Альфонс V (партуг. кароль) 11/225

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Альфонс V (кароль Арагона і Сіцыліі) 7/468

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬФО́НС V, Афонсу (Affonso) Афрыканскі (15.1.1432, г. Сінтра — 28.8.1481),

кароль Партугаліі [1438—81]. З Авіскай дынастыі. Да 1448 правіў пад рэгенцтвам маці Леаноры дэ Арагон. За захоп у 1458—71 шэрагу паўн.-афр. тэрыторый (Алькасар, Касабланка, Арсіла, Танжэр) атрымаў мянушку Афрыканскі. У 1474—79 беспаспяхова змагаўся за кастыльскі прастол. Працягваў даследчыя экспедыцыі свайго дзядзькі Генрыха Мараплаўца ў Афрыку.

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІ́СКАЯ ДЫНА́СТЫЯ

(Aviz, Avis),

дынастыя партуг. каралёў [1385—1580]. Заснавальнік Жуан I. Каралі Авіскай дынастыі праводзілі палітыку абмежавання феад. знаці. Прадстаўнікі: Жуан І [1385—1433], Дуарці І [1433—38], Альфонс V [1438—81], Жуан II [1481—95], Мануэл І [1495—1521], Жуан III [1521—57], Себасцьян І [1557—79], Энрыкі І [1578—80]. Пасля спынення Авіскай дынастыі прастол у Партугаліі захоплены ісп. каралём Філіпам II і ўстаноўлена дынастычная унія Партугаліі і Іспаніі.

т. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬФО́НСЫ

(Alfonso),

правіцелі ў іспанскіх сярэдневяковых каралеўствах.

Альфонс I Ваяўнік (1084 ? — 8.9.1134), кароль Арагона і Навары [1104—34]. Адваяваў у маўраў Сарагосу і зрабіў яе сталіцай (1118).

Альфонс II Нявінны (1132, г. Барселона — 25.4.1196), кароль Арагона [1162—96]. Змагаўся з маўрамі, адваяваў Праванс, у 1179 атрымаў у спадчыну Русільён.

Альфонс III Вялікі (838 — 20.12.912), кароль Астурыі [866—910]. Адваяваў у маўраў шэраг раёнаў на Пн ад р. Таха. У выніку барацьбы з феад. Арыстакратыяй, якую ўзначалілі яго сыны, быў вымушаны адрачыся ад прастола. Яго сын Гарсія заснаваў дынастыю каралёў Леона.

Альфонс V Велікадушны (1396, г. Медына-дэль-Кампа — 27.6.1458), кароль Арагона [1416—58]. У 1442 заваяваў Неапалітанскае каралеўства, у якім (разам з Сіцыліяй) правіў пад імем Альфонса І [1442—58]. Заснаваў першую ў Італіі гуманістычную акадэмію.

Альфонс VI Храбры (1030 — 30.6.1109), кароль Леона [1065—1109] і Кастыліі (з 1072). Пасля перамогі ў братазабойчых войнах за панаванне ў хрысц. Іспаніі ў 1077 абвясціў сябе ісп. імператарам. Адваяваў у маўраў Таледа (1085), Валенсію, Альмерыю. Пасля паражэнняў ад Альмаравідаў каля Салакі (1086) і Уклеса (1108) страціў шэраг адваяваных раней зямель.

Альфонс VII (1104 ці 1105, Галісія — 21.8.1157), кароль Кастыліі і Леона [1126—57]. Унук Альфонса VI. Імкнуўся да аб’яднання дзяржаў хрысц. Іспаніі; устанавіў свой сюзерэнітэт над Арагонам, Наварай, Партугаліяй і шэрагам франц. тэрыторый. У 1135 на картэсах у Леоне абвешчаны імператарам Іспаніі. Паспяхова ўдзельнічаў у Рэканкісце (паходы ў Андалусію, Эстрэмадуру, на Кордава). У 1150-я г. ваяваў з Альмахадамі.

Альфонс VIII (11.11.1155, г. Сорыя — 6.10.1214), кароль Кастыліі [1158—1214]. У 1212 у саюзе з каралямі Навары, Арагона і з дапамогай еўрап. рыцарскага войска дабіўся вырашальнай перамогі над маўрамі пры Лас-Навас-дэ-Талоса (каля г. Хаэн).

Альфонс IX (1171, г. Самора — 24.9.1230), кароль Леона і Астурыі [1188—1230]. У 1188 упершыню склікаў картэсы Леона з удзелам прадстаўнікоў 3-га саслоўя. Адваяваў у маўраў Бадахос (1227), Касерэс і Мерыду (1229).

Альфонс X Мудры (23 ці 26.11.1221, г. Таледа — 4.4.1284), кароль Кастыліі і Леона [1252—84]. Адваяваў у маўраў Херэс (1255), Кадыс (1262) і інш. гарады. Дамагаўся свайго абрання імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі. Яго палітыку цэнтралізацыі не прыняла знаць. У 1282 ён фактычна адхілены ад улады і правіць стаў яго сын Санча. Альфонс X быў паэтам, дбаў пра навукі, у т. л. пра астраномію.

Альфонс XI (27.9.1311, г. Саламанка — 26.3.1350), кароль Кастыліі і Леона [1312—50]. Самастойна правіў з 1325. Атрымаў перамогу над маўрамі пры р. Рыо-Салада (1340). Праводзіў палітыку цэнтралізацыі. У 1348 выдаў статут, які фіксаваў асабістую свабоду сялян.

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)