БІЯПРЭПАРА́ТЫ (ад бія... + лац. praeparatus прыгатаваны), біялагічныя прэпараты,

рэчывы і прэпараты мікробнага, расліннага і жывёльнага паходжання, якія характарызуюцца высокай біял. актыўнасцю. Вял. пашырэнне атрымалі з сярэдзіны 1970-х г. у сувязі з развіццём геннай і клетачнай інжынерыі. Да біяпрэпаратаў адносяць большасць прадуктаў мікрабіял. сінтэзу (бялкова-вітамінныя дамешкі, антыбіётыкі, гармоны, монакланальныя антыцелы, інтэрферон і інш.), а таксама біял. сродкі барацьбы са шкоднікамі сельскай гаспадаркі, бактэрыяльныя ўгнаенні, прэпараты з лек. раслін, плацэнты жывёл і інш. Выкарыстоўваюцца пры лячэнні інфекц. хвароб і як біястымулятары.

т. 3, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОНСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры класіцызму. Пабудавана з дрэва ў 1826 у в. Блонь (Пухавіцкі р-н Мінскай вобл.). Сіметрычны прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай апсідай. Над бабінцам званіца (васьмярык на чацверыку) са шпілем, над сяродкрыжжам 8-гранны светлавы барабан са шлемападобным купалам. Гал. фасад акцэнтаваны манум. порцікам, які ўтвараюць 4 мураваныя калонкі і трохвугольны франтон. Сцены гарызантальна ашаляваны, завершаны карнізам з поясам «сухарыкаў», разным фрызам. У інтэр’еры асн. частка 3-нефавая, над бабінцам хоры.

Блонская Троіцкая царква.

т. 3, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЎН (Brown) Майкл Сцюарт (н. 13.4.1941, Нью-Йорк),

амерыканскі генетык. Чл. Нац. АН ЗША, Амерыканскай акадэміі навук і мастацтва. Скончыў Пенсільванскі ун-т (1962). Д-р медыцыны (1966). З 1968 у Нац. ін-це артрытаў і абменных хвароб, з 1971 праф. у Тэхаскім ун-це, у 1980 г. дырэктар Цэнтра генет. хвароб у Паўд.-Зах. мед. школе Тэхаскага ун-та. Навук. працы ца механізме транспарту ліпідаў і рэгуляцыі халестэрынавага абмену ў арганізме чалавека і жывёл. Нобелеўская прэмія 1985 (разам з Дж.Л.Голдстайнам).

М.Браўн.

т. 3, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРО́Н Марк Тэрэнцый (Marcus Terentius Varro; 116 да н.э., г. Рыеты, Італія — 27 да н.э.),

старажытнарымскі пісьменнік і вучоны-энцыклапедыст. Паходзіў з саслоўя коннікаў, займаў паліт. і ваен. пасады. У грамадз. вайне 49 выступаў супраць Цэзара. У 47 пасля прымірэння з Цэзарам па яго даручэнні арганізаваў і ўзначаліў першую ў Рыме публічную б-ку. Аўтар гіст., геагр., філас., літ. прац, асн. з іх «Старажытнасці...» (41 кн., не захаваліся), «Пра лацінскую мову» (25 кн.), «Навукі», «Меніпавы сатыры» (150 кн.), «Пра сельскую гаспадарку» (3 кн.).

т. 4, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ВІЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1926—27 і 1938—59. Утвораны 8.12.1926 у складзе Рэчыцкай акр. Цэнтр — вёска, з 29.4.1950 г.п. Васілевічы. Пл. 980 км², 23 нас. пункты, нас. 16 993 чал. (1925). Падзяляўся на 15 сельсаветаў. З 9.6.1927 у складзе Гомельскай акр. 4.8.1927 скасаваны, яго тэр. далучана да Рэчыцкага і Хойніцкага р-наў. 20.2.1938 адноўлены ў Палескай вобл., уключаў 15 сельсаветаў. З 8.1.1954 у складзе Гомельскай вобл. Скасаваны 16.9.1959, тэр. раёна перададзена ў Калінкавіцкі і Рэчыцкі р-ны.

т. 4, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСТРАКІ́ЛЬНІЦА (Lembotropis),

род кветкавых раслін сям. бабовых. 3 віды. Пашыраны ў Сярэдняй, Паўд. і Усх. Еўропе. На Беларусі на ПдЗ зрэдку трапляецца вастракільніца чарнеючая (Lembotropis nigricans). Расце на пясчаных мясцінах, у хваёвых барах, на высечках.

Куст выш. да 1,5 м, ад асновы моцнагалінасты, з прамымі прутападобнымі ўзыходнымі галінкамі. Лісце трайчастае, з непрыкметнымі прылісткамі. Кветкі залаціста-жоўтыя, з непрыемным пахам, у негустых коласападобных гронках. Кіль лодачкі на верхавінцы дзюбападобна адцягнуты (адсюль назва). Плод — падоўжна-лінейны боб. Дэкар., сідэратныя і меданосныя расліны.

Вастракільніца чарнеючая.

т. 4, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎЧА́НКА туберкулёзная,

найбольш цяжкая форма туберкулёзу скуры. Узбуджальнік (туберкулёзная палачка) трапляе ў скуру праз яе пашкоджанні, часцей — з раней пашкоджаных туберкулёзам унутр. органаў і лімфатычных вузлоў. Хвароба пачынаецца ў дзіцячым і юнацкім узросце з бугаркоў (3—4 мм у дыяметры) чырвонага ці жоўта-чырвонага колеру. З цягам часу бугаркі зліваюцца; на іх месцы застаецца стончаны белы рубец, на якім могуць з’явіцца новыя бугаркі. Лакалізацыя: скура твару, вушных ракавін, шыі, іншы раз скура ягадзіц, рук і ног. Лячэнне: супрацьтуберкулёзныя прэпараты, полівітаміны, агульнаўмацавальныя сродкі.

т. 4, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РАСАЎ Гаўрыла Мікалаевіч (10.8.1912, Мінск — 18.11.1979),

бел. шахматыст. Міжнар. майстар (1949). Канд. гіст. н. (1952). Засл. работнік культуры Беларусі (1972). Скончыў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1952). У 1952—58 старшыня праўлення Бел. т-ва культ. сувязі з заграніцай, у 1963—74 выкладаў у Мінскім пед. ін-це замежных моў. Чэмпіён БССР у 1936, 1939, 1941, 1958, 1963. Паспяхова выступаў у чэмпіянатах СССР і міжнар. матчах. Імем Верасава названы пачатак у адным з дэбютаў ферзевых пешак, адна з сістэм у сіцыліянскай абароне.

т. 4, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСТМІ́НСТЭРСКІ СТАТУ́Т 1931,

акт брыт. парламента ад 11 снеж., які вызначаў прававыя адносіны Вялікабрытаніі з яе дамініёнамі. Афіцыйна замацаваў рашэнне імперскай канферэнцыі 1926 аб прызнанні самастойнасці дамініёнаў ва ўнутр. і знешніх справах, іх роўнасці з метраполіяй. Паводле Вестмінстэрскага статута законы Вялікабрытаніі не маглі пашырацца на дамініёны без іх згоды, скасоўвалася правіла, у адпаведнасці з якім закон дамініёна лічыўся несапраўдным, калі пярэчыў законам метраполіі. Хоць Вялікабрытанія фактычна захоўвала кантроль над знешняй палітыкай дамініёнаў, Вестмінстэрскі статут сведчыў пра рост іх эканам. і паліт. самастойнасці.

т. 4, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЁРНЕР (Wörner) Манфрэд (24.9.1934, г. Штутгарт, Германія — 13.8.1994),

палітычны і дзярж. дзеяч ФРГ. Юрыст. Вучыўся ў Гейдэльбергскім, Парыжскім і Мюнхенскім ун-тах. Чл. партыі Хрысц.-дэмакр. саюз з 1956, чл. яе праўлення (з 1973). Саветнік у ландтагу (парламенце) зямлі Бадэн-Вюртэмберг (1962—64). Дэп. бундэстага (з 1965), чл. і старшыня (1977—82) яго камісіі па справах абароны. Міністр абароны ФРГ у 1982—88. У 1988—94 ген. сакратар НАТО (першы немец на гэтай пасадзе), садзейнічаў карэкціроўцы курсу блока (праграма «Партнёрства дзеля міру»).

т. 4, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)