ШАЛІГО́ЎСКІ (Szeligowski) Тадэвуш (15.9.1896, г. Львоў, Украіна — 10.1.1963),
польскі кампазітар, педагог. Д-р юрыд. н. (1922). Скончыў Ягелонскі ун-т і кансерваторыю (1918) у Кракаве. У 1931—39 праф. кансерваторый у Познані і Вільні, з 1945 у Познані і Варшаве. Арганізатар і ўдзельнік экспедыцыі па зборы бел. фальклору на Гродзеншчыне. Сярод твораў: опера «Бунт жакаў» (паст. 1951), балеты «Паўлін і дзяўчына» (паст. 1949), «Мазепа» (паст. 1959), сімф. сюіта «Казюкі» (1927), пабудаваная на інтанацыях бел. і літ. фальклору, хар. апрацоўкі бел. нар. песень «Перапёлка», «Дробны дожджык», «Ой, заржы, заржы» і інш. Сярод вучняў В.Рудзінскі, Г.Цітовіч. Дзярж. прэміі Польшчы 1950, 1951.
Г.І.Цітовіч.
т. 17, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШПЯНЁЎ Андрэй Андрэевіч (н. 28.2.1941, Душанбе),
бел. піяніст, кампазітар. Засл. арт. Беларусі (1982). Скончыў Бел. кансерваторыю (1967). З 1968 артыст Сімф. аркестра Бел. тэлебачання і радыё. З 1987 піяніст і аранжыроўшчык Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі пад кіраўніцтвам М.Фінберга. Стваральнік муз. перапрацовак твораў бел. кампазітараў-рамантыкаў 19 ст. Аўтар канцэрта для габоя і камернага арк., п’ес для эстр. арк., у т. л. фантазіі на тэмы твораў Я.Глебава, І.Лучанка, муз. кампазіцыі «Музычны партрэт Дж.Гершвіна», фп. ансамбляў на бел. нар. тэмы, аранжыровак песень бел. і замежных кампазітараў, у т. л. для бел. муз. фестываляў і конкурсаў, музыкі да дакументальных кінафільмаў і інш.
т. 17, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСТРАСЕНСО́РЫКА (ад экстра... + лац. sensus пачуццё, адчуванне),
1) адзін з кірункаў біяфізікі і парапсіхалогіі, звязаны з вывучэннем пачуццёвых спосабаў прыёму і апрацоўкі біял. інфармацыі.
2) Здольнасць бачыць біяполе (аўру) чалавека і па яго выглядзе рабіць дыягностыку здароўя, эмацыянальнага і фіз. стану. Людзей, якія валодаюць павышанай адчувальнасцю да біяполя і здольныя ім кіраваць, наз. экстрасэнсамі. Лічыцца, што яны могуць бачыць рух розных патокаў і віхраў, размешчаных уздоўж восі чалавека ў межах энергет. цэнтраў (цемя, міжброўе, аснова горла, узровень сэрца, сонечнае спляценне, лабок і прамежнасць), пазнаваць з дапамогай рукі расстройствы ў целе, выраўноўваць біяполе і аказваць лячэбнае ўздзеянне на чалавека.
т. 18, кн. 1, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЎКАРЫЁТЫ (ад грэч. eu добра + karyon ядро),
арганізмы, якія маюць у сваіх клетках марфалагічна аформленае ядро. Да Э. адносяцца адна- і шматклетачныя расл. і жывёльныя арганізмы, грыбы. У сістэматыцы Э. вылучаюць у надцарства і проціпастаўляюць пракарыётам.
Ядро аддзелена ад цытаплазмы ядзернай абалонкай і мае храмасомы, якія складаюцца з дэзоксірыбануклеінавай кіслаты і бялкоў (гістоны і інш.). У цытаплазме Э. ёсць клетачныя арганоіды: мітахондрыі, пластыды, Гольджы комплекс і інш. Клеткі часта маюць жгуцікі і раснічкі складанай будовы. Э. не фіксуюць атм. азот; аэробныя арганізмы або рэдка другасныя анаэробныя арганізмы. У большасці Э. — палавы працэс, у выніку якога ядры 2 клетак зліваюцца, потым адбываецца рэдукцыйнае дзяленне аплодненай клеткі.
т. 18, кн. 1, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́КЧЫЯ (італьян. breccia),
сцэментаваная абломкавая горная парода, складзеная з вуглаватых абломкаў розных парод (памерам 1 см і больш). Брэкчыі адрозніваюць па генезісе (асадкавыя, вулканічныя, тэктанічныя, апоўзневыя і інш.) і памерах (глыбавыя — больш за 100 см, буйна-, сярэдне- і дробнаабломкавыя — 100—10 см і інш.).
т. 3, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАНАМІ́ЧНАЯ ГЕАДЭ́ЗІЯ,
раздзел геадэзіі, які вывучае тэорыю і метады пабудовы астранома-геадэзічных сетак і вызначэння формы, памераў і гравітацыйнага поля Зямлі. Займаецца навуковымі праблемамі геадэзіі Зямлі як планеты ў цэлым на падставе вынікаў астранамічных, геадэзічных і гравіметрычных вымярэнняў на зямной паверхні і ў каляземнай прасторы.
т. 2, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРЫ́ (англ. і франц. jury ад лац. juro прысягаю),
1) група спецыялістаў, якая прысуджае ўзнагароды і прэміі на конкурсах, выстаўках, спаборніцтвах і інш. 2) У Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША і некат. інш. краінах калегія прысяжных (непрафесіянальных суддзяў), якія ўдзельнічаюць у разглядзе крымін. і грамадз. спраў.
т. 6, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАЗАРА́ДНАЯ ЗБРО́Я,
аўтаматычная зброя, з якой выконваюцца толькі адзіночныя стрэлы. Адрозніваюць баявую, паляўнічую і спарт. С.з. (вядомы самазарадныя пісталеты, вінтоўкі, карабіны і процітанкавыя ружжы). З сучасных узораў на ўзбраенні армій і ў якасці паляўнічай і спарт. С.з. выкарыстоўваюць пісталеты і вінтоўкі (баявыя — у асн. снайперскія).
т. 14, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСІЛЬВА́НСКАЕ ПЛАТО́ (Podişul Transilvaniei),
плато ў Румыніі, паміж Усх. і Паўд. Карпатамі і Зах. Румынскімі гарамі. Выш. 300—900 м. Складзена пераважна з пясчанікаў і вапнякоў. Моцна расчлянёныя ўзгоркі і куэставыя ўзвышшы, участкі стэпаў і лесастэпаў. Радовішчы солі, газу. Вырошчванне тытуню, пшаніцы, цукр. буракоў.
т. 15, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УПРА́ВА,
назва многіх органаў мясц. кіравання і самакіравання ў Рас. імперыі. 1) Выканаўчы орган губернскіх і павятовых земскіх устаноў (земскіх сходаў) і гарадскіх дум. Складалася са старшыні і некалькіх членаў, падпарадкоўвалася мін-ву ўнутр. спраў і губернатару.
2) Орган саслоўнага самакіравання (купецкага, мяшчанскага, рамеснага).
т. 16, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)