Аляксандр I (югасл. кароль) 2/158

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР I

(23.12.1777, С.-Пецярбург — 1.12.1825),

расійскі імператар [1801—25]. З дынастыі Раманавых. Старэйшы сын Паўла І. Заняў трон у выніку дварцовага перавароту ў сак. 1801. У першыя гады праўлення з дапамогай т.зв. Тайнага к-та правёў памяркоўна-ліберальныя рэформы: купцы, мяшчане, казённыя сяляне атрымалі права купляць незаселеныя землі (1801); законам пра вольных хлебаробаў памешчыкам дазвалялася вызваляць сялян з зямлёй за выкуп ці адработкі (1803); стварыў мін-вы і К-т міністраў (1802); увёў новае палажэнне пра навуч. ўстановы (1803), засн. Харкаўскі і Казанскі ун-ты, пед. ін-т у Пецярбургу (1804), рэарганізаваў Віленскі ун-т. У адпаведнасці з планам М.М.Спяранскага праведзена фін. рэформа (1808—12). У англа-франц. саперніцтве за гегемонію ў Еўропе імкнуўся захаваць нейтралітэт. Аднак з пашырэннем напалеонаўскай агрэсіі Расія ўступіла ў кааліцыю супраць Францыі. Пасля паражэння пад Аўстэрліцам (1805) і Фрыдландам (1807) і заключэння Тыльзіцкага міру 1807, паводле якога да Расіі адышоў Беласток з акругай, Расія на баку Францыі далучылася да кантынентальнай блакады Англіі. Напалеон І прызнаў у 1808 правы Расіі на Фінляндыю, Малдову і Валахію, але рус.-франц. супярэчнасці абвастрыліся. Рыхтуючыся да новай вайны з Францыяй, па загадзе Аляксандра І пачата буд-ва Бабруйскай крэпасці, Дрысенскага лагера. У маі 1812 ён інспектаваў войскі ў Гродне, прысутнічаў на ваен. савеце ў Дрысе. На пач. вайны 1812 выехаў у Вільню і прыняў вярх. камандаванне рус. арміяй. Падпісаў у Полацку маніфест аб нар. апалчэнні. У 1813—14 узначаліў антыфранц. кааліцыю еўрап. дзяржаў. Адзін з кіраўнікоў Венскага кангрэса 1814—15 і арганізатараў Свяшчэннага саюза (1815). У апошняе дзесяцігоддзе праводзіў рэакц. ўнутр. і знешнюю палітыку (гл. Аракчэеўшчына). Пры Аляксандры І міжнар. становішча Расіі ўмацавалася, пашырылася яе тэрыторыя: далучаны Грузія (1801), Фінляндыя (1809), Бесарабія (1812), Азербайджан (1813).

Аляксандр I.

т. 1, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР I ГЕО́РГІЕВІЧ

(? — 1511),

цар Кахетыі [1492—1511]. У пошуках саюзнікаў у барацьбе супраць пагрозы тур. і іран. набегаў на Кахетыю аднавіў сувязі груз. зямель з Рус. дзяржавай. На пач. 16 ст. стаў васалам іран. шаха Ісмаіла I. Забіты ўласным сынам Гіоргі ў выніку інтрыг, звязаных з барацьбой за Грузію паміж Турцыяй і Іранам.

т. 1, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР I КАРАГЕО́РГІЕВІЧ

(Александар Караħорħевиħ; 17.12.1888 — 9.10.1934),

кароль Югаславіі ў 1921—34. У час Балканскіх войнаў 1912—13 камандаваў 1-й сербскай арміяй, у 1-ю сусв. вайну — галоўнакамандуючы сербскай арміяй. У 1914—18 прынц-рэгент Сербіі, з 1921 кароль Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславія). У 1929 ажыццявіў дзярж. пераварот і ўстанавіў дыктатуру. Праводзіў велікасербскую ўнутр. палітыку, у знешняй палітыцы арыентаваўся на Францыю. Забіты харвацкімі тэрарыстамі.

т. 1, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІ́ТРЫЕЎ Аляксандр Іванавіч

(14.10.1878, С.-Пецярбург — 2.12.1959),

рускі архітэктар і інжынер. Акад. архітэктуры (1912). Скончыў Ін-т грамадзянскіх інжынераў (1900) і арх. аддзяленне АМ (1903) у Пецярбургу. Аўтар збудаванняў, выкананых у гіст. стылі: Нахімаўскае вучылішча (б. Вучылішчны дом Пятра I, 1908—12) у Пецярбургу, Дом упраўлення Паўд. чыгункі (1908—10), Палац культуры чыгуначнікаў (б. Палац рабочага, 1931—32) у Харкаве, праектаў тыпавых будынкаў для раёнаў Крайняй Поўначы (1948—59) і інш.

т. 6, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЛО́ВІЧ Аляксандр Мікалаевіч

(н. 28.7.1961, г. Гродна),

бел. спартсмен (цяжкая атлетыка, вагавая катэгорыя больш за 110 кг). Засл. майстар спорту СССР (1988). Засл. работнік фіз. культуры і спорту Беларусі (1992). Скончыў Гродзенскі ун-т (1983). З 1997 трэнер абл. школы вышэйшага спарт. майстэрства. Чэмпіён XXIV (1988, Сеул) i XXV (1992, г. Барселона, Іспанія) Алімп. гульняў. Чэмпіён (1987, г. Острава, Чэхаславакія; 1989, Афіны; 1991, г. Донаўэшынген, Германія; 1994, г. Стамбул, Турцыя) і сярэбраны прызёр (1983, Масква) чэмпіянатаў свету. Чэмпіён Еўропы (1989—90). Чэмпіён СССР (1983, 1989, 1991—92). 12-разовы рэкардсмен свету (1983—84, 1987, 1994).

т. 9, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІ́НСКАГА ПЛАН 1811,

праект аднаўлення ВКЛ у складзе Рас. імперыі, прапанаваны сенатарам М.К.Агінскім імператару Аляксандру I. Адлюстраваў імкненне бел.-літ. шляхты да адм. і прававой самастойнасці краю і гатоўнасць цара пайсці на пэўную лібералізацыю палітыкі ў зах. губернях, каб нейтралізаваць пранапалеонаўскія настроі мясц. знаці. Прадугледжваў заснаванне з Гродзенскай, Віленскай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Кіеўскай, Падольскай, Валынскай губ., Беластоцкай вобл. і Цярнопальскай акр. асобнай правінцыі пад назвай ВКЛ з гал. горадам Вільня і пад кіраваннем імператарскага намесніка; стварэнне ў краі вышэйшых дзярж. судовых і інш. органаў. Планавалася склікаць сойм, увесці канстытуцыю і паступова скасаваць прыгоннае права. Пад націскам кансерватыўных колаў, якія ўбачылі ў адраджэнні ВКЛ пагрозу тэр. цэласнасці Расіі, Аляксандр І не змог зацвердзіць Агінскага план 1811, але ўсё ж праект садзейнічаў прымірэнню ўрада з мясц. шляхтай напярэдадні вайны 1812: былі прыняты законы 1811 аб падатковых ільготах і інш.

В.В.Антонаў, С.С.Рудовіч, В.В.Швед.

т. 1, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРГАМЫ́ЖСКІ Аляксандр Сяргеевіч

(17.2.1813, с. Троіцкае Тульскай вобл., Расія — 17.1.1869),

рускі кампазітар; адзін з заснавальнікаў рус. класічнай муз. школы (разам з М.Глінкам). Атрымаў рознабаковую (у т.л. муз.) хатнюю адукацыю. Паслядоўнік Глінкі, самабытна развіваў яго традыцыі. Верны асн. прынцыпам народнасці, нац. характэрнасці музыкі, Д. праклаў новыя шляхі ў рус. муз. мастацтве, абнавіў прыёмы і сродкі муз. выразнасці. Яго найб. вядомы твор — опера «Русалка» (1856) знаменавала нараджэнне новага жанру — нар.-бытавой псіхал. муз. драмы. На аснове меладызаванага рэчытатыву, блізкага да жывых інтанацый гаворкі, стварыў тып рэчытатыўнай оперы («Каменны госць» на тэкст А.Пушкіна; скончана Ц.Кюі і М.Рымскім-Корсакавым, 1872). Д. ўпершыню ўвасобіў у музыцы тэму сац. няроўнасці, узбагаціў жанры вак. лірыкі: рамансы «Я вас любіў», «Вяселле», «Начны зефір», «I сумна, і нудна», песня «Млынар», драм. песня «Стары капрал», сатыр.-камічныя песні «Чарвяк», «Тытулярны саветнік». З інш. твораў: опера «Эсмеральда» (1847), опера-балет «Трыумф Вакха» (1848); для аркестра: жарт-фантазія «Баба-яга, або 3 Волгі nach Riga» (1862), «Маларасійскі казачок» (1864), «Чухонская фантазія» (1867). Д. акрэсліў новыя шляхі ў оперным і камерна-вак. жанрах, якія вядуць да творчасці М.Мусаргскага, П.Чайкоўскага і інш. рус. кампазітараў.

Літ. тв.: Избр. письма. Вып. 1. М., 1952.

Літ.:

Пекелис М. Даргомыжский и народная песня. М.; Л., 1951;

Яго ж. А.С.Даргомыжский и его окружение. Т. 1—3. М., 1966—83;

Скудина Г. Даргомыжский — восхождение к правде // Муз. жизнь. 1984. № 5.

Н.М.Юдзеніч.

А.С.Даргамыжскі.

т. 6, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́МЕЛЬ Ян

(1780, г. Елгава, Латвія — 30.8.1840),

бел. жывапісец, рысавальшчык. Скончыў Віленскі ун-т (1809) і выкладаў у ім (1809—20). У 1820—22 па лжывым абвінавачванні ў крымінальным злачынстве сасланы ў Сібір. З 1822 жыў у Мінску. Творчасць Д. сфарміравалася пад уплывам класіцызму. Майстар гіст. жанру: «Смерць князя Панятоўскага», «Смерць магістра крыжаносцаў Ульрыха фон Юнгінгена ў бітве пад Грунвальдам» (абедзве 1820-я г.), «Хрышчэнне славян», «Чарнецкі пераплывае Піліцу», «Смерць Глінскага ў няволі», «Вызваленне Т.Касцюшкі з цямніцы» (1830-я г.), «Твардоўскі паказвае Сігізмунду Аўгусту цень яго жонкі Барбары», «Напалеон на бівуаку пад Аўстэрліцам», «Цар Аляксандр I падпісвае ў Вільні амністыю», «Адступленне французаў праз Вільню ў 1812 г.», «Разбітыя войскі Напалеона на плошчы ратушы ў Вільні» і інш. Імкнуўся дакладна аднавіць рэальную карціну падзей. У 1820 выканаў эскізы і малюнкі на тэмы вайны 1812, у 1821—22 — шматлікія (некалькі альбомаў) малюнкі і замалёўкі на тэмы побыту народаў Сібіры, партрэты («Група татар», «Партрэт Томаса дэ Берваля» і інш. з «Дзённіка падарожжа ў Сібір»), пейзажы («Захад сонца ў Табольску»), размалёўкі Евангелісцкага касцёла ў Табольску і касцёла бернардзінцаў у Томску. Аўтар жывапісных твораў на рэліг. сюжэты (сярэдзіна 1820-х — 1830-я г.): «Святая дзева з дзіцем», «Хрыстос і самарыцянка», «Адрачэнне святога Пятра», «Палажэнне ў труну», «Маленне аб чашы», «Спакушэнне Хрыста», «Агар у пустыні». Напісаў партрэты кн. Д.Радзівіла, графаў I.Храптовіча і К.Тышкевіча, рэктара Віленскага ун-та Ш.Малеўскага, ксяндза Ф.Галанскага, «М.Равіч з сынам», «А.Горват з жонкай», «Валатковіч з жонкай», дзярж. дзеячаў М.Спяранскага, С.Строганава, Е.Кабылінскага і інш. Партрэтам уласціва тонкая псіхал. характарыстыка, некаторыя (аўтапартрэт, партрэт праф. Я.Рустэма) маюць рысы рамантызму. Аўтар пейзажаў Мінска і яго ваколіц («Вадзяны млын», «Дрэвы пад вадой»).

Літ.:

Дробаў Л.Н. Беларускія мастакі XIX ст. Мн., 1971;

Яго ж. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.

Я.Дамель. Аўтапартрэт.
Я.Дамель. Партрэт І.Л.Храптовіча (копія карціны мастака І.Грасі).

т. 6, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСТУ́ЖАВЫ,

дзекабрысты-афіцэры, браты.

Аляксандр Аляксандравіч (літ. псеўданім Марлінскі; 3.11.1797, С.-Пецярбург — 19.6.1837), рускі пісьменнік. Штабс-капітан (1825). Летам 1821 у чыне паручніка ўдзельнічаў у манеўрах гвардыі ў Віцебскай губ., у кастр. 1821 — студз. 1822 жыў у в. Выганічы Мінскага пав. (цяпер Валожынскі р-н) у сям’і памешчыка Ф.Ф.Вайдзевіча, адкуль неаднаразова прыязджаў у Мінск. Разам з К.Ф.Рылеевым пісаў агітацыйныя супрацьурадавыя песні і выдаваў альманах «Полярная звезда» (1823—25). Да 1825 напісаў некалькі раманаў у духу рамантызму. У 1824 прыняты ў Паўночнае таварыства дзекабрыстаў, увайшоў у склад яго кіруючага цэнтра (думы). Належаў да радыкальнага крыла руху: выступаў за ўвядзенне рэсп. ладу шляхам ваен. перавароту, надзяленне сялян зямлёй. Напярэдадні выступлення дзекабрыстаў распрацаваў план захопу Зімняга палаца і арышту Мікалая I. Актыўны ўдзельнік паўстання 26 снеж. на Сенацкай плошчы, быў фактычным камандзірам Маскоўскага палка, выведзенага на плошчу. Прыгавораны да смяротнай кары, якая была заменена спачатку 20-гадовай, потым 15-гадовай катаргай. У 1827 адпраўлены на пасяленне ў Якуцк, у 1829 — радавым у дзеючую армію на Каўказ. У ссылцы апублікаваў некалькі т.зв. свецкіх аповесцяў («Выпрабаванне», 1830, «Фрэгат «Надзея», 1833, і інш.). У каўк. аповесцях «Амалатбек» (1832), «Мула-Нур» (1836) намаляваў рамант. характары. У аповесцях «Вечар на Каўказскіх водах у 1824 г.» (1830), «Латнік» (1832) знайшлі водгук пачутыя на Беларусі нар. паданні, уражанні ад гутарак з жыхарамі. Загінуў у сутычцы з горцамі на мысе Адлер. У в. Выганічы ў яго гонар пастаўлены мемарыяльны знак.

Мікалай Аляксандравіч (24.2.1791, С.-Пецярбург — 27.5.1855), капітан-лейтэнант (1824). З канца 1824 чл. Паўн. т-ва і яго Вярхоўнай думы. Рэспубліканец, прыхільнік вызвалення сялян з зямлёй. Бліжэйшы памочнік К.Ф.Рылеева ў дні падрыхтоўкі паўстання ў Пецярбургу. Выказваўся за ўстанаўленне пасля перавароту дыктатуры часовага ўрада. 26.12.1825 склаў праект маніфеста да народа, вывеў на Сенацкую плошчу Гвардзейскі экіпаж. Прыгавораны да вечнай катаргі (скарочана да 20 гадоў), якую адбываў на Нерчынскіх рудніках. З 1839 на пасяленні ў Іркуцкай губ. Пісьменнік, гістарыёграф рус. флоту, эканаміст, жывапісец (стварыў партрэтную галерэю дзекабрыстаў).

Міхаіл Аляксандравіч (4.10.1800 — 3.7.1871), штабс-капітан лейб-гвардыі Маскоўскага палка (1825). З 1824 чл. Паўночнага т-ва, прымыкаў да рэсп. крыла. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання. 26.12.1825 разам з братам Аляксандрам і Д.А.Шчэпіным-Растоўскім вывеў на Сенацкую плошчу Маскоўскі полк; аддаў каманду страляць па ўрадавых войсках. Пасля абстрэлу паўстанцаў карцеччу спрабаваў арганізаваць салдат, якія адступалі, каб заняць з імі Петрапаўлаўскую крэпасць. Прыгавораны да вечнай катаргі (скарочана да 20 гадоў), якую адбываў у Чыце і Пятроўскім заводзе. З 1839 на пасяленні ў Селенгінску.

Літ.:

Букчин С. К мечам рванулись наши руки: Док. повести. 2 изд. Мн., 1985;

Очерки из истории движения декабристов: Сб. ст. М., 1954.

т. 3, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)