α-распад, самаадвольны радыеактыўны распад атамных ядраў, пры якім адбываецца выпрамяненне альфа-часціц (гл.Радыеактыўнасць). Найменш пранікальны від выпрамянення, што выпускаецца радыеактыўнымі рэчывамі. Тэорыя альфа-распаду (Г.Гамаў, ЗША, 1927) заснавана на квантава-мех. апісанні руху α-часціцы ў патэнцыяльнай яме з бар’ерамі: паколькі энергія α-часціц складае 5—10 МэВ, а вышыня кулонаўскага бар’ера ў цяжкіх ядрах 25—30 МэВ, то вылет α-часціцы з ядра можа адбывацца толькі за кошт тунэльнага эфекту. Вядома больш за 300 α-актыўных ядраў, большасць з якіх штучныя. Альфа-распад характэрны ў асноўным для цяжкіх ядраў з масавым лікам A>200 і ат. нумарам Z>82. Час жыцця α-радыеактыўных ядраў ад 3∙10−7 с (для 212Po) да 1017 гадоў (для 204Pb).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́РХА-СІНДЫКАЛІ́ЗМ,
плынь у рабочым руху, сфарміраваная пад уплывам анархізму. Узнік у канцы 19 ст. ў Францыі, Італіі, Іспаніі, Швейцарыі, краінах Лац. Амерыкі. Найб. росквіту дасягнуў на пач. 20 ст. Яго прыхільнікі адмаўляюць паліт. арг-цыю рабочых; вышэйшай формай арг-цыі лічаць рабочыя сіндыкаты (прафсаюзы), якія падрыхтуюць і ажыццявяць сац. пераварот, і тады будуць ліквідаваны паліт. ўлада і дзяржава. У выніку асн. сродкі вытв-сці, кіраванне вытв-сцю і размеркаванне пяройдуць да Федэрацыі сіндыкатаў, якая павінна стаць на чале новага грамадства. Анарха-сіндыкалізм і зараз робіць уплыў на частку рабочых і дробнай буржуазіі. Сучасныя яго прыхільнікі канцэнтруюць увагу на праблемах свабоды асобы і насіллі як адзінай форме барацьбы за пераход да свабоднага грамадства. Ідэі анарха-сіндыкалізму выкарыстоўваюць розныя леваэкстрэмісцкія плыні.
дзеяч Кампартыі Літвы і Беларусі, гісторык. Чл.С.-д. партыі Літвы з 1906. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. У 1909 зняволены ў турму, у 1915 сасланы на Ангару (адсюль псеўданім). У 1917 чл. Петраградскага к-таРСДРП(б). Са снеж. 1917 нам. камісара па літоўскіх справах пры Наркамнацы. У 1919 нарком унутр. спраў Літ.-Бел. ССР, чл. Прэзідыума, у 1920 чл. Палітбюро ЦК КП(б)ЛіБ. З вер. 1920 сакратар Замежнага бюро ЦК КПЛ, з 1921 прадстаўнік КПЛ у Выканкоме Камінтэрна, з 1923 чл. Палітбюро ЦК КПЛ. У 1926—35 сакратар Інтэрнац. кантрольнай камісіі Камінтэрна. Аўтар «Гісторыі рэвалюцыйнага руху і барацьбы рабочых Літвы» (т. 1—2, 1921). Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫЦЫПА́ЦЫЯ (лац. anticiparatio ад anticipo прадугадваю),
1) у псіхалогіі і філасофіі здольнасць у той ці іншай форме прадбачыць развіццё падзей, з’яў, выніку дзейнасці; прадугадванне, загадзя складзенае ўяўленне пра што-небудзь. У псіхалогіі мае 2 значэнні: чаканне арганізмам пэўнай сітуацыі, што выяўляецца ў нейкай позе ці руху; уяўленне чалавекам выніку сваёй дзейнасці да яе ажыццяўлення. У філасофіі ідэя антыцыпацыі сустракаецца ўжо ў вучэнні стоікаў і эпікурэйцаў аб пралепсісе — агульным паняцці, якое ўзнікае ў свядомасці яшчэ да ўспрымання канкрэтных адзінкавых рэчаў непасрэдна з логасу. Кант разумеў пад антыцыпацыяй апрыёрнае (незалежнае ад вопыту) пазнанне прадметаў успрымання яшчэ да самога ўспрымання.
2) У логіцы — часовае прыняцце ў якасці даказанай пасылкі, якую мяркуецца абгрунтаваць пазней.
3) У эканоміцы — выплата грошай па даўгавым абавязацельстве раней за агавораны тэрмін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬВА́Р (франц. boulevard),
паласа дрэвавых або кустовых насаджэнняў уздоўж гар. вуліц, праспектаў і набярэжных. Як форма зялёных насаджэнняў бульвары з’явіліся ў гарадах Зах. Еўропы ў 17—18 ст. Прызначаюцца для дэкар. ўпрыгожвання вуліц і паляпшэння іх сан.-гігіенічнага стану, аховы будынкаў ад пылу, газу і шуму, рэгулявання руху транспарту і пешаходаў. Ствараюцца бульвары пераважна ў буйных гарадах і прамысл. цэнтрах.
Бываюць бульвары закрытыя (для трансп. патокаў) і адкрытыя (для пешаходаў), размяшчаюцца абапал ці на адным (пры недастатковай шырыні) баку вуліцы. Для стварэння бульвараў выкарыстоўваюцца алейныя і групавыя пасадкі дрэў, жывыя агароджы, кусты і кветнікі. Найб. прыдатныя для бульвараў. газаўстойлівыя, са шчыльнай кронай дрэвавыя і кустовыя расліны (каштан, ліпа, бяроза бародаўчатая, вяз шурпаты, акацыя жоўтая і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУМАЖКО́Ў (Ціхан Піменавіч) (2.7.1909, г. Дальнярэчанск Прыморскага краю, Расія — 23.9.1941),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз.руху на тэр. Палескай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў Мінскі хіміка-тэхнал. тэхнікум. З 1935 працаваў дырэктарам з-да, старшынёй Петрыкаўскага райвыканкома, з 1939 1-ы сакратар Акцябрскага РК КП(б)Б Палескай вобл. У пач.Вял.Айч. вайны ўзначаліў барацьбу працоўных раёна супраць захопнікаў, стварыў (разам з Ф.І.Паўлоўскім) партыз. атрад «Чырвоны Кастрычнік», які з часцямі Чырв. Арміі 18.7.1941 разграміў штаб ням. дывізіі ў в. Воземля Акцябрскага р-на, захапіў палонных і шмат баявой тэхнікі, аператыўныя дакументы і інш. У жн. 1941 накіраваны на Паўд.-Зах. фронт. Загінуў у Палтаўскай вобл. У г.п. Акцябрскі пастаўлены помнік Бумажкову.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРДЗЯ́НСК (у 1939—58 Асіпенка),
горад на Украіне, цэнтр раёна ў Запарожскай вобл.Засн. ў 1827. 132 тыс.ж. (1993). Порт на Азоўскім м.Чыг. станцыя. Прам-сць: машынабудаванне (с.-г. і дарожныя машыны, кабель і інш.), харч. (у т. л. рыбная), лёгкая (абутковая, трыкат.), нафтаперапрацоўчая; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (шкловалакно). Пед.ін-т. Краязнаўчы, маст. музеі. Гразевы і прыморскі кліматычны курорт за 5 км ад горада, на беразе Азоўскага м. Развіваецца з канца 19 ст. Шырокія пясчаныя пляжы даўж. каля 20 км. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага з мяккай зімой, цёплым летам і вял. колькасцю сонечных дзён. Лячэбныя гразі, рапу салёных азёр і заліваў Азоўскага м. выкарыстоўваюць на лячэнне хвароб органаў руху і апоры, сардэчна-сасудзістай і перыферычнай нерв. сістэм, гінекалагічных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗАЎСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1961 у г.Бяроза Брэсцкай вобл. Мае 5 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі каля 130 м²), каля 17 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). У тэматычных залах матэрыялы пра мінулае Бярозаўшчыны, дакументы пра паўстанне 1863—64, падзеі 1-й сусв. і грамадз. войнаў, Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, дзейнасць КПЗБ на тэр. раёна, падзеі Вял.Айч. вайны, аднаўленне і развіццё гаспадаркі раёна ў пасляваенны час і інш.; матэрыялы пра знакамітых землякоў: дзеяча рэв.руху А.А.Альшэўскага, ген.-лейт. С.І.Любарскага, гісторыкаў П.В.Горына (Каляду), В.Д.Дружчыца, паэтэсу Р.А.Баравікову і інш. Сярод экспанатаў манетны скарб 15 — пач. 17 ст., драўляная скульптура 17 ст., керамічны посуд 17—18 ст., узоры нац. адзення, калекцыя драўляных муз. інструментаў, узоры прадукцыі мясц. прадпрыемстваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНШТЭ́ЙН (Арон Ісакавіч) (парт.псеўд.Рахміэль, Рахмілевіч; 23.11.1877, Вільня — 1938),
удзельнік рэв.руху. Скончыў Віленскі яўр. настаўніцкі ін-т (1897). З 1897 чл. Бунда, з 1901 чл. яго ЦК, у 1917—21 старшыня ЦК Бунда. Неаднаразова арыштоўваўся царскімі ўладамі, у 1914—17 сасланы ў Сібір. З 1917 чл. выканкома Мінскага гар. Савета, старшыня Мінскай гар. думы. Ад імя Бунда падпісаў Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР (31.7.1920). У 1920 чл.ВРКБССР. Пасля 2-га Усебел. з’езда Саветаў (снеж. 1920) старшыня Саўнаргаса БССР. У 1921 чл.ЦБКП(б)Б, чл. Прэзідыума ЦВКБССР. З канца 1921 у Кіргізіі. З 1923 чл. калегіі Наркамфіна СССР, нач.Гал. ўпраўлення дзярж.фін. кантролю. У 1938 рэпрэсіраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬКО́ВІЧ (Аляксандр Іванавіч) (3.5.1892, Мінск ? — 4.11.1937),
дзеяч бел.нац.руху. У 1914—15 працаваў у Віленскім аддзяленні дзярж. зямельнага банка. З 1915 у арміі. Скончыў Гарыйскую школу прапаршчыкаў (1916). Да снеж. 1917 на Паўд.-Зах. фронце. З 1918 у Мінску, прадстаўнік БНР пры ўрадзе Грузіі, міністр фінансаў БНР. Чл.Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У час польскай акупацыі Беларусі 1919—20 быў арыштаваны, уцёк за мяжу. У 1925 вярнуўся ў БССР, працаваў інспектарам у Наркамаце фінансаў. У сувязі з чысткай апарата ў сак. 1930 звольнены, 18.7.1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», сасланы на 5 гадоў у г. Белебей (Башкортастан). 25.5.1937 паўторна арыштаваны, 28.10.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны па 1-м прыгаворы ў 1988.