АЎСТРАЛІ́ЙСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Займае Аўстралію і прылеглыя а-вы (Тасманія, Кенгуру і інш.). Размешчана ў трапічным і ўмераным паясах Паўд. паўшар’я. Мае своеасаблівы склад флоры і фауны, абумоўлены аддзяленнем у мезазойскую эру ад стараж. мацерыка Гандвана. Сувязь з Антарктыдай і Паўд. Амерыкай перарвалася значна пазней, адсюль некаторае падабенства флоры і фауны.

У флоры 12 эндэмічных сям’і больш за 80% эндэмічных відаў: з іх папараці 115 родаў (у т. л. дрэвападобныя), аднадольныя 320 родаў і двухдольныя 1000 родаў, на Тасманіі — хваёвыя 11 родаў. Шэраг агульных сям. з флорай Паўд. Амерыкі і Палеатропікі. Характэрныя прадстаўнікі — эўкаліпты (каля 400 відаў), акацыі, «травяное дрэва» і інш. Эндэмізм фауны на відавым узроўні блізкі да 100%. Адметная асаблівасць — наяўнасць эндэмічнага падкласа млекакормячых — аднапраходных (качканос і яхідна) і субэндэмічнага атр. сумчатых [каля 200 відаў: кенгуру, каала (сумчаты мядзведзь), сумчаты д’ябал, сумчаты крот, вамбат і інш.) Сярод птушак эндэмічныя сям. аўстралійскіх страусаў (эму) і лірахвостаў. Шмат папугаяў (какаду, лоры, хвалісты папугайчык і інш.), зімародкі, медасмокі, рэптыліі (змяінагаловыя чарапахі, молах, тайпан) і амфібіі (свістуны, аўстралійскія рапухі). Ёсць дваякадыхаючыя рыбы (рагазуб); з беспазваночных найб. адметныя дажджавыя чэрві даўж. да 2,5 м. Сукупнасць арганізмаў (біёта) вобласці вельмі змянілася ў выніку каланізацыі Аўстраліі еўрапейцамі: завезена і акліматызавана шмат еўрап. відаў (дзікі трус, пацукі, рудэральныя расліны), знішчаны многія мясц. віды (напр., сумчаты воўк).

Да арт. Аўстралійская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — плямісты кускус; 2 — каала; 3 — яхідна; 4 — эму; 5 — караткашэрсны вамбат; 6 — шэры кенгуру; 7 — чорны лебедзь; 8 — лірахвост; 9 — сумчаты д’ябал; 10 — качканос; 11 — сумчаты крот; 12 — сумчаты воўк.

т. 2, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАУНА.

Паводле зоагеаграфічнага падзелу сучасная фауна Беларусі ўваходзіць у склад фауны Еўрапейска-Обскай падвобласці Еўрапейска-Сібірскай вобласці Палеарктычнага падцарства Галарктычнага царства. На тэр. Беларусі вылучаюць З шыротныя зоагеаграфічныя раёны: паўночны, або Азёрна-Дзвінскі; пераходны, або Нёманска-Бярэзінска-Сожскі; Палескі, які таксама падзяляюць на цэнтральны, заходні і ўсходні падраёны.

Паўночны раён ахоплівае Бел. Паазер’е, размешчанае ў паўн. частцы Віцебскай вобл. Паводле рэльефу, глебавых умоў і клімату ён рэзка адрозніваецца ад астатняй часткі Беларусі.

У пераходны раён, акрамя паўд. часткі Віцебскай вобл., уваходзяць Мінская, Магілёўская, усх. частка Гродзенскай і паўн. лясная частка Гомельскай вобл. Як і паўночны раён, ён цалкам знаходзіцца ў вобласці ялова-шыракалістых лясоў.

Палескі раён займае паўд.-зах. частку Гродзенскай, амаль усю Брэсцкую (акрамя Баранавіцкага р-на) і Гомельскую (акрамя паўн.-ўсх. часткі) вобласці. Ён размешчаны ў паласе еўрап. шыракалістых лясоў. Вегетацыйны перыяд значна даўжэйшы, чым у пераходным і паўн. раёнах.

Паводле паходжання фауна Беларусі мяшаная: уключае віды, што ўзніклі ў розны час і ў розных цэнтрах; сучасныя рысы набыла ў пасляледавіковы перыяд. Характарызуецца адсутнасцю эндэмікаў і перавагай відаў з еўрап. і еўрапейска-сібірскім тыпам арэалаў. Аб’ядноўвае 466 відаў пазваночных і больш за 30 тыс. відаў беспазваночных жывёл.

Млекакормячыя Беларусі належаць да 6 атрадаў, налічваюць 76 відаў. Парнакапытных 5 відаў, найбольш буйныя з іх зубр, лось, алень высакародны, дзік. Драпежных 15 відаў, найбольш буйныя з іх мядзведзь буры, воўк. Да драпежных належаць таксама барсук, выдра еўрапейская, гарнастай, куніцы каменная і лясная, ласка, ліс, норка еўрапейская, рысь еўрапейская, таксама акліматызаваныя ў 20 ст. норка амерыканская і янот-паласкун з Паўн. Амерыкі, усурыйскі янотападобны сабака. Зайцападобных 2 віды: зайцы бяляк і русак. Атрад грызуноў самы шматлікі — 26 відаў, з якіх самы буйны бабёр рачны, найбольш дробны мыш-малютка. Акрамя шматлікіх мышэй і палёвак, гэты атрад уключае 2 віды пацукоў, 4 віды сонь, вавёрку звычайную, рэліктаў стэпавых ландшафтаў — сусліка еўрапейскага і хамяка звычайнага, акліматызаваны паўн.-амерыканскі від — андатру. Атрад рукакрылых, або лятучых мышэй, аб’ядноўвае 17 відаў, большасць з якіх рэдкія. Найбольш старажытным лічыцца атрад насякомаедных, у якім 11 відаў: вожык белагруды, крот еўрапейскі, шэраг відаў землярыек — белазубак, буразубак і кутор.

Змены кліматычных і інш. умоў жыцця, уздзеянне чалавека, асабліва ў апошнія стагоддзі, прывялі да таго, што з пачатку 17 ст. на Беларусі знікла каля 10 відаў млекакормячых. Сярод іх 2 віды вымерлыя — тарпан лясны і тур. Перасталі трапляцца таксама алень паўночны, кот дзікі еўрапейскі, лань, пясец, расамаха, хахуля. Цалкам былі вынішчаны алень высакародны і зубр. Алень пазней быў рэінтрадукаваны, а папуляцыя зубра адноўлена з асобін, якія ўтрымліваліся ў няволі.

Фауна птушак Беларусі ўключае 309 відаў з 19 атрадаў. З іх 227 гняздуюцца, 41 від залятае выпадкова, 28 трапляюцца ў час міграцый, 9 зімуюць. У пач. 19 ст. перастаў трапляцца стрэпет, выпадковыя залёты саджы адзначаліся толькі ў канцы 19 ст., драфа знікла ў 1-й пал. 20 ст. Курапатка барадатая знікла праз некалькі гадоў пасля яе інтрадукцыі з Усх. Азіі ў 1960-х г. За апошнія 1,5—2 ст. з тэр. Беларусі зніклі каля 10 відаў птушак, а за апошнія 50 гадоў з’явіліся на гнездаванні 27 новых відаў, у т. л. раней зніклыя віды — баклан вялікі, гусь шэрая, лебедзь-шыпун, што сведчыць пра актыўныя працэсы фаунагенезу.

З амфібій на Беларусі жывуць 13 відаў: 2 — трытонаў і 11 відаў атрада бясхвостых — жабы, жарлянка, квакша, часночніца. Мяжу арэала, які праходзіць па тэр. Беларусі, маюць жарлянка чырванабрухая, квакша звычайная і рапуха чаротавая.

У фауне рэптылій 7 відаў: 1 від чарапах, 3 яшчарак і 3 змей. Чарапаха балотная жыве ў Беларусі на паўн. мяжы арэала.

У іхтыяфауне 61 від, з якіх 3 віды міног і 58 відаў рыб. Абарыгенная фауна прадстаўлена 15 сямействамі, 46 відамі; перасяленцы — 4 сямействы, 13 відаў заселены ў вадаёмы ў мэтах развядзення. На працягу 20 ст. зніклі мінога рачная і 9 відаў рыб: асятры атлантычны і рускі, бялуга, выразуб і інш. За гэты перыяд акліматызаваны, інтрадукаваны і з’явіліся ў выніку інвазій 11 відаў: амур белы, бычкі (ганец, кругляк, пясочнік), ратан-галавешка, сомікі амерыканскі і канальны, стронга радужная, таўсталобікі белы і стракаты, чабачок амурскі.

Сярод беспазваночных Беларусі асабліва высокай відавой разнастайнасцю вылучаюцца насякомыя, якія складаюць не менш за 70% усіх відаў жывёл. З найбольш вывучаных груп насякомых на тэр. Беларусі вядомы 3238 відаў цвердакрылых (жукі), каля 1600 — лускакрылых (матылі), каля 800 — перапончатакрылых (восы, наезнікі, пчолы), каля 100 — паўцвердакрылых (клапы), 90 — раўнакрылых (стракозы), каля 200 — двухкрылых (камары, мухі), 58 — прамакрылых (конікі) і шэраг больш дробных атрадаў і сямействаў. З крывасмокаў, акрамя двухкрылых і клапоў, добра вывучаны блохі (28 відаў), вошы (больш за 10), камары (37), макрацы (28), мошкі (38), сляпні (33). З інш. членістаногіх даволі поўна вывучаны кляшчы (каля 600) і павукі (больш за 400 відаў).

У групе глебавых беспазваночных добра вывучаны чэрві дажджавыя (13 відаў), кляшчы панцырныя (больш за 270). Недастаткова вывучаны нематоды (200 відаў), некаторыя іншыя групы.

З водных беспазваночных найбольш вывучаны калаўроткі (398 відаў), ніжэйшыя ракі (каля 10), галінаставусыя ракападобныя (каля 100), весланогія ракападобныя (каля 70), бакаплавы (8), мізіды (1), ракавінныя ракападобныя (54), дзесяціногія ракі (3), вадзяныя жукі (больш за 240), вяснянкі (больш за 20), аўсянікі (каля 50), ручайнікі (больш за 120), вадзяныя клапы (каля 40), п’яўкі (15), малюскі (больш за 60).

Сярод эндапаразітаў найбольшую эпідэмічную небяспеку маюць гельмінты жывёл і чалавека (больш за 600 відаў паразітычных чарвей). Гельмінтафауна дзікіх жывёл налічвае больш за 520 відаў.

Да рэсурсных відаў жывёл з пазваночных адносяць 19 відаў млекакормячых, 30 відаў птушак, 1 від рэптылій (гадзюка звычайная), а з беспазваночных 2 віды (рак вузкапальцы і смоўж вінаградны). Найбольшую каштоўнасць у якасці біялагічнага рэсурсу маюць буйныя паляўнічыя млекакормячыя: капытныя — лось, дзік, казуля, алень, патэнцыяльна зубр; драпежныя — воўк і шэраг відаў пушных звяроў; 2 віды зайцоў, андатра, бабёр. Да паляўнічай арнітафауны адносяцца масавыя віды вадаплаўных птушак, глушэц, цецярук; з рыб — група прамысловых, якія жывуць у прыродных вадаёмах (29 відаў).

Выкапнёвая фауна прадстаўлена аманітамі, белемнітамі, двухстворкавымі малюскамі, фарамініферамі і інш. марскімі і наземнымі арганізмамі. Найбольш старажытныя выкапнёвыя выяўлены ў кембрыйскіх адкладах — сляды жыццядзейнасці чарвей, беззамковых брахіяподаў. Ва ўтварэннях ардовіку, сілуру і дэвону — рэшткі строматапараідэй, каралаў, астракодаў, малюскаў, імшанак, брахіяподаў, ігласкурых, канадонтаў. У адкладах дэвону найбольш характэрны рэшткі бяссківічных і рыб; у адкладах карбону, юры, мелу, эацэну — фарамініферы; у пермі і трыясе — астракоды. У антрапагенавых адкладах трапляюцца ракавіны астракодаў, рэшткі шкілетаў насякомых і млекакормячых, многія з якіх з’яўляюцца непасрэднымі продкамі сучасных прадстаўнікоў тэрыяфауны. Сярод выкапнёвых млекакормячых сустракаюцца віды, вымерлыя на Зямлі (алень велікарогі, коні выкапнёвы, Стэнана і хазарскі, мамант, мамант хазарскі, мядзведзь пячорны, насарогі валасаты і этрускі, сланы паўднёвы і трагантэрыевы і інш.), а таксама віды, якія калісьці жылі на тэр. Беларусі, а зараз з’яўляюцца насельнікамі інш. рэгіёнаў (алень паўночны, аўцабык, дзікабраз, лемінгі, пясец і інш.).

Літ.:

Стратиграфические и палеонтологические исследования в Белоруссии. Мн., 1978;

Лопатин И.К. Основы зоогеографии. Мн., 1980;

Рыбы. Мн., 1989;

Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь. Мн., 1993;

Земнаводныя. Паўзуны. Мн., 1996;

Птицы Беларуси на рубеже XXI в. Мн., 1997;

Каліноўскі П.Ф. Падарожжа ў мінулае да «братоў нашых меншых». Мн., 1999;

Звери. Мн., 2003.

М.​Я.​Нікіфараў.

т. 18, кн. 2, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)