САЯ́НЫ,

горная краіна ў Паўд. Сібіры ў Расіі. Распасціраецца ад Усх. Алтая, Абаканскага хр. і Кузнецкага Алатау на З амаль да воз. Байкал на У. Складаецца з шматлікіх хрыбтоў, якія ўтвараюць выгнутую на Пн дугу. Паміж хрыбтамі замкнёныя катлавіны. Найвыш. пункт г. Мунку-Сардык (3491 м). У араграфічных адносінах падзяляюцца на 2 горныя сістэмы: Заходні Саян і Усходні Саян.

т. 14, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕТЛАГО́РСКІ ЗАВО́Д СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАГА МАШЫНАБУДАВА́ННЯ «Светлагорсккорммаш». Засн. ў 1978 у р.п. Сасновы Бор Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. на базе торфапрадпрыемства «Светлагорскае». З 1978 у ВА «Гомсельмаш». Прадпрыемства складаецца з гал. вытв. механазборачнага цэха і дапаможных (дрэваапр. цэха, рамонтна-інструментальнага, рамонтна-мех., транспартнага і энергацепласілавога ўчасткаў). Асн. прадукцыя (2001): запчасткі да кормаўборачных і збожжаўборачных камбайнаў, сталярныя вырабы.

т. 14, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІДЗІ́НСКІ Уладзімір Іванавіч (20.5.1923, г. Віцебск — 16.3.1945),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1942). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Бранскім, Цэнтр., 3-м Бел., 1-м Укр. франтах. Камандзір стралк. роты лейтэнант С. вызначыўся ў 1943 пры фарсіраванні Дняпра на Пн ад Кіева. У Віцебску на тэрыторыі з-да, дзе ён працаваў, устаноўлены бюст.

У.І.Свідзінскі.

т. 14, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТЛОЛЯЧЭ́ННЕ, фотатэрапія,

дазіраванае ўздзеянне на арганізм чалавека інфрачырв. або ультрафіялетавым выпрамяненнем; метад фізіятэрапіі. Штучныя крыніцы святла: лямпы інфрачырв. выпрамянення, солюкс, мясц. электрасветлавыя ванны, ртутна-кварцавыя апрамяняльнікі і інш. С. паляпшае крыва- і лімфацёк, паскарае рассысанне запаленчых працэсаў, абязбольвае, сушыць (пры апёках, экзэмах), мае бактэрыцыднае дзеянне, павышае супраціўляльнасць арганізма да прастудных хвароб; ужываецца для прафілактыкі рахіту, як агульнаўмацавальны сродак.

т. 14, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ВЕРЦАВА ЗАКО́Н, закон змены фаз (напрамкаў)эвалюцыі, правіла чаргавання галоўных напрамкаў эвалюцыі: у гісторыі монафілетычнай (гл. Монафілія) групы арганізмаў за перыядам буйных эвалюц. перабудоў — арамарфозу (арагенезу) заўсёды настае перыяд асобных прыстасаванняў — алагенезаў (аламарфозаў), катагенезаў, гіпергенезаў і інш. Асваенне новага асяроддзя або буйныя морфафізіял. пераўтварэнні вядуць да ўспышкі відаўтварэння. Сфармуляваў А.М.Северцаў (1925). Уклад у распрацоўку С.з. зрабіў І.І.Шмальгаўзен.

т. 14, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕВЕ́РЫ (Severi),

дынастыя рым. імператараў у 193—235. Да С. належалі Септымій Север [193—211], Каракала [211—217], Гета [211—212], Элагабал [Геліягабал; 218—222], Аляксандр Север [222—235]. С. стварылі ваен.-бюракратычную манархію, абаранялі інтарэсы шырокіх пластоў рабаўладальнікаў, абмяжоўвалі ўладу буйных землеўладальнікаў. Палітыка С. (за выключэннем Аляксандра Севера) мела антысенацкі характар. Апошні імператар Аляксандр Север пайшоў на ўступкі зямельнай арыстакратыі, што выклікала незадаволенасць арміі і стала прычынай яго забойства.

т. 14, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНЕГА́МБІЯ (Senegambia),

1) пашыраная назва раёна Зах. Афрыкі ў міжрэччы Сенегала і Гамбіі з 1-й пал. 17 ст., калі еўрапейцы пачалі пранікненне ўглыб афр. кантынента.

2) Канфедэрацыя Сенегала і Гамбіі ў 1982—89. Прэзідэнтам С. быў прэзідэнт Сенегала, віцэ-прэзідэнтам — Гамбіі; існавалі канфедэратыўныя савет міністраў, парламент і суд. Аднак супярэчнасці паміж Сенегалам і Гамбіяй прывялі да распаду канфедэрацыі.

т. 14, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕН-КАНТЭ́Н (Saint-Quentin),

горад на Пн Францыі, на р. Сома і Сен-Кантэнскім канале. Вядомы да н.э., стараж. гальскі горад. Каля 100 тыс. ж. (2001). Чыг. ст., вузел аўтадарог, рачны порт. Прам-сць: баваўняная (адзін з гал. цэнтраў краіны), эл.-тэхн., трансп. машынабудаванне. У раёне С.-К. — маст. промыслы (выраб карункаў, гардзін, бялізны). Маст. музей.

т. 14, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРА́ПІС, Сарапіс,

божышча, культ якога быў уведзены ў эліністычным Егіпце царом Пталамеем I [305—283 да н.э.]. Егіпцяне атаясамлівалі С. з богам урадлівасці Асірысам, часам са свяшчэнным быком Апісам. Як і Асірыс, ён лічыўся ўладаром мёртвых, падаўцом урадлівасці і богам-лекарам. Грэкі атаясамлівалі яго з Зеўсам. Культ С. быў пашыраны, акрамя Егіпта, ва ўсім эліністычным свеце.

т. 14, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕТ, Сетх,

у старажытнаегіпецкай рэлігіі і міфалогіі адзін з гал. багоў. Бог «чужых краін» (пустынь), цемры і зла, брат і забойца «добрага бога» Асірыса. У перыяд Стараж. царства (28—23 ст. да н.э.) лічыўся таксама апекуном царскай улады. Паводле міфаў, С. быў пераможаны сынам Асірыса богам Горам, які адпомсціў за бацьку і сам стаў уладаром Сусвету.

т. 14, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)