзе «Галава» І.Сідарука (1992) зададзенасць сюжэтнай будовы, якая спатрэбілася аўтару для надання п’есе парабалічнай формы, не магла не прывесці да схематызму, а разам з тым і да змярцвення ўсёй дзеі. У п’есах «Ку-ку» (1991) і «Лабірынт» (1997) М.Арахоўскаму ўдалося дасягнуць гарманічнай раўнавагі паміж рэальным і фантасмагарычным. Драматургі-эксперыментатары А.Асташонак («Драматургічныя тэксты», 1995), Г.Багданава («АС—лінія», 1997), А.Карэлін («Герда, альбо Горад, у якім мы будзем шчаслівыя», 2001) і інш. даказалі, што выкарыстанне авангардысцка-мадэрнісцкай паэтыкі здольна пашырыць арсенал выяўл. сродкаў, што пошук нават з адмоўным вынікам прыносіць карысць развіццю жанру.
Маладыя беларускія пісьменнікі ў гасцях у Я.Коласа. 1949.Беларускія пісьменнікі: М.Аўрамчык, А.Куляшоў, Б.Спрынчан, П.Панчанка, П.Дубашынскі (акцёр), М.Танк, І.Шамякін. 1975.М.Аўрамчык, У.Караткевіч, В.Быкаў у рэдакцыі часопіса «Маладосць». 1973.Беларускія і рускія пісьменнікі на сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкам. 1997.