МАШЫНАБУДАВАННЕ І МЕТАЛААПРАЦОЎКА

Як базавая галіна прамысловасці яна забяспечвае выпуск прадукцыі вытворча-тэхнічнага прызначэння і бытавой тэхнікі. Паводле агульнапрынятай класіфікацыі, вытворчыя аб’яднанні і прадпрыемствы галіны падзяляюць на 3 групы: машынабудаванне, прамысловасць металічных канструкцый і вырабаў, рамонт машын і абсталявання. На Беларусі гэтыя групы ўключаюць каля 30 галін, больш за 670 прадпрыемстваў з сярэднегадавой колькасцю прамыслова-вытворчага персаналу больш за 400 тыс. чалавек. Па ўдзельнай вазе ў валавой прадукцыі (22,2%), асноўных вытворчых фондах (28%), колькасці занятых (36,5%) гэты комплекс займае 1-е месца ў прамысловасці Беларусі (2002).

Машынабудаванне (група А) на Беларусі прадстаўлена 348 прадпрыемствамі 20 падгалін, вядучымі з якіх з’яўляюцца аўтамабільная прамысловасць, трактарнае і с.-г. машынабудаванне і навукаёмісты комплекс; уключае таксама электратэхнічную, станкабудаўнічую, падшыпнікавую і інструментальную прамысловасць, будаўніча-дарожнае і машынабудаванне для лёгкай і харчовай прамысловасці, вытворчасць санітарна-тэхн. і газавага абсталявання.

Як галіна прамысловасці машынабудаванне і металаапрацоўка пачала развівацца на Беларусі ў 2-й пал. 18 ст. Адной з першых у 1768 каля г. Маларыта была адкрыта мануфактура, дзе выраблялі катлы для вінакурэння і разнастайны гасп. інвентар. З 1780 на Вішнеўскім металургічным заводзе (Валожынскі р-н) выпускалі с.-г. прылады і рэчы хатняга ўжытку. У 1840-я г. адным з найбольшых быў металургічны завод у в. Старынка (Слаўгарадскі р-н). У 1873 у пас. Барань (Аршанскі р-н) пачаў працаваць драцяна-цвіковы завод Пазней пабудаваны заводы металаапрацоўчы ў Віцебску (1877), Кашарскі машынабудаўнічы і чыгуна-металургічны ў Мінску (1881), суднабудаўнічы ў Пінску (1884), чыгуналіцейны і машынабудаўнічы ў Лідзе (1901), механічны і машынарамонтны завод «Гігант» у Мінску (1907, з 1912 — з-д «Энергія»), чыгунамедналіцейны і механічны ў Магілёве (1915) і інш. Дзейнічалі майстэрні па рамонце паравозаў і вагонаў у Гомелі, Пінску, Баранавічах. У 1913 удзельная вага металаапрацоўчай вытворчасці ў цэнзавай прамысловасці Беларусі дасягнула 3,8%, на прадпрыемствах галіны працавала больш за 2,5 тыс. рабочых (6,6% ад усіх рабочых, занятых у прамысловасці).

Значнае развіццё машынабудаванне і металаапрацоўка атрымалі ў 1920—30-я г. У 1918 пачаў працаваць суднабудаўнічы завод у Гомелі, «Чырвоны металіст» у Віцебску (выпускаў с.-г. машыны). На адноўленым у Мінску заводзе «Энергія» ў 1926 зроблены доследны ўзор такарнага станка — першы бел. станок. На базе мінскіх чыгуналіцейнага і машынабудаўнічага заводаў «Метал», «Усход» і с.-г. майстэрні ў 1928 створаны машынабудаўнічы завод «Камунар» (з 1934 Мінскі станкабуд. завод імя Кірава), які вырабляў ціскі, свідравальныя станкі, каменедрабілкі, тачкі і інш. У 1928—30 пабудаваны Гомельскі завод с.-г. машынабудавання (Гомсельмаш), які выпускаў сіласарэзкі, сячкарні, бульбасартавальныя машыны, з 1934 — малатарні, сенакасілкі і інш. У 1928 на базе механічных і жалезаліцейных майстэрняў заснаваны чыгуна- і медналіцейны завод у Оршы (выпускаў вентылятары і запчасткі для с.-г. машын, з 1960 спецыялізуецца на выпуску плоскашліфавальных станкоў). У 1930-я г. значнымі цэнтрамі станкабудавання ў БССР сталі Мінск, Віцебск і Гомель. Пачаўся выпуск складаных с.-г. і тарфяных машын, абсталявання для буд. прамысловасці, электрарухавікоў. У 1940 у Мінску асвоены выраб радыёпрыёмнікаў на заводзе, перавезеным з Вільні. Выпуск прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі ў параўнанні з 1913 павялічыўся ў 58 разоў, удзельная вага гэтай галіны ў прамысловасці краіны ў 1940 дасягнула 15,2%, у т. л. машынабудавання 6,3%. У пачатку Вял. Айч. вайны частка машынабудаўнічых заводаў эвакуіравана на ўсход СССР, астатнія разбураны ў гады акупацыі.

У пасляваенныя гады адноўлены разбураныя прадпрыемствы, створаны новыя галіны: па вытворчасці грузавых аўтамабіляў, трактароў, веласіпедаў, падшыпнікаў і інш. У 1944 пачата будаўніцтва Мінскага аўтамабільнага завода, на якім у 1947 выраблены першы бел. аўтамабіль-самазвал — 6-тонны МАЗ-205; у 1945 — Мінскага мотавелазавода, які ў 1947 выпусціў першую партыю веласіпедаў; у 1946 — Мінскага трактарнага завода, які ў 1950 асвоіў выпуск тралёвачных трактароў; у 1948 — Мінскага падшыпнікавага завода, першая прадукцыя на якім атрымана ў 1951. Хуткаму асваенню і выпуску складанай прадукцыі спрыяла наяўнасць кваліфікаваных кадраў, стварэнне навуковай, навукова-канструктарскай і эксперым. базы. У 1950-я г. створаны новыя галіны машынабудавання — радыёпрамысловасць, прыладабудаванне, электратэхнічная і электронная прамысловасць, машынабудаванне для лёгкай і харч. прамысловасці. Пабудаваны Мінскі радыёзавод (з 1951 выпускаў радыёлы «Мінск—Р-7», з 1954 — тэлевізары «Беларусь», з 1968 — «Гарызонт», з 1969 — радыёпрыёмнікі «Акіян»), Аршанскі завод лёгкага машынабудавання (з 1953 выпускаў быт. швейныя машыны, пасля таксама тэхналагічнае абсталяванне для швейнай і трыкатажнай вытворчасці), мінскія заводы электратэхнічны (з 1956 электрашчыты, сілавыя трансфарматары, электрападстанцыі і інш.), гадзіннікавы (з 1956 ручныя жаночыя гадзіннікі «Зара», з 1963 мужчынскія «Прамень»), аўтаматычных ліній (з 1957 металарэзныя станкі, з 1959 аўтаматычныя лініі), электронных вылічальных машын (з 1960 лямпавыя ЭВМ «Мінск-1», з 1964 — «Мінск-2»), халадзільнікаў (з 1962 халадзільнікі «Мінск-1»), Беларускі аўтамабільны завод у Жодзіне (з 1958—25-тонныя аўтамабілі-самазвалы МАЗ-525, з 1961—27-тонныя БелАЗ-540) і інш.

У 1960—90-х г. паглыблялася спецыялізацыя прадпрыемстваў, нарастаў аб’ём вытворчасці прадукцыі, ішла рэканструкцыя і змена профілю многіх машынабудаўнічых заводаў. Перавага аддавалася паскоранаму развіццю маламеталаёмістых і працаёмкіх галін машынабудавання: электратэхнічнай і электроннай, радыёэлектроннай, прыладабудаванню, а таксама с.-г. і аўтамабільнаму машынабудаванню. Замацоўвалася вядучая роля Мінска як асн. цэнтра машынабудавання Беларусі. У гэты перыяд заводы будавалі і ў гарадах зах. абласцей — у Брэсце, Гродне, Лідзе, Лунінцы, Баранавічах, Пінску, Ваўкавыску, Смаргоні і інш. У металаапрацоўцы пашырыўся выраб металічных канструкцый, сантэхн. абсталявання, метызаў; створана база для рамонту аўтамабіляў, трактароў, лакаматываў, вагонаў, самалётаў, с.-г. машын, прылад і абсталявання. Колькасць прадпрыемстваў машынабудавання і металаапрацоўкі ў 1990 дасягнула 335, а ўдзельная вага галіны ў валавой прадукцыі краіны склала 34,2%.

У пач. 1990-х г. многія прадпрыемствы гэтай галіны мелі вельмі вялікія вытв. магутнасці, што дазваляла забяспечваць прадукцыяй уласныя патрэбы і большую яе частку вывозіць за межы рэспублікі. Значнае развіццё атрымалі навукаёмістыя і высокатэхналагічныя вытворчасці, прадукцыя якіх (у т. л. ваенная) карысталася значным попытам. Аднак выявілася і моцная залежнасць машынабудавання ад паставак асобных вузлоў, дэталей, запчастак з розных рэгіёнаў былога Саюза. У выніку распаду СССР гэтыя сувязі былі парушаны, што негатыўна адбілася на выпуску прадукцыі. Звузіўся і рынак пастаўкі вырабаў машынабудавання, што прывяло да рэзкага змяншэння аб’ёмаў вытворчасці і прастойвання вытворчых магутнасцей. Таму ў 1991—95 адбыўся спад вытворчасці ўсіх відаў прадукцыі машынабудавання. Паступовае павелічэнне яе аб’ёмаў пачалося з 1996, хоць узровень 1990 пакуль не дасягнуты (гл. табл.). Змяншэнне аб’ёмаў вытворчасці звязана не толькі са звужэннем рынку збыту, але і з недастатковай канкурэнтаздольнасцю значнай часткі прадукцыі айч. машынабудавання на сусветных рынках.

Пасля 1996 Мін-вам прамысловасці распрацаваны і ажыццяўляюцца шэраг праграм і навуковае забеспячэнне развіцця найважнейшых галін машынабудавання, у т. л. мікраэлектроннай, мед. тэхнікі, аўтатрактарабудавання, станкабудавання, радыёэлектронікі, тэлекамунікацый, прыладабудавання, кар’ернай тэхнікі і інш. Да прыярытэтных кірункаў развіцця машынабудавання ў краіне адносіцца стварэнне новых пакаленняў аўтамабільнай, дарожнай і спец. тэхнікі, аўтобусаў, трактароў, машын для лясной і камунальнай гаспадаркі; дызельных рухавікоў, адпаведных стандартам «Еўра-2» і «Еўра-3», збожжа- і кормаўборачных камбайнаў, сродкаў вымярэння і тэхн. дыягностыкі, сілавых трансфарматараў і электратэхн. матэрыялаў, тэлевізійных прыёмнікаў, мед. тэхнікі і інш.

Аўтамабільная прамысловасць складае 25,7% у аб’ёме валавой прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі, прадстаўлена 38 прадпрыемствамі. Галоўныя з іх: Мінскі, Беларускі (ВА «БелАЗ» у Жодзіне) і Магілёўскі аўтамаб. заводы, Мінскі завод колавых цягачоў. Працуе таксама шэраг спецыялізаваных заводаў, якія вырабляюць асобныя вузлы, дэталі, зап. часткі (Мінскі рысорны, баранавіцкія зап. частак і аўтаагрэгатны, аршанскі «Аўтадэталь», гродзенскія аўтамаб. агрэгатаў, механічны і «Аўтагідраўзмацняльнік», аўтатрактарнага абсталявання ў Барысаве і інш.). Наменклатура Мінскага аўтазавода ўключае больш за 150 мадэлей і мадыфікацый аўтамабіляў і больш як 30 мадэлей і мадыфікацый прычэпаў і паўпрычэпаў. Сярод іх аўтамабіль высокай праходнасці МАЗ-6317, цягач МАЗ-6425, трохвосевы самазвал МАЗ-55165, аўтапоезд для лясной прамысловасці ў складзе седлавога цягача МАЗ-64228 і трохвосевага паўпрычэпа МАЗ-99864 і інш. У 2001 Швейцарскі інстытут якасці SYS прызнаў сістэму якасці аўтамабіляў МАЗ адпаведнай міжнар. стандарту ISO-9001. На заводзе таксама асвоены выпуск аўтобусаў (1994) і тралейбусаў (2002). Беларускі аўтазавод выпускае кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю ад 30 да 220 т, для гарнаруднай і буд. прам-сці (у т. л. 130-тонны БелАЗ-75131), аўтапаязды з самазвальнымі прычэпамі, франтальныя пагрузчыкі, колавыя бульдозеры і аўтагрэйдэры, цягачы-эвакуатары і аэрадромныя цягачы, цяжкавозы для ўнутрызаводскіх перавозак тэхнал. грузаў, шлакавозы для металург. прадпрыемстваў і інш. Ствараюцца новыя мадэлі аўтамабіляў, ажыццяўляецца буйная мадэрнізацыя вытв. комплексу прадпрыемства. Заводу належыць да 30% сусветнага рынку кар’ернага транспарту. Магілёўскі аўтазавод з 1958 выпускае адна- і двухвосевыя цягачы, самаходныя скрэперы. Асн. яго прадукцыя — цягачы МаАЗ-6444, -6908, -64425, скрэперы МаАЗ-6014, -60145, -6007, бульдозеры МаАЗ-7914, -40486, самазвалы МаАЗ-27506, -7503, машыны для падземных работ, пагрузчыкі, аўтабетонамяшалкі. Тэхніка прадпрыемства пастаўляецца на экспарт. З 1991 як самаст. прадпрыемства працуе Мінскі завод колавых цягачоў, які выпускае седлавыя цягачы вял. магутнасці, бартавыя аўтамабілі, прычэпы да іх, аўтамабілі-самазвалы і аўтапаязды для перавозкі труб, колавыя шасі рознага прызначэння, у т. л. армейскія шматмэтавыя поўнапрывадныя шасі. У 2002 экспарт грузавых аўтамабіляў склаў 10 597 шт., з іх 9376 у краіны СНД (у т. л. 8431 у Расію), а 1221 у Ірак, Латвію, Літву, Кітай, Сірыю, Манголію і інш. Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод пачаў выпускаць веласіпеды з 1946, матацыклы з 1956. Зараз выпускае каля 50 мадэлей веласіпедаў і 8 мадэлей матацыклаў. Прадукцыя завода экспартуецца ў 15 краін. З 1990 завод «Купава» (Мінск) выпускае 20 мадэлей і 130 мадыфікацый прычэпаў і кузаваў для выязнога гандлю прамысл. і харч. таварамі.

Трактарнае і сельскагаспадарчае машынабудаванне — адна з найважнейшых галін машынабудавання Беларусі. Доля яе ў валавой прадукцыі машынабудавання складае 22,9%. На прадпрыемствах галіны вырабляецца больш за 300 найменняў машын і абсталявання для сельскай гаспадаркі і перапрацоўчых вытворчасцей. Вядучае прадпрыемства галіны, якое ўваходзіць у сямёрку найбуйнейшых вытворцаў трактарнай тэхнікі ў свеце — Мінскі трактарны завод. Ён выпускае больш за 50 мадэлей розных відаў тэхнікі і каля 100 мадыфікацый для розных кліматычных умоў. Найб. вядомыя маркі трактароў «Беларус-420», -320», -320А», -1221» магутнасцю 130 к.с., «Беларус-1523» — 150 к.с. Створаны і праходзяць выпрабаванні новыя мадэлі — «Беларус-2522» магутнасцю 250—280 к.с. і гусенічны «Беларус-1802» — 180 к.с. У іх канструкцыі — найноўшыя дасягненні сусветнага і айч. трактарабудавання. За гады існавання МТЗ выпусціў больш за 3 млн. трактароў, з іх больш як 500 тыс. на экспарт. Трактары маркі «Беларус» працуюць больш чым у 100 краінах свету, у т. л. ў ЗША, Германіі, Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі, Кітаі, Расіі.

Другое найбуйнейшае прадпрыемства галіны — ВА «Гомсельмаш». Яго прадукцыя — самаходныя кормаўборачныя камбайны КСК-100А, «Палессе-800», сеялкі дакладнага высеву «Палессе-12», плугі, касілкі-плюшчылкі, культыватары-акучвальнікі і інш. На прадпрыемстве вырабляюцца ўборачныя комплексы на базе універсальных энергасродкаў УЭС-250 і УЭС-2-250 (для збірання траў, кукурузы, збожжавых, зернебабовых, цукровых буракоў). Завод «Лідаграпраммаш» (да 1993 аўтарамонтны завод) выпускае сеялкі збожжавых, зернебабовых і травяных культур (маркі СПУ), мінеральных угнаенняў (СУ), агароднінныя (АГП, АТВ), дакладнага высеву (СТВ), бароны, плугі, касілкі, прэс-падборшчыкі. З 1997 ён выпускае збожжаўборачныя камбайны «Ліда-1300», з 1999 серыйна збожжаўборачныя камбайны CASI-525 на аснове супрацоўніцтва з міжнар. карпарацыяй (выраб с.-г. машын у Германіі, Нідэрландах, ЗША, Вялікабрытаніі). Прадукцыя пастаўляецца на экспарт. РУВП «Бабруйскаграмаш» вырабляе машыны для ўнясення вадкіх арганічных угнаенняў. Заводы с.-г. машынабудавання працуюць таксама ў Оршы, Бабруйску, Брэсце, Полацку, Пінску, Іванаве, Ляхавічах і інш. (вырабляюць машыны для ўнясення ўгнаенняў, плугі, збожжасушылкі, культыватары, абсталяванне для жывёлагадоўчых ферм і інш.).

Станкабудаўнічая і інструментальная прамысловасць — адна з важнейшых галін машынабудавання. У 2001 у валавой прадукцыі машынабудавання яна склала 3,8%. Мае 9 станкабудаўнічых, 4 інструментальныя, 2 заводы па выпуску тэхнал. аснасткі і абсталявання, 2 — па вытворчасці кавальска-прэсавага і ліцейнага абсталявання, заводы па вырабе ліцця і загатовак, 2 праектна-тэхнал. арганізацыі. Найбуйнейшыя з іх: мінскія станкабудаўнічыя з-ды імя Кастр. рэвалюцыі і імя Кірава, аўтаматычных ліній і інструментальны; віцебскія станкабудаўнічыя імя Камінтэрна і «ВІСТАН», заточных станкоў «ВіЗАС»; гомельскія станочных вузлоў, станкабудаўнічы, ліцейны і «Гідрапрывод»; Аршанскі станкабудаўнічы, Баранавіцкі аўтаматычных ліній, Кобрынскі інструментальны «Сітама», Ваўкавыскі ліцейнага абсталявання. Наменклатура галіны — 350 тыпапамераў металарэзных, 60 — дрэваапрацоўчых станкоў, 45 тыпапамераў кавальска-прэсавых машын. Найб. высокапрадукцыйныя і дасканалыя станкі: падоўжна-стругальныя, фрэзерныя, даўбёжныя, балансіровачныя, шматаперацыйныя, апрацоўчыя цэнтры, працяжныя, адразныя, для апрацоўкі оптыкі, зубаапрацоўчыя паўаўтаматы і аўтаматы для аўтам. ліній, шараапрацоўчыя, фрэзерна-свідравальна-расточныя з лікавым праграмным кіраваннем, такарныя з вертыкальным шпіндэлем і з лічбава-праграмным кіраваннем і інш. На экспарт пастаўляецца 40,4% прадукцыі галіны, у т. л. 36,4% у краіны СНД і 4% у краіны далёкага замежжа. Апошнім часам выпуск станкоў зменшыўся, што звязана са зніжэннем пакупной здольнасці прадпрыемстваў машынабудавання. На Беларусі распрацавана і выконваецца дзярж. мэтавая праграма «Станкабудаванне», накіраваная на развіццё станкабудаўнічай і інструментальнай прамысловасці. Вядуцца распрацоўка і асваенне вытворчасці станкоў новых канструкцый, якія б адпавядалі сусветным аналагам.

Электратэхнічная прамысловасць дае 5,8% валавой прадукцыі машынабудавання краіны. Уключае больш за 100 прадпрыемстваў і вытворчасцей. Найб. значныя: заводы Мінскі электратэхнічны (РУП імя В.​І.​Казлова), Магілёўскі «Электрарухавік», Лідскі электравырабаў, Мазырскі і Гомельскі кабельныя, Шчучынскі «Аўтапровад», Брэсцкі электралямпавы, гомельскія «Электраапаратура», электратэхнічны, Лунінецкі «Палессеэлектрамаш», Маладзечанскае ВА «Электрамодуль». Прадукцыю электратэхн. прамысловасці выпускаюць таксама прадпрыемствы Баранавіч, Ваўкавыска, Віцебска, Паставаў, Новалукомля і інш. Асноўныя яе віды: электрарухавікі (пераважна асінхронныя для прадпрыемстваў айч. станкабудавання, лёгкай прамысловасці, для камплектавання быт. электравырабаў), трансфарматары, камплектныя трансфарматарныя падстанцыі, нізкавольтная апаратура, электрапрыборы для прамысловых і быт. мэт, электраправады і кабелі розных тыпаў і прызначэння, святлотэхнічнае абсталяванне (у т. л. энергаэканамічныя свяцільнікі з кампактнымі люмінесцэнтнымі лямпамі), электрычныя лямпы напальвання, паўправадніковыя вентылі і блокі, электравымяральныя прылады, акумулятары, пакетныя выключальнікі, магнітныя пускальнікі, электрапрасы, электрапліткі і інш.

Першыя на Беларусі электрычныя вырабы (лямпы напальвання) выпускаў у 1913—15 Альбярцінскі электралямпавы завод (каля Слоніма). Да Вял. Айч. вайны электратэхн. прадукцыю (пераважна электрарухавікі невял. магутнасці) выраблялі неспецыялізаваныя прадпрыемствы У 1940 іх выпушчана 7,7 тыс. агульнай магутнасцю 11,8 тыс. кВт. Прамысловы выраб электрарухавікоў пачаўся ў 1950 на Магілёўскім заводзе «Электрарухавік», сілавых трансфарматараў — у 1956 і камплектных трансфарматарных падстанцый — у 1957 на Мінскім электратэхнічным заводзе, кабельнай прадукцыі — у 1959 на Мазырскім кабельным заводзе (з 1974 у ВА «Беларуськабель»), лямпаў напальвання рознага прызначэння — у 1966 на Брэсцкім электралямпавым заводзе, паўправадніковых вентыляў — у 1970 на Маладзечанскім заводзе сілавых паўправадніковых вентыляў.

У 2001 выраблена электрарухавікоў пераменнага току 403 тыс. шт., сілавых трансфарматараў агульнай магутнасцю 2999 тыс. кВа, асвятляльных лямпаў 105 млн. шт., кабельных вырабаў па масе медзі 5 тыс. т. Прадукцыя галіны экспартуецца ў краіны СНД, Францыю, Польшчу, Літву, Латвію, Чэхію і інш. У 2001 экспартавана 76,8 млн. шт. асвятляльных лямпаў, 105,8 тыс. шт. трансфарматараў, 149,4 тыс. шт. электрарухавікоў і генератараў, 16,9 тыс. т ізаляваных правадоў.

Падгаліны навукаёмістага комплексу даюць каля 28% агульнага аб’ёму машынабудавання. Вырабляюць праграмна-тэхнічныя сродкі, ЭВМ агульнага карыстання, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання, аптычныя і інш. прылады, сродкі сувязі, інтэгральныя мікрасхемы, тэлекамунікацыйную тэхніку і да т.п. Навукаёмістыя прадпрыемствы ўваходзяць у склад міждзяржаўных карпаратыўных структур. Напр., навукова-вытворчае аб’яднанне «Інтэграл», Дзярж. навукова-вытворчы канцэрн дакладнага машынабудавання «Планар», Бел. оптыка-механічнае аб’яднанне (БелОМА) у рамках сумесных навукова-тэхнічных праграм распрацоўваюць оптыка-механічнае і кантрольнае абсталяванне для вытворчасці звышвялікіх інтэгральных схем. РУП вылічальнай тэхнікі і інфарматыкі «БелВТІ» вырабляе праграмна-тэхн. сродкі, ЭВМ сям’і «Мінск», аўтаматычныя тэлефонныя станцыі; БелОМА — высокадакладныя оптыка-механічныя і оптыка-электронныя прыборы і сістэмы. ВА «Гарызонт» (г. Мінск) і ВА «Віцязь» (г. Віцебск) выпускаюць сучасныя канкурэнтаздольныя мадэлі тэлевізараў. Прыладабудаванне рэспублікі спецыялізуецца на выпуску прылад і кантрольна-вымяральнай апаратуры (у т. л. для вымярэння механічных, цеплавых і электрычных велічынь), гадзіннікаў, сродкаў вылічальнай тэхнікі, аналітычных, аптычных і інш. прылад, сродкаў аўтаматызацыі вытворчасці. Пачало развівацца ў 18 ст. (з Беражанскай гадзіннікавай мануфактуры), як галіна сфарміравалася ў 1950—60-я г. з уводам у дзеянне Гомельскага завода вымяральных прылад і інш. Разнастайныя прылады прамысловага, энергетычнага і быт. прызначэння выпускаюць заводы: Брэсцкі электрамеханічны, Віцебскі прыладабудаўнічы, Гродзенскі «Радыёпрылада», Магілёўскі «Электрарухавік», мінскія ВА вылічальнай тэхнікі, гадзіннікавы і прыладабудаўнічы, Віцебскае ВА «Электравымяральнік» і інш. Навукова-даследчыя і доследна-канструктарскія работы вядуцца ў Мінскім н.-д. прыладабудаўнічым інстытуце. Значная частка прадукцыі экспартуецца ў Расію, Латвію, Літву, Польшчу і інш. Радыёпрамысловасць дае амаль палову прадукцыі прыладабудавання. Спецыялізавана на выпуску радыёпрыёмнікаў і тэлевізараў, абсталявання для радыёсувязі і тэлебачання, сродкаў радыё- і правадной сувязі, электронных узмацняльнікаў і інш. Першыя радыёпрыёмнікі на Беларусі выпушчаны ў Мінску ў 1940 на радыёзаводзе (засн. на базе завода «Дрэваапрацоўшчык», з 1950-х г. Мінскі прыборабудаўнічы завод, выпускаў радыёлу «Мінск Р-7», з 1992 Бел. вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі — БелВАР). З 1951 працуе 2-і радыёзавод, які ў 1959 выпусціў першы ў СССР транзістарны радыёпрыёмнік «Мінск-Т» (з 1997 Мінскае прадпрыемства «Завод «Гарызонт»). У краіне працуе больш за 50 прадпрыемстваў радыёпрамысловасці: Гродзенскае ВА «Хваля» (аўтамагнітолы, адна- і шматканальныя радыёстанцыі, радыёпрыёмнікі, тэлевізары), Гомельскае ВА «Карал», радыёзавод «Спадарожнік» у г. Маладзечна (стэрэамагнітолы, радыёпрыёмнікі для аўтамабіляў), завод «Зеніт» у Магілёве (тэлевізійная апаратура і інш.), Віцебскае ВА «Віцязь» (тэлевізары і інш. прадукцыя). Каля 62% вытворчасці тэлевізараў пастаўлена на экспарт, пераважна ў Расію (2002).

Падшыпнікавая прамысловасць вырабляе 1,3% прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі. Дзейнічаюць заводы Мінскі падшыпнікавы (пабудаваны ў 1948—51, выпускае шарыкавыя падшыпнікі — радыяльныя аднарадныя, радыяльна-ўпорныя аднарадныя і шматрадныя, ролікавыя радыяльныя, сферычныя двухрадныя, ігольчастыя ролікавыя, шарнірныя і інш.) і Гомельскі падшыпнікавы (з 1949 выпускае падшыпнікавы і шарыкі да іх, з 1954 — веласіпедныя падшыпнікі). Выпуск падшыпнікаў качэння (млн. шт.): 68,1 у 1960, 101,3 у 1970, 148,0 у 1980, 148 у 1990, 30 у 2003. Прадукцыя выкарыстоўваецца ў аўтамабілях, трактарах, станках, пракатных станах, турбабурах і інш.; экспартуецца ў Расію, Украіну, ЗША, Польшчу, Балгарыю і інш.

Будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне вырабляе 2,4% прадукцыі галіны. Працуе больш за 30 прадпрыемстваў, якія выпускаюць ліфты пасажырскія, бульдозеры, скрэперы, экскаватары, пагрузчыкі, снегаачышчальнікі, іншую дарожнабудаўнічую і меліярацыйную тэхніку, машыны і абсталяванне для камунальнай гаспадаркі, прамысловасці буд. матэрыялаў і тарфяной. Найбольшыя прадпрыемствы: заводы «Ударнік» ААТ «Амкадор», магілёўскія «Строммашына» і ліфтабудаўнічы, Мазырскі меліярацыйных машын, Ваўкавыскі дахавых і будаўніча-аддзелачных машын, Беларускі экскаватарны (у г.п. Коханава Віцебскай вобл.), ВА «Белкамунмаш» і «Будмаш» у Мінску і інш. Выпуск асн. прадукцыі: у 1990—226 бульдозераў, 1847 скрэпераў, 149 экскаватараў, 14 тыс. ліфтаў; у 2002 адпаведна 31, 55, 38, 3,1 тыс. Прадукцыя пастаўляецца ў Расію, Украіну, ЗША, Балгарыю, Латвію, Літву, Польшчу, Турцыю і інш.

Машынабудаванне для лёгкай і харчовай прамысловасці і бытавых прылад дае 8,5% прадукцыі асноўнай галіны. Спецыялізавана на выпуску тэхналагічнага абсталявання і запчастак для лёгкай і харч. прамысловасці, прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання, быт. прылад (халадзільнікаў, пральных, швейных і пасудамыйных машын, электрапыласосаў і інш.).

Развіццё галіны пачалося з 18 ст. У 1768 пачала дзейнічаць Маларыцкая металургічная мануфактура, на якой рабілі катлы для вінакурняў, малаткі і інш. У 1828—1914 Альбярцінскі чыгуналіцейны завод (каля Слоніма) вырабляў посуд для вінакурняў і піваварняў, абсталяванне для млыноў і крупадзёрак і інш. З 1881 Кашарскі машынабуд. і чыгуна-медналіцейны заводы ў Мінску выпускалі абсталяванне для вінакурнай, крухмальнай і мукамольнай прамысловасці. У 1920—30-я г. Мінскі завод «Энергія» асвоіў вытворчасць станкоў для тэкстыльнай і абутковай прамысловасці. У пасляваенны час створаны спецыялізаваныя заводы: швейных машын у Оршы (1952, з 1968 завод лёгкага машынабудавання), быт. халадзільнікаў у Мінску (1959), пасудамыйных машын у Гродне (1963), гандлёвага машынабудавання ў Баранавічах (1964, машыны для перапрацоўкі мяса, цеста, гародніны).

Абсталяванне і запчасткі для лёгкай прамысловасці выпускаюць: спецыялізаванае ВА «Прамшвеймаш» у Оршы, прадпрыемствы ў Мінску, Баранавічах, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Лідзе; часткова мінскія трактарны завод і механічны імя С.​І.​Вавілава; для гандлю і грамадскага харчавання — завод гандлёвага машынабудавання ў Гродне, «Прадмаш» у Мінску, Бел. ВА гандлёвага машынабудавання «Беларусьгандальмаш» у Баранавічах, навукова-вытворчае прадпрыемства «Тэхмаш» у Брэсце і інш.; быт. машыны і прылады — АТ «Атлант» у Мінску (халадзільнікі і маразільнікі), Бел. вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі «БелВАР» у Мінску (электрабыт. прылады), АТ «Брэстгазаапарат» (газавыя пліты, паветраачышчальнікі), Брэсцкі электрамеханічны завод (электра- і радыёапаратура, персанальныя камп’ютэры і інш.), Гомельскі завод «Электраапаратура» (электрапліткі, смажыльныя шафы, электраміксеры, разеткі і інш.), Мінскі «Тэрмапласт» (электраміксеры), авіярамонтнае прадпрыемства ў Баранавічах (пыласосы). Значная частка прадукцыі галіны ідзе на экспарт, напр., у 2002 экспарт халадзільнікаў і маразільнікаў склаў 721,3 тыс. шт., з іх 75,5% пастаўлена ў Расію, астатнія ў Германію, Францыю, Італію, Літву і інш. краіны.

Прамысловасць металічных канструкцый і вырабаў (група Б), рамонт машын і абсталявання (В) даюць каля 12% аб’ёму вытворчасці ўсёй галіны. Сектар металаканструкцый і вырабаў аб’ядноўвае больш за 400 прадпрыемстваў і вытворчасцей, спецыялізаваных на выпуску буд. канструкцый, с.-г. і агародніцкага інвентару, металічнай трансп. тары і фізкультурна-спарт. інвентару і інш. Найбольшыя прадпрыемствы — заводы тэхналагічных металаканструкцый у Магілёве і Мінску, лёгкіх металаканструкцый у Маладзечне, Аршанскі доследна-механічны завод «Металіст», Мазырскі завод мантажных загатовак, Клімавіцкі завод металавырабаў.

Рамонт машын і абсталявання вядуць больш за 3,8 тыс. прадпрыемстваў і вытворчасцей. Працуюць пераважна сярэднія і невялікія прадпрыемствы па рамонце грузавых і легкавых аўтамабіляў, трактароў і с.-г. машын. Яны размешчаны пераважна ў малых гарадах і пасёлках гар. тыпу. Ажыццяўляюць таксама рамонт металарэзных і дрэваапрацоўчых станкоў, кавальска-прэсавага і ліцейнага абсталявання, рухомага саставу чыгунак, суднаў, буд. і дарожных машын, трамваяў, вагонаў метро і тралейбусаў, грамадзянскіх самалётаў, верталётаў і авіяцыйных рухавікоў, сродкаў вылічальнай тэхнікі, прылад і металавырабаў. Найбуйнейшыя прадпрыемствы — Іванаўскае міжраённае аб’яднанне Дзяржкамсельгастэхніка, Аршанскі трактарарамонтны завод, Дзяржынскі завод «Рамдэталь», аўтарамонтныя заводы ў Лідзе, Полацку, Гарадку, Лепелі, Вілейцы, Кобрыне, Магілёве, экскаватарарамонтны ў Пінску.

Суднабудаванне на Беларусі спецыялізавана на выпуску і рамонце рачных суднаў, несамаходных баржаў, земснарадаў, маторных лодак і інш.

Першае прадпрыемства па будаванні байдарак і яхтаў з’явілася ў 1785 — Крычаўская суднаверф. У 1884 пабудаваны параходабудаўнічы завод у Пінску (з 1939 суднарамонтны, з 1961 суднабудаўніча-суднарамонтны завод), у 1918 — Гомельскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод, у 1925 — суднарамонтныя майстэрні ў Бабруйску (у 1939 рэканструяваны ў суднарамонтны завод), у 1929 — Петрыкаўская суднабудаўнічая верф (у 1974 рэканструявана ў суднабудаўніча-суднарамонтны завод). У 1920—30-я г. суднарамонтныя майстэрні пабудаваны ў Магілёве і Мазыры, верфі драўлянага суднабудавання — у Рэчыцы, Барысаве, Нароўлі.

У 1960—90-я г. суднабудаўнічыя прадпрыемствы Беларусі выпускалі буксірныя і грузавыя цеплаходы, карпусы суднаў тыпу «рака—мора», пасажырскія судны розных мадыфікацый, у т. л. на падводных крылах («Палессе»), несамаходныя баржы, грэйферныя земснарады, брандвахты і інш. У апошні час (2002) Рэчыцкі завод выпускае карпусы грунтаадвазных баржаў унутранага плавання, Гомельскі завод — велікагрузны цеплаход тыпу «рака—мора», астатнія рамантуюць самаходныя і несамаходныя рачныя судны. Пра выпуск асобных відаў прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі гл. табл.

Літ.:

Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963;

Экономика Советской Белоруссии, 1917—1967. Мн., 1967;

Лис А.Г. Проблемы развития и размещения производительных сил Белоруссии. Мн., 1972;

Филатов И.Г. Экономика машиностроения Белорусской ССР. Мн., 1976;

Рогач П.И., Сосновский В.Н. Размещение производительных сил. Мн., 2000, Промышленность Республики Беларусь. Мн., 2003.

П.​І.​Рогач.


Вытворчасць асноўных відаў прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі ў Рэспубліцы Беларусь
Віды прадукцыі 1940 1950 1960 1970 1980 1990 1995 2000 2003
Аўтамабілі грузавыя, тыс. шт. — 2,4 18,7 29,8 40,1 42 12,9 14,7 18,1
Трактары, тыс. шт. — 0,036 34,2 80,3 89,6 100,7 28 22,5 26,7
Металарэзныя станкі, тыс. шт. 6 4,8 16,8 27,6 31,2 15,5 4,7 5,4 5,2
Трансфарматары сілавыя, тыс. кВА — — 903 4636 7387 6204 2493 2173 4677
Газавыя пліты, тыс. шт. — — 35,9 287,3 351 535,2 359 465 538,2
Аўтобусы, шт. — — — — — 999 62 914 499
Матацыклы, тыс. шт. — — 101,4 152,4 217 225 42 37 33
Веласіпеды, тыс. шт. — 70 286,6 519,7 695 846 271 586 773
Тэлевізары, тыс. шт. — — 103,2 634,8 552 1302 250 532 690
Радыёпрыёмныя ўстройствы, тыс. шт. 0,4 46,3 118,6 423,6 499 979 277 101 33
Гадзіннікі бытавыя, млн. шт. — — 0,9 3,4 7,3 13,4 6,6 5,6 2,7
Халадзільнікі і маразільнікі, тыс. шт. — — — 216,5 614 728 746 812 886
Электрарухавікі магутнасцю ад 0,25 да 100 кВт, тыс. кВт 11,8 13,2 342,1 1558 3150 3315 500 800 800
Камбайны кормаўборачныя, тыс. шт. — — 15 34 39,3 9,5 1,1 0,3 0,1
Персанальныя ЭВМ, тыс. шт. — — — — — — 12,9 15 26,3
Фотаапараты, тыс. шт. — — 297,2 535,9 1412 885 34 3 —
Пральныя машыны, тыс. шт. — — — — — 33,1 36,9 88,1 63,3
Швейныя машыны, тыс. шт. — — — — — 4,6 18,5 7,9 1,5
РУВП «Беларускі аўтамабільны завод». Цэх галоўнага канвеера.
Галоўны зборачны канвеер Мінскага аўтамабільнага завода (ВА «БелаўтаМАЗ»).
Эксперыментальны цэх Галаўнога спецыялізаванага канструктарскага бюро па збожжа- і кормаўборачнай тэхніцы ВА «Гомсельмаш».
Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Мінскі трактарны завод»: 1 — галоўны зборачны канвеер; 2 — корпус цэха аддзелкі і афарбоўкі трактароў.
ВА «Гарызонт». Участак тэхналагічнай зборкі тэлевізараў.
Мінскі завод халадзільнікаў ВА «Атлант». Зборачны цэх.

т. 18, кн. 2, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГ,

горад федэральнага значэння, горад-герой, цэнтр Ленінградскай вобл. ў Расіі. Найважнейшы (пасля Масквы) прамысл., навук. і культ. цэнтр Расіі. Размешчаны пры ўпадзенні р. Нява ў Фінскі зал. Балтыйскага м. і на 42 а-вах дэльты р. Нява. Нас. 4694 тыс. ж. (2000). Буйны трансп. вузел (чыгункі, шашэйныя дарогі). Міжнар. аэрапорт (Пулкава). Марскі (у Фінскім зал.) і рачны (у дэльце р. Нява) парты; канечны пункт Волга-Балт. воднага шляху. Метрапалітэн (з 1955). Прам-сць: маш.-буд. і металаапр. (марскія і рачныя судны, турбіны ўсіх відаў, дызельныя рухавікі, радыёэлектронная і радыётэхн. прадукцыя, станкі, машыны і абсталяванне для трыкат., абутковай, тытунёвай, паліграф. і інш. галін), харч. і харчасмакавая, эл.-энергетычная (АЭС і буйныя ЦЭС), хім., нафтахім., хім.-фармацэўтычная, лясная, дрэваапрацоўчая і папяровая, лёгкая (тэкст., трыкат., абутковая, швейная) і паліграфічная. Чорная і каляровая металургія (вытв-сць сталі, пракату, алюм. сплаваў) і інш. Буйны турыстычны цэнтр Расіі, штогод прыцягвае вял. колькасць турыстаў з усяго свету.

Паводле загаду Пятра I на в-ве Заечым у вусці Нявы 27.5.1703 (лічыцца датай засн. горада) пачалося будаўніцтва Петрапаўлаўскай крэпасці. З 1708 С.-П. — цэнтр Інгерманландскай, з 1710 — Санкт-Пецярбургскай губ. У 1712—28 і 1732—1918 сталіца Расіі. Тут размяшчаліся царскі двор, калегіі (з 1718; з 1802 — міністэрствы), Сенат (з 1713) і інш. ўрадавыя ўстановы. Новы горад развіваўся як цэнтр прамысловасці і гандлю. У 1712 на Адміралцейскім в-ве засн. Галерны двор (з 1800 Новае Адміралцейства), у 1711 Ліцейны двор (з 1720 наз. Арсенал), у 1724 Манетны двор і інш. У 1736 і 1737 горад моцна гарэў. З 2-й пал. 18 ст. хутка расло насельніцтва С.-П. (220 тыс. чал. у пач. 19 ст.), горад стаў буйным эканам. і культ. цэнтрам Рас. імперыі. Засн. Марская акадэмія (1715), АН (1725), ун-т (1819), Тэхнал. (1828) і Горны (1866) ін-ты і інш. У 1825 на Сенацкай плошчы адбылося паўстанне дзекабрыстаў. У 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. развівалася тэкстыльная, суднабуд., машынабуд. прам-сць, пабудаваны з-ды Адміралцейскі, Іжорскі, Пуцілаўскі, Марыінская і Ціхвінская водныя сістэмы. Пабудова чыгункі ператварыла С.-П. у найбуйн. эканам. цэнтр краіны (у 1837 пабудавана першая ў Расіі чыг. С.-П. — Масква, у 2-й пал. 19 ст. — Варшаўская, Паўн. і Фінляндская). У 1883 пабудавана першая эл.-станцыя, у 1907 пушчаны першыя трамваі і аўтобусы. У канцы 19 ст. С.-П. стаў буйнейшым у Расіі і адным з важнейшых сусв. крэдытных і біржавых цэнтраў. У С.-П. дзейнічалі рэв. арг-цыі петрашэўцаў, «Народная воля», Пецярбургскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа». У 1901 у С.-П. адбылося першае ў Расіі арганізаванае выступленне рабочых — Абухаўская абарона. 9.1.1905 царскія войскі расстралялі рабочую дэманстрацыю (гл. «Крывавая нядзеля»), што стала пачаткам Рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У 1914 у пач. 1-й сусв. вайны горад перайменаваны ў Петраград. Тут адбыліся Лютаўская рэвалюцыя 1917 і Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Вясной — восенню 1919 на горад беспаспяхова наступалі войскі Юдзеніча. Каля Петраграда адбылося Кранштацкае паўстанне 1921. У 1924 перайменаваны ў Ленінград. У Вял. Айч. вайну ў вер. 1941 горад акружаны ням.-фаш. войскамі (гл. Ленінградская бітва 1941—44). У ходзе 872-дзённай блакады разбурана 14 тыс. будынкаў, ад голаду загінула да 900 тыс. чал. У студз. 1944 вызвалены ад блакады сав. войскамі. У 1991 гораду вернута яго гіст. назва С.-П.

С.-П. забудоўваўся паводле рэгулярнага плана. Арганізуючым пачаткам горада сталі водная прастора Нявы і ансамбль Петрапаўлаўскай крэпасці. У 1704 закладзены будынак гал. Адміралцейства, ад якога веерам разыходзіліся 3 гал. магістралі: Неўскі і Вазнясенскі праспекты, Гарохавая вул. На Васільеўскім в-ве ўзведзены палац Меншыкава (1710—16, арх. Дж.​М.​Фантана і Г.​Шэдэль), Кунсткамера (1718—34, арх. Г.​Матарнові, Н.​Гербель, Г.​К’яверы, М.​Зямцоў; перабудавана ў 1754—58, арх. С.​Чавакінскі), будынак 12 калегій (1722—42, арх. Д.​Трэзіні, Т.​Швертфегер; з 1819 ун-т). У 1717 складзены план цэнтра горада з прамавугольнай сеткай вуліц і каналаў (арх. Трэзіні). Створаны «ўзорныя» праекты жылых будынкаў (арх. Ж.Б.​А.​Леблон, Трэзіні): цагляных — для заможных, на драўляным каркасе з запаўненнем глінай, з размалёўкай пад цэглу — для простых гараджан. У 1710 засн. манастыр св. Тройцы і св. Аляксандра Неўскага (з 1797 — Аляксандра-Неўская лаўра). У 1710—14 у Летнім садзе ўзведзены летні палац Пятра I (арх. Трэзіні). У сярэдзіне 18 ст. пашырана параднае буд-ва ў стылі барока: ансамбль Смольнага манастыра, Зімні палац, палацы Варанцова (1749—57, арх. В.​Растрэлі), Шарамецева на Фантанцы (1750—55, арх. Чавакінскі, Ф.​Аргуноў), Строганава (1752—54, арх. Растрэлі; цяпер адзін з будынкаў Рускага музея), Нікольскі марскі сабор (1753—62, арх. Чавакінскі). Паводле генплана 1763—69 (арх. А.​Квасаў) межы горада пашыраны, перапланаваны вуліцы, пабудавана першая гранітная набярэжная перад Зімнім палацам на Няве (1763—67, арх. І.​Росі, майстар Г.​Насонаў). Ансамблевасцю вылучаецца афармленне набярэжных Кацярынінскага (цяпер Грыбаедава) канала, рэк Фантанкі і Мойкі. Рысы класіцызму выявіліся ў строгай лінейнасці берагавых сцен і парапетаў, мяккай акругленасці спускаў і прычалаў, сілуэтах першых каменных мастоў (Прачачны, Эрмітажны і інш.), у малюнку чыг. агароджаў (агароджа Летняга сада, 1773—84, арх. Ю.​Фельтэн, П.​Ягораў). Сярод помнікаў ранняга класіцызму ў спалучэнні з барочнай пластыкай: Гасціны двор на Неўскім праспекце (1761—85) і будынак Акадэміі мастацтваў (1764—88, арх. абодвух Ж.Б.​М.​Вален-Дэламот і А.​Какорынаў), Малы Эрмітаж (1764—67, арх. Вален-Дэламот). Грамадскія будынкі канца 18 — пач. 19 ст. набылі большую лапідарнасць, уласцівую класіцызму: паштамт (1782—89, арх. М.​Львоў), Эрмітажны т-р (1783—87, арх. Дж.​Кварэнгі), Коннагвардзейскі манеж (1804—07, арх. Кварэнгі; цяпер Цэнтр. выставачная зала), Александрынскі т-р (1828—32, арх. К.​Росі). У 1783—89 узведзены Таўрычаскі палац. Вакол вял. воднай плошчы пры падзеле Нявы на рукавы створаны грандыёзныя класіцыстычныя ансамблі: Дварцовая плошча з Зімнім палацам, Аляксандраўскай калонай і аркай Ген. штаба, стрэлка Васілеўскага в-ва з будынкам біржы (1805—10, арх. Ж.​Тама дэ Тамон; цяпер Цэнтр. ваен.-марскі музей; ампір), Сенацкая пл. (цяпер Дзекабрыстаў) з помнікам Пятру I («Медны коннік»; 1768—78, скульпт. Э.​М.​Фальканэ, М.​А.​Кало, Ф.​Гардзееў), Ісакіеўскі сабор; ансамблі Неўскага праспекта (Казанскі сабор, плошчы Астроўскага і Мастацтваў), Марсава поле, Летні сад, Інжынерны замак (да 1823 Міхайлаўскі замак; 1797—1800, арх. В.​Бажэнаў, В.​Брэна), Ісакіеўская пл. Ствараліся і загарадныя ансамблі — Аляксандра-Неўская лаўра, Смольны ін-т, арх.-паркавы Ялагіна в-ва з Ялагіным палацам (1818—22, арх. Росі) і пейзажным паркам. У стылі ампір пабудаваны: Горны ін-т (1806, арх. А.​Вараніхін), Адміралцейства, Нарвенскія вароты (1827—34, арх. Кварэнгі, В.​Стасаў) з манум. меднай калясніцай (скульпт. П.​Клот, С.​Піменаў) і інш. Сярод эклектычных збудаванняў: цэрквы лютэранская Пятра і Паўла на Неўскім праспекце (1832—38, арх. А.​Брулоў), Уваскрэсення Хрыста Збавіцеля («Храм на крыві»; 1883—1907, арх. В.​Малышаў, А.​Парланд; мазаікі В.​Васняцова; маст. М.​Несцераў, А.​Рабушкін), Марыінскі т-р (1859—60, арх. А.​Кавас; перабудова 1863, арх. В.​Шротэр). У 19 ст. пабудаваны шматлікія масты — цераз Няву (Троіцкі. цяпер Кіраўскі, арх. Л.​Бенуа, А.​Памяранцаў і інш.), Мойку (Зялёны, Красны, Сіні, Пацалункаў, арх. В.​Гестэ), канал Грыбаедава (ланцуговыя Банкаўскі і Львіны, інж. Г.​Трэтэр; чыг. грыфоны і львы па мадэлях П.​Сакалова), Фантанку (Анічкаў, інж. І.​Бутац, арх. Брулоў; бронз. групы ўтаймавальнікаў коней, скульпт. Клот). Усяго ў С.-П. каля 800 мастоў. У 19 — пач. 20 ст. створаны гранітныя набярэжныя Нявы. Паявіліся будынкі новых тыпаў — даходныя дамы, вакзалы, банкі, гасцініцы, страхавыя канторы, крытыя рынкі. Пашырыўся стыль мадэрн: Дом кнігі (1904—06, арх. П.​Сюзор), Азоўска-Данскі камерцыйны банк (1907—13), гасцініца «Асторыя» (1910—11, арх. абодвух Ф.​Лідваль), пасаж на Ліцейным праспекце (1912—13, арх. Н.​Васільеў), даходныя дамы на Кіраўскім праспекце (1910-я г., арх. Л. і Ю.​Бенуа, У.​Шчуко, С.​Мінаш). Вылучаюцца асабнякі ў стылі неакласіцызму — Полаўцава (1910—16), Абамелек-Лазарава (1913—15, арх. абодвух І.​Фамін). Паводле генпланаў 1930—40-х г. захавалася існуючая планіроўка цэнтра, створаны новыя раёны на свабодных тэрыторыях: Малая Охта, Шчамілаўка, Аўтава і інш. Узведзены буйныя адм. будынкі. С.-П. моцна пацярпеў у Вял. Айч. вайну. У генпланах аднаўлення і развіцця горада (1940—60-я г.) комплексна вырашаліся задачы рэканструкцыі і новага буд-ва. Адна з гал. горадабуд. ідэй генпланаў — выхад гар. забудовы да берагоў Фін. заліва. Ствараюцца новая марская панарама горада, зона адпачынку з добраўпарадкаванымі набярэжнымі, пляжамі, бульварамі, паркамі (Прыморскі парк Перамогі, 1945—50, арх. А.​Нікольскі, Н.​Сцяпанаў, Н.​Мядзведзеў) са стадыёнам (1932—50, арх. Нікольскі, М.​Сцяпанаў; рэканструяваны ў 1980, арх. А.​Прыбульскі, С.​Аднавалаў, М.​Цымбал). Сярод значных збудаванняў 2-й пал. 20 ст.: Вял. канцэртная зала «Кастрычніцкая» (1967, арх. В.​Каменскі і інш.), палацы спорту «Юбілейны» (1967, арх. Г.​Марозаў, інж. А.​Марозаў і інш.), моладзі (1969—80, арх. П.​Прохараў і інш.), спарт. гульняў (1974—76, арх. Г.​Марозаў), спарт.-канцэртны комплекс (1980, арх. І.​Чайко і інш.), гасцініца «Пулкаўская» (1981, арх. С.​Спяранскі і інш.), лядовы Палац спорту (2000). Створаны мемар. комплекс Піскароўскіх могілак, Манумент гераічным абаронцам Ленінграда ў Вял. Айч. вайну (1975, арх. Спяранскі, Каменскі, скульпт. М.​Анікушын). Па лініі абароны горада зроблены «Зялёны пояс Славы». Гіст. цэнтр і манум. ансамблі С.-П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

У С.-П. знаходзяцца навук. цэнтр Рас. АН, больш за 40 ВНУ, у т. л. Санкт-Пецярбургскі універсітэт, ун-ты — тэхнічны, Рас. пед. імя А.​Герцэна, лесатэхнічная акадэмія; Санкт-Пецярбургская кансерваторыя; інстытуты — тэхналагічны, горны, інж.-будаўнічы, інжынераў чыг. транспарту, караблебуд., Санкт-Пецярбургскі інстытут кінаінжынераў, Санкт-Пецярбургскі інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі, Санкт-Пецярбургскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.​Я.​Рэпіна, Санкт-Пецярбургскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В.​І.​Мухінай; 22 вышэйшыя ваенна-навуч. ўстановы, у т. л. Ваенна-мед. акадэмія Найбуйнейшыя б-кі: Рас. нац., навуковая Акадэміі мастацтваў, С.-Пецярбургскага ун-та, Рас. АН і інш. Больш за 120 музеяў і іх філіялаў, у т. л. Эрмітаж, Рускі музей, гісторыі С.-П., антрапалогіі і этнаграфіі імя Пятра Вялікага, Цэнтр. ваенна-марскі.

18 прафес. тэатраў, у т. л. Марыінскі тэатр, Санкт-Пецярбургскі Малы тэатр оперы і балета, драмы імя Пушкіна (Александрынскі), Санкт-Пецярбургскі Вялікі драматычны тэатр. Цырк. Філармонія імя Дз.​Шастаковіча.

Беларусы ў Санкт-Пецярбургу. Першыя выхадцы з Беларусі з’явіліся ў С.-П. пасля заснавання горада (жонка Пятра I Кацярына I, паплечнік цара П.​І.​Ягужынскі, ваен. і дзярж. дзеяч Я.​К.​Сапега). Пасля далучэння бел. зямель да Расіі некат. беларусы сталі прыбываць у С.-П. для працаўладкавання, вучобы, маст. творчасці; яны садзейнічалі знаёмству рас. сталіцы з дасягненнямі еўрап. культуры (Л.​Сітанскі, частка салістаў Шклоўскага тэатра Зорыча і інш.). У 1-й пал. 19 ст. ў С.-П. пачала гуртавацца бел. студэнцкая моладзь, там жылі і працавалі кампазітар А.​І.​Абрамовіч, мастак І.​І.​Аляшкевіч, літаратар Я.​Баршчэўскі. Пасля паражэння паўстання 1830—31 у С.-П. трапілі музейныя зборы, б-кі і архівы роду Сапегаў. У 1842—1918 у Пецярбургскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі рыхтавалі святароў, у т. л. для касцёлаў і дыяцэзій Беларусі. У 2-й пал. 19 ст. ў горадзе вучыліся браты В.​Каліноўскі і К.​Каліноўскі, Ф.​Багушэвіч, працавалі філолаг-фалькларыст Б.​Эпімах-Шыпіла, гідрограф-геадэзіст А.​І.​Вількіцкі, гісторык Я.​Я.​Замыслоўскі, мастакі С.​К.​Заранка, К.​Хруцкі, музыканты Т.​Юзафовіч-Бароўская, М.​Л.​Зарэмба, Ф.​А.​Стравінскі і інш., дзейнічалі бел. асветнае т-ва «Крывіцкі вязок» (заснавальнік і кіраўнік В.​Савіч-Заблоцкі), рэв. група «Гоман» (выдавала нелегальны час. «Гомон»), бел. фракцыя партыі «Народная воля», у т. л. І.​Грынявіцкі, Пецярбургскі гурток моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай, у т. л. яе кіраўнік паэт А.​Гурыновіч. Паводле перапісу 1897, у С.-П. і прыгарадах жыло 3230 чал., якія лічылі роднай бел. мову, а па падліках бел. даследчыка Р.​М.​Семашкевіча, у канцы 19 ст. тут жыло каля 7 тыс. беларусаў. У пач. 20 ст. тут часова жылі літаратары Ц.​Гартны (З.​Жылуновіч), А.​Гурло, Я.​Купала, Цётка (А.​Пашкевіч), вучоныя Я.​Ф.​Карскі, П.​В.​Шэйн і інш., дзейнічалі грамадская арг-цыя «Круг беларускай народнай прасветы і культуры» (1902—04), нелегальнае бел. выдавецкае т-ва «Грамада» (1906—07), першае легальнае бел. выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца» (1906—14), прыватнае бел. Грыневіча выдавецтва (1910—13), Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў С.-Пецярбургскага ун-та (1912—14), ладзіліся бел. канцэрты і тэатр. спектаклі (гастролі трупы І.​Буйніцкага ў 1911, пастаноўка п’есы Я.​Купалы «Паўлінка» 9.2.1913). У 1-ю сусв. вайну ў С.-П. і яго наваколлі асела частка бежанцаў з Беларусі, якім дапамагала дабрачыннае Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны (1916—18); выдавалася газ. «Дзянніца» (1916—17). У 1917—20 тут вялі актыўную рэв., грамадска-паліт. і культ. дзейнасць арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, Беларускія секцыі РКП(б), Беларускі абласны камітэт пры Усерас. савеце сял. дэпутатаў (старшыня Я.​С.​Ханчар), Беларускі нацыянальны камісарыят (камісар А.​Р.​Чарвякоў), клуб «Беларуская хатка», Беларускае вольна-эканамічнае таварыства, Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства; друкаваліся часопісы «Белорусская криница», «Чырвоны шлях», газ. «Дзянніца», сфарміраваны Першы беларускі камуністычны атрад. У 1923—25 існавала Асацыяцыя беларускіх студэнтаў ВНУ у Петраградзе, а потым яе пераемнік — Бел. студэнцкае зямляцтва ў Ленінградзе (1925—37). У горадзе жылі і працавалі музыказнавец І.​І.​Салярцінскі, пісьменнік Л.​І.​Ракоўскі, вучоныя Б.​Р.​Галёркін, С.​Я.​Лур’е, У.​Ф.​Міткевіч, П.​Ф.​Папковіч, Л.​У.​Шчэрба, служылі контр-адміралы В.​П.​Дрозд, М.​Б.​Паўловіч, ген.-лейт. Ф.​Н.​Шульгоўскі і інш. выхадцы з Беларусі. Да канца 1980-х г. у С.-П. і Ленінградскай вобл. склаўся адзін з найбуйнейшых і кампактных бел. асяродкаў у Расіі (больш за 127 тыс. чал.). У выніку карэнных грамадска-паліт. зрухаў у СССР у горадзе адрадзілася нац.-культ. дзейнасць мясц. беларусаў, згорнутая пад ціскам сав. улад у 1930-я г. У 1989 засн. Беларускае грамадска-культурнае таварыства, якое мае філіял Т-ва бел. мовы імя Ф.​Скарыны (старшыня А.​Мыльнікаў) і рэгіянальную суполку Міжнар. асацыяцыі беларусістаў (старшыня В.​П.​Грыцкевіч), удзельнічае ў навук. канферэнцыях «Санкт-Пецярбург і беларуская культура» (у 1993—2001 адбылося 9 канферэнцый), з’ездах і сходах беларусаў замежжа, вядзецца бел. выдавецкая дзейнасць. Мастакі Ю.​Казак, В.​Сівуха і інш. ўваходзяць у творчае аб’яднанне краін Балтыі «Маю гонар». Бел.-рас. культ. сувязі даследуюць Грыцкевіч, М.​В.​Нікалаеў і інш., ваен. сувязі — І.​Я.​Краўцоў. З С.-П. звязана навук. дзейнасць ураджэнца Беларусі, лаўрэата Нобелеўскай прэміі 2000 па фізіцы Ж.​І.​Алфёрава.

Літ.:

Очерки истории Ленинграда. Т. 1—7. М.; Л., 1955—89;

Засосов Д.А., Пызин В.И. Из жизни Петербурга 1890—1910-х гг.: Зап. очевидцев. Л., 1991;

Санкт-Петербург. Петроград. Ленинград: Энцикл. справ. М., 1992;

Ленинград. Архит. ансамбли и памятники. 3 изд. Л. 1980;

Захаров О.Н. Архитектурные панорамы невских берегов. Л., 1984;

Бунин М.С. Мосты Ленинграда. Л., 1986;

Пунин А.Л. Архитектура Петербурга середины XIX в. Л., 1990;

Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;

Грыцкевіч В. Пяць гадоў дзейнасці Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Пецярбургу // Беларусіка-Albaruthenica. Мн., 1995. Кн. 5;

Белорусский сборник: Статьи и материалы по истории и культуре Белоруссии. Вып. 1. СПб., 1998;

Ленинградский мартиролог, 1937—1938. Т. 1—5. СПб., 1995—2001;

Хто ёсць Хто сярод беларусаў свету: Энцыкл. давед. Ч. 1. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах. Мн., 2000.

Л.​У.​Языковіч (беларусы ў Санкт-Пецярбургу).

Санкт-Пецярбург. Від на раку Фантанка.
Санкт-Пецярбург. Царква Уваскрэсення Хрыста Збавіцеля («Храм на крыві»). 1883—1907.
Санкт-Пецярбург. Помнік Пятру I («Медны коннік»). 1768—78.
Санкт-Пецярбург. Ісакіеўская плошча з помнікам Мікалаю I.
Санкт-Пецярбург. Стрэлка Васілеўскага вострава. Злева — будынак біржы.

т. 14, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)