гарадскі пасёлак, цэнтр Іўеўскага р-на Гродзенскайвобл., на р. Івенка. За 158 км ад Гродна, 10 км ад чыг. ст. Гаўя на лініі Ліда—Маладзечна, вузел аўтадарог на Мінск, Ліду, Навагрудак. 8,8 тыс.ж. (1998).
Вядома з пач. 15 ст. як велікакняжацкі двор. У 1444 аддадзена земскаму маршалку літоўскаму П.Мантыгердавічу У 16—19 ст. належала Забярэзінскім, Кішкам, Слушкам, Глябовічам, Жыжэмскім, Агінскім, Сапегам, Тызенгаўзам, Замойскім і інш. З 1561 мястэчка Ашмянскага пав.; у ім знаходзіліся арыянскія друкарня і школа, рэктарам якой быў Я.Л.Намыслоўскі.
У 1598 у І. пасяліліся татары. Каля 1600 пабудаваны Іўеўскі касцёл і кляштар бернардзінцаў. У 1634—180 двароў. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Ашмянскага пав. Віленскай губ. У 1897—2828 ж., 387 двароў. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Валожынскага (з 1926 — Лідскага) пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак, цэнтр Іўеўскага раёна. З 29.6.1941 да 8.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў І. і раёне 2621 чал. У 1971—5 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, царква (1994), аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Іўеўскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, Іўеўская мячэць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́СНІК (Уладзімір Андрэевіч) (17.9.1922, в. Сіняўская Слабада Карэліцкага р-на Гродзенскайвобл. — 15.12.1994),
бел. крытык, літ.-знавец, празаік. Канд.філал.н. (1958), праф. (1983). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1979). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1949). Працаваў у Бабруйскім настаўніцкім ін-це (1952—54), Брэсцкім пед. ін-це (з 1954, у 1988—94 праф.). Літ. дзейнасць пачаў з 1952 як крытык. Выдаў кнігі «Паэзія змагання Максім Танк і заходнебеларуская літаратура» (1959), «Час і песні» (1962), «Зорны спеў» (1975), «Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977), «Максім Танк» (1981), «Лёсам пазнанае» (1982), «Тварэнне легенды» (1987), «Янка Брыль» (1990), «Усё чалавечае» (1993, Ліг. прэмія імя І.Мележа 1994). Даследаваў зах.-бел. л-ру, адкрываючы яе як грамадскі і эстэтычны феномен у бел. л-ры 1920-х г. Працы К. вылучаюцца высокай творчай культурай, глыбінёй даследчыцкай думкі, імкненнем да аб’ектыўнасці і шматбаковасці даследавання, уменнем стварыць жывыя творчыя партрэты грамадскіх і літ. дзеячаў. Аўтар дакументальна-маст. твораў пра В.Таўлая («Аповесць пра Таўлая», 1964—65), зах.-бел. рэвалюцыянера і публіцыста А.Альшэўскага («Пасланец Праметэя», 1979). Адзін з аўтараў дакументальнай кн. «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з А.Адамовічам і Я.Брылем). За ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове) Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЛЯРО́ЎСКІ (Іван Пятровіч) (99.1769, г. Палтава, Украіна — 10.11.1838),
украінскі пісьменнік, пачынальнік новай укр. л-ры. Вучыўся ў Палтаўскай духоўнай семінарыі (1780—89). У 1796—1808 на вайск. службе (у 1807—08 у г. Ліда Гродзенскайвобл.). У 1818—21 дырэктар Палтаўскага т-ра. З 1821 ганаровы чл. Вольнага т-ва аматараў рас. славеснасці. Прытрымліваўся пазіцый памяркоўнага асветніцтва, хоць і быў блізкі да дзекабрысцкіх колаў. Аўтар сатырычнай, створанай на аснове сюжэта Вергілія, бурлескнай паэмы «Энеіда» (ч. 1—3, 1789; ч. 1—4, 1809; ч. 1—6, 1842) — першага ў нац. л-ры рэаліст. твора пра жыццё, побыт, норавы розных слаёў грамадства 2-й пал. 18 ст. Твор адметны выразна акрэсленым сац. зместам, вобразнай нар. мовай, каларытнымі нац. характарамі, прасякнуты гумарам і іроніяй. Вядомы як драматург: п’есы «Наталка Палтаўка» (1838; аднайм. опера М.Лысенкі 1889) і «Маскаль-чараўнік» (1841; абедзве паст. 1819). У 1840-я г. п’есы К. ставіліся ў т-рах Мінска і Віцебска. Пад уплывам «Энеіды» К. напісаны бел. ананімныя творы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». На бел. мову «Энеіду» К. пераклаў А.Куляшоў.
Тв.:
Повне зібрання творів. Т. 1—2. Київ, 1969;
Твори. Київ, 1982;
Бел.пер. — Энеіда. Мн., 1969;
Рус. пер — Соч.Л., 1986.
Літ.:
Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 8—11;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯ́ШТАР (ад лац. claustrum замак, закрытае месца),
каталіцкі манастыр. Належыць да пэўных ордэнаў манаскіх. На тэр. Беларусі адзінкавыя К. вядомы з сярэдзіны 13 ст., сістэматычнае будаўніцтва пачалося пасля хрышчэння Літвы (1387). Найб.стараж. К.: францысканцаў у Пінску (1396) і Ашмянах (1505), аўгусцінцаў у в. Быстрыца (цяпер Астравецкі р-нГродзенскайвобл.), Брэсце і Гродне (засн. Вітаўтам), бернардзінцаў у Вільні (1471), Гродне і Полацку (1498). У канцы 18 ст. на бел. землях ВКЛ (без Вільні) дзейнічалі больш за 160 мужчынскіх і жаночых К. Пры многіх К. працавалі невял. шпіталі, школы. Большасць К. закрыта ў сярэдзіне 19 ст. ў сувязі з абвінавачваннем у нелаяльнасці манахаў уладам.
Класічны тып К. выпрацаваны ордэнам бенедыкцінцаў. Гэта быў замкнёны ансамбль будынкаў або памяшканняў для жыцця манаскай суполкі. Цэнтрам ансамбля быў касцёл. Каля яго рабілі абкружаны крытай галерэяй (клуатрам) чатырохвугольны двор, сад. З усходу да клуатра прымыкала зала капітула, з захаду — келлі, або дарміторый. Насупраць касцёла будавалі трапезную залу (рэфекторый). Астатнія будынкі (дом абата, шпіталь, школа, гасп. пабудовы) размяшчаліся на тэрыторыі ў межах кляштарных муроў. Бенедыкцінскі тып К. быў запазычаны большасцю каталіцкіх ордэнаў і прыстасаваны адпаведна характару іх дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЯ БАРЫСАГЛЕ́БСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры 12—17 ст. у г. Навагрудак Гродзенскайвобл. Пабудавана на месцы храма 1-й пал. 12 ст., сцены якога былі складзены з вапняковых туфавых блокаў і нязначных уставак плінфы. Пазней вакол храма ўзведзена галерэя, зробленая з плінфы ў тэхніцы муроўкі «са схаваным радам», што характэрна для полацкай школы дойлідства 12 ст. Храм быў размаляваны фрэскамі, меў прыгожую маёлікавую падлогу з разнастайных паліваных керамічных плітак (квадратных, прамавугольных і трохвугольных). Дах быў накрыты свінцовымі лістамі. У час яго пабудовы выкарыстаны галаснікі. З 14 ст. пры храме існаваў мужчынскі правасл. манастыр (з 1624 — жаночы, з 1628 — мужчынскі манастыр базыльян, з 1839 правасл. царква). У пач. 16 ст. і асабліва ў 1-й чвэрці 17 ст. храм цалкам перабудаваны: знікла галерэя, значна павялічыліся яго памеры. Узведзены 3-нефавы зальны будынак з 5-граннай апсідай, зорчатымі скляпеннямі ў стылі позняй готыкі. Фасады падзелены шматлікімі радамі тонкіх верт. калон-лапатак, якія ў верхняй ч. пераходзяць у пояс са спічастых арак. Вуглы будынка ўмацаваны 6-граннымі контрфорсамі. Падлога з квадратных і фігурных паліваных і непаліваных плітак (таўшчыня 4—5 см). У 17 ст. храм быў накрыты паліванай зялёнай і светла-карычневай дахоўкай. У 19 ст. фасады храма цалкам перабудаваны.
Літ.:
Трусов О.А. Борисоглебская церковь XII в. из Новогрудка // Памятники старины. Концепции. Открытия. Версии. СПб.;
Псков, 1997. Т. 2.
А.А.Трусаў.
Навагрудская Барысаглебская царква. Выгляд з боку апсіды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у 1624—1761 у г. Навагрудак Гродзенскайвобл. пры езуіцкім калегіуме. Звесткі пра першапачатковы рэпертуар не выяўлены. Вядома, што 10.4.1637 тэатр публічна паставіў драму «па-польску і па-руску», у якой «выразна было прадстаўлена пакутніцтва Хрыста...». Рэпертуар т-ра ўключаў: у 1681 масленічную драму «Не каралеўская прага каралеўства» на сюжэт з гісторыі Англіі, у 1685 лац. драму «Вянок мудрасці» на сюжэт са стараж.-рым. гісторыі, у канцы 17 ст. польск. драму «Містычнае прычасце невінаватых у жалю Караля і Фрэдэрыка» з бел. інтэрмедыйнымі ўстаўкамі, у 1713 панегірык «Вянец навучальнага года» на лац. і польск. мовах, прысвечаны С.Янушэвічу, у 1715 панегірык «Жамчужына ў кароне ведаў» на лац. мове на сюжэт з твора П.Скаргі, у 1729 панегірык «Юпітэр, прыкрыты арлом» на лац. і польск. мовах, прысвечаны М.Радзівілу, у 1731 масленічную драму «Бурныя ў ап’яненні ахвяры Вакху» на лац. мове, у 1736 драму «Лацыум па-за Італіяй» на лац. мове на сюжэт з польск. гісторыі. Да пач. 1760-х г. дзейнасць т-ра прыпынілася. У 1761 паказаны 2 прадстаўленні на польск. мове: пераробка камедыі «Прытворна хворы» Мальера і трагедыя «Ушанаванне сапраўднага Бога, або Даніэль» (нап. выкладчыкам рыторыкі і паэтыкі М.Ханецкім).
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 127—148;
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁМАНСКІЯ ШКЛОЗАВО́ДЫ.
Першы шклозавод засн. ў 1883 у маёнтку Заенчыцы Лідскага пав. Віленскай губ. (цяпер урочышча Устронь Навагрудскага р-на Гродзенскайвобл., за 6 км ад г. Бярозаўка Лідскага р-на). Уладальнік памешчык З.А.Ленскі. Існаваў да 1898 (з 1891 як фірма «Краеўскі—Столле»). У 1897 меў лакамабіль, ручны прэс, шліфавальню; працавала 164 рабочыя. Вырабляў шкляны сталовы посуд, лямпавае і аптэкарскае шкло, прадметы раскошы. У 1895 В.А.Краеўскі і Ю.А.Столле пабудавалі «Новую гуту» за 4 км ад «Старой гуты» ва ўрочышчы Малодзіна Лідскага пав. (цяпер г. Бярозаўка). У 1897 «Новая гута» мела 3 шклоплавільныя печы, 2 паравыя машыны, 2 шліфавальні, 20 прэсаў, працавала 636 чалавек. У 1898 Краеўскі і Столле набылі гуту, пабудаваную ў 1894—95 каля пас. Бярозаўка Лідскага пав. (цяпер г. Бярозаўка), якая стала гал. прадпрыемствам кампаніі «Краеўскі і Столле» і наз. «Хрусталёвая ф-ка Нёман-А», «Новая гута» наз. «Хрусталёвая ф-ка Нёман-Б»; «Старая гута» ліквідавана. З 1905 уладальнік фірмы Столле. Паводле прэйскуранта, выдадзенага фірмай у 1911, ф-кі выраблялі 1828 узораў шклавырабаў, у т. л. сталовыя сервізы, шклянкі, чаркі, бакалы, фужэры, чашкі, сподачкі, талеркі, краманкі, вазы, падсвечнікі, туалетныя флаконы і інш. У 1914 наладжана вытв-сць ізалятараў для рас. арміі. У 1-ю сусв. вайну хрусталёвыя ф-кі спалены. Каштоўнае абсталяванне перавезена на шклозавод фірмы ў Ганцавічах. У 1921 адноўлены і працуюць як шклозавод «Нёман».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯГНЕ́ВІЧЫ,
вёска ў Навагрудскім р-не Гродзенскайвобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнУ ад г. Навагрудак, 182 км ад Гродна, 43 км ад чыг. ст. Наваельня. 1140 ж., 419 двароў (2000).
Упершыню згадваецца ў 1401. У 1428 сяло Навагрудскай зямлі, уласнасць вял.кн.ВКЛ Вітаўта, якое ён падараваў у пажыццёвае ўладанне сваёй жонцы Ульяне Гальшанскай. З сярэдзіны 15 ст. да пач. 19 ст. належалі Радзівілам. У 1706 у Паўн. вайну 1700—21 спалены шведамі. У 1757 дамоў хрысціянскіх 67, яўрэйскіх 29, карчма. З 1795 у Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. У 1809 Н. купіў граф А.Храптовіч. З 1861 цэнтр воласці. У 1897 мястэчка, 575 ж., 90 двароў, 98 дамоў, нар. вучылішча, 2 царк.-прыходскія школы, 2 царквы, сінагога, яўр. малітоўны дом, хлебазапасны магазін, мяшчанская ўправа, 8 крам, сыраварня, карчма. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага пав., 406 ж., 53 жылыя будынкі. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Любчанскім раёне. У Вял.Айч. вайну 27.7.1942 ням.-фаш. захопнікі расстралялі 49 жыхароў вёскі. З 17.12.1956 у Навагрудскім р-не.
Агр. прадпрыемства імя А.Міцкевіча. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. 2 брацкія магілы рас. салдат, якія загінулі ў 1-ю сусв. вайну. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (1853).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРУ́ЛЬ (Людміла Іванаўна) (н. 15.9.1947, в. Мацвееўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскайвобл.),
бел. мастак, педагог. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1971). У 1971—73 мастак-афарміцель тканін Баранавіцкага баваўнянага камбіната, з 1976 мастак-афарміцель Дома літаратара ў Мінску. З 1980 выкладчык дзіцячых маст. школ у Мінску, у 1989—95 адначасова выкладала ў Бел.АМ. Працуе ў дэкар.-прыкладным мастацтве (габелен, батык), графіцы. Творчасці ўласцівы канструктыўна-асацыятыўны падыход да вырашэння тэмы, выкарыстанне традыцый бел.нар. мастацтва, фальклорных і літ. матываў, яркая індывідуальнасць тэхнік ткацтва, гарманічная ўраўнаважанасць кампазіцыі і каларыту. Аўтар габеленаў: «Хлеб» і «Лён» для Дома культуры ў в. Перхавічы Баранавіцкага р-на (1973—74), «Хатынь» (1975), «Лучынка», «Стану песняй у народзе» (абодва 1976), «Памяці дзядоў маіх» (1977), «У зачараваным царстве» (1981), «Сказ пра бульбу» (серыя; 1983—84), «Яблыня. 1941 год» (1985), «Сугучнасць» (1987), «Вярба» (1994), «Блуканне па раі» (1997), «Скрыпачы» (1999), «Парваныя пацеркі» (серыя, 2000); габеленавых партрэтаў: «М.Багдановіч», «А.Міцкевіч», «М.Цвятаева» (цыкл), «Маці», «Сын», аўтапартрэт (усе 1994—98); серый батыкаў: «Старыя, старыя багі», «Крымскія акварэлі» (абедзве 1987—88), «Адвечнае» (1994); манатыпій паводле лірыкі Цвятаевай (1970), «Анатомія кляновага ліста», «Жыццё — рух» (усе 1996), «Партрэт сына», «Гарбузы» (усе 1997), «Кветкі», «Чалавек у горадзе» (усе 1999—2000); грызайляў «Мастак і яго муза» (1970—71) і інш. Піша вершы. Цыкл вершаў «Ля веснічак» уключаны ў зб. паэзіі «Сцяжына» (1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГУ́ЛЯ (Васіль Цімафеевіч) (28.7.1879, в. Ачукевічы Навагрудскага р-на Гродзенскайвобл. — 16.6.1955),
бел. грамадска-паліт. дзеяч; у Вял.Айч. вайну супрацоўнічаў з ням. акупантамі. Скончыў Віленскі настаўніцкі ін-т (1900). З 1914 у арміі на Зах. фронце. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 увайшоў у Рас.дэмакр. партыю, па спісе якой балаціраваўся дэпутатам ва Устаноўчы сход па Мінскай губ. Стаяў на пазіцыях «адзінай і непадзельнай» Рас. дзяржавы з прадстаўленнем Беларусі абл. земскага самакіравання і «права на нацыянальна-культурнае развіццё». Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917 у Мінску. У 1919—20 уваходзіў у Рас. аб’яднаную радыкальна-дэмакр. групу. З лета 1920 у Чырв. Арміі, адкуль у крас. 1921 дэзерціраваў у Зах. Беларусь. У 1922 абраны дэпутатам (паслом) польскага сейма, уваходзіў у Беларускі пасольскі клуб. Стаяў на антыбальшавіцкіх пазіцыях, адмаўляў ідэю «расійска-беларускай федэрацыі», перайшоў на пазіцыі незалежнасці Беларусі. Адзін з ініцыятараў стварэння і кіраўнікоў Беларускага сялянскага саюза, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. У 1928 абраны сенатарам польскага сейма, але неўзабаве арыштаваны і зняволены на 2 гады ў турму. З вер. 1939 настаўнічаў у сярэдняй школе ў роднай вёсцы. У чэрв. 1941 арыштаваны органамі НКУС, але з пачаткам Вял.Айч. вайны ўцёк з-пад арышту. У перыяд акупацыі быў прызначаны бургамістрам Дзятлаўскага р-на. З ліп. 1944 у Зах. Германіі, з 1950 у ЗША.