САА́Р, Саарская вобласць (Saarland, неафіц. — Saargebiet),

зямля (адм. адзінка) на З Германіі, у басейнах рэк Саар і Мозель, каля граніцы з Францыяй і Люксембургам. Пл. 2570 км². Нас. каля 1,1 млн. чал. (2000). Адм. ц. — г. Саарбрукен. Рэльеф узгорысты і нізкагорны (выш. да 595 м). Клімат умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Т-ра паветра ў студз. каля 0 °C, у ліп. каля 19 °C. За год выпадае каля 700 мм ападкаў. Лясы (дуб, бук, граб) займаюць каля 30% плошчы. Гаспадарка мае індустр. характар. Здабыча кам. вугалю (Саарска-Латарынгскі каменнавугальны басейн). Прам-сць: чорная металургія, коксахімія, хім. (гумава-тэхн. вырабы, азотныя ўгнаенні), нафтаперапр., аўтамабілебуд., вагонабуд., эл.-тэхн., шкляная, керамічная, швейная, харчовая (асабліва мясаперапр.). Вырошчваюць збожжа, кармавыя культуры, агародніну. Садоўніцтва і вінаградарства. Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні). Птушкагадоўля. Густая сетка чыгунак і аўтадарог. Суднаходства на рэках Мозель і Саар.

У сярэднія вякі на тэр. С. існавала графства, што ўваходзіла ў «Свяшчэнную Рым. імперыю». У 1790-я г. — 1814 уладанне Францыі. У 1815 большая ч. С. адышла да Прусіі, меншая — да Баварыі. У 1871—1918 у складзе Герм. імперыі. Паводле Версальскага мірнага дагавора /919 перададзены пад кіраванне Лігі Нацый на 15 гадоў (з 10.1.1920). У 1935 у выніку плебісцыту зноў адышоў да Германіі. У 1935—40 адміністрацыйна аб’яднаны з Пфальцам, у 1940—45 наз. Зах. марка. Пасля 2-й сусв. вайны з 2.1.1946 пад франц. кіраваннем (з 1945 у франц. акупац. зоне Германіі). Паводле Парыжскіх пагадненняў 1954 (Саарскі статут) часова знаходзіўся пад кантролем Заходнееўрапейскага саюза. Пасля адхілення Саарскага статута на плебісцыце 23.10.1955 паводле пагаднення аб С. паміж ФРГ і Францыяй (1956) канчаткова ўключаны ў склад ФРГ і стаў адной з яе зямель (з 1.1.1957).

т. 14, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКА-ЛІТО́ЎСКІЯ ДАГАВО́РЫ.

Мірны дагавор 1920 паміж РСФСР і Літвой, падпісаны 12 ліп. ў Маскве. Адзін з першых дагавораў Сав. Расіі, пачатак устанаўлення мірных адносін з прыбалт. краінамі. Дагавор зафіксаваў сав.-літ. граніцу, прадугледжваў урэгуляванне маёмасных, фін. і эканам. пытанняў, устанаўленне дыпламат. і гандл. адносін. РСФСР прызнала незалежнасць Літвы, яе права на Вільню і Віленскую вобл. Краіны абавязаліся не дапускаць, каб на іх тэр. ствараліся і знаходзіліся арганізацыі і групы, накіраваныя супраць другога боку. Дагавор 1926 паміж СССР і Літ. рэспублікай аб узаемным ненападзе і нейтралітэце, падпісаны 28 вер. ў Маскве. Пацвердзіў, што асновай адносін паміж абедзвюма краінамі з’яўляецца дагавор ад 12.7.1920. Бакі абавязаліся паважаць суверэнітэт, тэр. цэласнасць і недатыкальнасць дзяржаў, устрымлівацца ад агрэсіўных дзеянняў, не ўдзельнічаць у варожых адна адной кааліцыях, прытрымлівацца нейтралітэту ў выпадку нападу на адзін з бакоў. Дагавор 1939 аб перадачы Літ. рэспубліцы Вільні і Віленскай вобл. і ўзаемадапамозе паміж СССР і Літвой, падпісаны 10 кастр. ў Маскве. Звязаны з падпісаннем пакта Рыбентропа—Молатава 1939 і зменай міжнар. адносін пасля пачатку 2-й сусв. вайны. Урад СССР перадаў Літве Вільню і Віленскую вобл. СССР і Літва дамовіліся аб сумеснай ахове літ. граніц, на тэр. Літвы ўведзены сав. войскі, што садзейнічала ўмацаванню паўн.-зах. граніц СССР, абумовіла змену дзярж. ладу ў Літве і ўключэнне яе ў склад СССР.

Публ.: Мирный договор между Россией и Литвой, 12 июля 1920 г. Вильнюс, 1990.

Літ.:

Полпреды сообщают...: Сб. док. об отношениях СССР с Латвией, Литвой и Эстонией, авг. 1939 г. — авг. 1940 г. М., 1990;

Іваноў М. Праблема прыналежнасці Вільні і беларускае нацыянальнае пытанне ў 1939 г. // Бел. гіст. часоп. 1994. № 1.

т. 14, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САЛЮ́Т»,

серыя сав. арбітальных станцый для палётаў па каляземнай арбіце; праграма іх распрацоўкі, запускаў і эксплуатацыі. Прызначаліся для правядзення медыка-біял., астрафіз., навукова-тэхн., тэхнал. даследаванняў і эксперыментаў, назіранняў і даследаванняў Зямлі, яе атмасферы і каляземнай касм. прасторы. Макс. маса 18,9 т, маса навук. апаратуры да 2,5 т, аб’ём жылых адсекаў каля 100 м³. Палёты здзяйсняліся з касманаўтамі на борце і ў аўтам. рэжыме. У 1971—83 запушчаны 7 «С.» (на арбіту выводзіліся ракетай-носьбітам «Пратон» з касмадрома Байканур).

«С.» складаліся з пераходнага, рабочага, агрэгатнага (з рухальнай устаноўкай) адсекаў і прамежкавай камеры («С.-6» і «С.-7» мелі дадатковы стыковачны агрэгат). У склад «С.» ўваходзілі сістэмы жыццезабеспячэння, электрасілкавання (сонечныя батарэі), сувязі, арыентацыі і кіравання, стыкоўкі з касм. караблямі, навук. абсталяванне і інш. «С.» не прызначаліся для вяртання на Зямлю; дастаўка і змена экіпажа праводзіліся пры дапамозе касм. караблёў «Саюз», паліва, абсталявання і інш. — трансп. караблямі «Прагрэс». «С.-1» (запуск 19.4.1971) — першая ў свеце пілатуемая арбітальная станцыя (экіпаж Г.​Ц.​Дабравольскі, У.​М.​Волкаў, В.​І.​Пацаеў). Да «С.» здзейснілі палёты 50 касм. апаратаў. На борце «С.» працавалі 17 асн. экспедыцый (14—237 сут) і 15 экспедыцый наведвання (3—13 сут). У складзе міжнар. экіпажаў па праграме «Інтэркосмас» на «С.-6» і «С.-7» працавалі касманаўты 10 краін свету. Камандзірамі экспедыцый былі і ўраджэнцы Беларусі П.​І.​Клімук («С.-4», «С.-6» — міжнар.) і У.​В.​Кавалёнак («С.-6» — двойчы).

У.​С.​Ларыёнаў.

Арбітальная станцыя «Салют»: 1 — панэлі сонечных батарэй; 2 — шматзанальны фотаапарат; 3 — спальнае месца; 4 — антэны тэлеметрычных сістэм; 5 — адсек навуковай апаратуры; 6 — цэнтральны пост; 7 — сістэма газавага забеспячэння.

т. 14, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́НЕ-ЗЯЛЁНЫЯ ВО́ДАРАСЦІ, цыянавыя водарасці (Cyanophyta, або Cyanomycota),

аддзел водарасцей. З кл.: храакокавыя, хамесіфонавыя і гармагоніевыя водарасці. Паводле будовы клетак (у т. л. арганізацыі ядзернага апарату, саставу і генет. уласцівасцей) адносяцца да пракарыётаў, а таксама да бактэрый і наз. цыянабактэрыямі. Адначасова С.-з.в. ўключаюць у бат. класіфікацыю, якая з’яўляецца філагенетычнай, і наз. цыянапракарыётамі. Каля 150 родаў, 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Вядомы з дакембрыю (узрост некат. з іх больш за 3 млрд. гадоў). На Беларусі 327 відаў, разнавіднасцей і форм з 55 родаў: асцыляторыя, насток, мікрацысціс, афанізаменон, глеятрыхія, глеякапса, фармідыум, калотрыкс, спіруліна, афанатэцэ, сінехакокус і інш.

Аднаклетачныя, каланіяльныя і шматклетачныя (ніткаватыя) арганізмы, мікраскапічныя, часта ўтвараюць буйныя скопішчы ў выглядзе корак і кусцікаў выш да 20 см (у трапічных морах). Афарбоўка ад сіне-зялёнай да чырвонай. Фотасінтэзуючыя, маюць хларафіл a, караціноіды і асобныя пігменты — фікабіліпратэіды Для С.-з.в. характэрна адсутнасць жгуцікавых стадый і палавога працэсу.

Размнажэнне вегетатыўнае. Уваходзяць у склад планктону, бентасу прэсных вод і мораў, жывуць на паверхні глебы, у гарачых крыніцах з т-рай вады да 80 °C, у вапнавым субстраце, гарах, Арктыцы і Антарктыцы. З’яўляюцца піянерамі жыцця ў крайніх умовах існавання. Часта знаходзяцца ў сімбіятычных адносінах з іншымі арганізмамі: аднаклетачнымі водарасцямі, што страцілі хларапласты, прасцейшымі, грыбамі (лішайнікі), моха- і папарацепадобнымі, сагаўнікавымі, пакрытанасеннымі. Выконваюць ролю азотфіксатараў і выкарыстоўваюцца як угнаенне (напр., на рысавых палях). Выклікаюць «цвіценне» вады ў вадасховішчах. Некат. ўжываюцца ў ежу (насток, спіруліна), выкарыстоўваюцца для культывавання (напр., для вырабу лекаў).

Літ.:

Громов Б.В. Ультраструктура сине-зеленых водорослей. Л., 1976;

Гусев М.В., Никитина К.А. Цианобактерии. М., 1979;

Komárek J, Anagnostidis K. Cyanoprokaryota. // Süsswasserflora von Mittel europa. Jena etc., 1999. Bd. 19, t. 1.

Т.​М.​Міхеева.

т. 14, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,

аптымальнае спалучэнне рабочай сілы, сродкаў і прадметаў працы ў працэсе вытв-сці тавараў (паслуг) на аснове падзелу працы, абавязкаў і пэўнай іерархічнай структуры з мэтай дасягнення максімальнай сац.-эканам. эфектыўнасці. Ахоплівае асн., дапаможную і абслуговую вытв-сць, а таксама кіраванне вытворчасцю як гарманічна ўвязаныя звёны адзінага працэсу вырабу прадукцыі. Арганізацыя вытворчасці павінна забяспечыць: бесперапыннасць (выкарыстанне сродкаў працы з мінімальнымі стратамі часу, няспынны рух прадметаў працы праз усе стадыі вытв-сці), прапарцыянальнасць (узаемная адпаведнасць сумежных участкаў, што дазваляе больш поўна выкарыстаць іх вытв. магутнасці), рытмічнасць (раўнамерны выпуск прадукцыі і выкананне аднолькавага аб’ёму работ у роўныя адрэзкі часу). Найважнейшыя формы арганізацыі вытворчасці: камбінаванне, канцэнтрацыя, спецыялізацыя. Важнейшыя метады арганізацыі вытворчасці: непаточны, паточны, аўтаматызаваны; адзінкавы серыйны і масавы тыпы вытв-сці. Кожнае прадпрыемства канкрэтызуе арганізацыю вытворчасці з улікам асаблівасцяў сваёй галіны, віду прадукцыі (паслуг), ступені падзелу працы. Існуюць і агульныя, характэрныя для ўсіх прадпрыемстваў стадыі арганізацыі вытворчасці: тэхнічнай падрыхтоўкі вытворчасці (праектаванне, вытв-сць новых відаў прадукцыі і арганізацыя для гэтых мэтаў канструктарскай, тэхнал. і арганізацыйна-эканам. падрыхтоўкі вытв-сці); стварэнне рацыянальнай вытворчай структуры і арганізацыя асноўных вытворчых працэсаў (склад і структура вытв. падраздзяленняў, рэгламент іх работы, забеспячэнне бесперабойнасці вытв. працэсу); тэхнічнае абслугоўванне вытворчасці (кваліфікаванае абслугоўванне найперш асн. вытв-сці, каб забяспечыць рытмічны выпуск прадукцыі высокай якасці); функцыянальная дзейнасць прадпрыемства (аператыўная, кваліфікаваная і ўзаемазладжаная работа спецыялістаў усіх службаў); рацыянальная арганізацыя кіравання вытворчасцю. На ўсіх стадыях арганізацыі вытворчасці найважнейшае значэнне мае рацыянальная арганізацыя працы. Асн. патрабаванні да вытв. структуры: прастата, гнуткасць і эканамічнасць, якія дасягаюцца змяншэннем колькасці вытв. падраздзяленняў, іх узбуйненнем, пераходам на бясцэхавую структуру кіравання, укараненнем найноўшых тэхнікі і тэхналогій, спецыялізацыяй і канцэнтрацыяй вытворчасці. Эфектыўнасць арганізацыі вытворчасці заключаецца ў змяншэнні выдаткаў вытв-сці, павышэнні прадукцыйнасці працы. Абагульняльны паказчык эфектыўнасці арганізацыі вытворчасці — павелічэнне прыбытку ад рэалізаванай прадукцыі ў разліку на 1 руб. сродкаў, укладзеных у работу прадпрыемства.

Г.​Я.​Кажэкін.

т. 1, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНІЦІРО́ЎКА,

якасная ацэнка асобных прыродных рэсурсаў (водаў, глебаў, лясоў, жывёльнага свету і інш.), іх тэрытарыяльных спалучэнняў або сукупнасцяў (біягеацэнозаў, ландшафтаў, угоддзяў, запаведных участкаў і інш.) ці асобных гасп. каштоўнасцяў. Найбольшае гасп. значэнне мае баніціроўка с.-г. жывёл, глебы і лесу (гл. Банітэт).

Баніціроўка сельскагаспадарчых жывёл — іх ацэнка паводле племянных і прадукцыйных вартасцяў для вызначэння парадку далейшага выкарыстання. Уключае комплексную ацэнку жывёл паводле паходжання, экстэр’еру, прадукцыйнасці, узнаўленчай здольнасці і якасці патомства. Адно з асн. масавых мерапрыемстваў па паляпшэнні статкаў. На Беларусі праводзіцца (з 1934) заатэхнікамі-селекцыянерамі ці спецыялістамі-баніцёрамі ва ўсіх племянных статках штогод у пэўныя тэрміны. Баніціруюць: кароў, быкоў, маладняк буйн. раг. жывёлы з 6 месяцаў; свінаматак, кныроў, рамонты маладняк з 2 месяцаў; аўцаматак, бараноў і маладняк авечак танкарунных і паўтанкарунных парод з аднагадовага ўзросту, грубашэрсных, мяса-сальных і неспецыялізаваных парод ва ўзросце каля 1,5 года, футравых — у 7—8 месяцаў, смушкавых — ва ўзросце 1—2 сут; маладняк козаў ва ўзросце 3,5—4 месяцаў і 1 года; дарослую птушку, маладняк курэй і індыкоў з 2 месяцаў, качак і гусей з 3 месяцаў. Паводле вынікаў баніціроўкі фарміруюць племянное ядро, племянны маладняк, групу жывёл, не прыдатных на племя, і інш. групы, распрацоўваюць мерапрыемствы для павышэння даходнасці фермаў. Баніціроўка глебы — параўнальная ацэнка якасці глебы па яе найважнейшых агранамічных уласцівасцях. Неабходна для эканам. ацэнкі зямлі, вядзення зямельнага кадастру, меліярацыі і інш. Пры баніціроўцы ўлічваюцца прыродныя якасці глебы (грануламетрычны склад, увільготненасць, завалуненасць і камяністасць, кіслотнасць), дабратворны і шкодны ўплыў на яе гасп. дзейнасці чалавека (намнажэнне гумусу, асн. пажыўных рэчываў для раслін, пашкоджанасць у выніку эрозіі і інш.). Баніціроўка вядзецца па 100-бальнай шкале. Ва ўмовах Беларусі найвышэй ацэнены дзярновыя і дзярнова-карбанатныя глебы — 63—100 балаў. Бал банітэту глебаў дзярнова-падзолістых 18—75, дзярнова-падзолістых забалочаных 20—64, тарфяна-балотных 36—75, поймавых 31—88.

т. 2, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІ́НСКІ (Міхал Клеафас) (7.10.1765, Гузаў каля Варшавы — 15.10.1833),

дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, літаратар. З роду Агінскіх. З 1789 надзвычайны пасол у Галандыі, выконваў дыпламат. місію ў Лондане. У 1791 у Магілёве прысягнуў Кацярыне II, чым захаваў маёнткі ва ўсх. Беларусі. Падтрымаў Канстытуцыю 3 мая 1791. Пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі 1792 эмігрыраваў у Прусію, яго маёнткі былі канфіскаваны; вяртанне на радзіму і зварот маёмасці былі абумоўлены яго ўступленнем у канфедэрацыю. Дэпутат Чатырохгадовага (1788—92) і Гродзенскага (1793) соймаў. У 1793—94 падскарбі вял. літоўскі. У час паўстання 1794 увайшоў у склад Найвышэйшай літ. рады. Сфарміраваў на свае сродкі батальён стралкоў і камандаваў ім у некалькіх бітвах. У жн. 1794 зрабіў рэйд да Дынабурга (цяпер Даўгаўпілс). Змагаўся супраць прускіх войскаў. Пасля задушэння паўстання жыў у Вене, Венецыі, Парыжы. У 1802 вярнуўся ў свой маёнтак Залессе каля Смаргоні. У 1810 атрымаў званне сенатара. Прапанаваў імператару Аляксандру I праект аднаўлення ВКЛ у складзе Рас. імперыі (гл. Агінскага план 1811). Пасля адышоў ад паліт. дзейнасці. З 1823 жыў у Італіі. Вядомы як кампазітар. Ігры на фп. вучыўся ў Ю.​Казлоўскага, на скрыпцы — у Дж.​Б.​Віёці. Кампазітарскую дзейнасць пачаў у 1790-я г. стварэннем маршаў і баявых песень, пашыраных сярод паўстанцаў 1794. Аўтар папулярных паланэзаў, у т. л. паланэза ля-мінор «Развітанне з Радзімай», фп. п’ес, рамансаў, адметных лірызмам, меладычнасцю, нар.-песеннымі традыцыямі, а таксама аднаактовай оперы «Зеліс і Валькур, або Банапарт у Каіры» на ўласнае лібрэта (1799). Агінскаму належаць трактат «Лісты пра музыку» (1828, выд. на польск. мове ў 1956), «Мемуары пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1815 г.» (т. 1—4, 1826—27, на франц. мове).

Літ.:

Бэлза И. Михал Клеофас Огиньский. 2 изд. М., 1974.

А.​А.​Саламаха.

Міхал Клеафас Агінскі.

т. 1, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІННІЧЭ́НКА Уладзімір Кірылавіч [7.8.1880, с. Грыгарыіўка (паводле інш. звестак — Вялікі Кут) Херсонскай губ., Украіна — 6.3.1951], украінскі паліт. дзеяч, пісьменнік, публіцыст. Чл. Рэв. укр. партыі (РУП). У снеж. 1905 удзельнічаў ва ўстаноўчым з’ездзе Укр. с.-д. рабочай партыі, выступаў за аўтаномію Украіны. У 1907—14 у эміграцыі. У брашуры «Пра мараль паноў і мараль прыгнечаных» (1911) выклаў сваё этычнае і паліт. крэда. У 1917 адзін з лідэраў Укр. с.-д. рабочай партыі, старшыня Ген. сакратарыята — урада Цэнтр. Рады. У 1918 — лют. — кіраўнік Дырэкторыі Украінскай народнай рэспублікі (гл. таксама Украінскай Дырэкторыі ўрад). У 1920 у Вене арганізаваў замежную групу Укр. камуніст. партыі, выдаваў газ. «Нова доба» («Новая эпоха»). У маі 1920 у Маскве вёў перагаворы пра ўваходжанне ў склад урада Сав. Украіны, прызначаны нам. старшыні Саўнаркома і наркома замежных спраў Украіны. Расчараваўшыся ў сац. і нац. палітыцы, выехаў за мяжу. Апошнія гады жыцця правёў у Францыі; у 1941 за адмову супрацоўнічаць з фашыстамі зняволены ў канцлагер. Аўтар аповесцей, апавяданняў (1902—06) пра жыццё сял. беднаты, глухой правінцыі. Сац.-псіхал. раманы «Запаветы бацькоў» (1914), «Хачу» (1916), «Запіскі кірпаносага Мефістофеля» (1917) пра ідэйны і духоўны крызіс, крайні індывідуалізм і скепсіс у рэв. асяроддзі. У эміграцыі апублікаваў уласную версію гісторыі ўкр. рэвалюцыі («Адраджэнне нацыі», т. 1—3, 1920). Аўтар фантаст. рамана-утопіі «Сонечная машына» (1928), рамана-антыутопіі «Лепразорый» (1938), паліт. рамана «Слова за табой, Сталін!» (нап. 1950); на працягу 40 гадоў (1911—51) вёў дзённік. Стварыў больш як 70 жывапісных палотнаў.

Тв.:

Рус. пер.: — Собр. соч. Т. 1—9. М., 1911—17;

Из истории украинской революции // Революция на Украине по мемуарам белых. М.; Л., 1930 (репр. Киев, 1990);

Честность с собой;

Записки курносого Мефистофеля. М., 1991;

Золотые россыпи Чекисты в Париже. Мн.;

М., 1991.

т. 4, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ НАРО́ДНАЕ МАСТА́ЦКАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,

навучальная ўстанова ў Віцебску ў 1919—23, 1934—41. Засн. 28.1.1919 М.Шагалам. Назва неаднаразова мянялася (у 1919—20 Першае вышэйшае нар. маст. вучылішча, у 1920—21 свабодныя дзярж. маст. майстэрні, у 1921—22 Вышэйшыя дзярж. маст.-тэхн. майстэрні, у 1922—23 Дзярж. маст. практычны ін-т). Факультэты: жывапісны, скульптурны, арх.-тэхнічны. Спец. падрыхтоўка навучэнцаў у 1920—21 ажыццяўлялася ў майстэрнях: падрыхтоўчай (Н.​Коган), жывапіснай (В.Ермалаева, К.Малевіч, Ю.Пэн, Шагал), скульптурнай (Д.​Якерсон), графікі (Л.Лісіцкі), дынамікі (на арх.-тэхн. ф-це, Лісіцкі). Узначальвалі вучылішча М.Дабужынскі (1919), Шагал (1919—20), Ермалаева (1920—22), І.​Гаўрыс (1922—23); выкладчыкі — Шагал, Я.​Тыльберг, Ж.​Пуні, К.​Багуслаўская, Пэн, Ермалаева, Коган, Якерсон, Лісіцкі, Малевіч, Гаўрыс, Р.​Фальк, С.Юдовін. Выкладчыкі прадстаўлялі розныя маст.-стылявыя кірункі. З прыходам у вучылішча Малевіча (1919) вял. колькасць вучняў трапіла пад уплыў супрэматызму. У лютым 1920 створана група УНОВІС. Пры вучылішчы працаваў музей сучаснага мастацтва (да 1923), маст.-дэкар. майстэрні. У маі—чэрв. 1922 значная частка выкладчыкаў — прадстаўнікоў авангардных кірункаў у мастацтве разам з Малевічам і вучнямі ад’ехала ў Петраград. 1.9.1923 вучылішча рэарганізавана ў Віцебскі мастацкі тэхнікум. У 1934 зноў адноўлена на базе тэхнікума. Захаваўся маст.-пед. профіль установы, склад яе выкладчыкаў; тэрмін навучання павялічаны да 5 гадоў. Дзейнічала маст.-пед. аддзяленне са спецыялізацыямі: жывапіс, скульптура, графіка (факультатыўна), маст.-графічнае і клубна-афарміцельскае. Вучылішча з’яўлялася адзінай маст. установай на Беларусі ў перадваенны час. Сярод яго выпускнікоў нар. мастакі Беларусі П.​Масленікаў, С.​Селіханаў, засл. дзеячы маст. Беларусі Н.​Воранаў, А.Гугель, Р.Кудрэвіч, мастакі М.Блішч, У.Кухараў, З.Паўлоўскі, І.Пешкур, П.Явіч і інш.

Літ.:

Машковцев И. Изобразительное искусство Белоруссии // Искусство Советской Белоруссии. М.; Л., 1940;

Орлова М.А. Искусство Советской Белоруссии: Очерки. М., 1960;

Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 4. Мн., 1990;

Шагаловский сборник. Витебск, 1996.

А.​Г.​Лісаў.

т. 4, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ПРАЖ, збруя,

прыстасаванне для запрагання коней і інш. запражных жывёл (вала, вярблюда, сабакі і інш.) у мэтах перавозкі грузаў, верхавой язды. Вупраж для коней бывае аднаконная і параконная, дугавая і бездугавая. У склад аднаконнай дугавой вупражы ўваходзяць хамут з гужамі і супонню, дуга, падсядзёлак, церассядзёлак, падбрушнік, шляя, аброць з цуглямі і лейцы. У аднаконнай бездугавой вупражы гужы заменены раменнымі гортамі, якія змацоўваюць хамут з аглоблямі. Параконная вупраж для дышлевага запрагання ўключае хамуты, нагрудныя рамяні, пастронкі, шлеі, аброці з цуглямі і парныя лейцы. Галоўная частка збруі верхавога і ўючнага каня — сядло, вярблюджай вупражы — аброць, лейцы і шлейкі, для аленяў і сабак у нартах — шлейкі з адным пастронкам. Валовая парная вупраж уяўляе сабой драўлянае ярмо, якое надзяваюць на шыю і прымацоўваюць да дышля.

Вупраж ярэмнага тыпу самая старажытная, вядомая з часоў неаліту. На Беларусі была пашырана ў сял. гаспадарках на ПдЗ, дзе асн. рабочай жывёлай былі валы; амаль да сярэдзіны 20 ст. рабілі ярэмную вупраж на пару валоў, якія хадзілі ў дышлевай запрэжцы. Ярмо на аднаго вала (баўкун) выкарыстоўвалася ў аглабельнай або дышлевай запрэжцы. Вынаходства шляі (прататып хамута) дало пачатак выкарыстанню каня як цяглавай жывёлы. Першыя формы коннай вупражы праніклі ў Еўропу з У праз вандроўных гунаў, авараў, венграў. На Беларусі вядомы з 11 ст. Вупраж хамутовага тыпу была пашырана па ўсёй тэрыторыі, але найб. — на Паазер’і і Падняпроўі, дзе здаўна асн. цяглавай сілай быў конь. Вупраж, пераважна выязную, упрыгожвалі (выкарыстоўвалі колер, узорыстае шытво, цісненне, дадатковыя дэкар. дэталі — бліскучыя метал. накладкі, махры і кутасы). У час урачыстых выездаў на шыю каня надзявалі шархуны з бразготкамі. Вытв-сць вупражы была цесна звязана з рымарскім, шавецкім і дрэваапрацоўчымі рамёствамі.

В.​С.​Цітоў.

Вупраж каня: 1 — аброць з цуглямі; 2 — хамут (а — клешчы, б — хамуціна, в — покрыўка, г — супоня, д — гуж, е — лямцавая падкладка); 3 — падсядзёлак стаячы (гарбаты); 4 — правільная пастава цугляў у роце каня; 5 — цуглі.

т. 4, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)