ТРАНСЦЭНДЭ́НТНЫ ЛІК,

лік, які не з’яўляецца коранем ніякага мнагаскладу з цэлымі каэфіцыентамі; сапраўдны ці ўяўны лік, які не з’яўляецца алгебраічным лікам. Існаванне Т.л. абгрунтаваў франц. матэматык Ж.​Ліувіль (1844). Метады тэорыі Т.л. дастасавальныя да шэрагу праблем пры даследаваннях дыяфантавых ураўненняў. Т.Л., напр., з’яўляюцца лік π = 3,1415..., лік e = 2,718..., якія шырока выкарыстоўваюцца ў матэматыцы, механіцы і фізіцы.

т. 15, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРО́СНА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Бельчыца, за 5 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,25 км², даўж. 550 м, найб. шыр. 480 м, даўж. берагавой лініі 1,55 км, пл. вадазбору 2,62 км². Схілы катлавіны выш. да 5 м, на З і Пн не выражаны. Выцякае ручай у р. Бельчыца.

т. 15, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫМІ́Н,

прыроднае арганічнае злучэнне з групы пірымідзінавых асноў. Прысутнічае ва ўсіх жывых клетках у саставе ДНК, у невял. колькасці — у трансп. РНК. Сінт. аналаг Т. — 5-бромурацыл (моцны мутаген): замяшчае Т. у ланцугу ДНК, парушае правільнае ўтварэнне пар нуклеатыдаў паводле прынцыпу камплементарнасці, што вядзе да памылак пры рэплікацыі ДНК і счытванні генет. кода. Гл. таксама Нуклеінавыя кіслоты.

т. 16, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЙЛЕРЫЁЗЫ,

інвазійныя трансмісіўныя хваробы жвачных жывёл групы піраплазмідозаў, якія выклікаюцца ўнутрыклетачнымі паразітамі, прасцейшымі з роду тэйлярыя. Пашыраны ў Афрыцы, трапічных і субтрапічных краінах Азіі і інш. Узбуджальнікі лакалізуюцца ў клетках імуннай сістэмы, эрытрацытах, лімфацытах, гістыяцытах. Пераносчыкі — іксодавыя кляшчы. Хваробы суправаджаюцца анеміяй, ліхаманкай, шматлікімі кровазліццямі і дэгенератыўнымі аняменнямі органаў. Смяротнасць сярод маладняку да 90%, дарослых жывёл — 60—70%.

т. 16, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕВІЗІ́ЙНЫ ПЕРАДА́ТЧЫК,

прылада (комплекс апаратуры) для пераўтварэння відэасігналу (поўнага каляровага тэлевізійнага сігналу) і сігналу гукавога суправаджэння ў поўны тэлевізійны радыёсігнал для выпрамянення яго перадавальнай тэлевізійнай антэнай. Уваходзіць у склад перадавальнай тэлевізійнай станцыі. Магутнасць Т.п. да соцень кілават. Папярэднія каскады вырабляюцца на паўправадніковай элементнай базе, выхадныя — пераважна на электронных лямпах (прамянёвых тэтродах ці клістронах, у залежнасці ад дыяпазону рабочых частот).

т. 16, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕМА́ТЫКА, тэлематычная служба,

сукупнасць аператыўных сродкаў электрасувязі. Забяспечвае абмен дыскрэтнымі літарна-лічбавымі і відэаграфічнымі (чорна-белымі і каляровымі) паведамленнямі паміж абанентамі, а таксама атрыманне інфарм.-даведачных матэрыялаў з цэнтралізаваных банкаў даных, напр., з глабальнай сеткі Інтэрнет. Прыём-перадача паведамленняў ажыццяўляецца па каналах тэлефоннай сеткі агульнага карыстання. Да Т. адносяць відэатэкс, розныя віды факсімільнай сувязі і інш.

т. 16, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́ЛЬМАН,

вёска ў Малейкаўскім с/с Брагінскага р-на Гомельскай вобл., на правым беразе р. Брагінка, на аўтадарозе Брагін—Холмеч. Да 1934 наз. Двор Гарадзішча. Цэнтр калгаса. За 4 км на ПнУ ад г.п. Брагін, 115 км ад Гомеля, 25 км ад чыг. ст. Хойнікі. 165 ж., 58 двароў (2002). Помнік архітэктуры — парк (канец 18 ст.).

т. 16, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́РМАС (ад грэч. thermos цёплы, гарачы),

пасудзіна, якая забяспечвае захаванне адносна пастаяннай тэмпературы. Засцерагае прадукты харчавання ад астывання або награвання. Уяўляе сабою Дзьюара пасудзіны, змешчаныя ў метал. або пластмасавы корпус. Паводле прызначэння адрозніваюць Т. бытавыя (ёмістасць 0,25—3 л), грамадскага харчавання (да 30 л) і т.зв. тэрмакантэйнеры, якія маюць некалькі судкоў з харчаваннем (напр., піражкі, марожанае і інш.).

т. 16, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫЯ З’ЯВЫ сукупнасць з’яў, звязаных з патокамі носьбітаў зараду, выкліканымі градыентам т-ры, і пераносам цяпла эл. токам. Да Т.з. адносяцца Зеебека з’ява, Пельцье з’ява, Томсана з’ява. Прычына Т.з. — парушэнне цеплавой раўнавагі ў патоку носьбітаў току. На Т.з. заснавана работа тэрмаэл. датчыкаў т-ры, халадзільных установак, тэрмаэл. генератараў, тэрмастатаў, анізатропных тэрмаэлементаў, сістэм ахаладжэння некаторых электронных прылад і інш.

т. 16, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭХНАЛО́ГІЯ БЯЗЛЮ́ДНАЯ,

тэхналагічныя працэсы, якія ажыццяўляюцца аўтаматызаванымі тэхн. комплексамі (аўтаматычныя лініі, прамысловыя робаты, маніпулятары і да т.п.).

Тэхн. асновай стварэння Т.б. з’яўляюцца рабатызацыя і аўтаматызацыя вытворчасці, укараненне робататэхнічных комплексаў. Знайшла выкарыстанне бязлюдная выемка карысных выкапняў (вугалю і інш.), пры якой не патрабуецца прысутнасць рабочых у забоях, а кіраванне абсталяваннем ажыццяўляецца дыстанцыйна. Найб. перспектыўнае ўкараненне Т.б. у шкодных вытв-сцях.

т. 16, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)