ВЕ́ТРАЗЕВАЕ СУ́ДНА,

марское ці рачное судна, якое рухаецца пры дапамозе ветразяў. Адрозніваюць па колькасці мачтаў (ад 1 да 7) і тыпу ветразевага ўзбраення. Бываюць з прамымі ветразямі (брыг, кліпер), косымі (шхуна), камбінаванымі (барк, баркенціна, брыганціна). Кіруюць ветразевым суднам (мяняюць курс, скорасць і інш.) узгоднена рулём і ветразямі. У сучасным флоце выкарыстоўваюцца як спартыўныя, турысцкія, прагулачныя, вучэбныя.

т. 4, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́НКА (малайскае djong, скажонае кіт. чуань судна),

грузавое драўлянае ветразевае судна з шырокімі і высока прыўзнятымі кармой і носам. Мае 2—4 мачты. Ветразі чатырохвугольнай формы з цыновак і бамбукавых рэек. Асадка невялікая, грузападымальнасць да 600 т. На Дж. перавозяць грузы, выкарыстоўваюць як жыллё. Распаўсюджаны ў Паўд.-Усх. Азіі.

Джонка.

т. 6, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАБЕ́ЛЬ (ад грэч. karabos судна),

1) К. марскі — у шырокім сэнсе тое ж, што і судна. У эпоху ветразевага флоту — буйное баявое 3-мачтавае судна з прамымі ветразямі і моцным артыл. узбраеннем (гл. Ветразевае судна). Цяпер К. наз. ваен. судны ўсіх класаў (гл. Карабель ваенны).

2) К. паветраны — буйны шматмесны авіяц. або паветраплавальны апарат (самалёт, верталёт, дырыжабль).

3) К. касмічны — пілотны лятальны апарат для палётаў людзей у космас або беспілотны (транспартны) для дастаўкі грузаў на арбітальную станцыю (гл. Касмічны карабель).

т. 8, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́ПЕР (англ. Clipper ці галанд. klipper),

быстраходнае марское ветразевае (ці ветразева-паравое) судна з 3—4 мачтамі, вострымі абводамі і развітой ветразевасцю. Выкарыстоўваліся ў 19 ст. для перавозкі каштоўных грузаў (чаю, вострых прыпраў, шэрсці) і пасажыраў, а таксама для дазорнай і крэйсерскай службаў.

т. 8, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАМАРА́Н (тамільскае, літар. звязаныя бярвёны),

1) плыт для кароткіх зносін і рыбнай лоўлі ў народаў азіяцкага ўзбярэжжа Інд. ак. і прылеглых астравоў, а таксама астравоў Ціхага ак. і Паўд. Амерыкі. Перамяшчаецца з дапамогай вёслаў або ветразяў.

2) Невял. грабное або ветразевае судна з некалькіх выдзеўбаных і завостраных з канцоў бярвён, злучаных масткамі.

3) Сучаснае марское або рачное судна (грузавое, рыбалоўнае, пасажырскае, буксірнае, спартыўнае) з двума злучанымі (палубай або фермамі) у верх. ч. паралельнымі карпусамі. Мае добрую астойлівасць і мараходныя якасці, вял. палубу. К. наз. таксама аднакорпуснае судна з паплаўкамі-балансірамі па баках.

т. 8, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВЕ́ЛА (італьян. caravella),

марское ветразевае судна з 3—4 мачтамі, адной палубай, высокімі бартамі і надбудовамі ў насавой частцы і на карме. Была пашырана ў краінах Міжземнага мора ў 13—17 ст. З 15 ст. на К. здзяйснялі акіянскія плаванні, напр., Х.Калумб — цераз Атлантычны ак., В. да Гама — з Еўропы ў Індыю.

Каравела.

т. 8, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́НДЭР (англ. tender ад tend абслугоўваць),

1) марское ветразевае аднамачтавае судна з касымі ветразямі. Адзін з відаў яхт. Мае 2—3 пярэднія трохвугольныя ветразі — кліверы. У ветразевым ваен. флоце — самы малы карабель.

2) Міжнар. таргі, пры якіх конкурс для прадаўца аб’яўляе пакупнік, а таксама ўстанаўлівае тэхн. і эканам. характарыстыкі тавару.

3) Прычапная частка паравоза для захоўвання запасу вады, паліва і размяшчэння дапаможных прыстасаванняў.

т. 16, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШХУ́НА (ад англ. schooner),

ветразевае судна з 2—7 мачтамі і косымі ветразямі. Вызначаецца добрай мараходнасцю, магчымасцю хадзіць крута к ветру, нешматлікасцю каманды. Бываюць трансп., прамысл., спарт. і вучэбныя. Водазмяшчэнне да 5 тыс. т. Сучасныя Ш. маюць рухавікі ўнутр. згарання для руху пры штылевым надвор’і і на вузкіх фарватэрах. Ёсць Ш.-баркі (баркенціны) і Ш.-брыгі (брыганціны). У 18—19 ст. уваходзілі ў склад парусных флатоў (як пасыльныя судны), Ш. рас. флоту мелі гарматы.

Шасцімачтавая ветразевая шхуна «Ваёмінг» (Фінляндыя).

т. 17, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ДКА,

1) малое судна (вёславае, ветразевае або маторнае). Вядомая з неаліту. На Беларусі здаўна бытавалі Л., выдзеўбаныя са ствала дрэва (камяга, човен, дуб), з 2-й пал. 19 ст. дашчаныя з прамымі і разагнутымі бартамі. Спараныя Л. з дашчаным насцілам служылі паромам. Многія народы вырабляюць Л. з кары дрэў («веткі», «амарочкі» народаў Сібіры, «пірогі» лясных індзейцаў Паўн. Амерыкі і інш.), са скур марскіх жывёл («байдаркі» алеутаў, «каякі» эскімосаў). У наш час Л. пашыраны ў вяслярным спорце і турызме. Іх вырабляюць з лёгкіх метал. сплаваў, пластмас, гумы.

2) Судны спец. прызначэння (падводная Л., кананерская Л.).

І.​М.​Браім.

Дашчаныя лодкі.

т. 9, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗБРАЕ́ННЕ,

1) комплекс розных відаў ваен. зброі і сродкаў, што забяспечваюць яе выкарыстанне; асн. састаўная частка ваен. тэхнікі. Паводле прыналежнасці да пэўнага віду ўзбр. сіл, роду войск адрозніваюць У. сухап., ракетных войск, войск ППА, ВПС, ВМФ і інш.; паводле відаў носьбітаў — авіяц., карабельнае, танкавае і інш. Асобныя віды У. падзяляюцца паводле прынцыпаў дзеяння, прызначэння, канстр. асаблівасцей, спосабаў дастаўкі да цэлі і інш. 2) Працэс аснашчэння войск зброяй, а таксама колькасны рост і якаснае развіццё ваен. тэхнікі.

3) Сукупнасць элементаў аснасткі ветразевага судна (ветразевае У.) або сродкі аховы воіна ў баі (засцерагальнае У.).

т. 16, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)