АТМАСФЕ́РА ЗО́РАК,

паверхневы слой зорак, у якім фарміруецца лінейчасты спектр выпрамянення зорак. У атмасферы зорак вылучаюцца 3 слоі: фотасфера — самы глыбокі і тонкі, які дае асн. частку бачнага выпрамянення, над ёй размяшчаюцца больш празрыстыя слаі — храмасфера і працяглая карона. Веды пра зоркі атрыманы пры вывучэнні спектра выпрамянення атмасферы зорак. Характар зоркавага спектра вызначаецца хім. і фіз. ўласцівасцямі атмасферы зорак, іх т-рай, ціскам, шчыльнасцю, хім. саставам і інш. Больш вывучана фотасфера зорак, храмасфера і карона — у Сонца.

т. 2, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТМАСФЕ́РА ПЛАНЕ́Т,

знешняя газавая абалонка планет Сонечнай сістэмы. Фарміраванне атмасферы планет звязана з эвалюцыяй планеты; структура, дынаміка і хім. састаў вызначаюцца месцазнаходжаннем планеты, яе масай і параметрамі руху. Сярод зямной групы планет атмасферу маюць Зямля, Венера, Марс; практычна пазбаўлены газавай абалонкі Меркурый, а таксама Месяц.

У атмасферы Зямлі асн. кампанентамі з’яўляюцца азот і кісларод, у атмасферах Венеры і Марса — вуглякіслы газ (95%). Планеты-гіганты маюць магутныя вадародна-геліевыя атмасферы з метанам і аміякам. Даследаванне структуры, саставу і дынамікі атмасферы планет праводзяць з дапамогай касм. апаратаў «Месяц», «Венера», «Марс», «Марынер», «Вікінг», «Вояджэр» і інш.

т. 2, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТМАСФЕ́РНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

атмасферная радыяцыя, цеплавое электрамагнітнае выпрамяненне атмасферы (інфрачырвоныя прамяні з даўж. хваляў 4—120 мкм); частка радыяцыйнага балансу атмасферы. Каля 70% яго падае на зямную паверхню (процівыпрамяненне атмасферы), каля 30% ідзе ў космас. Інтэнсіўнасць атмасфернага выпрамянення павялічваецца з павышэннем т-ры паветра, воблачнасці і забруджанасці атмасферы. Сярэднія значэнні процівыпрамянення атмасферы ў Мінску ад 627 ў лютым да 971 Мдж на 1 м² у ліп., інтэнсіўнасць — адпаведна ад 0,26 да 0,34 кВт на 1 м².

т. 2, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТМАСФЕ́РНАЯ РАДЫЯ́ЦЫЯ,

гл. Атмасфернае выпрамяненне.

т. 2, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТМАСФЕ́РНАЯ ТУРБУЛЕ́НТНАСЦЬ,

асаблівасць рухаў паветраных патокаў, што маюць неўпарадкаваны характар на фоне агульнай цыркуляцыі атмасферы; адна з асн. уласцівасцяў атмасферы. Прычыны атмасфернай турбулентнасці — узнікненне паветраных вихращ рознага памеру. У выніку адбываецца хуткае перамешванне паветра, асабліва вертыкальнае, абмен цяплом, вільгаццю, аэразольнымі часцінкамі паміж асобнымі яго слаямі. Ад атмасфернай турбулентнасці залежыць сутачны ход ветру, формы воблакаў, асаблівасці ападкаў.

т. 2, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТМАСФЕ́РНАЯ ЭЛЕКТРЫ́ЧНАСЦЬ,

1) сукупнасць электрычных з’яў і працэсаў у атмасферы Зямлі (эл. поле атмасферы, іанізацыя паветра, эл. зарады воблакаў і ападкаў, эл. токі і разрады ў атмасферы і інш.). Каля зямной паверхні існуе стацыянарнае эл. поле; Зямля мае адмоўны зарад, атмасфера ў цэлым зараджана дадатна. У трапасферы ўсе воблакі і ападкі, пыл і інш. завіслыя часцінкі электрычна зараджаны. Атмасферная электрычнасць — прычына ўтварэння маланак, агнёў святога Эльма (свячэнне на вастрыях званіц, мачтаў і інш.), з ёй звязаны палярныя ззянні.

2) Раздзел фізікі атмасферы, які вывучае гэтыя з’явы.

т. 2, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТМАСФЕ́РНЫ ФРОНТ,

гл. Фронт атмасферны.

т. 2, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТМАСФЕ́РНЫ ЦІСК,

ціск паветра на паверхню Зямлі і на ўсе прадметы ў атмасферы. Вымяраецца барометрам, фіксуецца барографам. Сярэдняя велічыня на ўзроўні мора 1013,25 мілібар (мб), што адпавядае 760 мм ртутнага слупа, ці 1013,25 гектапаскалям (гПа). З вышынёй атмасферны ціск змяншаецца (у прыземным слоі паветра прыблізна на 1 гПа на кожныя 8 м). Ваганні атмасфернага ціску бываюць перыядычныя — сутачныя, гадавыя (выклікаюцца нераўнамернасцю награвання і ахаладжэння зямной паверхні), неперыядычныя (найчасцей звязаны з цыклонамі і антыцыклонамі). Розніца ў атмасферным ціску з’яўляецца прычынай ветру. Рэзкія змены ціску неспрыяльныя для здароўя людзей. На Беларусі за апошнія 100 гадоў самы высокі паказчык ціску ў 1037,1 гПа адзначаны ў Гомелі (люты 1972), самы нізкі — 942,9 гПа — у Мінску (снеж. 1957).

А.У.Камароўская.

т. 2, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТМАСФЕ́РЫКІ,

электрычныя сігналы, створаныя радыёхвалямі, што выпрамяняюцца пры разрадах маланкі. Пры радыёпрыёме ўспрымаюцца як шоргаты ці посвісты. Даследаванні атмасферыкаў дазваляюць выявіць механізм распаўсюджвання звышдоўгіх эл.-магн. хваляў, а таксама ўласцівасці самых ніжніх і надзвычай высокіх слаёў іанасферы, дзе атмасферыкі распаўсюджваюцца.

т. 2, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТМАФІ́ЛЬНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,

некаторыя хімічныя элементы атмасферы Зямлі. Паводле геахім. класіфікацыі элементаў да атмафільных элементаў адносяцца вадарод, азот і інертныя газы (гелій, неон, аргон, крыптон, ксенон і радон), якія ў атмасферы знаходзяцца ў стане свабодных атамаў або малекул. Кісларод належыць да літафільных элементаў (складае 47% літасферы).

т. 2, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)