сістэма лячэння мізэрна малымі дозамі індывідуальна падабраных лякарстваў. Прапанавана ў канцы 18 ст.ням. урачом С.Ганеманам, які сцвярджаў, што хваробы можна лячыць маленькімі дозамі тых рэчываў, якія ў вял. дозах выклікаюць сімптомы, падобныя на прыкметы дадзенай хваробы (прынцып лячэння падобным). Гамеапатыя разглядае падыход да хваробы як да індывід. рэакцыі хворага на пашкоджвальны фактар, што залежыць ад спадчынна-канстытуцыянальных асаблівасцей арганізма. Як метад лячэння гамеапатыя афіцыйна прызнана ў многіх краінах свету; выкарыстоўваецца таксама ў вет. практыцы. На Беларусі дзейнічаюць гомеапатычныя лячэбныя цэнтры і аптэкі, вядзецца гомеапатычны прыём у паліклініках, санаторыях.
Гамеапатыя ўзнікла і атрымала пашырэнне ў Германіі, потым і ў інш.еўрап. краінах (у Расіі — з канца 1820-х г.) у той перыяд, калі ў медыцыне канкурыравалі супярэчлівыя тэорыі, шырока выкарыстоўваліся кровапусканні, клізмы, ірвотныя і стабільныя лек. рэчывы, якія знясільвалі арганізм хворага. У параўнанні з недахопамі лячэбнай медыцыны гамеапатыя адыгрывала пазітыўную ролю. Але з самага пачатку свайго існавання яна выклікала крытыку з боку прадстаўнікоў афіц. медыцыны. Асн. аб’ектам крытыкі былі вельмі нізкія канцэнтрацыі рэчываў, калі ў растворах знаходзіцца менш адной малекулы актыўнага рэчыва. Пазней даказана, што біял. актыўнасць рэчываў можа захоўвацца і ў канцэнтрацыях, адпаведных гомеапатычным. Гомеапатычныя лякарствы не выклікаюць пабочных эфектаў і алергічных рэакцый, не прычыняюць шкоды хвораму. Развіццём класічнай гамеапатыі стала тэорыя гоматаксікалогіі, распрацаваная ням. урачом. Г.Рэкевегам у 1950-я г., якая аб’яднала гамеапатыю і навук. медыцыну
Літ.:
Гомеопатический домашний лечебник. 2 изд. М., 1993;
Гомеопатия: Практ. руководство к гомеопат. медицине. Т. 1—2. М., 1995;
Шаретт Ж. Практическое гомеопатическое лекарствоведение: Пер. с фр. Киев, 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАТЭРМА́ЛЬНАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,
тып цеплавой электрастанцыі, якая пераўтварае глыбіннае цяпло Зямлі ў эл. энергію. Эканамічна выгадныя ў рэгіёнах з дастатковымі рэсурсамі тэрмальных вод (найб. высокія т-ры падземных вод у вулканічных раёнах, дзе яны выходзяць на паверхню ў выглядзе перагрэтай пары). У геатэрмальнай электрастанцыі выкарыстоўваюцца прамая (пара паступае прама ў турбіну), непрамая (з папярэдняй ачысткай пары ад агрэсіўных газаў) і змешаная тэхнал. схемы атрымання электраэнергіі. Перавагі геатэрмальнай электрастанцыі перад традыцыйнымі ЦЭС — адсутнасць кацельні, палівападачы, меншы сабекошт атрыманай энергіі.
Глыбіннае цяпло ўтвараецца ў выніку радыеактыўнага распаду, хім. рэакцый і інш. працэсаў, што адбываюцца ў зямной кары (гл.Геатэрмія). Т-ра падземных вод і горных парод павялічваецца на 1 °C пры паглыбленні на 33 м (гл.Геатэрмічная ступень) і на глыб. 5 км складае каля 160 °C. Геатэрмальныя электрастанцыі працуюць у ЗША, Італіі, Японіі, Новай Зеландыі, Ісландыі. У СССР першая геатэрмальная электрастанцыя магутнасцю 5 МВт пушчана ў 1966 на поўдні Камчаткі, да 1980 яе магутнасць даведзена да 11 МВт. На Беларусі перспектыўныя на ўтрыманне тэрмальных вод раёны Прыпяцкай упадзіны, але практычнае іх выкарыстанне праблематычна. Як магчымая можа разглядацца сістэма «гарачыя скальныя пароды» (ГСП), пры якой на глыбіню да 4 км у свідравіну трэшчынаватых парод напампоўваецца вада, што ад кантакту пад ціскам з ГСП набывае т-ру да 180 °C і больш. Яна выходзіць праз іншую свідравіну і пераўтвараецца ў тэхнал. пару.
Літ.:
Драгун В.Л., Конев С.В. В мире тепла. Мн., 1991;
Выморков Б.М. Геотермальные электростанции. М., Л., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ХА,
орган слыху і раўнавагі ў чалавека і пазваночных жывёл; частка слыхавога апарата. У чалавека і большасці сучасных відаў пазваночных падзяляецца на вонкавае, сярэдняе і ўнутранае вуха (у кітападобных, ластаногіх, у рыючых жывёл, якія жывуць у тоўшчы глебы, у дарослых птушак, некаторых земнаводных і рэптылій адзначаецца рэдукцыя вонкавага, а ў шэрагу відаў і сярэдняга вуха). Вонкавае вуха (вушная ракавіна і вонкавы слыхавы праход) перадае ваганні паветра на барабанную перапонку.
Зачаткі яго ёсць у кракадзілаў, найб. складаную форму яно набыло ў млекакормячых. Сярэдняе вуха знаходзіцца ў скроневай косці за барабаннай перапонкай, уключае барабанную поласць, комплекс слыхавых костачак (малаточак, кавадлачка, стрэмечка ў млекакормячых, слупок — у амфібій, рэптылій і птушак), злучана з вонкавым асяроддзем (праз глотку) еўстахіевай трубой. Перадае гукавыя ваганні з барабаннай перапонкі на авальнае акенца ўнутранага вуха і ахоўвае яго ад перагрузак, узмацняе гукавыя частоты на аснове з’яў рэзанансу. Унутранае вуха размешчана ў тоўшчы скроневай косці, складаецца з перапончатага (сістэма злучаных паміж сабой і запоўненых эндалімфай танкасценных поласцей — мяшочкаў і праток) і касцявога (пераддзвер’е, паўкружныя каналы, улітка, запоўненыя перылімфай) лабірынтаў. Унутранае вуха ўключае т.зв.кортыеў орган, да слыхавых клетак якога падыходзяць канцы слыхавых нерваў, слыхавую частку (улітка) і вестыбулярны апарат. Вушная ракавіна, вонкавы слыхавы праход, барабанная перапонка, слыхавыя костачкі і лабірынтавая вадкасць складаюць гукаправодны апарат вуха, кортыеў орган, слыхавыя клеткі і нервы — гукаўспрымальную частку, вестыбулярны апарат — орган раўнавагі. Аналіз інфармацыі, якую атрымала вуха, адбываецца ў нерв. цэнтрах стваловай і коркавай частак мозга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА «МІНСК»,
серыя універсальных лічбавых вылічальных машын агульнага прызначэння. Укаранёна ў вытв-сць Мінскім з-дам ЭВМ імя Арджанікідзе. Выкарыстоўваецца ў вылічальных цэнтрах, вылічальных сістэмах і аўтаматызаваных сістэмах рознага прызначэння.
Выпуск лямпавых машын 1-га пакалення серыі «Мінск-1» распачаты ў 1960 (папярэдняя мадэль — лямпавая выліч. машына М-3М створана ў 1959). Мадыфікацыі вылічальных машын «Мінск-11», «Мінск-12», «Мінск-14» мелі запамінальны блок большай ёмістасці, дадатковыя прылады ўводу-вываду інфармацыі. Выкарыстоўваліся пераважна для рашэння інжынерна-канструктарскіх і навук.-тэхн. задач матэм. і логікавага характару. У 1964 асвоены выпуск вылічальнай машыны «Мінск-2» 2-га пакалення (на дыскрэтных паўправадніковых элементах) з павышанай надзейнасцю, адначасовай работай вылічальніка і выхадных прыстасаванняў; мелі агрэгатную канструкцыю, магчымасць мяняць склад прылад і прыстасаванняў. У мадыфікацый вылічальных машын «Мінск-2», «Мінск-22М» прадугледжваўся ўвод-вывад інфармацыі з перфакартаў, перфастужак, магн. стужак, тэлетайпа і інш. Інфармацыйная вылічальная машына «Мінск-23» (выпуск 1965) максімальна прыстасавана для апрацоўкі розных відаў эканам. інфармацыі. У 1969 асвоены выпуск шматпраграмнай вылічальнай машыны «Мінск-32» (аднапрацэсарная выліч.сістэма), якая мела праграмную сумяшчальнасць з вылічальнай машынай «Мінск-22», ахову адной праграмы ў аператыўнай памяці ад другой, магчымасць далучэння вонкавых прыстасаванняў (у т. л.ЭВМ з утварэннем аднароднай выліч. сістэмы) і інш. У 1970-я г. пачаўся выпуск машын 3-га пакалення адзінай сістэмы электронных вылічальных машын — ЕСЭВМ. У 1990-я г. распрацавана і ўкаранёна ў вытв-сць сям’я машын новага пакалення «Мінск-9000». За стварэнне сям’і вылічальных машын «Мінск» групе спецыялістаў з-да, НДІЭВМ і Выліч. цэнтра АН Беларусі прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1970.
М.П.Савік.
Вылічальная машына «Мінск-9000» (ЕС-1230): 1 — перыферыйныя тэрміналы; 2 — стойка цэнтральнага працэсара; 3 — цэнтральны тэрмінал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛУЧЭ́ННЕ ЗЯМЕ́ЛЬ БЕЛАРУ́СІ ДА РАСІ́ЙСКАЙ ІМПЕ́РЫІ.
Ажыццёўлена ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй у 1772, 1793 (без Аўстрыі) і 1795 (пра кожны падзел гл. асобны арт.). Расія набыла пераважна землі Беларусі, Левабярэжнай Украіны Правабярэжнай Украіны, Літвы пл. 41 млн.дзес. з 3,8 млн.чал.Бел. землі ў 1802 атрымалі ўстойлівы адм.-тэр. падзел: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. (пра кожную губ.гл. асобны арт.). Вышэйшую ўладу на месцах узначальвалі губернатары і ген.-губернатары. Калегіяльным органам пры губернатару было губернскае праўленне. Сістэмасуд. органаў улады будавалася адпаведна Устанаўленню для кіравання губернямі 1775 з захаваннем саслоўнасці іх прадстаўніцтва. Паліт. правы паноў (памешчыкаў-прыгоннікаў) і шляхты размяжоўваліся і абмяжоўваліся. З 1772 праводзіўся разбор шляхты. З 1773 да выбараў на судовыя пасады дапускаліся толькі асобы, якія мелі больш за 20 прыгонных; пазней былі забаронены самавольныя шляхецкія сходы (ранейшыя сеймікі). Антырус. настроі шляхты прывялі да паўстання 1794. У ходзе рэвізіі 1772, 1782, 1795 і інш. былі запрыгонены катэгорыі раней вольных людзей (выбранцы, зямяне і інш.). У рэліг. палітыцы быў дэклараваны прынцып талерантнасці, захаваны ордэн езуітаў (скасаваны ў 1773 ва ўсім астатнім свеце), у 1782—83 створана Магілёўская рымска-каталіцкая архіепархія. Спробы ў 1780—82 і 1795 перавесці уніятаў у праваслаўе мелі толькі частковы поспех з-за непадрыхтаванасці і матэр. незабяспечанасці гэтай акцыі. Уніяты пераведзены ў праваслаўе у выніку Полацкага царкоўнага сабору 1839. У 1791 далучаныя тэрыторыі ўключаны ў мяжу яўр. аселасці; яўрэям забаранялася пакідаць гэтыя тэрыторыі для пасялення і гандлю ў глыбі Расіі. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 у склад Рас. імперыі ўвайшла Беласточчына (у ліп. 1808 утворана Беластоцкая вобласць). Я.К.Анішчанка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖО́ВА-КУ́ПАЛЬНЫ ХРАМ,
тып хрысціянскага храма. Узнік у 6 ст., канчаткова сфарміраваўся ў 9—12 ст. у Візантыі. У класічным варыянце мае 4 злучаныя аркамі верт. апоры, на якія з дапамогай ветразяў апіраецца барабан, перакрыты купалам. Прасторавыя ячэйкі паміж апорамі і сценамі размешчаны па ўзаемна перпендыкулярных восях, перакрываюцца паўцыркульнымі і крыжападобнымі скляпеннямі. Вуглавыя ячэйкі перакрываюцца больш нізкімі скляпеннямі ці купаламі. Гэта ўстойлівая сістэма ўзаемазвязаных прасторавых ячэек абумоўлівае стройную кампазіцыю храма. Гал. ролю ў ёй адыгрывае цэнтр. купал, высока падняты на барабане. Ярусам ніжэй размяшчаюцца скляпеністыя рукавы крыжа, яшчэ ніжэй — вуглавыя памяшканні. Арх. аблічча стварае пластычная выразнасць масіўных сцен і апор. У кампазіцыю інтэр’ера з вял. паверхнямі сцен і скляпенняў арганічна ўваходзіла храмавая размалёўка. У бел. культавай архітэктуры ў залежнасці ад форм крыжа (падоўжаны лац. ці роўнаканцовы грэчаскі) адчуваецца зах.-еўрап. ці грэка-візант. ўплыў. Храмы ў верхнім сячэнні накшталт грэч. крыжа паявіліся ў 11 ст. (Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку і інш.). Пазней гэты тып выкарыстоўваўся пры буд-ве правасл. драўляных сабораў (Богаяўленскі сабор Куцеінскага манастыра ў Оршы, Троіцкі сабор Маркава манастыра ў Віцебску). У 16—18 ст. у архітэктуры барока пашырыўся тып К.-к.х. з базілікальнай структурай (з планам у верхнім сячэнні накшталт лац. крыжа), які выкарыстоўваўся пры буд-ве найб. значных культавых пабудоў усіх кірункаў хрысц. веравызнання на Беларусі (касцёлы езуітаў у Нясвіжы, Гродне, Полацку, саборы Жыровіцкага і Быценскага уніяцкіх манастыроў, правасл. храмы Магілёва), а таксама ў драўляным дойлідстве (сабор Ляшчынскага манастыра ў Пінску, Ільінская царква ў Віцебску). Прыклады К.-к.х. перыяду класіцызму — Іосіфаўскі сабор у Магілёве, Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі, драўляная Троіцкая царква ў г. Ельск Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́МСКІ ПАЎВО́СТРАЎ, Крым,
на Пд Украіны. Абмываецца на З і Пд Чорным, на У Азоўскім морамі і Керчанскім пралівам. З мацерыком злучаны вузкім (8 км) Перакопскім перашыйкам. Пл. 27 тыс.км². На У — Керчанскі п-аў, на З — Тарханкуцкі. Уздоўж паўн.-ўсх. ўзбярэжжа цягнецца сістэма неглыбокіх заліваў (Сіваш), якія аддзелены ад мора нізіннай пясчанай Арабацкай Стрэлкай. Паўн. частка К. — раўніна (т.зв. Стэпавы К.), паўд. (Горны К.) займаюць Крымскія горы (выш. да 1545 м, г. Раман-Кош). Каля паўд. падэшвы гор прыбярэжная паласа Паўднёвага берага Крыма з лакалітамі (г. Аюдаг) і стараж. вулканічнымі масівамі (Карадаг). Карысныя выкапні: жал. руда (Керчанскі жалезарудны басейн), газ, нафта, вапнякі, мергелі, соль і лек. гразі азёр. Клімат на Пн умераны, сухі, на Пд субтрапічны міжземнаморскага тыпу. Сярэднія т-ры студз. ад 1—2 °C на Пн да 4 °C на Пд, ліп. 24 °C. Ападкаў ад 300 мм на Пн да 1200 мм у гарах за год. Рэкі малаводныя, найб. — Чорная, Салгір, Кача, Альма. Ліманныя салёныя азёры (Сакскае і інш.). Паўн.-Крымскі канал. Глебы на Пн каштанавыя, у цэнтры — пераважна чарназёмы, у гарах бурыя горна-лясныя і чарназёмападобныя горна-лугавыя. Стэпавы К. амаль поўнасцю ўзараны, зрэдку трапляецца стэпавая расліннасць. У гарах ядлоўцава-дубовыя і букава-грабавыя лясы. На ўзбярэжжы хмызняковая расліннасць з шыбляку. Жывёльны свет: на Пн стэпавыя грызуны і птушкі, у гарах высакародны алень, муфлон, казуля, каменная куніца, кажан; птушкі — чорнагаловая сойка, дзяцел, чорны грыф, арлы. На тэр. К. — Ялцінскі, Мыс Марцьян, Карадагскі запаведнікі, Крымская запаведна-паляўнічая гаспадарка, Нікіцкі бат. сад. Гал. гарады: Сімферопаль, Севастопаль, Керч, Еўпаторыя і інш. Пра гаспадарку гл. ў арт.Крым (Аўтаномная Рэспубліка Крым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛКА (Picea),
род голанасенных раслін сям. хваёвых; адна з гал. лесаўтваральных парод. Каля 45 відаў. Пашырана пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 дзікарослы від — Е. звычайная, або еўрапейская (P. abies), і 13 інтрадукаваных: Е. калючая (P. pungens), канадская, або белая (P. canadensis), сербская, або балканская (P. omorica), Энгельмана (P. engelmannii), сібірская (P. obovata), усходняя (P. orientalis) і інш. Е. звычайная распаўсюджана амаль па ўсёй тэр. Беларусі і мае паўд. мяжу арэала (адначасова гэта і паўд. мяжа Еўразіяцкай хвойна-лясной геабат. падвобласці). На Палессі трапляецца ў выглядзе ізаляваных астравоў. Вядома 31 астраўное насаджэнне, 5 з іх — ельнікі Гарбавіцкія, Добрушскія, Маларыцкія, Мяднянскія і Пажэжынскія — помнікі прыроды рэсп. значэння.
Даўгавечныя (жывуць да 300—500 і больш гадоў); аднадомныя, шматгадовазялёныя дрэвы з прамым ствалом і густой конусападобнай кронай. Е. звычайная мае мноства дэкар. форм: з пірамідальнай, ніцай, шарападобнай і інш. кронамі. Каранёвая сістэма часцей паверхневая. Кара тонкая, у маладых дрэў гладкая, потым пласціністая. Галінкі размешчаны даволі правільнымі кальчакамі. Лісце (ігліца) 4-граннае, радзей пляскатае, востраканцовае, спіральна або невыразна двухрадкова размешчанае, трымаецца на галінках 7—9 і больш гадоў. Стробілы (шышкі) паяўляюцца ўвесну на леташніх парастках: мікрастробілы (мужч. шышкі) — па некалькі ў пазухах лускападобнага лісця; мегастробілы (жан. шышкі) — адзіночныя, размешчаны бліжэй да верхавінак. Спелыя шышкі падоўжана-цыліндрычныя, верацёна- або яйцападобныя, звіслыя, ападаюць пасля выспявання насення. Насенне з лыжкападобнымі крыльцамі, выспявае восенню ў год апылення. Размнажаецца насеннем і зрэдку вегетатыўна (атожылкамі). Драўніна мяккая, выкарыстоўваецца ў буд-ве, вытв-сці цэлюлозы, муз. інструментаў; з яе атрымліваюць смалу, шкіпінар, каніфоль, дзёгаць. Кара — асн. сыравіна ў вытв-сці дубільнікаў (танідаў). Большасць відаў — дэкар. дрэвы, выкарыстоўваюцца ў садова-паркавым буд-ве і як ахоўныя насаджэнні ўздоўж дарог.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭАГРАФІ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,
слоўнік, у якім лексіка падаецца з улікам выяўленых семантычных (логіка-паняційных, прадметна-тэматычных, сінанімічных, антанімічных, асацыятыўных і інш.) сувязей паміж словамі. Бярэ пачатак ад «Тэзаўруса англійскіх слоў і выразаў» П.М.Ражэ (1852). У залежнасці ад характару семантычных сувязей паміж словамі, што кладуцца ў аснову ўпарадкавання лексікі, вылучаюць некалькі тыпаў І.с. Уласна І.с. (ідэалагічныя слоўнікі), у якіх агульнаўжывальная лексіка падаецца не па алфавіце, а па іерархічна пабудаванай класіфікацыйнай схеме логіка-паняційнага характару («Ідэаграфічны слоўнік рускай мовы» А.С.Баранава, 1990; «Англа-рускі ідэаграфічны слоўнік» Т.І.Шаталавай 2-е выд. 1994; «Тлумачальны ідэаграфічны слоўнік рускіх дзеясловаў», 1997, і інш.).
Сярод уласна І.с. вылучаюць: інфармацыйна-пошукавыя тэзаўрусы, што паскараюць пошук спец. лексікі пры яе аўтаматычнай апрацоўцы («Інфармацыйна-пошукавы тэзаўрус па інфарматыцы», 1974, 1987); паняційныя і прадметна-паняційныя слоўнікі, у якіх універсальная паняційная сістэма класіфікацыі лексікі Галіга-Вартбурга выкарыстоўваецца для паслядоўнага апісання слоў пэўнай гіст. эпохі («Прадметна-паняційны слоўнік грэчаскай мовы: Крытамікенскі перыяд», 1986); тэматычныя і прадметна-тэматычныя слоўнікі, што групуюць лексіку паводле найб. шырокіх тэм (час, прастора) ці ўзаемазвязаных у навакольнай рэчаіснасці прадметаў (віды мэблі, птушак і інш.), напр., «Руска-ўзбекскі тэматычны слоўнік», 2-е выд. 1979).
Змешаныя ці групавыя І.с. групы семантычна звязаных слоў падаюць у алфавітным парадку загаловачных слоў такіх слоўных груп. Сярод гэтых слоўнікаў вылучаюць: анамасіялагічныя даведнікі, у якіх да вызначанага кола паняццяў падаюцца ўсе блізкія да іх па значэнні словы («Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», т. 1—4, 1993—97, выд. працягваецца); аналагічныя слоўнікі; асацыятыўныя слоўнікі (т.зв. асацыятыўныя тэзаўрусы); малюнкавыя слоўнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЖО́РА-МІНО́Р, мажора-мінорная сістэма,
аб’яднанне мелодыка-гарманічных сродкаў, якія належаць ладам процілеглага нахілення, у межах адной сістэмы; адзін з прыёмаў расшырэння класічнай гарманічнай танальнасці. Асн. разнавіднасці: аднайменныя М.-м. (мажорны лад, узбагачаны мелодыка-гарманічнымі абаротамі аднайм. мінору) і мінора-мажор (мінор, узбагачаны элементамі аднайм. мажору); паралельныя М.-м. і мінора-мажор, пабудаваныя на ўзаемаабмене характэрных акордаў гарманічных форм паралельных ладатанальнасцей. Фарміраванне М.-м. — вынік працяглага ўзаемадзеяння мажору і мінору ад іх гарманічных і меладычных форм да ўтварэння поўнай мажорамінорнай сістэмы, якая спалучае сродкі аднайменнай і паралельнай. Выкарыстанне спецыфічных акордаў М.-м. (нізкіх і высокіх III i VI ступеняў у аднайменным, III мажорнай і VI мінорнай у паралельным), гарманічных абаротаў і танальных планаў на іх аснове абумовілі ўзбагачэнне маляўнічых магчымасцей гармоніі. Росквіт гарманічнага М.-м. звязваюць з класіка-рамантычным мастацтвам 18—19 ст. Больш познія па часе фарміравання (канец 19 — пач. 20 ст.) аднатэрцавыя М.-м. і мінора-мажор — сістэмы аб’яднання ладоў супрацьлеглага нахілення, якія будуюцца на ўзаемапранікненні сродкаў мажору і мінору, што знаходзяцца ва ўскладненых, храматызаваных суадносінах і маюць агульную тэрцыю (до мажор — до-дыез мінор, ля мінор — ля-бемоль мажор). Пры гэтым ладавую пераафарбоўку зазнае агульны для ўзаемадзейных тонік тэрцавы тон. Сродкі аб’яднаных мажора-мінорных сістэм накіраваны на выяўленне іх маляўніча-выразных і дынамічных магчымасцей: больш дыятанічныя аднайм. і паралельныя сістэмы атрымліваюць пераважна маляўнічую трактоўку, у сродках аднатэрцавай сістэмы падкрэсліваецца павышаная напружанасць, экспрэсіўнасць.
Літ.:
Способин И.В. Лекции по курсу гармонии. М., 1969;
Григорьев С.С. Теоретический курс гармонии. М., 1981;
Тифтикиди Н.Ф. Теория однотерцовой и тональной хроматической систем // Вопросы теории музыки: Сб. ст. М., 1970. Вып. 2.