СІМЯО́Н (864 ці 865—27.5.927),

балгарскі князь (з 893), цар [з 919] Прадоўжыў палітыку свайго бацькі — цара Барыса I, накіраваную на ўмацаванне і расшырэнне Балгарыі. Ваяваў з Візантыяй, вымусіў яе плаціць даніну, далучыў да Балгарыі частку Фракіі, Македонію, Албанію, сербскую вобласць Рашка і некат. харвацкія землі. На час праўлення С. прыпадае росквіт Першага Балгарскага царства, пачатак руху багамілаў.

т. 14, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЕРЭ́ЗІС (ад грэч. synairesis сцісканне, памяншэнне),

самаадвольнае вылучэнне вадкасці са студзянёў і геляў; адна з праяў старэння розных відаў дысперсных структур, палімерных і біял. сістэм. С. прыводзіць да памяншэння аб’ёму студзеню або гелю за кошт ушчыльнення структурнай сеткі. Выкарыстоўваюць пры фармаванні хім. валокнаў з прадзільных раствораў, у тэхналогіі палімерных матэрыялаў, вытв-сці харч. прадуктаў (напр., сыру, тварагу).

т. 14, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЦЫ́ТЫЙ (да грэч. syn разам + kytos клетка),

тып жывёльнай і расліннай тканкі з няпоўным размежаваннем адросткавых клетак. Клеткі С. размешчаны ў прасторы ў выглядзе трохмернай сеткі. У арганізме чалавека існуе адзіны «сапраўдны» С. — ч. сперматагенных элементаў у семянных семенных* канальцах яечка. У раслін С. наз. сімпласт — шмат’ядзерны пратапласт арганізма, які не мае клетачнай будовы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СКА́НІЯ»

(Scania),

сям’я грузавых аўтамабіляў вял. грузападымальнасці і аўтобусаў. Выпускаецца з 1911 швед. фірмай «Сканія-Вабіс» (з 1968 «СААБ-Сканія» — аўтамаб. аддзяленне авіяцыйнага канцэрна «СААБ»). Грузавыя аўтамабілі рознага прызначэння маюць поўную масу 17,5—47 т (аўтапаязды да 60 т), рухавікі магутнасцю 155—361 кВт. Аўтобусы — пасажыраўмяшчальнасць 27—150 чал.

Грузавы аўтамабіль «Сканія»: мадэль Р93МА-4x2 са смеццезбіральным кузавам.

т. 14, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛЕРО́ЦЫЙ (ад грэч. sklerotēs цвёрдасць),

шматклетачны вегетатыўны орган грыба, што знаходзіцца ў спакоі. Утвораны шчыльным спляценнем гіфаў, мае шарападобную ці няправільную форму, часта з цёмным верхам і белым асяродкам, памерам ад долей міліметра да 2 см і больш. Прызначаны для захоўвання грыба, утвараецца пры неспрыяльных умовах. У некат. грыбоў (напр., склератынія, батрыціс, спарыння) — адна са стадый жыццёвага цыкла.

т. 14, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАЛЯВІ́ЦКІЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНЫЯ ПРАДПРЫЕ́МСТВЫ.

Дзейнічалі 2 фабрыкі: лесапільная і дрэваапрацоўчая (1894—1914), лесапільная і мукамольная (1890—1910) і мануфактура (1895—1902) у мяст. Смалявічы Барысаўскага пав. (цяпер г. Смалявічы Мінскай вобл.). Выраблялі дошкі, шавецкія шпількі, муку і крупы. Мелі паравыя машыны і паравыя катлы. Працавалі ў 1899—1900 ад 40 (на мануфактуры) да 68 чал. (на фабрыках).

т. 15, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́НЕЧНАЯ ПЕЧ,

геліяўстаноўка для плаўкі і тэрмаапрацоўкі матэрыялаў. Складаецца з геліяканцэнтратара, камеры нагрэву (уласна печ) і аўтам. сістэмы паварочвання геліяканцэнтратара ў напрамку да Сонца. Камера нагрэву звычайна герметычная ёмістасць з святлопранікальным акном, размяшчаецца ў фокусе геліяканцэнтратара. У ёй можна ствараць вакуум, атмасферу інертных газаў і інш. ўмовы, неабходныя для канкрэтнай тэрмаапрацоўкі. Т-ра ў С.п. 3500—3800 °C.

т. 15, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́НЕЧНЫ ТЭРМАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ГЕНЕРА́ТАР,

прыстасаванне для прамога пераўтварэння энергіі сонечнага выпрамянення ў электрычную. Звычайна складаецца з тэрмаэлектрычнага генератара і сістэмы, што забяспечвае канцэнтрацыю светлавога патоку (геліяканцэнтратара). Гарачыя спаі могуць награвацца і непасрэдна сонечнымі прамянямі (без іх канцэнтрацыі). Халодныя спаі ахалоджваюцца патокам вадкасці або натуральным цеплаабменам з навакольным асяроддзем. Перспектыўныя як крыніцы электрасілкавання аўтаномных спажыўцоў магутнасцю да сотняў ват.

т. 15, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАРТЫ́ЎНЫЯ СУ́ДНЫ,

судны, што выкарыстоўваюцца для спаборніцтваў у вяслярным і ветразевым спорце. Форма, памеры і абсталяванне С.с., колькасць членаў экіпажа і інш. рэгламентуюцца правіламі спаборніцтваў. Да вяслярных С.с. адносяцца акадэмічныя вёславыя судны, байдаркі, каноэ, шлюпкі, лодкі для нар. веславання і інш. Спарт. ветразевыя судны — яхты розных класаў. Маторныя С.с. (напр., скутэры) аснашчаюць стацыянарнымі ці падвеснымі рухавікамі.

т. 15, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕЦЫЯ́ЛЬНЫЯ ПРАФЕСІ́ЙНА-ТЭХНІ́ЧНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ (СПТВ),

закрытыя навучальна-выхаваўчыя ўстановы, прызначаныя для непаўналетніх правапарушальнікаў ад 14 да 18 гадоў, якія па ўзросце вызвалены ад крымін. адказнасці. Задачы і прынцыпы арганізацыі навучальна-выхаваўчай работы, асаблівасці пед. рэжыму ў СПТВ тыя ж, што і для навучэнцаў спецыяльных школ. На Беларусі дзейнічаюць Петрыкаўскае СПТВ № 1 лёгкай прам-сці і Магілёўскае СПТВ № 2 дрэваапрацоўкі.

т. 15, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)