ГЕНІ́ЧАСКІ ПРАЛІ́Ў, Тонкі,

праліў, што злучае Азоўскае м. з зал. Сіваш, паміж паўн. краем Арабацкай Стрэлкі і мацерыком. Даўж. каля 4 км, шыр. 80 — 150 м, глыб. да 4,6 м. Порт Генічаск.

т. 5, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗУА́ЛЬНАСЦЬ (лац. casualis ад casus выпадак),

вучэнне аб выпадковасці; погляд, што ў свеце пануе выпадковасць, адстойвалі Эпікур, Лукрэцый Кар і інш. філосафы. У пераносным сэнсе казуальны — выпадковы, адзінкавы, які не паддаецца абагульненню.

т. 7, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЕ́Ш,

у беларусаў 1) страва з мяснога булёну, падкалочанага мукой. Калі не было мяса, К. заскварвалі салам.

2) Густы, звычайна малочны суп з прасяных, радзей з ячных круп.

3) Тое, што крупнік.

т. 8, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕДАСПА́Д,

ледалом, участак ледавіка, разбіты глыбокімі трэшчынамі на асобныя глыбы рознай формы і памеру. Утвараецца ў месцах стромкага перагібу падоўжнага профілю ложа ледавіка, дзе павялічваецца скорасць руху масіву лёду, што выклікае расколы.

т. 9, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНЕВАЯ СІ́ЛА ў механіцы,

сіла, прыкладзеная да пунктаў паверхні цела. Напр., атмасферны ціск на паверхню Зямлі і на ўсе целы ў атмасферы, сілы супраціўлення асяроддзя, што дзейнічаюць на рухомае цела, рэакцыі апор.

т. 11, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЯРО́ЧНАЯ ХВА́ЛЯ,

хваля, што распаўсюджваецца ў напрамку, перпендыкулярным да плоскасці, у якой адбываюцца ваганні часцінак асяроддзя (для мех. хвалі) ці ў якой ляжаць вектары напружанасці эл. і магн. палёў (для электрамагнітнай хвалі).

т. 12, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАФІ́РАВАННЕ МІЖНАРО́ДНАГА ДАГАВО́РА,

пацвярджэнне аўтэнтычнасці тэксту дагавора ініцыяламі ўпаўнаважаных дагаворных дзяржаў, якое сведчыць, што дадзены ўзгоднены тэкст дагавора з’яўляецца канчатковым. Парафіраванне можа адносіцца да ўсяго тэксту дагавора або да асобных яго артыкулаў.

т. 12, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Б,

другая літара беларускага і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай («букі»), утворанай графічным відазмяненнем візантыйскай літары B. Рознае напісанне лац. B і слав. Б абумоўлена тым, што лац. алфавіт узнік на асн. грэчаскага (праз пасрэдніцтва этрускага) у 7—6 ст. да нашай эры, калі β перадавала гук «б», у перыяд станаўлення слав. алфавіта ў 9 ст. β вымаўлялася грэкамі як «в» і замацавалася ў кірыліцы для перадачы гэтага гуку. Не мела лікавага значэння. У сучаснай бел. мове абазначае выбухныя звонкія губна-губныя фанемы («б») і («б’»), што рэалізуюцца па-рознаму ў залежнасці ад якасці суседніх гукаў ці пазіцыі ў слове.

А.​М.​Булыка.

т. 2, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГУШЭ́ЎСКІ БОЙ 1941,

бой партыз. атрадаў Багушэўскага (камандзір А.​К.​Стэльмах), І.​Ф.​Бяляева і групы сав. ваеннаслужачых, якія трапілі ў акружэнне (камандзір П.​С.​Гапонцаў), з ням.-фаш. захопнікамі ў г.п. Багушэўск Віцебскай вобласці ў вер. 1941. У ноч на 4 вер. асн. група партызанаў закідала гранатамі памяшканне камендатуры варожага гарнізона ў пасёлку, разграміла раённую ўправу, знішчыла аўтамашыны, пам. ваеннага каменданта Віцебска, што прыехаў на нараду, захапіла трафеі і дакументы і вярнулася на базу. Група прыкрыцця з боку шашы Віцебск—Орша перашкодзіла прыбыццю дапамогі фаш. гарнізону. Акупац. газета «Витебский вестник» паведамляла, што на Багушэўск напаў атрад колькасцю 1000 чал., узброены танкамі, артылерыяй, мінамётамі і кулямётамі.

т. 2, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКТЭРЫЦЫ́ДЫ [ад бактэрыі + ...цыд(ы)],

бактэрыцыдныя рэчывы, рэчывы, што выклікаюць гібель бактэрый. Дзеянне бактэрыцыдаў звязана з іх уплывам на рост і дзяленне бактэрый і залежыць ад т-ры і кіслотнасці асяроддзя. Да бактэрыцыдаў адносяцца дэзінфекцыйныя сродкі, антысептычныя сродкі, многія з хіміятэрапеўтычных (антыбіётыкі і сульфаніламіды) і дэрматалагічных прэпаратаў, рэчываў для аховы раслін, матэрыялаў і вырабаў ад біяразбурэння, фунгіцыдаў і інш. Механізм і выбіральнасць дзеяння бактэрыцыдаў і адчувальнасць бактэрый да іх вагаюцца ў шырокіх межах. Пры працяглым лек. выкарыстанні пэўных відаў бактэрыцыдаў узнікаюць расы патагенных мікраарганізмаў, устойлівыя да іх, што абумоўлівае неабходнасць ужывання больш высокіх дозаў бактэрыцыдных рэчываў або пошук, распрацоўку і замену іх новымі відамі. Гл. таксама Бактэрыцыднасць.

т. 2, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)