ГРЫШКАВЕ́Ц Валерый Фёдаравіч (н. 23.12.1953, г. Пінск Брэсцкай вобл.),
рускі паэт. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1995). Працаваў на з-дзе, у калгасе, матросам, у геолага-развед. атрадзе, на будоўлях Бураціі і Літвы. З 1989 у газ. «Полесская правда» (Пінск). Літ. дзейнасць пачаў у 1968. У лірыцы Грышкаўца (зб-кі «Час адпраўлення», 1981; «Кола буслінае», 1991) роздум над сац. і маральна-этычнымі праблемамі сучаснасці, разнастайнасцю жыцця чалавека з яго радасцямі і засмучэннямі, лёсам роднага краю. Перакладае на рус. мову творы бел. паэтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРЫНО́ВІЧ Хведар Хведаравіч (н. 14.9.1950, в. Крывічы Салігорскага р-на Мінскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1981). Працаваў на будоўлі, на Мінскім электратэхн. з-дзе, у рудаўпраўленні і на рамонтна-мех. заводзе ў Салігорску. З 1986 у газ. «Калійшчык Салігорска». Друкуецца з 1969. Роздум над разнастайнымі праблемамі сучаснасці і гісторыі, лёсам роднага слова, прыроды роднага краю ў зб-ках «Хлеб і соль» (1980), «Шматгалосная кветка» (1983), «Дачыненне» (1991), «Вішня цвіце» (1992), «Пасадзім па дрэўцу» (1993), «Што я ўнуку скажу» (1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СНІК (Husnik) Якуб (29.3.1837, Вейпрніцы, каля г. Пльзень, Чэхія — 26.3.1916),
чэшскі вучоны і вынаходнік у галіне фотамех. спосабаў рэпрадукавання. Працаваў у галіне геліяграфіі, фоталітаграфіі, фотацынкаграфіі. Прапанаваў рэпрадукцыйную эмульсію з фторыстым серабром, клішэ на слаях з жэлаціны і хлорнага жалеза (для высокага друку). Вынайшаў (1865—68) адзін змаст. спосабаў рэпрадукавання — фотатыпію. Аўтар манаграфій «Агульная галіна фотатыпіі» (1877, 3-е выд. 1885), «Геліяграфія» (1888) і інш. Вядомы таксама як жывапісец-партрэтыст.
Літ.:
Немировский Е. Выдающийся чешский фототехник // Сов. фото. 1957. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЙМЛЕР (Daimler) Готліб Вільгельм (17.3.1834, г. Шорндорф, Германія — 6.3.1900),
нямецкі інжынер-вынаходнік, стваральнік аўтамабіля (незалежна ад К.Бенца). У 1872—81 тэхн. дырэктар з-да газавых рухавікоў. У 1883 стварыў (з В.Майбахам) быстраходны (800 аб/мін) лёгкі аднацыліндравы 4-тактавы бензінавы рухавік. Устанавіў бензінавыя рухавікі на веласіпедзе (1885), лодцы (1886), 4-колавым аўтамабілі (1887). У 1890 заснаваў кампанію па вытв-сці рухавікоў (выпусціла першы аўтамабіль «Мерседэс», 1901), якая ў 1926 аб’ядналася з кампаніяй Бенца ў карпарацыю «Даймлер-Бенц».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКТУРО́ЎСКІ Уладзімір Сямёнавіч (18.11.1884, г. Мікалаеў, Украіна — 20.3.1935),
савецкі балотазнавец і палеабатанік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1907). З 1908 працаваў у Пецярбургскім бат. садзе, з 1918 на навук. і пед. рабоце ў Маскве, з 1934 у БДУ. Распрацаваў метад вывучэння сувязі паміж раслінным покрывам, водным рэжымам, геал. будовай балот і хім. саставам торфу. Увёў у практыку метад пылковага аналізу торфу. Склаў падрабязную характарыстыку балотных масіваў Беларусі, еўрап.ч. Расіі, Закаўказзя, Зах. Сібіры, Д. Усходу.
Тв.:
Тарфяныя балоты, іх утварэнне і развіццё. Мн., 1930.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАНЕ́ЎСКІ Дзмітрый Сяргеевіч (н. 6.7.1940, Мінск),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1985), праф. (1986). Скончыў БДУ (1962). З 1978 у БПА (з 1988 прарэктар), у 1993—95 у Мін-ве адукацыі і навукі Беларусі, з 1995 у БПА. Навук. працы па фізіцы і тэхніцы паўправаднікоў, мікраэлектроніцы, прыладабудаванні. Распрацаваў колькасныя і якасныя метады люмінесцэнтнага аналізу паўправаднікоў, апаратуру для тэхнал. кантролю якасці паўправадніковых матэрыялаў і прылад.
Тв.:
Физика и материаловедение полупроводников с глубокими уровнями. М., 1987 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГАКРЫ́ЛЫЯ, стрыжападобныя (Apodiformes),
атрад птушак. Зсям.: стрыжы, калібры, чубатыя стрыжы (Hemiprochidae). Больш за 420 відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва ў тропіках. На Беларусі трапляецца стрыж чорны (Apus apus).
Маса 1,6—140 г. Крылы доўгія і вузкія з пакарочанай плечавой косцю і кароткімі другараднымі махавымі пер’ямі, што забяспечвае хуткі манеўраны палёт. Большую ч. дня праводзяць у паветры, на зямлі бездапаможныя, узляцець з роўнай паверхні не могуць. Т-ра цела можа часова зніжацца і птушкі ўпадаюць у здранцвенне. Нясуць 1—6 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕМІДО́ВІЧ Леанід Аляксандравіч (н. 10.7.1937, Казань),
бел. геолаг. Д-р геолага-мінералагічных н. (1981), праф. (1989). Скончыў Казанскі ун-т (1959). З 1959 у Бел. геолага-разведачным НДІ (з 1970 нам. дырэктара, у 1975—83 дырэктар). З 1983 у БДУ. Навук. працы ў галіне геалогіі, пошуку і разведкі нафтавых і газавых радовішчаў. Стварыў схемы класіфікацыі парод-калектараў, стадый і этапаў літагенезу.
Тв.:
Формирование коллекторов нефтеносных комплексов Припятского прогиба. Мн., 1979. Литология и коллекторские свойства подсолевых девонских отложений Припятского прогиба. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСО́БІНА, індывід,
найменшая непадзельная адзінка біял. віду, якая знаходзіцца пад уздзеяннем фактараў эвалюцыі. Паняцце «асобіны» дастасуецца толькі да вышэйшых арганізмаў; для каланіяльных, сімбіятычных і арганізмаў з вегетат. размнажэннем яно ўмоўнае. У панміктычных відаў (якія свабодна скрыжоўваюцца) кожная асобіна — унікальная істота з уласнай генетычнай структурай, элементарная адзінка існавання ў біяцэнозе. У агамных відаў (з бясполым размнажэннем) кожная асобіна — самавытворная адзінка. У генет. сэнсе асобіна — часовы (ад нараджэння да смерці) носьбіт толькі часцінкі агульнага генафонду папуляцыі (віду), аднак яна актыўна ўдзельнічае ў эвалюцыйным працэсе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́ШЫНСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ СЯЛЯ́Н 1932,
узброенае выступленне сялян у Зах. Беларусі (в.Асташына і навакольныя вёскі Навагрудскага пав.) 19—20.3.1932 супраць падатковага прыгнёту. Адбылося пад кіраўніцтвам сялянскага к-та. Сяляне спалілі маёнтак абшарніка, сядзібы асадніка і гандляра, узброіўшыся паляўнічымі стрэльбамі, уступілі ў перастрэлку з паліцыяй, разграмілі паліцэйскі ўчастак, вызвалілі вязняў, захапілі зброю, спалілі двор каменданта паліцыі. Польскія ўлады жорстка расправіліся з удзельнікамі выступлення: паводле прыгавору надзвычайнага суда 5.7.1932 у Навагрудку 4 паўстанцы павешаны, 49 прыгавораны да турэмнага зняволення, з іх 5 да пажыццёвага зняволення.